У краму... без кашалька
Алеся ГАЛОЎЧЫЦ
Безнаяўны разлiк дагэтуль застаецца для большасцi з нас амаль што дзiвам. Мала хто ведае, што сёння гэта даволi распаўсюджаная рэч i даступная яна ў многiх крамах, i не толькi ў сталiцы.
Сем гадоў назад, калi толькi ўводзiлiся ў абарот пластыкавыя карткi, узнiкалi пэўныя цяжкасцi. Безнаяўны разлiк у крамах наогул быў рэдкасцю. У той час куды больш важна было навучыць уладальнiкаў картак паступова здымаць грошы. Спачатку ўсе баялiся памылiцца. Зразумела, з тэхнiкай цяжэй «дамовiцца», банкамату не растлумачыш, што ты тут першы раз i не ведаеш, што рабiць. Але потым прызвычаiлiся, i пластыкавыя карткi для многiх ужо такая ж звычайная рэч, як, напрыклад, калькулятар або тэлефон. Зараз усё больш людзей ужо не толькi здымае грошы з банкаматаў, але i робiць некаторыя плацяжы кшталту аплаты за мабiльную сувязь. Расце i колькасць трымальнiкаў пластыкавых картак. Сёння ў Беларусi iх каля 2,7 мiльёна. Гэта амаль палова гарадскога насельнiцтва. А значыць, настаў час, калi патрэбна разлiчваць не толькi на тых, хто мае ў кiшэнi папяровыя грошы. Крокам насустрач пакупнiкам можна лiчыць устаноўку плацежных тэрмiналаў для безнаяўнага разлiку. Зараз па ўсёй Беларусi iх ужо каля трох тысяч. Менавiта столькi крамаў, рэстаранаў, гасцiнiц i iншых прадпрыемстваў гандлю i сэрвiсу здольна разлiчыць вас па картцы. Гэта азначае, што больш не абавязкова бегчы шукаць банкамат, калi ў краме нешта спадабалася, а грошы зняць не паспелi. Ёсць i iншыя выгоды. Значны плюс безнаяўнага разлiку, напрыклад, у тым, што пакупнiк не плацiць анiякiх працэнтаў. Гэта перавага перад банкаматамi «чужых» банкаў, пры карыстаннi якiмi здымаюць камiсiю. А для ўладальнiкаў крэдытных картак — наогул найлепшы варыянт. Як вядома, здымаць наяўнасць iм вельмi дорага, а пры безнаяўным разлiку зноў жа не будзе страчана нiякiх працэнтаў. Ды i калi не ўлiчваць затратны бок, разлiк па картцы больш зручны. Мы не заўсёды прадбачлiва маем грошы ў кашальку, i здараюцца такiя сiтуацыi, калi трэба купiць нешта незапланаванае. А з пластыкавай карткай адпадае неабходнасць класцi тавары ў карзiну i адначасова вылiчваць, укладзешся ў суму, якая аказалася ў кiшэнi, цi прыйдзецца ад нечага адмовiцца. Яшчэ адзiн аргумент «за» — магчымасць атрымаць падарунак. Банкi перыядычна право- дзяць розныя акцыi, калi тыя, хто выкарыстоўвае картку для безнаяўнага разлiку, удзельнiчаюць у розыгрышы прызоў. Звычайна такiя мерапрыемствы павялiчваюць колькасць безнаяўных аперацый на 50-70 працэнтаў. Аднак гэта не так шмат, як здаецца. Зараз 97 працэнтаў аперацый з карткамi складае зняцце наяўных грошай. Прычын, чаму мы не карыстаемся плацежнымi тэрмiналамi, шмат. Адна з асноўных — адсутнасць дастатковай iнфармацыi. Не кожны ведае, што калi ў магазiне ёсць наклейка з лагатыпам вашай карткi (напрыклад, Visa або MasterCard i да т.п.), то вы можаце там набыць тавар па безнаяўным разлiку. Усё, што спатрэбiцца, гэта сказаць пра свой намер касiру i прад’явiць картку. Дарэчы, такiх крамаў у Мiнску дастаткова, каб не турбавацца пра наяўнасць папяровых грошай у кiшэнi. I колькасць iх пастаянна расце. Аднак нават тыя, хто ўсё гэта ведае, не спяшаюцца карыстацца новай паслугай. Засцерагае звычайна нiчым не пацверджаная боязь памылак. Акрамя таго, прадаўцы часта самi садзейнiчаюць усталяванню псiхалагiчнага бар’ера. На жаль, пакуль што нярэдка можна назiраць, як пасля просьбы аб безнаяўным разлiку над пакупнiком схiляюцца пара-тройка касiраў. Яны падступаюцца да тэрмiнала i так i гэтак, але нiчога не атрымлiваецца. Ззаду абураецца чарга. Прадаўцы нервуюцца. Пакупнiк дакарае сябе за тое, што стаў прычынай гэтага балагану. Добра яшчэ калi яго ўрэшце разлiчаць, а не накiруюць да банкамата дзе-небудзь у блiжэйшым раёне. Ва ўсякiм разе, перш чым у наступны раз дастаць картку, чалавек падумае, цi не прасцей адразу знайсцi, дзе зняць грошы. Мая першая спроба безнаяўнага разлiку была падобная да апiсанай сцэны. Аднак на далейшым вопыце я пераканалася, што ў крамах, якiя клапоцяцца пра сваю рэпутацыю, такiх iнцыдэнтаў не бывае. Разлiк у гiпермаркеце «Гiпа» здзiвiў сваёй хуткасцю — касiр правяла звычайную для яе аперацыю, нiхто не хваляваўся, нiкога не затрымалi. Дарэчы, як расказаў дырэктар Карт-цэнтра «Прыорбанк» ААТ Сяргей Копцiк, на дадзены момант «Гiпа» найбольш удалы праект у гэтым сэнсе. Плацежныя тэрмiналы там убудаваныя ў касавыя апараты. Персанал гiпермаркета добра абучаны. Аперацыя займае ўсяго 15—17 секунд. Больш за тое, па радыё перыядычна iнфармуюць пакупнiкоў аб тым, што яны могуць разлiчыцца па картках. Як вынiк, доля безнаяўных аперацый там расце з месяца ў месяц. Зараз яна складае 4,7 працэнта, i чакаецца далейшае яе павелiчэнне. Цешыць таксама тое, што «Гiпа» не адзiнае месца, дзе безнаяўны разлiк не выклiкае праблем. На самай справе амаль кожны магазiн можа дасягнуць такой якасцi абслугоўвання. У асноўным на гэта ўплываюць два фактары. Першы — прафесiяналiзм работнiкаў — здольны забяспечыць кожны кiраўнiк прадпрыемства. У яго паўнамоцтвах кантраляваць, наколькi касiры спраўляюцца з правядзеннем безнаяўных разлiкаў. Задачу спрашчае тое, што супрацоўнiкi банкаў бясплатна абучаюць персанал. Многiя практыкуюць таксама навучанне маладых работнiкаў больш вопытнымi. У вынiку, калi прадаўцы свабодна праводзяць аперацыi на плацежным тэрмiнале, не ўзнiкае панiкi каля апарата. I знiкае неабходнасць закрываць касы з тэрмiналамi або прасiць пакупнiкоў разлiчыцца папяровымi грашамi. А не сакрэт, што падобныя хiтрыкi часта ўжываюць некаторыя прадаўцы, каб пазбегнуць канфлiктаў. Па-другое, якасць разлiкаў залежыць ад таго, якi плацежны тэрмiнал выкарыстоўваецца, як i дзе ён размешчаны. Абсталяванне банк ставiць за свой кошт. Магазiн у сваю чаргу выплачвае камiсiйныя працэнты. Дарэчы, цана аднаго тэрмiнала — каля тысячы долараў, плюс расходы на падключэнне. Працуе апарат ад электрычнай сеткi i тэлекамунiкацыi. У залежнасцi ад таго, выкарыстоўваецца звычайная тэлефонная лiнiя, вылучаная лiнiя або GSM-сувязь, змяняецца хуткасць разлiкаў i, адпаведна, кошт. Часта пры вырашэннi гэтага моманту прыходзiцца ахвяраваць якасцю. Аднак пры пэўных навыках добры касiр, незалежна ад таго, якое абсталяванне ўстаноўлена, здольны зрабiць так, што пакупнiк пачне зноў i зноў разлiчвацца па картцы. Так сiстэма безнаяўных разлiкаў будзе развiвацца больш хуткiмi тэмпамi. А то цiкава бачыць, як у вялiкiх унiвермагах пакупнiкi спачатку стаяць дзесяткi хвiлiн, каб атрымаць наяўныя грошы, а потым накiроўваюцца туды, дзе ўжо даўно маглi расплацiцца па картцы. У глабальных маштабах рознiцы, канешне, няма. Крыху раней цi пазней мы ўсё роўна атрымаем сваю пакупку. Аднак справа ў зручнасцi. Наша жыццё з кожным годам становiцца больш камфортным. Безнаяўны разлiк — яшчэ адзiн крок у гэтым накiрунку.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Безнаяўны разлiк дагэтуль застаецца для большасцi з нас амаль што дзiвам. Мала хто ведае, што сёння гэта даволi распаўсюджаная рэч i даступная яна ў м
|
|