Рэабiлiтацыя жыцця
Iлона IВАНОВА, Слаўгарадскi раён
20 гадоў пасля Чарнобыля Вёска Рагi ў Слаўгарадскiм раёне належыць да лiку рэабiлiтаваных. Раней людзi з’язджалi з гэтай вёскi на чыстыя ад радыяцыi тэрыторыi, а цяпер навукоўцы i ўрад лiчаць Рагi месцам, прыдатным для жыцця: раней узровень забруджвання радыяцыяй там быў да 40 кюры, цяпер — да 15. Як сёння жывуць жыхары вёскi Рагi, дзе працуюць i цi баяцца ўрэшце радыяцыi — пра гэта наш расповяд.Кiраўнiк СВК «Заранскi» Кацярына Iванаўна Старавойтава спынiла аўтамабiль на цэнтральнай вулiцы вёскi Рагi каля новапабудаванага, пафарбаванага ў яркiя колеры катэджа. — Тут стаялi старыя выселеныя хаты, якiя псавалi ўвесь выгляд, — расказвае Кацярына Iванаўна. — Мы на iх месцы пабудавалi новыя, сучасныя дамы, у якiя засялiлiся маладыя сем’i з дзецьмi. Каб было каму працаваць i развiваць гаспадарку, мы будуем жыллё для моладзi. Новыя дамы ўпрыгожваюць вясковы пейзаж. Рагi расцягнулiся на паўтара кiламетра: у адзiн бок у сямi кiламетрах ад вёскi — цэнтральная сядзiба гаспадаркi Свенск, у другi на такой жа адлегласцi — моцна забруджаная радыяцыяй тэрыторыя, дзе пахавалi вёскi. У Рагах цяпер больш за сто двароў. Было i больш, але напрыканцы 1980-х гадоў частка людзей рашылася адсюль пераехаць у Мiнск, Бабруйск i Слаўгарад. У першую чаргу з’язджалi тыя, хто меў дзяцей. Гавораць, маладыя з’язджалi ахвотна, а старыя бедавалi, не хацелi пакiдаць родныя мясцiны i тое, што нажылi. Тыя, хто атрымаў жыллё ў гарадскiх шматпавярхоўках, вельмi цяжка прызвычайвалiся да жыцця на паверхах. А хто застаўся — у большасцi пра гэта не шкадуюць. Кацярына Старавойтава прыехала на Слаўгарадчыну маладым спецыялiстам сельскай гаспадаркi ў 1982 годзе, i праз чатыры гады выбухнуў Чарнобыль. Хоць тады пра радыяцыю маўчалi, але жанчына адчувала, што ў паветры нешта не так. Яна працавала аграномам, i пасля хаджэння на палях, прызнаецца яна цяпер, вельмi балела галава i iшла носам кроў. — Напачатку было цяжка, але потым мы ўсе прызвычаiлiся, — гаворыць Кацярына Iванаўна. — У мяне з’явiлася сям’я, я ў 1988 годзе нарадзiла хлопчыка, потым дзяўчынку, i так нiкуды i не з’ехала. Мы з мужам вырашылi, што нiхто нас нiдзе не чакае, а тут ёсць праца i жыллё. Для тых, хто застаўся ў родных Рагах, хапае працы i магчымасцяў зарабiць грошы. СВК «Заранскi» — буйная i моцная гаспадарка. У Рагах ёсць малочна-таварная ферма, на якой працуе 30 чалавек. Трактарыстаў з вёскi возяць на працу ў цэнтр гаспадаркi. Тут для людзей ёсць крама i ФАП. Дзяцей возяць у школу на аўтобусе, якi падарыў Аляксандр Лукашэнка. У «Заранскiм» вырошчваюць збожжа, займаюцца жывёлагадоўляй, i ўся прадукцыя кааператыва адпавядае нормам па ўтрыманню радыенуклiдаў. — Як я стаўлюся да радыяцыi? — задумалася Старавойтава. — Я лiчу, што тут можна жыць i працаваць. А людзi на гэта праз 20 гадоў пасля Чарнобыля ўвогуле не звяртаюць увагi. Я лiчу, што з цягам часу ўсё жыццё на Слаўгарадчыне паступова рэабiлiтуецца i адновiцца. Побач з намi спынiлася жанчына сталага веку з дзiцем. Аграфена Сцяпанаўна Валетава пражыла ў Рагах паўсотнi гадоў. Яна цяпер прыглядае за сваiм 4-гадовым унукам Андрэйкам, пакуль яго мацi ў шпiталi, дзе якраз напярэдаднi нарадзiла дачку. — Дзяўчынку, унучку здабыла сабе, а ўвогуле ў мяне 15 унукаў, — радасна ўсмiхаецца Аграфена Сцяпанаўна. — Нармальна мы тут жывём: кожны мае зямлю, сваiх парася i кураня, а яшчэ i пенсiю даюць — купляй у краме што трэба. Карацей, жыць можна. Аграфена Сцяпанаўна не паехала ў свой час з Рагоў з-за дрэннага стану здароўя, свайго i гаспадара. А вось дочкi, маладыя i здаровыя, потым перабралiся з вёскi ў Слаўгарад i Свенск. — Не, дзяўчаты, радыяцыя мяне не турбуе! — смяецца яна. — Мы ж тут збiраем грыбы i ягады, харчуемся мясам i малаком, а хлеб з нашых палёў спажывае ўся вобласць. I з Мiнска рэгулярна прыязджаюць правяраць прадукты харчавання. Гаспадарка добрая, асфальт ёсць, лiхтары гараць, нараджальнасць высокая — гэта сведчыць, што ў Рагах усё нармальна, а людзi працуюць i радуюцца жыццю, сцвярджае вясковая жыхарка. 25-гадовая Алеся Краўцова — гаспадыня новага дома, якi здалi зусiм нядаўна. Яе сям’я — муж i трое малых дзяцей — яшчэ не пераехала, бо не завершаны рамонт. Жанчына атрымала ключы i ў вынiку агляду засталася задаволеная: у адрозненне ад цяперашняга жылля, дзе толькi адзiн пакой, перагароджаны сценкай, тут прасторна, ёсць каналiзацыя — ванна i туалет, вада, газ i толькi ацяпленне мясцовае. — Мне падаецца, што ўсюды аднолькава, i я ўвогуле нiколi не чула, каб аднавяскоўцы размаўлялi пра радыяцыю, — шчыра гаворыць маладая мацi. — Мы пра гэта не думаем — жывецца як жывецца. Галоўнае, каб быў заробак, каб працавала школа, крама i гэтак далей. Мяне тут усё задавольвае. Дай Бог, каб i далей было добра. Грыбы i ягады, сабраныя ў лесе, Алеся не правярае. Прынеслi, паелi або на зiму закаталi. I так робяць усе тутэйшыя. — I я не правяраю: прыйду з лесу, пасмажу грыбы i ем, — запэўнiвае пенсiянер Васiль Аляксандравiч Рабцаў. — I такiя, як я старыя, што паехалi ад радыяцыi, ужо памерлi, а мы з бабуляй — жывыя! Мы за 20 гадоў забылiся на гэтую радыяцыю, нават i ў галаве яна не стаiць. Васiль Аляксандравiч лiчыць, што радыяцыя шкодная, а ўсё ж чалавеку трэба жыць там, дзе ён прызвычаiўся. Таму ён адмовiўся з’язджаць, нават калi яму прапанавалi кватэру ў райцэнтры. Стары гаворыць, што ён любiць сваю вёску, дзе нарадзiўся, i лiчыць, што людзi тут будуць жыць. — А тут калгас нядрэнны, — такi аргумент вылучае Рабцаў. — I чаго ў iм не жыць? Зямля ёсць — мала гектара, бяры два. Прыйдзе ўборка — даюць камбайн, сажнуць — трактар прыедзе. Дарэчы, у адзiн з новых дамоў у Рагах засялiлася вялiкая цыганская сям’я, якая прыехала ў той час, калi iншыя высялялiся. Насуперак распаўсюджанаму меркаваню пра цыганскую зменлiвасць, тутэйшыя добра працуюць даяркамi i жывёлаводамi. Валянцiна Аляксандраўна Iванова, без двух гадоў пенсiянерка, прыехала ў Рагi з Сiбiры ў 1988 годзе. Проста не паспела атрымаць тэлеграму сваяка, якi папярэджваў яе пра радыяцыю. Аднак вяртацца жанчына не захацела, а выйшла замуж i нарадзiла дзяцей. — Я i не ведаю, якая тут радыяцыя, — прызнаецца яна. — Калi нам салдаты рабiлi новы дах, забiралi кусты i нечым пасыпалi зямлю, то казалi: маўляў, калi хочаце пражыць пяць гадоў лiшнiх, з’язджайце. Але мы засталiся, так нiкуды ад радыяцыi i не збеглi. Ну i паглядзiце, людзi ж тут жывуць! Значыць — можна. Бабулi Марыя Фёдараўна Краўцова i Еўдакiя Сцяпанаўна Валетава нiколi i не думалi з’язджаць з Рагоў. — Мы тут нарадзiлiся i тут нашыя каранi. Ну куды мы паедзем? — смяецца старая. Як i многiя iншыя, у сваiх кватэрах, якiя атрымалi ад дзяржавы, пенсiянеры пасялiлi дзяцей, а самi засталiся ў вёсцы ўзгадваць пра мiнулыя часiны, як яны бедавалi пры немцах i будавалi светлую будучыню ў калгасе «Камунiст». Дарогу ў Рагi нам паказала Таццяна Мiкалаеўна Бабiчава, якая працуе ў аддзеле iдэалогii Слаўгарадскага райвыканкама. Яна — ураджэнка гэтага раёна, i ў 1986 годзе вучылася ў школе. Жанчына расказала, што цяпер чытае «Чарнобыльскi сшытак» i нанова ўзгадвае пра падзеi 20-гадовай даўнiны. Таццяна Мiкалаеўна памятае, што першы год пасля аварыi нiхто нiчога не казаў пра радыяцыю, адны толькi чуткi хадзiлi ў народзе. Як на ўроку фiзiкi ў школе так заклакатаў уключаны лiчыльнiк Гейгера, што ўпаў са стала. Як потым пачалiся народныя хваляваннi — людзi хацелi ведаць праўду. Як на ўсё жыццё наелася сушаных бананаў (яны ўваходзiлi ў чыстыя харчы, якiмi забяспечвалi жыхароў зоны). Як у санаторыях на аздараўленнi людзi з iншых рэгiёнаў баялiся сядзець на лаве пасля «чарнобыльскiх». Шмат успамiнаў за 20 гадоў... — Аднак нейкiя адчуваннi, звязаныя з радыяцый, былi першыя пяць-дзесяць гадоў, а цяпер падаецца, што ўсё нармальна, — гаворыць намеснiк старшынi Слаўгарадскага райвыканкама Мiкалай Мiроненка. — Хоць людзi i землi ў Слаўгарадскiм раёне моцна пацярпелi ў вынiку чарнобыльскай катастрофы. I я цяпер лiчу самымi актуальнымi праблемамi для нас — атрыманне чыстай сельскагаспадарчай прадукцыi i аздараўленне дзяцей ў чыстых зонах. Самым галоўным вынiкам мiнулых з Чарнобыля 20 гадоў прадстаўнiкi ўлады лiчаць, што людзi не засталiся з гэтай бядой сам-насам. — Беларуская дзяржава выдаткоўвае вялiкiя грошы на мiнiмiзацыю наступстваў аварыi, — тлумачыць Мiкалай Мiроненка. — Напрыклад, на рознага кшталту кампенсацыi летась у нашым раёне было выдаткавана больш за 3 мiльярды рублёў. Людзi атрымлiваюць дадатковыя грошы да водпуску i пуцёўкi, дзецi бясплатна харчуюцца. Шмат зроблена па газiфiкацыi, будавалiся водаправодныя сеткi i асфальтавалiся дарогi. I ўсе гэтыя работы працягваюцца i цяпер, паводле дзяржаўнай праграмы. Многiя на Слаўгарадчыне лiчаць, што шмат у лiквiдацыi наступстваў Чарнобыля залежыць ад самога чалавека, ад умоў яго жыцця. Ён павiнен кантраляваць прадукцыю сваёй гаспадаркi i прытрымлiвацца санiтарна-гiгiенiчных правiлаў. Якраз у Васькавiцкай сельскай школе пры дапамозе мiжнароднай праграмы адкрыўся кабiнет радыяцыйнай бяспекi. Там дзяцей вучаць тэорыi i практыцы выжывання на забруджанай радыяцыяй тэрыторыi. Каб яшчэ праз 20 гадоў людзi, калi i забудуцца пра чарнобыльскую катастрофу, усё ж дакладна ведалi, як абаранiцца ад радыяцыi i зрабiць сваё жыццё бяспечным.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёска Рагi ў Слаўгарадскiм раёне належыць да лiку рэабiлiтаваных. Раней людзi з’язджалi з гэтай вёскi на чыстыя ад радыяцыi тэрыторыi, а цяпер навукоў
|
|