«... ЖЫЦЬ БУДЗЕШ, БЕЛАРУСЬ МАЯ!»
Да 85-годдзя вядомага беларускага гiсторыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэмii рэспублiкi Мiколы Ермаловiча
Апошняе дзесяцiгоддзе ХХ стагоддзя беларускае грамадства ў цэлым, айчынная навука — у прыватнасцi былi ўзрушаны адкрыццём ...сваёй старажытнай гiсторыi. I не «нейкiмi» там раскопкамi цi невядомымi раней архiўнымi знаходкамi, а намнога, так бы мовiць, празаiчней: «звычайным» пераасэнсаваннем, як кажуць у такiх выпадках самi навукоўцы, — новым прачытаннем многiх, вельмi многiх, ранейшых летапiсных старонак нашай Бацькаўшчыны. I зрабiў гэта не профiльны iнстытут, i нават не творчы калектыў навукоўцаў-даследчыкаў, а ўсяго толькi адзiн (!) чалавек, нават не надзелены вучонай ступенню цi званнем. Iм i быў беларускi нацыянальны самародак, гiсторык-аматар Мiкалай Iванавiч Ермаловiч. ... Яму не было яшчэ i 16 гадоў, калi бясследна знiк бацька. Праўда, аб тым, хто забраў i загубiў Iвана Ермаловiча, у вёсцы Малыя Навасёлкi, што на Койданаўшчыне, ведалi ледзь не ўсе. Бядняк-селянiн Iван жыў на савецкай зямлi, а яго родны брат — праз мяжу, паводле тагачаснага тэрытарыяльнага падзелу — ужо на польскай тэрыторыi. Вядомая справа: i бачылiся Ермаловiчы, i аб «нечым» гаварылi... Вось i «вырашылi» тыя, хто за ўсiм гэтым сачыў, даведацца-пацiкавiцца: а цi не шпiёнiць Iван на карысць Польшчы?! Застаўся Мiкола не толькi сiратой, але i сынам «ворага народа»: лiчы, з чорным, цi як казалi ў народзе, «воўчым бiлетам»... А тут яшчэ i сам «папаўся»: у тым жа, 1937-м... Восенню, iдучы са школы, вырашыў пазнаёмiцца з «гiстарычным» дакументам — «Пiсьмом беларускага народа вялiкаму Сталiну», якое трэба было вывучыць на памяць. Пачаў чытаць, не заўважыў пад нагамi купiну, спатыкнуўся i ўпаў разам з тым лiстом у лужыну. А пiсьмо ж трэба было вярнуць настаўнiку! Было ж яно i скамечанае, i бруднае... Вердыкт быў вынесены проста кашчунны: сын «ворага народа» таксама не супраць нашкодзiць краiне i ўладзе... У савецкай школе такому проста не месца! Хоць ведалi i настаўнiкi, i тыя, хто прымаў рашэнне аб выключэннi Мiколы са школы, што атрымалася ўсё тое ненарокам, выпадкова. Ведалi, што ўжо адразу пасля народзiнаў, калi мама ўзяла яго з сабой у поле жаць збажыну, сонца бязлiтасна прыпякло вочкi немаўляцi, у вынiку чаго той i страцiў (практычна поўнасцю!) зрок. —27: ён не тое што не бачыў амаль што нiчога пад нагамi, але i прадметы ледзьве адрознiваў адзiн ад другога... Экзамены за сярэднюю школу ён здаў экстэрнам, паступiў на падрыхтоўчае аддзяленне, а потым i на лiтаратурна-лiнгвiстычны факультэт Мiнскага педагагiчнага iнстытута, якi скончыў пасля вайны, у 1947-м. З таго часу — больш за паўстагоддзя! — i правёў Мiкалай Iванавiч за кнiгамi, рукапiсамi, архiўнымi дакументамi i матэрыяламi. Колькi «гiстарычнага» пылу ўдыхнуў ён падчас падрабязнага азнаямлення з архiвамi, да якiх дзесяцiгоддзямi не дакраналiся рукi даследчыкаў, было вядома толькi яму самому. Але Ермаловiч не звяртаў на гэта ўвагу. Ён бачыў перад сабой адну мэту: паiмкнуцца высветлiць, устанавiць праўдзiвасць таго цi iншага факта, той цi iншай падзеi. А ў вынiку нам, беларусам, i была прапанавана сапраўдная панарама гiстарычнай рэчаiснасцi далёкай беларускай мiнуўшчыны! ... У 40-я—50-я гады Мiкола Ермаловiч жыў у Маладзечне. Спачатку працаваў у тамтэйшым настаўнiцкiм iнстытуце, потым — у Маладзечанскiм абласным iнстытуце ўдасканалення настаўнiкаў. У 1957-м урачы аформiлi яму пенсiю... Але i падчас работы, i потым, пайшоўшы з яе, ён кожны тыдзень выбiраўся ў Мiнск, каб у Ленiнскай бiблiятэцы папрацаваць з дакументамi, летапiсамi, кнiгамi i брашурамi ХVII—ХХ стагоддзяў, з камплектамi газет i часопiсаў. А пасля таго, як з Маладзечна пайшлi ў сталiцу электрычкi, Мiкалай Iванавiч з’яўляўся ў бiблiятэцы практычна кожны дзень! Штрых за штрыхом, факт за фактам, эпiзод за эпiзодам — i пачалi з’яўляцца на свет яго артыкулы, брашуры, а потым — i вялiкiя манаграфiчныя даследаваннi, прысвечаныя на той час самаму заблытанаму, неадназначнаму i супярэчлiваму перыяду ў айчыннай гiстарыяграфii — старажытнай i сярэднявечнай Беларусi. Першым у айчыннай гiсторыi Мiкола Ермаловiч доказна i аргументавана правёў размежаванне паняццяў «Старажытная (летапiсная) Лiтва» i «Лiтва цяперашняя, геаграфiчная». З фактамi i гiстарычнымi данымi ён паказаў, што Старажытная Лiтва месцiлася ў Верхнiм Панямоннi на тэрыторыi Беларусi — ад Мiнска да Навагрудка з усходу на захад i ад Маладзечна да Слонiма з поўначы на поўдзень. Межы ж сучаснай нам Лiтвы вядомы кожнаму... Увёў Ермаловiч i новую перыядызацыю гiсторыi старажытнай Беларусi, падзялiўшы яе на Полацкi (IХ — сярэдзiна ХIII стагоддзя), Новагародскi (сярэдзiна ХIII — пачатак ХIV стагоддзя) i Вiленскi (1316—1385 гады) перыяды. Яго кнiгi «Па слядах аднаго мiфа», «Старажытная Беларусь: Полацкi i Новагародскi перыяды», «Беларуская дзяржава Вялiкае княства Лiтоўскае» сёння з’яўляюцца — без перабольшання! — залатым фондам беларускай гiстарычнай навукi. У iх — рэальная панарама нашай мiнуўшчыны: такой, якой яна насамрэч была, а не такой, якой «бачылася» i «ўяўлялася» не адным пакаленнем айчынных (i не толькi айчынных!) гiсторыкаў i даследчыкаў. Сумленны i шчыры даследчык Мiкалай Iванавiч Ермаловiч, паставiўшы за галоўны арыенцiр служэнне беларускасцi, нашай нацыянальнай iдэi, вытрымаў выпрабаваннi, наладжаныя яму i ўладай, i часам, i партыйнай гiстарычнай навукай, якiя не адно дзесяцiгоддзе не тое што не «прымалi» яго канцэптуальных распрацовак i палажэнняў, але i наадварот — шкодзiлi, перашкаджалi, знеслаўлялi i яго самога, i сапраўдныя навуковыя адкрыццi i даследаваннi навукоўца. I толькi самы праведны лекар — Яго Вялiкасць Час! — расставiў усё па месцах. Даследчыцкая дзейнасць нашага слыннага сучаснiка Мiкалая Iванавiча Ермаловiча ў 1992 годзе была адзначана Дзяржаўнай прэмiяй Беларусi, а яго кнiгi сёння з’яўляюцца самымi першымi i галоўнымi падручнiкамi, надзейнымi арыенцiрамi для калег i паслядоўнiкаў гiсторыка. На жаль, жыццё Мiколы Ермаловiча закончылася трагiчна: 4 сакавiка 2000 года ў Мiнску ён трапiў пад колы аўтамашыны... Пасля смерцi Мiкалая Iванавiча ў яго архiвах выяўлены вершы, якiя ён пiсаў вельмi i вельмi рэдка. У адным з iх ёсць вось такiя радкi: Незайздросную хоць долю маю, Ды на лёс не наракаю я, Бо найбольшае ў тым шчасце маю, Што жыць будзеш, Беларусь мая! Ён пiсаў гэта, як i заўсёды, шчыра. Бо меў права пiсаць так i толькi так! Анатоль МЯСНIКОЎ, кандыдат гiстарычных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да 85-годдзя вядомага беларускага гiсторыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэмii рэспублiкi Мiколы Ермаловiча
|
|