Будучыня ў надзейных руках
Фiлiял вытворчага рэспублiканскага унiтарнага прадпрыемства «Мiнскi маторны завод» у г. Стоўбцы апраўдана робiць стаўку на перспектыўнае развiццё
IНТЭНСIЎНАЕ сацыяльна-эканамiчнае развiццё народнагаспадарчага комплексу — сапраўдная адметнасць сучаснай Беларусi. Рост вытворчых паказчыкаў адбываецца ў многiх сферах. Адна са стратэгiчных галiн — прамысловасць. Апошнiм часам тут стабiльна адбываецца рост аб’ёмаў вытворчасцi i, што не менш важна, паляпшэнне якасных характарыстык. Айчынная прамысловая прадукцыя ўпэўнена выходзiць на знешнiя рынкi, на роўных канкурыруе з вядомымi замежнымi «брэндамi». Яна карыстаецца попытам, паколькi адпавядае патрабаванням у суадносiнах «кошт—якасць». Дзякуючы актывiзацыi знешнiх сувязяў (зразумела, пры поўным забеспячэннi ўсiх патрэб айчынных спажыўцоў), хуткiмi тэмпамi адбываецца мадэрнiзацыя вытворчых магутнасцяў, у вынiку чаго беларуская прадукцыя па многiх параметрах нiколькi не саступае замежным канкурэнтам. Самае галоўнае, што сапраўднае адраджэнне рэальнага сектара эканомiкi дазволiла адчувальна палепшыць дабрабыт людзей — заробкi стабiльна растуць i iх выплата робiцца без затрымак. Гэты сацыяльны аспект не менш важны, чым вытворчы. Прамысловых цэнтраў на Беларусi не так ужо шмат. У асноўным буйныя прадпрыемствы размяшчаюцца ў вялiкiх гарадах. Для большасцi раёнаў вызначальным з’яўляецца ўсё ж такi сельская гаспадарка. Разам з тым, калi арганiзуюць прамысловую вытворчасць, то такое прадпрыемства становiцца сапраўдным цэнтрам усёй тутэйшай акругi: працоўныя месцы, заробкi, адлiчэннi ў мясцовы бюджэт. Калi тут справы не ладзяцца, то гэта адчувальна для ўсяго раёна. Што трэба дакладна разумець. Яшчэ некалькi гадоў таму нярэдкiмi былi выпадкi, калi града-ўтваральныя прадпрыемствы адчувалi сябе, мякка кажучы, «не вельмi». Адпаведна, у складанай сiтуацыi знаходзiўся i ўвесь раён. Зараз становiшча змянiлася. Але наколькi ўпэўнена адчуваюць сябе такiя прадпрыемствы? Каб высветлiць гэта, мы i накiравалiся ў Стоўбцы, дзе знаходзiцца фiлiял Мiнскага маторнага завода. Знаёмства з прадпрыемствам аказалася надзвычай цiкавым i карысным. Давялося шмат пабачыць i пачуць. Даведацца аб тым, чым жывуць тутэйшыя людзi i як на Прынямоннi фармiраваўся рабочы клас. Для традыцыйна сельскагаспадарчага раёна гэта аказалася даволi складанай справай. Сёння ўсе цяжкасцi ўдалося пераадолець. Прадпрыемства ўпэўнена рухаецца наперад. Аднак аб усiм па парадку... У ПАЧАТКУ ШЛЯХУ У адпаведнасцi з пастановай ЦК КПСС i Савета Мiнiстраў СССР ад 4 красавiка 1983 года было прадугледжана пашырэнне Мiнскага маторнага завода: меркавалася са 150 да 185 тысяч павялiчыць выпуск рухавiкоў Д-240. Гэта рабiлася для таго, каб забяспечыць адпаведны прырост выпуску трактароў МТЗ 80/82 i МТЗ 100/102 Мiнскiм трактарным заводам. Паколькi зборачная вытворчасць знаходзiцца на асноўнай пляцоўцы ММЗ у сталiцы, то пашырэнне вырабу дэталяў i вузлоў рухавiкоў Д-240/240т было вырашана вынесцi ў Стоўбцы. Менавiта тут i разгарнулiся работы. Праект пашырэння Мiнскага маторнага завода з будаўнiцтвам фiлiяла ў горадзе Стоўбцы быў зацверджаны Мiнiстэрствам сельгасмашынабудавання СССР. Неабходныя работы пачалiся ў 1985 годзе. Капiталаўкладаннi на пашырэнне Мiнскага маторнага завода склалi 178,5 мiльёна рублёў (у тым лiку на будаўнiча-мантажныя работы — 77,7 млн). На першым этапе была адведзена пляцоўка пад карпусы завода. Паралельна вялiся работы па ўзвядзенню аб’ектаў iнфраструктуры для забеспячэння завода i горада. У 1988 годзе была здадзена ў эксплуатацыю чыгуначная ветка, якая злучала будаўнiчую пляцоўку з гарадской станцыяй. У 1986 годзе пры ўпраўленнi капiтальнага будаўнiцтва Мiнскага маторнага завода ствараецца адпаведнае падраздзяленне фiлiяла ў Стоўбцах. У 1992 годзе былi здадзены ў эксплуатацыю водазабор «Альхоўка», станцыi другога пад’ёму, каналiзацыйна-помпавая станцыя, ачыстныя збудаваннi ў вёсцы Заямнае, падстанцыя «Прамвузел», а таксама кацельня з усiмi дапаможнымi аб’ектамi. Адначасова з работамi па ўзвядзенню завода актыўна праводзiлася i жыллёвае будаўнiцтва. Па вялiкаму рахунку, шматпавярховыя Стоўбцы «пачалiся» менавiта ў той час. У 1992 годзе былi пабудаваны i ўведзены ў эксплуатацыю два жылыя дамы (на 71 i 30 кватэр), цэнтральны цеплавы пункт i iнтэрнат на 395 месцаў. Як бачым, работы праводзiлiся дынамiчна. У 1993 годзе ўводзiцца ў эксплуатацыю блок складоў i дрэваапрацоўчы цэх. Таксама было завершана будаўнiцтва другога iнтэрната, цалкам выкананы работы па ўзвядзенню першай чаргi галоўнага вытворчага корпуса. Выраб таварнай прадукцыi на фiлiяле пачаўся ў жнiўнi 1989 года. А вытворчасць дэталяў i iх пастаўка на Мiнскi маторны завод — з 31 лiпеня 1993 года. Гэтая дата афiцыйна з’яўляецца «днём нараджэння» фiлiяла вытворчага рэспублiканскага унiтарнага прадпрыемства «Мiнскi маторны завод» у г. Стоўбцы. Менавiта тады адбыўся ўрачысты выпуск першай дэталi для камплектацыi дызеля Д-240. На працягу 1994—1999 гадоў былi пабудаваны i ўведзены ў эксплуатацыю кампрэсарная, ацэтыленавая, вуглекiслотная, кiслародна- i газiфiкацыйная, аўтазаправачная станцыi, кантэйнерная пляцоўка, сталовая на 300 пасадачных месцаў, будынак адмiстрацыйна-бытавога корпуса, ачыстныя збудаваннi, шэраг жыллёвых аб’ектаў. Паралельна вялася планамерная работа па ўстаноўцы абсталявання аўтаматна-тэрмiчнага, прэсавага, гальванiчнага цэхаў. «Начынка» прывозiлася з Мiнска, з галаўнога прадпрыемства. Мiнскi маторны завод на сваёй пляцоўцы тады пачаў асвойваць выраб шасцiцылiндравых дызеляў, для чаго былi патрэбны дадатковыя плошчы. Таму аўтаматную i прэсавую вытворчасць вырашылi перанесцi ў Стаўбцоўскi фiлiял. КАЛЕКТЫЎ ПРАФЕСIЯНАЛАЎ Першым дырэктарам прадпрыемства амаль дзесяць гадоў (з 1991 па 2000 гг.) быў Валерый Рыгоравiч Папко. На працягу 2000—2002 гадоў гэтую пасаду займаў Леанiд Iванавiч Мяцельскi. З 3 чэрвеня 2002 года фiлiял вытворчага рэспублiканскага унiтарнага прадпрыемства «Мiнскi маторны завод» у г. Стоўбцы ўзначальвае Анатоль Васiльевiч Молчан. На Мiнскiм маторным заводзе Анатоль Васiльевiч з 1982 года. Свой працоўны шлях пачынаў ад слесара механазборачных работ. Пасля быў начальнiкам змены, намеснiкам начальнiка цэха, начальнiкам вытворча-дыспетчарскага аддзела, начальнiкам цэха зборкi i выпрабавання матораў. Такiм чынам, Анатоль Васiльевiч дэталёва ведае ўсе адметнасцi вытворчага працэсу i можа арганiзаваць яго як належыць. Мабыць менавiта таму апошнiм часам пачалося сапраўднае адраджэнне Стаўбцоўскага фiлiяла. Што надзвычай важна i для горада, i для раёна. — На прадпрыемстве зараз працуюць каля 1,6 тысячы чалавек. А колькасць жыхароў раённага цэнтра складае дзесьцi 16 тыс. Наша прадпрыемства — самае вялiкае, градаўтваральнае, — адзначае Анатоль Молчан. — Увогуле ж спачатку меркавалася, што аб’ёмы вытворчасцi тут будуць большыя — планавалi, што на фiлiяле будуць працаваць каля 5 тысяч чалавек. У адпаведнасцi з такiм праектам i будоўля разгортвалася. Праўда, на жаль, тыя планы не ўдалося ў поўнай меры ўвасобiць у жыццё — развал Саюза, перабудова, складаныя постсавецкiя часы. Адным словам, здарылася тое, што здарылася — усе напрацаваныя дзесяцiгоддзямi працоўныя сувязi былi парушаны, прыйшлося амаль з «нуля» ўсё пачынаць, аднаўляць, напрацоўваць па-новаму патрэбныя кантакты. На першым этапе на фiлiяле ўзнiкалi даволi сур’ёзныя праблемы з належным забеспячэннем неабходнымi кадрамi. Справа ў тым, што сюды на той час пераехалi 90 спецыялiстаў з Мiнскага маторнага завода. Асноўны састаў трэба было фармiраваць, што называецца, на месцы. Вы ўяўляеце, колькi намаганняў неабходна было прыкласцi для таго, каб узняць квалiфiкацыю, павысiць прафесiйны ўзровень работнiкаў. Зараз на фiлiяле ў поўнай меры сфармiраваўся рабочы клас, ёсць калектыў аднадумцаў, якi здольны вырашаць самыя адказныя задачы. Цяпер фiлiялам Мiнскага маторнага завода ў Стоўбцах выпускаецца даволi шырокая наменклатура дэталяў (каля 1,5 тысячы найменняў) для вытворчасцi рухавiкоў. У грашовым выражэннi яны займаюць больш чым 10 працэнтаў у агульным аб’ёме вытворчасцi ММЗ. У адпаведнасцi з уставам фiлiяла Мiнскага маторнага завода асноўнымi вiдамi дзейнасцi з’яўляюцца: вытворчасць гатовых металiчных вырабаў або паўфабрыкатаў шляхам кавання, прэсавання, штампоўкi i пракаткi; апрацоўка i пакрыццё металаў; вытворчасць метала- i дрэваапрацоўчага iнструменту; рамонт рухавiкоў i турбiн; вытворчасць помпаў, кампрэсараў i кампрэсарных станцый i iх рамонт; вытворчасць вузлоў i дэталяў для рухавiкоў; вытворчасць тэхналагiчнага аснашчэння; рамонт станкоў. Прадпрыемства працуе стабiльна, — кажа Анатоль Молчан. — Засталiся ў мiнулым часы, калi была кадравая цякучка. Тады падчас разлiкаў прымянялiся бартэрныя схемы, таму ўзнiкалi цяжкасцi са своечасовай выплатай заработнай платы. I людзi звальнялiся, прычым прадпрыемства пакiдалi лепшыя спецыялiсты. Атрымаўшы тут патрэбную квалiфiкацыю, яны iшлi працаваць да прыватнiка, на фiрму, паколькi не бачылi за фiлiялам будучынi. Раней штомесяц збiралася каля 4,5 тысячы рухавiкоў i некамплектнасць па вiне фiлiяла дасягала 50 працэнтаў. Мы проста не паспявалi спраўляцца. Цяпер такога няма, сiтуацыя змянiлася кардынальна. Заробкi выплачваюцца своечасова, адпускныя таксама. Дарэчы, аплата працы на фiлiяле адна з самых высокiх у раёне: напрыклад, сярэдняя зарплата за сакавiк склала 630 тысяч рублёў. — Анатоль Васiльевiч, а за кошт чаго, на ваш погляд, удалося дабiцца ўсiх гэтых пазiтыўных перамен? — Перш за ўсё за кошт працоўнай дысцыплiны, росту прадукцыйнасцi працы. Зрабiлi самую сучасную сiстэму ўлiку рабочага часу. Гэта прынесла свой вынiк. Належным чынам працуюць усе спецыялiсты, кожны на сваiм месцы. Вынiк стварае не адзiн чалавек — поспеху дабiваецца агульнымi намаганнямi калектыў. Я нездарма раней казаў пра аднадумцаў i рабочы клас, паверце, згуртаваны, прафесiйны калектыў — гэта вялiкая справа. Летась Мiнскi маторны завод выпусцiў 100 тысяч рухавiкоў, а сёлета, як плануецца, тут павiнны зрабiць 102 тысячы. Адпаведна, павялiчваецца аб’ём вытворчасцi дэталяў, пашыраецца наменклатура. Фiлiялу неабходна трымаць тэмп, якi зададзены галаўным прадпрыемствам. Мы не павiнны ў нечым падвесцi. Вельмi вялiкая ўвага надаецца забеспячэнню належнай якасцi прадукцыi, паколькi ўсе цудоўна разумеюць, што без забеспячэння еўрапейскiх параметраў на замежны рынак не выйдзеш. Зараз нядрэнна складваюцца адносiны з Расiяй. У нашых суседзяў няма маторнай вытворчасцi, таму ММЗ знайшоў сваю нiшу на расiйскiм рынку. СТРАТЭГIЯ ПОСПЕХУ Самы вялiкi на прадпрыемстве — аўтаматна-тэрмiчны цэх. Тут працуюць больш чым 400 чалавек. Асноўнымi вiдамi работ, што выконваюцца ў АТЦ, з’яўляюцца вытворчасць аўтаматных дэталяў да рухавiкоў Д240-Д260 серый, высокадакладных балтоў метадам гарачай высадкi, а таксама тэрмiчная апрацоўка дэталяў, паянне вырабаў меддзю. Яшчэ тут робяць дэталi i вузлы да кампрэсарных станцый, выпускаюць i тавары народнага спажывання. Спектр вельмi шырокi — як паведамiў начальнiк аўтаматна-тэрмiчнага цэха Генадзь Юковiч, зараз у АТЦ вырабляюць каля 400 найменняў дэталяў. Прэсава-гальванiчны цэх таксама адносiцца да лiку асноўных вытворчых падраздзяленняў на фiлiяле. Як адзначыў начальнiк ПГЦ Уладзiмiр Радомскi, тут займаюцца вытворчасцю штамповачных дэталяў, зварных вырабаў i вузлоў, палiўных трубак высокага цiску да рухавiкоў Д240-Д260 серый. Таксама наносяць ахоўныя пакрыццi метадамi хiмiчнага аксiдзiравання, цынкавання i фасфатавання. У ПГЦ вырабляюць дэталi i вузлы да кампрэсарных станцый. Начальнiкi аўтаматна-тэрмiчнага i прэсава-гальванiчнага цэхаў працуюць даўно: Генадзь Iванавiч на ММЗ з 1972 года, а Уладзiмiр Аляксеевiч — з 1973-га. Справу сваю яны ведаюць дасканала, да дробязяў. Адпаведна iх падраздзяленнi працуюць рытмiчна i выконваюць усе пастаўленыя задачы. У склад фiлiяла таксама ўваходзяць рамонтна-механiчны, транспартны i энергацэх. А яшчэ тут працуе участак рамонтна-будаўнiчых работ i дрэваапрацоўкi. Мiнскi маторны завод перад сваiм фiлiялам ставiць задачу: неабходна павялiчваць аб’ём выпуску ўласнай прадукцыi. З ёй у Стоўбцах паспяхова спраўляюцца. Па-першае, робяць запасныя часткi, якiя карыстаюцца ўстойлiвым попытам, — раён аграрны, трэба працаваць i на гэты рынак, што даволi перспектыўна. Таксама на фiлiяле рамантуюць рухавiкi трактароў. З 1992 года працуе ўчастак кампрэсарных станцый i зварачных агрэгатаў. На яго — асаблiвая стаўка. Стаўбцоўскi фiлiял Мiнскага маторнага завода — адзiны ў Беларусi вытворца вiнтавых кампрэсарных станцый. Ужо каля пяцi гадоў прадпрыемства цесна супрацоўнiчае з вядомым расiйскiм заводам «Арсенал» з Санкт-Пецярбурга. — Мы пастаянна развiвалi тэматыку кампрэсарнай вытворчасцi, павялiчвалi адпаведныя аб’ёмы выпуску, — заўважае Анатоль Молчан. — У гэтым годзе плануем выпусцiць 300 кампрэсарных станцый. Канешне, заданне нялёгкае, але мы яго павiнны выканаць. Для гэтага створаны ўсе перадумовы. Тым больш, што вызначаны напрамак дзейнасцi — адзiн з найбольш перспектыўных. За кошт павелiчэння аб’ёмаў выпуску i рэалiзацыi кампрэсарных станцый можна адчувальна палепшыць фiнансавы стан прадпрыемства. Трэба зарабляць грошы i паступова праводзiць мадэрнiзацыю вытворчых магутнасцяў. Такая неабходнасць ужо наспела. Па кампрэсарных станцыях актыўна адпрацоўваем беларускi рынак — напрыклад, заключаны дагаворы на iх пастаўку на такiя вядомыя прадпрыемствы, як «Беларуськалiй» i «Гродна-Азот». Лiтаральна днямi кампрэсарная станцыя пачне выпускацца ў новым, самым сучасным дызайне. Яе ўдасканальванне будзе працягвацца i надалей. Як паведамiў начальнiк участка зборкi кампрэсарных станцый Iгар Мiцкевiч, попыт на прадукцыю ўстойлiва высокi. Вось толькi 300 станцый для беларускага рынку — даволi вялiкi аб’ём. Таму спецыялiсты фiлiяла напружана працуюць над тым, каб актыўна выходзiць з адпаведнымi прапановамi на расiйскi рынак. За iм — перспектыва. Увогуле аддзел збыту фiлiяла працуе на вынiк, што прыносiць свой плён: пра прадпрыемства добра ведаюць на айчынным рынку. I не толькi. Фiлiял мае свой сайт у Iнтэрнэце. Карацей кажучы, выкарыстоўваюцца ўсе магчымасцi для прапановы сваёй прадукцыi на рынку. Асноўным партнёрам, канешне, быў i застаецца Мiнскi маторны завод (менавiта сюды адгружаецца больш чым 80 працэнтаў агульнага аб’ёму прадукцыi), аднак нельга засяроджвацца толькi на гэтым, нельга стаяць на месцы. Прадпрыемства павiнна развiвацца, рухацца наперад, бачыць перспектыву, будучыню. Для гэтага тут шмат робiцца. Вельмi адметна тое, якiм чынам на фiлiале фармiруецца сацыяльная палiтыка. Калектыў на прадпрыемстве даволi малады — паводле слоў старшынi прафкама Iвана Лiцкевiча, сярэднi ўзрост работнiкаў складае 36,7 года. «Красамоўная лiчба, — кажа Iван Мiкалаевiч. — Адпавядае нармальнай тэмпературы здаровага арганiзма. Мы заўсёды iмкнёмся да таго, каб наш калектыў уяўляў сабой здаровы арганiзм. Калi гэта ёсць, то ўсё атрымаецца. На прадпрыемстве забяспечваюцца неабходныя сацыяльныя гарантыi». I сапраўды, неаднойчы ад работнiкаў фiлiяла прыходзiлася чуць: нам прыемна тут працаваць. Прадпрыемства мае ўласны комплекс iнтэрнатаў на 790 месцаў. Таксама ёсць i здраўпункт, дзе ў тым лiку працуе ўрач-тэрапеўт. Гэта вельмi зручна. — На прадпрыемстве створана група грамадскага харчавання i гандлю, — кажа памочнiк дырэктара па выхаваўчай рабоце i сацыяльнаму развiццю Вiталь Анатольевiч Шалькевiч. — ствараем належныя ўмовы для людзей. Забяспечваем работнiкаў гарачым харчаваннем. Працуе ўласная крама. Пра яе запатрабаванасць яскрава сведчаць лiчбы: калi тавараабарот за студзень склаў 46 мiльёнаў рублёў, то за люты — ужо 49,8, а за сакавiк — 53,4 мiльёна. Зараз на ўзгадненнi знаходзiцца праект будаўнiцтва двух дамоў на 80 кватэр для работнiкаў фiлiяла Мiнскага маторнага завода ў г. Стоўбцы. — Вялiкую дапамогу ў гэтым нам аказаў старшыня Мiнскага аблвыканкама Мiкалай Фёдаравiч Дамашкевiч, — адзначае дырэктар прадпрыемства Анатоль Молчан. — У пачатку студзеня ў раёне праводзiлася выязное пасяджэнне Мiнаблвыканкама, яго ўдзельнiкi завiталi i да нас. Калi работнiкi задалi Мiкалаю Фёдаравiчу пытанне наконт жылля, то ён адразу адгукнуўся i знайшоў шляхi для вырашэння праблемы. Увогуле, вельмi важна, калi памiж вытворцамi i выканаўчымi ўладамi наладжана канструктыўнае супрацоўнiцтва. Дарэчы, так i адбываецца — падтрымлiваем цесныя сувязi i з раёнам, i з вобласцю. У нас агульныя задачы. Як бачым, справы пайшлi на лад — прадпрыемства працуе на перспектыву, тут сфармiраваўся калектыў прафесiяналаў, якi здольны дасягнуць многага. Будучыня ў надзейных руках. Захар БУРАК, Алена ДАЎЖАНОК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фiлiял вытворчага рэспублiканскага унiтарнага прадпрыемства «Мiнскi маторны завод» у г. Стоўбцы апраўдана робiць стаўку на перспектыўнае развiццё |
|