Пралятаючы над Афiнамi...
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Учора сябры, прыхiльнiкi i журналiсты сабралiся ў нацыянальным аэрапорце «Мiнск-2», каб праводзiць спявачку Палiну Смолаву i яе каманду на чарговы мiжнародны конкурс песнi «Еўрабачанне». Лiтаральна гэтымi днямi ў Афiны прыбудуць прадстаўнiкi ўсiх краiн-удзельнiц, каб укласцiся ў шчыльны графiк рэпетыцый.
У камандзе беларускай спявачкi — яе бацька, Пётр Пятровiч Смолаў, канцэртны дырэктар Вiталь Прастата, пiар-менеджар i прэс-сакратар, а таксама балет Сяргея Япiхава, якi выступiць з Палiнай на сцэне, бэк-вакалiстка Вольга Змуршчык, аўтар песнi «Mum» Сяргей Сухамлiн, стылiст Лалiта Угуран-Тумiловiч. Арганiзацыйныя моманты па традыцыi вырашае дэлегацыя Белтэлерадыёкампанii, дзякуючы якой, уласна кажучы, Беларусь i мае права ўдзелу ў «Еўрабачаннi». Застанецца на беларускай зямлi падтрымлiваць Палiну i перажываць за яе родная сястра спявачкi Кацярына. — На жаль, я не змагу пакiнуць Мiнск, у мяне маленькая дачка. Але я патэлефаную ўсiм сябрам, якiя знаходзяцца за межамi Беларусi, i папрашу галасаваць за нас. Ну i сам конкурс па тэлевiзары пагляджу, натуральна! А Палiне пажадаю не нервавацца, захоўваць душэўны спакой i — з Богам! Акрамя нейкiх вусных пажаданняў, абавязкова схаджу ў царкву i закажу малебен аб падарожных, — падзялiлася Каця. Яна, дарэчы, вонкава вельмi падобная да Палiны, i хоць не спявае, але таксама мае дачыненне да музыкi — прафесiйна грае на цымбалах i займаецца разам з бацькам пастаўкамi музычнага абсталявання. Таму творчая каманда Палiны Смолавай «укамплектавана» самай лепшай i найноўшай апаратурай. У Афiнах да «Палiны i К», хутчэй за ўсё, далучыцца Анжэлiка Агурбаш, якая выступiць у рамках Еўратыдня 14 мая на прэзентацыйнай вечарынцы Беларусi, а таксама на вечарынках Расii i Вялiкабрытанii. Хто яшчэ прыедзе падтрымаць нашу спявачку на конкурсе, пакуль застаецца сакрэтам. На пытанне, каго яны бачаць асноўным канкурэнтам, члены каманды Палiны Смолавай дыпламатычна адказвалi, што «Еўрабачанне» — конкурс непрадказальны, i адгадаць загадзя сiмпатыi гледачоў амаль немагчыма. «Я, напрыклад, калi пачуў гэту песню ўпершыню, сказаў, што менавiта яна павiнна гучаць на «Еўрабачаннi». Бо музыка адначасова i сучасная, i з добрымi каранямi — на падобным року вырасла маё пакаленне, — адзначыў бацька спявачкi Пётр Пятровiч Смолаў. — 70 працэнтаў песень на конкурсе, я думаю, будзе вытрымана ў духу леташняй пераможцы — грэчаскай кампазiцыi. А наша песня арыгiнальная. Будзем спадзявацца, што прадставiм яе найлепшым чынам. Якi наказ на дарогу? Бацькоўскi пацалунак — лепшы наказ...». Сама спявачка затрымалася па дарозе ў аэрапорт ледзьве не да пачатку рэгiстрацыi. Паводле афiцыйнага тлумачэння, мадэльер Iван Айплатаў накладваў апошнiя шыўкi на кiшэню для перадатчыка радыёмiкрафона. (Хм, улiчваючы «мiнiмалiзм» конкурснага ўбору, дзе на iм знайшлося месца для кiшэнi?). Урэшце, Палiна прыехала, наладзiла экспрэс-раздачу аўтографаў для ўдзельнiкаў свайго фан-клуба «Смайл» i адказала на апошнiя перад адлётам пытаннi журналiстаў. — Насамрэч для мяне многа значыць ваша падтрымка, — расчулена прызналася спявачка, — гэта вельмi прыемна. Я нават спецыяльна зрабiла SMS-роўмiнг, каб мне маглi дасылаць нейкiя пажаданнi. Што да выступлення, мы пастараемся зрабiць яго як мага лепшым. Я не дзялю iншых канкурсантаў на канкурэнтаў i неканкурэнтаў, толькi на прафесiяналаў i непрафесiяналаў. Свой нумар абяцаю выканаць прафесiйна — толькi вы ўжо не крытыкуйце нас занадта, добра? Што ж, да 18 мая мы можам адпачываць, а Палiна — напружана рэпецiраваць у Афiнах. У паўфiнале беларуская спявачка выступiць пад нумарам 5 i... Паглядзiм, цi атрымаецца ў пераможцы леташняга «Славянскага базару» такое ж упэўненае ўзыходжанне на вяршыню «Еўрабачання».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора сябры, прыхiльнiкi i журналiсты сабралiся ў нацыянальным аэрапорце «Мiнск-2», каб праводзiць спявачку Палiну Смолаву i яе каманду на чарговы мiж
|
|