Наша лаза супраць iхняга ратангу
Ларыса ЦIМОШЫК
Выстава Яны кажуць: мэбля з ратангу — дорага, таму што модна i прыгожа. А я кажу: навошта той экзатычны ратанг, калi ў нас ёсць свая беларуская лаза? А яна можа быць i крэслам, i столiкам, i этажэркаю, i нават дзiцячай калыскай. Не верыце? Схадзiце на выставу «Лаза ў iнтэр’еры», якая адкрылася ў Палацы мастацтваў.Народныя майстры збiраюцца на гэтую выставу другi раз i ў арганiзатараў ёсць планы праводзiць яе штогод напярэдаднi дачнага сезона. Менавiта тады ўсе iмкнуцца стварыць сабе асаблiвую абстаноўку для адпачынку на дачы, у загарадным доме цi ў звычайнай хаце. А мэбля i розныя iнтэр’ерныя вырабы з лазы адразу ствараюць патрэбны настрой. Каля трыццацi народных майстроў з усёй Беларусi сабралiся на гэтай выставе, каб паказаць не толькi свае работы. У днi выставы па серадах яны яшчэ паказваюць i самую працу на майстар-класах, ствараючы прама на вачах розныя вырабы з лазы: тыя, якiя можа паставiць у хаце i наталяцца хараством i сучаснасцю iнтэр’ера, i тыя, якiя проста прыгожыя самi па сабе, якiмi варта захапляцца як дзiўнымi мастацкiмi творамi. Можна нават не толькi паглядзець, як майстры лозапляцення ўсё гэта робяць, можа нават заказаць i набыць такi мастацкi твор сабе ў хату. Усе гэтыя вырабы унiкальныя — ручная работа. Калi нават яна i паўтараецца, то не можа быць стопрацэнтнай копiяй папярэдняга экзэмпляра. Але тым, хто прыйшоў на выставу, тлумачыць гэта не трэба. Дзве жанчыны прыйшлi паглядзець на прыгожыя вырабы ў тэхнiцы пэтчвок — ласкутныя дываны, коўдры i падушкi чамусьцi навеялi ўспамiны стракатага i бесклапотнага дзяцiнства. Але вось ужо яны прыкiдваюць, як гэтыя падушкi глядзяцца на плеценай з лазы канапцы. А калi набыць усё адразу, камплектам? Чаму i не? Коўдра з падушкамi недарагiя, наконт канапкi трэба падумаць — амаль 455 тысяч. Але ж гэта адзiн раз — i свята на ўсё жыццё. Цяжарная жанчына прыйшла з канкрэтнай мэтай — зрабiць свята для матулi. Вырашылi падарыць ёй плеценае крэсла-качалку. Варыянтаў некалькi. Калi ласка — 450, 470 тысяч. Жанчыне параiлi выпрабаваць некалькi мадэляў на сабе, пасядзець, прымерыцца, якое крэсла акажацца больш зручным. Яна падыходзiла да ўсiх па чарзе. Пакуль яе позiрк не ўпаў на кут з дзiцячымi калыскамi. Тут яна спынiлася надоўга. Дзiцячая калыска майстра Уладзiмiра Пудава — больш традыцыйная, а Пятра Ржалоўскага — светлая, амаль казачная. Кошты — у сярэднiм 450 тысяч. «Першае дзiця чакаем, — прызналася жанчына. — У такой прыгажосцi, можа, яму будуць снiцца радасныя сны. Колькi каштуе дзiцячая радасць?..» Прыгожае — ужо само па сабе радасць. Незалежна ад таго, цi будзе яно стаяць у цябе ў хаце, цi ты проста паглядзiш на яго на выставе. Прыгожа i вытанчана глядзiцца, напрыклад, набор з лазовага столiка i дзвух крэслiцаў (па 213 тысяч). Можна да iх у думках дадаць настольную лямпу (амаль 93 тысячы). Плюс этажэрку пад кнiгi (123 тысячы), ды тумбу пад тэлевiзар (281 тысяча). Цалкам завершаны iнтэр’ер атрымлiваецца. — Лаза, бяроста, дрэва, метал, глiна на першы погляд вельмi розныя матэрыялы, але ёсць адна ўласцiвасць, якая iх аб’ядноўвае — гэта экалагiчна чыстая сыравiна, — лiчыць Таццяна Гусева, галоўны спецыялiст па выставачнай дзейнасцi Палаца мастацтваў. — Пры вялiкай разнастайнасцi новых матэрыялаў сучасны спажывец усё часцей вяртаецца да тых, якiя найбольш поўна спалучаюць у сабе бясшкоднасць для здароўя, эстэтычную вытанчанасць i практычнасць. Гэта разумеюць ва ўсiм свеце, i ў Беларусi таксама. Да таго ж дадаюцца непаўторнасць i даўгавечнасць, уласцiвыя вырабам з гэтых матэрыялаў. Падораныя прыродай матэрыялы ўсё больш выкарыстоўваюцца ў будаўнiцтве i далейшым афармленнi iнтэр’ера. Яны прыгожыя натуральнай прыгажосцю, а вырабы з iх могуць увасобiць дызайнерскiя рашэннi на любы густ. Чым яшчэ ўпрыгожыць свой дом — доўга думаць не трэба. Вазачкi з кветкамi, падстаўкi, кошыкi можна набыць танна. Але ёсць i вельмi дарагiя працы. Прыгожыя пано, выразаныя з дрэва майстрам Леанiдам Жданавым, гартавалiся гадамi. Напрыклад, пано «Час» ён выразаў два гады, на «Лес» пайшло пяць. Колькi могуць каштаваць такiя унiкальныя творы? Майстар Жданаў кажа, што вельмi цэнiць сваю працу. Гэта дзесяткi тысяч долараў. Вырабы з бяросты ўвогуле можна лiчыць музейнымi экзэмплярамi, на якiя толькi глядзець... Справа не толькi ў тым, што мы можам паглядзець на выставе, набыць i потым карыстацца па-сутнасцi мастацкiмi рэчамi ў сваiх чыста утылiтарных мэтах. Майстэрства лозапляцення захавалася, дайшло да нас, перада-лося ад продкаў. Гэта частка нашай радзiмы, якая стагоддзямi ўтварала вобраз беларускага жылля з адмысловым, з уласцiвым яму iнтэр’ерам. Гэта частка гiсторыi — маёй, маiх бацькоў i iх бацькоў, якiя, можа, самi некалi гадавалiся ў такiх лазовых калысках...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яны кажуць: мэбля з ратангу — дорага, таму што модна i прыгожа. А я кажу: навошта той экзатычны ратанг, калi ў нас ёсць свая беларуская лаза?
|
|