«Сярэднi памер». З выключэннямi
Гутарыў Сяргей ГРЫБ
Заробкi Паводле даных статыстыкi, на канец мiнулага года сярэдняя зарплата па Беларусi выйшла на сярэднi паказчык 260 долараў ЗША. Разам з тым варта заўважыць, што гэта лiчба сталася менавiта сярэдняй. I цi не найбольш вострым у дадзеным выпадку аказалася пытанне ўзроўню аплаты працы ў асобных галiнах i на канкрэтных прадпрыемствах. Мiж тым, наколькi вялiкая рознiца ў заробках атрымлiваецца зараз, цi адпавядае рост зарплаты вынiкам гаспадарчай дзейнасцi арганiзацый вытворчай сферы, i што становiцца прычынай неаднолькавых выплат бюджэтнiкам? Аб усiм гэтым — наша гутарка з дырэктарам Навукова-даследчага iнстытута працы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Святланай ШАЎЧЭНКА.— Адрозненнi ў памерах заробкаў — з’ява, што назiраецца ў эканомiцы любой дзяржавы. Тым не менш, якой яна атрымлiваецца ў Беларусi? — Летась сярэднi па году ўзровень аплаты працы па выбарачна абследаваных нашым iнстытутам арганiзацыях вытворчай сферы склаў 496,8 тыс. рублёў. Пры гэтым на першым месцы тут апынулiся прадпрыемствы нафтаперапрацоўчай прамысловасцi (1 млн 208,6 тыс.), а на апошнiх — станкабудаўнiчай i iнструментальнай прамысловасцi (405 тыс.), аўтагаспадаркi (402,8 тыс.), лёгкай прамысловасцi (326,7 тыс.) i прыборабудавання (296,9 тыс. рублёў штомесяц). Такiм чынам, адрыў галiны-«лiдара» ад «аўтсайдара» склаў 4,1 раза, што амаль удвая перавышае «звычайны» паказчык эканамiчна развiтых краiн свету. Што ж да галоўнай прычыны, то яна вiдавочная — больш высокiя заробкi маюць галiны, якiя прадстаўлены ў асноўным прадпрыемствамi-манапалiстамi. I ў той жа час многiя галiны часцяком не дацягваюць да сярэдняй «планкi». Да прыкладу, па аўтамабiльнай гаспадарцы доля арганiзацый з зарплатай менш, чым у цэлым на вытворчай сферы, склала 76,9 працэнта, па станкабудаўнiчай i iнструментальнай прамысловасцi — 88,8, а па лёгкай прамысловасцi i прыборабудаванню — усе 100 працэнтаў. — Цi выпадае казаць аб скарачэннi адрыву «манапольных» галiн ад астатнiх? I што, на ваш погляд, можа паспрыяць гэтаму? — Для пачатку трэба заўважыць, што ў цэлым па прадпрыемствах, на якiх праходзiў наш манiторынг, летась адносна 2004 года намiнальная зарплата павялiчылася на 130 працэнтаў. Аднак у той жа час нельга не звярнуць увагу: па нафтаперапрацоўцы, дзе адзначаны найбольш значны паказчык заробкаў, адначасова назiраўся i самы высокi тэмп яе росту. З iншага боку, у аўтсайдарах i па сярэдняму ўзроўню аплаты, i па тэмпах яе павышэння аказалася прыборабудаванне. Адсюль напрошваецца выснова: скарачэнне часам неабгрунтавана вялiкай рознiцы ў зарплаце немагчыма без спецыяльных мераў па аздараўленню фiнансава-эканамiчнага становiшча арганiзацый, якiя «адстаюць» не толькi ад iншых галiн, але таксама — ад шэрагу прадпрыемстваў «унутры» сваёй галiны. — Аб якой, хоць бы прыкладнай, колькасцi «праблемных» арганiзацый можна весцi гаворку? — Перш-наперш гаворку неабходна весцi аб суб’ектах гаспадарання, дзе рост зарплаты аказаўся мiнiмальным. Так, як сведчыць наша даследаванне, у 2005 годзе тарыфную стаўку I разраду для сваiх работнiкаў не мелi магчымасцяў павышаць 13 працэнтаў арганiзацый — у асноўным, недзяржаўнай формы ўласнасцi лёгкай, харчовай, аўтамабiльнай прамысловасцi i аўтамабiльнай гаспадаркi. Пры гэтым цiкава, што 28 працэнтаў такiх арганiзацый працавалi з прыбыткам. Аднак, як правiла, з прыбыткам вельмi нiзкiм. Дарэчы, у цэлым за мiнулы год менш чым на 10 працэнтаў павялiчылi тарыфную стаўку I разраду 28 працэнтаў ад усiх арганiзацый, дзе праводзiлася даследаванне. У той жа час 37 працэнтаў арганiзацый павысiлi сваю тарыфную стаўку на 11—30 працэнтаў, 18 працэнтаў арганiзацый — на 31—50, а 17 працэнтаў арганiзацый — больш чым на 50 працэнтаў. — Цi не самае складанае пытанне — наколькi рост заробкаў у рэальным сектары эканомiкi адпавядаў вынiкам работы канкрэтных прадпрыемстваў? — Агульны рост зарплаты ў значнай ступенi тлумачыцца паляпшэннем фiнансавага стану арганiзацый. Прычым летась сярод суб’ектаў гаспадарання, дзе праводзiлася даследаванне, у параўнаннi з 2004 годам доля прыбытковых узрасла нязначна — з 66 да 68 працэнтаў. I разам з тым адбылося рэзкае скарачэнне стратных арганiзацый (з 33 да 7 працэнтаў), а таксама павелiчэнне долi арганiзацый (з 2 амаль да 25 працэнтаў) з нулявым балансавым прыбыткам, хоць, зыходзячы з вынiкаў асноўнай вытворча-гаспадарчай дзейнасцi, такiя арганiзацыi заставалiся па-ранейшаму стратнымi. Аднак казаць, што павышэнне ўзроўню аплаты працы цалкам адпавядае паказчыкам работы канкрэтных прадпрыемстваў, усё ж не выпадае. У прыватнасцi, мы вымушаны канстатаваць, што ў 60 працэнтаў арганiзацый тарыфная стаўка павялiчвалася хутчэй, чым аб’ёмы вытворчасцi. А фактычна на 76 працэнтах суб’ектаў гаспадарання тэмп росту заробкаў апярэдзiў тэмп росту вытворчасцi працы. — Мiж тым, не сакрэт, значная рознiца ў заробках датычыцца не толькi «вытворцаў», але таксама — бюджэтных арганiзацый. У чым яе прычыны? — Такiх прычын можна назваць прынамсi дзве. Па-першае — адукацыйны ўзровень работнiкаў. Згодна з вынiкамi манiторынгу НДI працы, летась найбольш высокая зарплата (у сярэднiм па году — 596,2 тыс. i 584,1 тыс. рублёў) склалася па навуцы i навуковым абслугоўваннi, а таксама па вышэйшых навучальных установах. Пры гэтым удзельная вага работнiкаў, якiя маюць вышэйшую адукацыю i навуковыя ступенi, тут была нашмат вышэй, чым па астатнiх бюджэтных галiнах. Другой жа, i не менш значнай прычынай адрозненняў, сталася пазабюджэтная дзейнасць. Напрыклад, летась «пазабюджэтка» дала фактычна 32,6 працэнта сярэдняй зарплаты па ВНУ i 15,5 працэнта — па навуцы i навуковым абслугоўваннi. У той час як па школах, лiцэях, каледжах, тэхнiкумах i дашкольных установах гэты паказчык аказаўся толькi 8,9, па культуры i мастацтву — 8,6, фiзкультуры i спорце — 3, а па ахове здароўя — 1,5 працэнта.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле даных статыстыкi, на канец мiнулага года сярэдняя зарплата па Беларусi выйшла на сярэднi паказчык 260 долараў ЗША. Разам з тым варта заўважыць |
|