«Песняры» сыходзяць... Песнi застаюцца
Вiкторыя ЗАХАРАВА
Горкая вестка прыйшла з Масквы: 8 мая спынiлася сэрца заслужанага артыста Беларусi, музыканта, аднаго з заснавальнiкаў легендарнага ВIА «Песняры» Аляксандра Дзямешкi.
Былы барабаншчык ансамбля, якi аддаў калектыву 20 гадоў жыцця (1968—1988), трапiў у маскоўскую бальнiцу № 52 у лютым 2006 года — на штогадовы прафiлактычны агляд з-за праблем з ныркамi. На пачатку красавiка Дзямешку ўжо рыхтавалi да выпiскi, аднак знянацку адбылося абвастрэнне, якое прывяло да ацёку мозгу. Сваё 59-годдзе музыкант сустрэў таксама ў бальнiцы. Прыхiльнiкi пачалi збiраць грошы i здаваць кроў для любiмага артыста, урачы адзначылi станоўчую дынамiку хваробы, аднак... Нi намаганнi жонкi Тамары Буевай, нi дапамога сяброў, у тым лiку ўплывовых у Расii людзей, не выратавалi аднаго з «Песняроў». Грамадзянская панiхiда пройдзе ў Маскве сёння, 11 мая. Свае спачуваннi выказалi ўсе былыя ўдзельнiкi ансамбля, нягледзячы на iх цяперашнюю прыналежнасць — ад «Песняроў» пад кiраўнiцтвам Леанiда Барткевiча да амерыканскага эмiгранта Анатоля Кашапарава. ДАВЕДКА. Аляксандр Сяргеевiч Дзямешка нарадзiўся 24 красавiка 1947 года ў Брэсце. Падчас службы ў аркестры пры штабе Беларускай ваеннай акругi пазнаёмiўся з Уладзiмiрам Мулявiным i Уладзiславам Мiсевiчам. Разам з iмi i стварыў ансамбль «Песняры» (першапачаткова — «Лявоны»). На IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады калектыў заняў другое месца, падзялiўшы яго са Львом Лешчанкам; першае прысуджана не было. Пачаўся зорны шлях ансамбля i яго ўдзельнiкаў. У 1979 годзе Аляксандру Дзямешку было прысвоена званне заслужанага артыста БССР. У 1991 годзе, пасля развалу ансамбля-легенды, музыкант не стаў удзельнiчаць у канфлiкце вакол iмя «Песняроў» i заснаваў кааператыў «Песня», якi наладжваў гастролi замежных зорак па Расii. У сярэдзiне 90-х гадоў са згоды Уладзiмiра Мулявiна Аляксандр Дзямешка дапамагаў у падрыхтоўцы аўдыёвыдання «Анталогiя Песняроў».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Горкая вестка прыйшла з Масквы: 8 мая спынiлася сэрца заслужанага артыста Беларусi, музыканта, аднаго з заснавальнiкаў легендарнага ВIА «Песняры» Аляк
|
|