21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Светлыя днi бабы Ларысы

25.08.2009 21:49 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Дом Ларысы Васiльеўны прама насупраць царквы, дзе 33 гады быў настаяцелем яе бацька — Васiль Сакалоўскi. I насупраць школы, дзе яна працавала лабаранткай. Таму, пакуль не пайшла на пенсiю, у царкву не хадзiла. Такiм было тое стагоддзе. Ларыса Васiльеўна на 11 гадоў маладзей за маю бабулю, якая навучыла мяне ў дзяцiнстве адной кароценькай малiтве. Бабуля мяне i хрысцiла, але не ў царкве, бо царквы ў вёсцы не было, а ў суседняй яна была зачыненая. Бабуля хрысцiла мяне ў хаце бабы Манi, уласна баба Маня мяне, гадоў пяцi, i хрысцiла ў куце пад вялiкiм прыгожым абразом, паставiўшы ў таз. I вучыла рабiць хросны знак. Не памятаю, каб я ў дзяцiнстве хрысцiлася, а вось малiтву тую аднойчы, калi згубiла ключы ад хаты i, не прызнаўшыся бацькам, паехала да бабулi, чытала ў цягнiку цэлы дзень, не спыняючыся. I дагэтуль, пры хваляваннях, асаблiва за каго-небудзь з блiзкiх, я ў думках чытаю гэтую малiтву.

Напэўна, гэтак жа мацi Ларысы Васiльеўны вучыла ўнукаў сваiх, употайкi ад мужа, iх дзеда — святара, малiцца. Бо ў той час святарам забаронена было вучыць малiтвам дзяцей, нават сваiх уласных.

— Як жа вы жылi? — пытаюся ў Ларысы Васiльеўны.

— Не жылi, а выжывалi, — лаканiчна адказвае гаспадыня дома, — асаблiва цяжка было ў школе. Брат мой прыходзiў пасля ўрокаў з надпiсамi на спiне «поп», i мы з мацi яго палiто штораз адчышчалi...

Драўляная Плiская Ражства-Багародзiцкая царква, настаяцелем якой з 1948 па 1981 год быў Васiль Сакалоўскi, — адна з нямногiх, якая не толькi захавалася з XVIII стагоддзя, але i не закрывалася з часоў апошняй вайны, перажыла «хрушчоўскiя замаразкi».

Айцец Васiль прыехаў сюды праз два гады пасля прысвячэння ў святара з-за дзяцей, бо ў Сёмкавым Гарадку — першым яго прыходзе — была толькi сямiгодка. Якраз у той час, як айцец Васiль завiтаў у епархiяльнае ўпраўленне прасiць прыход з сярэдняй школай, з Плiсы прыехалi прыхаджане прасiць сабе святара, i сярэдняя школа ў iх вёсцы была. У той жа вечар бацюшка ўжо быў у Плiсе. Потым перавёз сюды сям’ю.

Да вайны яны жылi ў Холхлаве Маладзечанскага раёна — пад Польшчай. Ларыса хадзiла ў польскую школу, дзе выкладалi Закон Божы. Чытаў для малодшых школьнiкаў курс i бацька, ён тады яшчэ быў рэгентам (кiраўнiком царкоўнага хору), потым дзякам. У пэўны дзень да дзяцей прыходзiў ксёндз (у праваслаўных тады быў свабодны ўрок), у iншы — праваслаўны святар (тады каталiцкая частка класа магла iсцi дадому).

— Але памiж сабой сябравалi, — кажа баба Ларыса. — Бывалi там агульныя вечарыны, на якiх збiралiся разам i ксёндз, i бацюшка, i настаўнiкi, уся iнтэлiгенцыя. I нiякага падзелу на «сваiх» i «чужых» не было.

З тым часам звязаны першыя ўспамiны Ларысы Васiльеўны пра Вялiкдзень.

— Гэта былi самыя добрыя i святыя днi, — узгадвае жанчына. — Бацькi былi вельмi занятыя набажэнствамi, а ў вольны час старалiся ўсё прыбраць у храме, у хаце i на двары. Пяклi пiрагi, кулiчы, рабiлi сырныя пасхi, фарбавалi яйкi, запякалi ў цесце кумпякi, смажылi маладых парсючкоў...

У Вялiкую Суботу ля царквы кулiчы i яйкi асвячалi. Тата Ларысы Васiльеўны яшчэ вельмi любiў, каб загадзя на талерцы была вырашчана пшанiчка, i тады самыя прыгожыя яйкi клалi на зялёную траўку. Васiль Васiльевiч жартаўлiва тлумачыў дзеткам: «Птушкi знеслi!». I малыя ўяўлялi сабе райскiх птушак — вогненна-залатых, блакiтных i пунсовых, як яйкi (бацька купляў харчовыя фарбавальнiкi, каб парадаваць i здзiвiць малых), якiя спяшаюцца павiншаваць людзей з Вялiкiм святам.

Мацi загадзя накрывала святочны стол, убiрала абрус дзеразой — першай лясной зелянiнай. З гэтай жа дзеразы плялi вянкi для Плашчанiцы — чатырохкутнай хусты з выявай знятага з крыжа цела Хрыста Збавiцеля. Яе выносяць напрыканцы вячэры Вялiкай Пятнiцы на сярэдзiну храма i пакiдаюць да пасхальнай паўночнiцы. З самых раннiх сваiх гадоў Ларыса Васiльеўна памятае хвiлiны чакання святара, якi прыходзiў акрапiць святой вадой ежу прама да iх у дом — кватэра, якую ў Холхлаве здымалi бацькi, была зусiм побач з храмам...

Задоўга да паўночы бацькi Ларысы Васiльеўны ў святочным адзеннi збiралiся ў храм. Бацька — у поўным аблачэннi дзяка. I нарэшце ўсё наваколле залiвае ўрачысты благавест, якi апавяшчае аб надыходзе вялiкай хвiлiны Святланоснага Свята Уваскрэсення Хрыстовага. Свяшчэннаслужыцелi з крыжом, свяцiльнiкамi i фiмiямам выходзяць з алтару i разам з народам, як калiсьцi мiраносiцы, якiя рана прыйшлi да труны, абыходзяць вакол царквы з малiтвай. У гэты час льецца, нiбы з неба, радасны пасхальны звон. Усе iдуць з запаленымi свечкамi. I сэрца гулка б’ецца ў прадчуваннi: «Вось зараз!» Спыняюцца перад закрытымi заходнiмi дварамi храма, як калiсьцi жанчыны-мiраносiцы ля дзвярэй труны Гасподняй. I тут святар, падобна Анёлу, якi апавясцiў мiраносiц пра ўваскрэсенне Хрыстовае, першы голасна прамаўляе радасную песню: «Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, i тым, што ў магiлах, жыццё дараваў». I няма нiводнага чалавека, ад малога да старога, сэрца якога не залiла б да краёў радасць, не перапоўнiла б, не вылiлася б у дзiўных, напоўненых незвычайнай сiлай словах: «Хрыстос уваскрэс з мёртвых!»...

— У вайну свяшчэннiк у Холхлаве памёр i тата застаўся без работы, — працягвае аповяд Ларыса Васiльеўна. — Пажылi некаторы час за кошт гаспадаркi: бацьку, як дзяку, належала трэць прыхадскога надзелу, карову заўсёды трымалi, парсюкоў. А потым з’ехалi ў Славенск на Валожыншчыне. Цяжка было...

На першы дзень Пасхi старэйшым дзецям дазвалялi званiць — колькi пажадаюць, i да самай ночы яны «адмотвалi» рукi, напаўняючы вёску, лясы i палi навокал трыумфаваннем. «I добра ж у iх атрымлiвалася!» — кажа Ларыса Васiльеўна. А малыя, якiя яшчэ да звона не дараслi, хадзiлi «ў жачкi» (па аналогii са жнеямi) — хрыстаславiць па хатах. Звычайна яны яшчэ i вымаўляць добра не маглi «Хрыстос уваскрэс!», але абавязкова кожны быў адораны за такое вiтанне фарбаваным яйкам, пiражком цi цукеркай.

— У католiкаў таксама была такая традыцыя. Iх дзецi хадзiлi па хатах у каталiцкi Вялiкдзень.

Пасля дзяцей ля хат з’яўлялiся валачобнiкi. Валачобныя песнi — менавiта беларуская традыцыя святкавання Вялiкадня.

— Гэта таксама хрыстаславы, — тлумачыць баба Ларыса, — але ўжо дарослыя. Яны збiралiся гуртамi: мужчыны i жанчыны, маглi там быць i старыя, iншы раз з гармонiкам, прыходзiлi пад акно, хрыстосавалiся i вiншавалi песнямi гаспадара, гаспадыню... Потым пыталiся, цi ёсць у хаце нявесты, калi няма, то пелi дзеткам. Сярод песняроў маглi быць i католiкi, але ў праваслаўную Пасху хадзiлi толькi па хатах праваслаўных... I добрыя ж хары атрымлiвалiся! А як ужо нам, дзеткам, было цiкава iх паслухаць!

Ну а пасля прыходзiлi ў госцi сваякi, якiя жылi паблiзу. Свята доўжылася тыдзень...

У лютым 1946 года Васiль Сакалоўскi быў рукапаложаны ў святара i атрымаў прыход у Сёмкавым Гарадку. Яны пражылi там два гады. Тады яшчэ Ларыса — 15—16-гадовая дзяўчына — са сваёй сяброўкай адкрыта хадзiла ў царкву, пела ў хоры. А калi пераехалi ў Плiсу, то нi яна, нi брат больш у храм не хадзiлi, нават таемна. Напэўна, кажа Ларыса Васiльеўна, тату папярэдзiлi. Але валачобнiкi былi i тут: некалькi жанчын, якiя абавязкова на Вялiкдзень грукалi ў iх акенца са словамi «Хрыстос уваскрэс!»

У выпускным класе Ларыса абмовiлася, што марыць стаць настаўнiцай, на што завуч сказаў: «Дачцэ святара няма чаго пра гэта нават i думаць». I яна не рашылася спрабаваць, падала дакументы ў медвучылiшча, дзе нiхто не спытаў, з якой яна сям’i. Але яшчэ доўга Ларыса не асмельвалася хадзiць у царкву. Нават калi скончыла вучылiшча, калi выйшла замуж...

Гiсторыя яе замужжа вельмi цiкавая, шкада, што Ларыса Васiльеўна не дазволiла мне вынесцi яе на газетную старонку. Скажу толькi, што iх дзiўны, захапляльны i чысты «раман» нагадваў веронскую гiсторыю кахання. Яна — з сям’i святара, ён — з сям’i партызан... На шчасце, у адрозненне ад шэкспiраўскай драмы, тут усё скончылася добра. Дзiўнай i павучальнай была i гiсторыя iх жанiцьбы.

Яны зарэгiстравалi шлюб 20 мая 1952 года. У той дзень у Мiнску выпаў вялiкi снег: многiя дрэвы, ужо з лiстамi, не вытрымалi цяжару, зламалiся... Ларысе трэба было спяшацца з рэгiстрацыяй, бо 25 мая — размеркаванне ў вучылiшчы. Але пра вяселле не магло быць i размовы: нядаўна памерла бабуля. Таму вянчанне было адкладзена на свята Пятра i Паўла — 12 лiпеня, а наступным днём, у панядзелак, 13 лiпеня — вяселле («Некаторыя кажуць: нешчаслiвы дзень, але ў Бога усе днi — блаславёныя»). Будучы амаль два месяцы афiцыйна ў шлюбе, маладыя па сутнасцi заставалiся яшчэ жанiхом i нявестай. Ларыса нават не сустракалася са сваiм абраннiкам: «Не венчаныя ж, цi мала што». Вянчанне адбылося ў Барысаўскiм саборы — пры поўнай канспiрацыi. Ларыса ўлегцы напярэдаднi паехала з цёткай у Мiнск, каб адтуль ранiцай сесцi на электрычку на Барысаў. Дзядзька Ларысы, святар, сеў у той жа цягнiк на iншым прыпынку, прайшоў мiма iх у наступны вагон. Стрыечная сястра везла вясельную сукенку ў чамадане з Плiсы...

Яны пражылi разам шчаслiвыя 53 гады. Нарадзiлi дваiх цудоўных дзяцей, дачакалiся чатырох унукаў... Год таму муж Ларысы Васiльеўны трагiчна загiнуў. I гэта Пасха была першая — без яго.

Апусцеў дом i двор. Дзецi iмкнуцца запоўнiць гэтую пустату, развесялiць мацi. Штодня яны тут, пасля работы: па гаспадарцы дапамагаюць, бывае, што i пераначуюць... Сёлета Вялiкдзень супаў з днём нараджэння сына — Юрыя Савiцкага, мастака, iканапiсца. Поўны дом любiмых, родных людзей. Жарты, смех, дзiцячыя галасы... Зноў на стале сырная пасха, хатняя каўбаса, фарбаваныя яйкi, кулiчы, залiўное. У паветры пах, асаблiвы, толькi ў гэты дзень: ванiлi i карыцы... Спаконвечны.

На жаль, ужо чатыры гады, як не прыходзяць валачобнiкi. Не паспелi яны навучыць унукаў (дзяцей жа яшчэ баялiся) старажытным песням. Занадта вялiкi быў разрыў, але не хапiла, можа, толькi некалькiх гадоў. Некаторыя цяперашнiя малыя лягчэй за многiх дарослых прастойваюць трохгадзiнныя набажэнствы, быццам разумеюць сэнс царкоўнаславянскiх слоў i ўсяго, што стварае Царкву. Можа таму, што яны чыстыя сэрцам?

Калiсьцi я ўпершыню прывяла свайго сямiгадовага сына ў храм, падала яму свечку i сказала: «Пастаў ля абраза, перахрысцiся i папрасi Божую Мацi аб самым для цябе важным». Ён зрабiў як я сказала, але просьба яго мяне збянтэжыла тады: «Багародзiца, умалi Сына Твайго, каб бабуля Нiна нiколi не памiрала!». Гэта ён прасiў пра сваю прабабку, тую, што навучыла мяне ў дзяцiнстве кароценькай малiтве.

Толькi нядаўна я зразумела, што просьба дзiцяцi споўнiлася амаль дзве тысячы гадоў таму. Адсюль гэтая радасць i трыумфаванне ў сэрцы кожнага: ад дзiця да старога, пры дзiўных словах: «I зноў кажу: радуйся...»



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дом Ларысы Васiльеўны прама насупраць царквы, дзе 33 гады быў настаяцелем яе бацька — Васiль Сакалоўскi. I насупраць школы, дзе яна працавала лабарант
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика