Дзiцячае харчаванне: дорага i смачна цi танна i сярдзiта?
Алена АЎЧЫННIКАВА
Асабiсты вопыт «На якiм кармленнi дзiця?» — такое пытанне, якое датычылася маёй 10-месячнай дачкi, на прафiлактычным прыёме ў педыятра падалося мне дзiўным. Рацыён у такiм узросце блiзкi да дарослага. Але зараз медыцына выключна на баку груднога кармлення, прычым максiмальна працяглага, i ўрачы настойлiва патрабуюць ад матуль забыць аб iснаваннi малочных сумесяў. Адна мая знаёмая дакармлiвала месячнае немаўля геркулесам, прыгатаваным па асаблiваму бабулiнаму рэцэпту, у чым, канешне, палiчыла за лепшае ўрачу не прызнавацца. Не маем нiякага намеру аспрэчваць карысць груднога кармлення, заўважым толькi, што цвёрдая пазiцыя айчынных педыятраў пакуль не пазбавiла гандаль попыту на малочныя сумесi.Я, напрыклад, як i многiя бацькi, пачала свой вопыт з памылкi: дакармлiвала дарагой iмпартнай сумессю. Педыятры нiякiх вытворцаў не рэкамендавалi, абмяжоўвалiся парадай «спачатку грудное малако i толькi пасля — сумесь». Арыентавацца ў асартыменце гэтага прадукту вельмi проста. Адаптаваных сумесяў два вiды — дарагiя iмпартныя (прадстаўлены 4—5 вытворцамi) i танныя айчынныя (на беларускай прасторы адзiны гiгант i манапалiст — ваўкавыскi «Беллакт»). Такi выбар у сталiцы i буйных гарадах. У астатнiх кропках на карце краiны пакутаваць ад выбару не даводзiцца — мясцовы гандаль падтрымлiвае айчыннага вытворцу, а прыватныя прадпрымальнiкi iгнаруюць такую нiшу, як дзiцячае харчаванне. Нельга не ацанiць, як падаюць свой прадукт замежныя вытворцы бэбi-фуда. На ўпакоўцы — аповяд пра кароў элiтнай пароды, якiя пасуцца на асобных альпiйскiх лугах, дзе расце трава спецыяльна падабраных гатункаў i не ступае нага чалавека. З малака ад гэтых рагуль па тэхналогii, якая не мае аналагаў, кампанiя вырабляе прадукт ужо колькi дзесяцiгоддзяў. Гэта я да таго, што знешне такi прадукт выклiкае куды больш даверу, чым айчынны, хоць i правакуе алергiю — пераканалася на ўласным вопыце, дакладней, на вопыце свайго дзiцяцi. А цяпер пра матэрыяльны бок, што таксама важна. 800-грамовы пачак, якога на два тыднi не хапае, каштуе 25 тысяч рублёў. Гiпаалергенны варыянт (усе замежныя вытворцы вырабляюць такi прадукт) — ужо 19 тысяч за 100-грамовую ўпакоўку, якая заканчваецца праз 4—5 дзён. Паспрабуйце, паважаныя бацькi, пачаць з беларускай «Алесi» цi «Тонуса» за 3600. Нiякай алергii — у маiм выпадку. Педыятры не раяць пачынаць з дарагiх сумесяў яшчэ i таму, што з-за iх быццам бы лепшых смакавых якасцяў дзецi адмаўляюцца потым ад айчыннай сумесi. Аднак не будзем забываць, што ёсць дзецi, якiя могуць есцi ўсё цi амаль усё. Чым i карыстаюцца бацькi, калi ў рацыён дзiцяцi ўводзяць фруктовыя сокi i пюрэ, без якiх, у адрозненне ад малочнай сумесi, нiяк не абысцiся. Большасць маiх знаёмых аддаюць перавагу менавiта беларускаму прадукту, бо ён таннейшы. Амаль ва ўсiх магазiнах побач з айчыннымi месцяцца i сокi ўкраiнскай, малдаўскай, расiйскай вытворчасцi. Пакуль беларускiя вытворцы (Клецкi i Маларыцкi камбiнаты) толькi прамацваюць глебу, у блiзкiм замежжы ўжо даўно зразумелi эканамiчную карысць ад адметнага афармлення тавару i перайшлi на сучасную тару. Некаторыя нашы вытворцы таксама пачынаюць адмаўляцца ад накрывак, якiя закрываюцца закатачным спосабам, i пераходзяць на закруткi. Са шклянымi слоiкамi, якiя адкрываюцца кансерваўскрывацелем (большасць нашых сокаў яшчэ ў такой тары) трэба быць асцярожным i лоўкiм, каб у спешцы не накрышыць шкла ў прадукт — гэта мiнус. Затое такi слоiк (паспяхова адкрыты) можна здаць — гэта плюс. I яшчэ. У слаба бачным тэрмiне годнасцi, якi наносiцца старым спосабам, трэба яшчэ разабрацца. А цяпер лыжка дзёгцю ў одзе беларускаму харчаванню. Выпадак меў месца некалькi гадоў таму. Мая сяброўка, даядаючы за сынам, адчула ў роце штосьцi акрамя фруктовага пюрэ. Як потым высветлiла экспертыза, гэтым «штосьцi» аказалася шкловалакно. Памiж маладой матуляй, засмучанай такiм вынiкам, i заводам-вытворцам, засмучаным актыўнасцю матулi, завязалася перапiска. У рэшце рэшт даведалася, хто вiнаваты, хто звольнены i хто пазбаўлены прэмii, — адным словам, аб тым, што «меры прынятыя». У апошнiм лiсце завод паведамляў аб устаноўцы абсталявання, якое дазваляе выяўляць шкловалакно ў прадукце. Застаецца спадзявацца, што згаданае абсталяванне спраўна працуе дагэтуль. Я i сама аддаю перавагу беларускаму соку — на нашым тэлебачаннi ў рубрыках кшталту «Купляйце беларускае» нашы спецыялiсты распавядаюць пра унiкальную карысць i чысцiню айчыннага прадукта. Пра замежныя сокi так не расказваюць. Галоўнае — выбраць тое, што падабаецца вашаму дзiцяцi. Пакаштаваўшы лыжку пюрэ з беларускiх антонавак цi дурнiц, мая дачка пачынае нервавацца i плявацца часцей, чым звычайна. Але гэта эканомны варыянт — менш за тысячу (800—900 рублёў) за слоiк. Аналагiчнае чэшскае «Hame» амаль удвая даражэйшае. Але за дадатковую плату вы набываеце ўласную бестурботнасць — працэс кармлення не трэба суправаджаць дадатковымi ўгаворамi. Аптымальны варыянт (у межах 1,5 тысячы) — украiнскi «Карапуз», малдаўская «Vita» цi расiйскi «Вiннi». Не можа (спадзяёмся, пакуль) пахвалiцца багатым асартыментам наш айчынны «Беллакт». I тут маюць вялiкi поспех вытворцы з блiзкага i далёкага замежжа. Аптымальным па суадносiнах цаны i якасцi мне падаецца расiйскi «HEINZ» i славенская марка «Бэбi» (каля 4,5 тысячы). Ёсць амаль ва ўсiх магазiнах, нават на перыферыi. Вытворцы сучасных каш цэняць ваш час — прадукт не патрабуе варкi. I зараз гэта не банальная аўсянка цi, скажам, грэчка, а аўсянка з гарбузом, грэчка з яблыкамi i курагой. Трэба сказаць, што сусветна вядомыя вытворцы дзiцячых харчовых тавараў (HiPP, напрыклад, цi HEINZ) асвоiлi i такiя спецыфiчныя прадукты, як дзiцячы чай i дзіцячае пячэнне. Нiхто пакуль з беларускiх вытворцаў iх не вырабляе. Пюрэ з агароднiны, мясное i рыбнае, якое ўводзiцца ў рацыён з 6—7 месяцаў, адносiцца да тавараў, якiя ў нас вырабляюцца i не сустракаюць дастойнай замежнай канкурэнцыi. Аршанскi мясакансервавы камбiнат папрацаваў i над смакавымi якасцямi, i над асартыментам (каля 20 найменняў у магазiне невялiкага раённага цэнтра), i, здаецца, заслужыў прыхiльнасцi педыятраў. Адным словам, да таго, што ўнутры, прэтэнзiй няма, а вось тара... Хоць, па вялiкаму рахунку, якая рознiца дзiцяцi, якi слоiк — шкляны, з прыгожай этыкеткай цi а-ля «сняданак турыста». Правiльна, галоўнае, каб ежа была смачнай i карыснай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«На якiм кармленнi дзiця?» — такое пытанне, якое датычылася маёй 10-месячнай дачкi, на прафiлактычным прыёме ў педыятра падалося мне дзiўным. Рацыён у
|
|