Лунiнеччына — рай для фермераў?
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Па колькасцi фермераў Лунiнецкi раён далёка абышоў iншыя раёны вобласцi. Напрыклад, толькi на тэрыторыi Вулькаўскага сельсавета, а ён не самы буйны ў раёне, знаходзiцца 80 фермераў! Праўда, у цэлым па раёне iх больш за сто, але тым не менш Лунiнеччына па колькасцi фермерскiх гаспадарак, апярэдзiла iншыя раёны вобласцi ў 3—5 разоў. Пры гэтым успомнiм, што Лунiнецкi раён моцна пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы i вялiкая плошча зямлi тут мае павышаную радыяцыю.
Старшыня райвыканкама Васiль Гаргун у сваiм iнтэрв’ю закрануў не толькi тэму фермерства, а i iншыя праблемы Лунiнеччыны. — Васiль Сцяпанавiч, чаму менавiта ў вашым раёне «распладзiлася» столькi фермераў? Можа, вы бачыце ў фермерстве альтэрнатыву сённяшнiм СВК? — На мой погляд, гэта звязана з тым, што нашы людзi самыя лепшыя ў краiне, бо самыя працавiтыя. У тыя часы, калi ў нас пра фермераў нiхто не чуў, на Лунiнеччыне вырошчвалi клубнiцы. Народ тут прадпрымальны i калi пачаў распадацца Саюз, то калгасы апынулiся ў падвешаным стане — iх будучыня была няяснай i людзi тут жа вырашылi, што не трэба спаць у шапку, а браць зямлю. I як бачыце, фермеры «распладзiлiся» ў раёне задоўга да мяне. — Дарэчы, а такая колькасць фермераў не супярэчыць, як некалi казалi, «лiнii партыi i ўрада»? Вось у Вулькаўскiм сельсавеце акрамя 80 фермераў яшчэ ёсць i два сельгаскааператывы. Зямлi ўсiм хапае? — На жаль, атрымалася так, што зямля, якая сёння знаходзiцца ў фермераў, з’яўляецца самай лепшай, а выкарыстоўваюць яны зямлю не заўсёды па прызначэнню. У асноўным фермеры займаюцца агароднiнай, а зерневымi асаблiва не хочуць. Некаторыя хацелi б свае надзелы пашырыць, але свабоднай зямлi ўжо няма. У нас з’явiлася такая катэгорыя фермераў, як «адмоўнiкi». Чалавек пакарыстаўся зямлёй 3—5 гадоў, усё ўзяў з яе, а нi грама ўгнаенняў у зямлю не ўклаў i цяпер яна яму не патрэбна. I такую зямлю не хочуць браць i тыя, хто хацеў бы расшырыцца. Гэта адно, а другое — хапае фермераў, якiя праз тры гады хочуць перарэгiстравацца — даць iншую назву сваёй гаспадарцы. Тры гады яны нiякiх падаткаў не плацяць, а калi перарэгiстравацца, то зноў тры гады можна жыць прывольна... — Карцiна, якую вы намалявалi, даволi сумная. Фермераў многа, а карысцi ад iх малавата. А ў раёне ёсць фермеры, якiх можна было б паставiць у прыклад iншым — фермеры сапраўдныя? — Навiцкi якраз да такiх i адносiцца. У чалавека ўсё сваё i ён не стаiць з працягнутай рукой. Трактары, насенне, угнаеннi, хiмiкаты... фермер не выпрошвае, своечасова плацiць падаткi i яшчэ выступае як спонсар. Дапамагае бедным i абяздоленым. У сезон забяспечвае занятасць насельнiцтва. У Навiцкага прадукцыя самай высокай якасцi i не ўступае замежнай. — А як сiтуацыя з падтрымкай фермераў? Калi iх так многа, то, напэўна, дапамогу атрымлiваюць выбраныя? — Не, калi фермер сваю гаспадарку зарэгiстраваў, то атрымлiвае ўсё, што яму прызначана. Напрыклад, тое ж палiва для тэхнiкi па больш нiзкай цане атрымлiвае кожны — у адпаведнасцi з колькасцю зямлi. — Васiль Сцяпанавiч, даволi значны працэнт раёна пасля чарнобыльскай катастрофы аказаўся забруджаным. Гэта накладвае адбiтак на экалагiчную сiтуацыю ў раёне? — Праблема ёсць, але нашы людзi Чарнобыля ўжо не баяцца. Вось у Мiкашэвiчах нараджальнасць перавысiла смяротнасць, а гэты факт абнадзейвае. З плошчаў з высокiм узроўнем забруджанасцi зямля была звезена ў магiльнiкi, пэўны працэнт пераараны, ды i прырода самаачышчаецца — з паводкай некаторая колькасць бруду змываецца. А галоўнае, што мы не пакiнуты. Вучнi з чатырох школ двойчы на год праходзяць аздараўленне ў санаторыях, а з 28 школ (тут перыядычны кантроль) выязджаюць раз у год. Дарэчы, уся сельгаспрадукцыя ў нас праходзiць праверку на радыяцыю. — Я звярнуў увагу на справаздачу з праверкай малака на радыеактыўнасць ад прыватных кароў. У тых жа Мiкашэвiчах было выяўлена ў адным двары малако з вельмi высокай радыяцыяй, хоць у астатнiх з даволi нiзкай. З чым гэта звязана? — На зiмовы перыяд мы забяспечваем жывёлу чыстымi кармамi. Гэта датычыцца грамадскiх i прыватных кароў, але не ўсе ў нас такiя паслухмяныя, каб чакаць пакуль той корм дадуць. Нейкi гаспадар i сам можа касiць травы, а якая яна там — хто правярае. Нягледзячы на ўсе нестыкоўкi, у раёне абнаўляецца сельгастэхнiка, вядзецца будаўнiцтва. Вось толькi па прэзiдэнцкай праграме штогод узводзiцца 70 новых дамоў. Хоць ёсць i набалелае. Неабходна вырашыць праблему забеспячэння Лунiнца чыстай вадой i пачаць будаўнiцтва новай раённай бальнiцы, але для гэтага патрэбны вялiкiя грошы, якiх у раённым бюджэце няма. — Васiль Сцяпанавiч, а можа грошы, якiя былi затрачаны на абласныя дажынкi, трэба было пусцiць на тую ж бальнiцу? — Не трэба думаць, што дажынкi — гэта толькi скокi ды песнi. Пад дажынкi закладзена праграма адраджэння райцэнтраў, малых гарадоў, якiя самi па сабе нiколi не паднялiся б. Паглядзiце, якiм стаў Лунiнец! Раней гэта быў шэры непрыкметны гарадок, а сёння — душа радуецца. А што датычыцца бальнiцы, то ў блiжэйшыя 2—3 гады яна будзе пабудавана. У нас быў выконваючы абавязкi мiнiстра аховы здароўя Вiктар Рудэнка i парадаваў тым, што канцэпцыя будаўнiцтва бальнiцы падпiсана. Будзе распрацавана праектная дакументацыя i, думаю, у 2007 годзе возьмемся за будоўлю. Будзе да слова i тое, што ў нас нiводнай участковай бальнiцы не закрылi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па колькасцi фермераў Лунiнецкi раён далёка абышоў iншыя раёны вобласцi. Напрыклад, толькi на тэрыторыi Вулькаўскага сельсавета, а ён не самы буйны ў |
|