«Часта на рынках цяжка зразумець, у якой краiне зроблены тавар...»
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
А на мой погляд... Дзе беларусы набываюць адзенне i абутак?У магазiнах цi на рынках можна набыць больш якасныя адзенне i абутак? Якiм таварам айчыннай вытворчасцi аддаюць перавагу беларусы? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» гутарыў з жыхарамi Мiнска, Браслава i Вiцебска. Юрый ГРОС, загадчык аддзела пiсьмаў i прыёму грамадзян Сакратарыята Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу: — Што датычыцца набыцця адзення, то я не раблю вялiкiх адрозненняў памiж рынкам i магазiнам. Нешта набываю ў магазiнах, нешта — на рынках. Напрыклад, касцюмы, якiя набываў у апошнiя гады, былi iмпартнай вытворчасцi. З Расii, Польшчы. Набываў iх на рынках. Хоць, у прынцыпе, часта на рынках цяжка зразумець, у якой краiне зроблены тавар. Сам прадавец часам дакладна не ведае, дзе зроблены тавар... А вось абутак мая сям’я набывае ў асноўным беларускi. Фiрмаў «Марко», «Белвест». Людмiла ХМЯЛЬНIЦКАЯ, дырэктар музея Марка Шагала ў Вiцебску: — Палiто, курткi я iмкнуся набываць за мяжой, на Захадзе. Там можна знайсцi рэчы i танней, i якасней. А пiнжакi, касцюмы даводзiцца набываць у Беларусi. Але я iмкнуся набываць iх у Мiнску. I не на рынках. Сярод беларускiх вытворцаў абутку я аддаю перавагу «Легранду». I ўвогуле я набываю ў асноўным беларускi абутак. Што датычыцца вiцебскага прадпрыемства «Марко», то я яшчэ не набывала яго прадукцыю. Але я чула, што мужчыны хваляць абутак гэтага прадпрыемства... Мiкалай ДУБОВIК, намеснiк старшынi Камiсii па ахове здароўя, фiзiчнай культуры, справах сям’i i моладзi Палаты прадстаўнiкоў: — Я прызвычаiўся набываць адзенне беларускiх вытворцаў. Доўгi час (у тым лiку калi толькi пачынаў працаваць дэпутатам) свае касцюмы я шыў у мiнскiм ПТВ № 13. I так было яшчэ гадоў 7—8 таму. У ПТВ рыхтуюць закройшчыкаў, i вучнi, як правiла, вельмi ўважлiва ставiлiся да вырабу заказаў. Звычайна людзi не верылi, калi я казаў, што мае касцюмы сшытыя звычайнымi вучнямi. Лiчылi, што я набываў свае касцюмы ў нейкiм фiрменым магазiне... Мабыць, варта было б заехаць у гэтае ПТВ i пашыць чарговы касцюм, але ўсё не магу сабрацца. На рынку цi ў гандлёвых цэнтрах я не люблю набываць адзенне. Дзве нядаўнiя спробы набыцця адзення там не мелi станоўчага вынiку. Так, я набыў у адным з гандлёвых цэнтраў з выгляду добры касцюм. Аднак аказалася, што тканiна мнецца. Яго якасць мне не спадабалася... Апошнi абутак, якi я набываў, быў беларускай фiрмы «Марко» i расiйскай фiрмы «Аxis». Прадукцыяй абедзвюх фiрмаў я задаволены. Наталля ЛЯХ, начальнiк упраўлення iдэалагiчнай працы Браслаўскага райвыканкама: — Касцюмы, пiнжакi, абутак я iмкнуся набываць у магазiнах раённага спажывецкага таварыства. Я больш давяраю гэтым магазiнам. I айчынным вытворцам. Напрыклад, фiрме «Элема», брэсцкай фiрме «Панда». Абутак iмкнуся набываць фiрмаў «Белвест», «Марко». Але я хачу даць параду гэтым вытворцам — iм трэба ўлiчваць розную паўнату людзей i не арыентавацца выключна на «фотамадэляў». Iм трэба рабiць добры абутак для людзей рознай камплекцыi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзе беларусы набываюць адзенне i абутак?
|
|