«У першую чаргу — добраўпарадкаванне...»
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
НАРОД ГАВОРЫЦЬ... Якiя праблемы вырашылi б у першую чаргу нашы вяскоўцы, калi б у iх з’явiлася такая магчымасць (фiнансавая i кiраўнiчая)? Такое пытанне наш карэспандэнт задаваў жыхарам вёсак Жыткавiцкага, Валожынскага i Навагрудскага раёнаў.Раiса ПЕТРУШКЕВIЧ, вёска Кольна Жыткавiцкага раёна (намеснiк дырэктара па iдэалагiчнай працы КСУП «Коленскае»): — Самая вострая праблема для жыхароў той часткi вёскi, дзе я жыву (i дзе ў асноўным жыве калектыў нашага сельскагаспадарчага прадпрыемства) — адсутнасць станцыi абезжалезвання пiтной вады. Зараз вада ў нас вельмi нiзкай якасцi. Гэтае пытанне ў раёне ведаюць, абяцалi, што зробяць iншую свiдравiну... Пажадана таксама, каб у нашай частцы Кольна з’явiлася гандлёвая кропка, дзе можна было б набываць харчаванне. Бо прыходзiцца iсцi за харчаваннем у цэнтр вёскi, дзе знаходзяцца магазiны. Гэта не вялiкая праблема, але хочацца ўсё ж, каб нейкая гандлёвая кропка была блiжэй. Бо, напрыклад, летам мы працуем у гаспадарцы да позняга вечара, а потым трэба яшчэ iсцi ў магазiн за хлебам... Таксама можна было б правесцi рэканструкцыю мясцовай лазнi. Хоць сельскагаспадарчае прадпрыемства яе i ўтрымлiвае ў добрым стане, але рэканструкцыя не пашкодзiла б. У нашай вёсцы ёсць комплексна-прыёмны пункт. У пункце прымаюць заказы, напрыклад, на рамонт адзення. Але потым яго вязуць у Жыткавiчы, пасля прывозяць. Гэта доўга. Хочацца, каб можна было зайсцi ў любы час i каб на месцы маглi б аказаць паслугi па рамонту... Таксама цырульнiк да нас прыязджае раз на месяц. А хочацца, каб ён быў на месцы. Галiна КРАСКОЎСКАЯ, вёска Ганчары Валожынскага раёна (настаўнiца Вiшнеўскай сярэдняй школы): — Самая вялiкая наша праблема — адсутнасць бальнiцы ў вёсцы Вiшнева, якая з’яўляецца цэнтрам сельсавета i да якой прымыкаюць Ганчары. Раней бальнiца ў Вiшневе была, але пэўны час таму яе зачынiлi. Гэта праблема ўсiх вёсак, якiя знаходзяцца паблiзу. Сёння атрымаць першую медыцынскую дапамогу можна амбулаторна ў Вiшневе, але ў нас ужо няма магчымасцi лячыць складаныя захворваннi. Для гэтага трэба ехаць у Валожын. Глабальная праблема нашай вёскi — яе пакiдаюць людзi. Бо няма тут працы. Моладзi няма куды пайсцi працаваць пасля вучобы. I ад’язджаюць людзі ў Мiнск, у Валожын, у Маладзечна... Таму ў Вiшнеўскай школе з кожным годам становiцца ўсё менш вучняў. Наша вёска мае адну вулiцу. Яна заасфальтавана, але стан дарожнага пакрыцця пакiдае жадаць лепшага. У той жа час радуе, што ў Ганчарах сёлета з’явiлася вулiчнае асвятленне. Раней на вулiцах Вішнева асвятленне ноччу было, а ў нас — не. Таксама людзей не зусiм задавальняе паша, дзе пасвяцца каровы. Паша па плошчы вялiкая, але старая, i траву там не падсейваюць, таму яе зараз вельмi мала. Ёсць праблема, якая датычыцца менавiта мяне. Мая сям’я пабудавала дом у не зусiм удалым месцы — вясной нас падтаплiвае талымi водамi. Не скажу, што зусiм тонем, але без гумавых ботаў не абыдзешся... Раiса БАБАНЬ, вёска Лаўрышава Навагрудскага раёна (дырэктар Лаўрышаўскай базавай школы i дзяцячага сада): — У першую чаргу трэба добраўпарадкаваць вёску. У нас ёсць шмат кiнутых зямельных участкаў, якiя маюць вельмi непрывабны выгляд. На месцы, дзе раней былi майстэрнi мясцовай гаспадаркi, — звалкi смецця. Праз iх мы iдзём у магазiн, у Дом быту. Гэта вельмi непрыемна. Думаю, многiя пытаннi па добраўпарадкаванню можна вырашыць сiламi мясцовай гаспадаркi. Ёсць прыклад. Раней каля нашай школы быў закiнуты ўчастак зямлi. Пры гэтым свайго прышкольнага ўчастка не было. I з дапамогай агранома ўчастак добраўпарадкавалi, нам прывезлi зямлю... Жыхары Лаўрышава таксама паднялi нядаўна перад старшынёй райвыканкама пытанне аб тым, што трэба пабудаваць дарогу да новых вясковых могiлак. Зараз там вельмi дрэнная дарога, восенню i вясной на могiлкi нiхто не ў стане дайсцi цi даехаць. Там так шмат вады, што колы грузавых машын цалкам аказваюцца пад вадой... Ды i ёсць праблемы з дарогай да самога Лаўрышава. Асфальт разбiты страшэнна.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якiя праблемы вырашылi б у першую чаргу нашы вяскоўцы, калi б у iх з’явiлася такая магчымасць (фiнансавая i кiраўнiчая)? Такое пытанне наш карэспандэн
|
|