Веснавая тэндэнцыя нерухомасцi
Сяргей КУРКАЧ
Жыллё Калi ў Мiнску жыллё пачынае таннець, то ў Гродне кватэры працягваюць даражэцьЗгодна з прагнозамi пастаяннага эксперта нашага выдання дырэктара Беларускай асацыяцыi «Нерухомасць» Мiкалая Прастулапава, сапраўды сёлетняя вясна вызначылася нетыповымi падзеямi на другасным рынку сталiчнага жылля. Яшчэ ў красавiку спецыялiсты рынку нерухомасцi абяцалі мiнскай жыллёвай маёмасцi цэнавую стабiлiзацыю i патанненне. Гэтыя падзеi адбываюцца ў сталiцы толькi ў красавiку. Вядучы спецыялiст сталiчнага агенцтва рыэлтарскiх паслуг на базе Мiнскага агенцтва па дзяржаўнай рэгiстрацыi i зямельнаму кадастру адзначае, што прадаўцоў гэтай вясной стала i сапраўды значна больш. Iснуе i вялiкая колькасць патэнцыяльных пакупнiкоў, якiя зараз больш прыглядаюцца i знаходзяцца ў рэжыме чакання. Павышаны попыт застаўся толькi на невялiкiя аднапакаёвыя кватэры, якiя прадаюцца па «чыстаму» варыянту без доўгiх «хвастоў» шматузроўневага абмену. Але i ў гэтым выпадку адукаваныя пакупнiкi гатовыя купляць не старыя, дабiтыя дрэнным карыстаннем бесперспектыўныя «хрушчоўкi», а няхай i маламетражныя, тыпавыя кватэры звычайных спажывецкiх якасцяў, аднак нядорага. Сёння нават звычайную аднапакаёвую «хрушчоўку» ў сталiцы прапануюць за 33—35 тысяч долараў. Можна адшукаць невялiкае жыллё i за 30—32 тысячы ўмоўных адзiнак, але гэта будзе далёка не цэнтр, а жыллёвае памяшканне агульнай плошчай да 31 квадратнага метра будзе абавязкова знаходзiцца на першым або апошнiм паверхах. Аднапакаёвыя кватэры з крыху большай плошчай палепшанай планiроўкi каштуюць да 40 тысяч долараў. Двухпакаёвыя няякасныя кватэры прадаўцы прапануюць за 45—47 тысяч долараў. Спецыялiсты рыэлтарскiх кантор лiчаць, што цэны гэтыя зараз завышаны, таму i пакупнiкоў на такое жыллё амаль няма. «Двойкi» з палепшанай планiроўкай каштуюць ужо 48—57 тысяч долараў. Iснуюць сёння на мiнскiм рынку вельмi дрэнныя (100 гадоў без рамонту) i маленькiя па плошчы трохпакаёвыя «хрушчоўкi», якiя каштуюць 45—50 тысяч долараў. Прасторныя трохпакаёўкi з палепшанай планiроўкай каштуюць больш за 60 тысяч долараў. Спецыялiсты адзначаюць, што сярэднi кошт квадратнага метра агульнай плошчы невялiкiх кватэр складае 1100—1110 долараў. Недзе з апошнiх дзён сакавiка цэны спынiлiся i зараз на працягу трох тыдняў назiраецца невялiкае знiжэнне кошту кватэр. За тыдзень сярэднi кошт квадратнага метра таннее прыкладна на 5—7 долараў. Паводле меркавання рыэлтара дзяржаўнага агенцтва, жыллё ў сталiцы працягне таннець i летам, бо прадаўцы ўжо часткова падрыхтавалiся да такiх падзей. Справа ў тым, што зараз электронныя сродкi масавай iнфармацыi пакупнiкам ужо растлумачылi, як павiнен цывiлiзавана працаваць рынак рыэлтарскiх паслуг, а на першасным рынку жылля будаўнiцтва будзе весцiся галоўным чынам для чаргавiкоў, дзе кошт кватэр значна таннейшы, чым па камерцыйнай лiнii. Толькi гэтая iнфармацыя ўжо спынiла вялiкую колькасць патэнцыяльных пакупнiкоў. А вось абласныя цэнтры i невялiкiя гарады жывуць па сваiх «жыллёвых» законах. Напрыклад, у Гродне гэтай вясной колькасць прадаўцоў таксама павялiчылася, але попыт на кватэры тут перавышае прапанову прыкладна ў 3—4 разы. Зараз у базе даных агенцтва нерухомасцi знаходзiцца 60 чыстых кватэр на продаж i прыкладна 300—400 кватэр на абмен. Паводле iнфармацыi дырэктара РУП «Дзяржаўнае агенцтва нерухомасцi» г. Гродна Валяр’яна Стока, старыя аднапакаёвыя кватэры ў гэтым горадзе сёння каштуюць 18 тысяч долараў, палепшанай планiроўкi — 24 тысячы «баксаў». Двухпакаёвыя «хрушчоўкi» прапануюць за 25 тысяч долараў, а тыпавыя цi новыя кватэры — ад 28 да 32 тысяч долараў. Дрэнныя трохпакаёвыя кватэры ў Гродне каштуюць да 29 тысяч, а палепшанай планiроўкi — ад 35 да 38 тысяч долараў. В. Стока адзначыў, што цэны на гарадскую нерухомасць працягваюць павялiчвацца i з пачатку года. Зараз у месяц звычайная двухпакаёвая кватэра тут даражэе на тысячу долараў. Спецыялiсты тлумачаць даражэнне жылля ў абласных цэнтрах тым, што ў рэгiёнах патэнцыяльныя пакупнiкi з сярэднiм даходам пачалi выкарыстоўваць крэдытныя рэсурсы банкаў у актыўным рэжыме толькi зараз, калi ў сталiцы гэты працэс прайшоў пiк ажыятажу i цэны на жыллё дасягнулi свайго абсалютнага максiмуму. У Гродне 70 працэнтаў здзелак па набыццю кватэр зараз ажыццяўляецца з выкарыстаннем крэдытных сродкаў. Працягваецца падаражанне кватэр i ў невялiкiх гарадах краiны. Так, у Ляхавiчах Брэсцкай вобласцi трохпакаёвая кватэра каштуе ўжо 16—18 тысяч долараў, а чатырохпакаёўка ў Лепелi Вiцебскай вобласцi прапануецца за 20—22 тысячы долараў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi ў Мiнску жыллё пачынае таннець, то ў Гродне кватэры працягваюць даражэць
|
|