Калi бусел пераблытаў акенца
(Пачатак у нумарах за 12, 14, 18, 19 і 25 красавіка.)
На пытаннi чытачоў адказваюць Вольга ДЗМIТРЫЕВА, намеснiк дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення i Валянцiна МАГЛЫШ, псiхолаг цэнтра. «Прамая лiнiя»? Дзень добры. Вам звонiць Мiкалай з Лельчыцкага раёна. У Калiнiнградзе ў мяне памёр брат, а за паўгода да гэтага памерла яго жонка... У яе быў лейкоз, а ён не дагледзеў сябе: запаленне лёгкiх, будаўнiком працаваў... Застаўся ў iх сын пяцi гадоў. Я сабраў усе паперы i аформiў над хлопчыкам апеку. — А свае дзецi ў вас ёсць? — Ёсць. Два хлопцы — 14 i 8 гадоў. У лютым гэтага года я пляменнiка прывёз сюды, адразу паставiў яго на ўлiк у мясцовы аддзел адукацыi. Мне i там, у Калiнiнградзе, i тут, у Лельчыцах, выдалi пасведчаннi апекуна. Штомесяц я атрымлiваю на яго дапамогу — 120 тысяч беларускiх рублёў. Сам я працую вадзiцелем. I вось пытанне. Цi маю я права на дадатковыя 0,5 заробку? Справа ў тым, што жонцы маёй, якая працуе ў сiстэме адукацыi, сказалi, што калi б я перайшоў працаваць да iх, то так бы i было. Але ж мне гэта нявыгадна, бо мне трэба сям’ю кармiць, вы ж разумееце, не магу ж я жыць за кошт хлопчыка! Чаму б не даць мне тыя ж паўстаўкi да майго акладу? Альбо цi можна жонку запiсаць апекуном? Да таго ж усё роўна яна яго больш даглядае. — Вы маеце права працаваць на палову стаўкi прыёмным бацькам, пры гэтым застаючыся кiроўцам «хуткай дапамогi». Для гэтага трэба змянiць апякунства на форму прыёмнай сям’i. Але можа быць i iншы шлях. Вы можаце адмовiцца ад апякунства ў сувязi з занятасцю на сваёй працы i пры ўмове таго, што фактычна абавязкi па догляду за хлопчыкам ляжаць на жонцы. Тады жонка пiша заяву, каб яе прызначылi прыёмнай мацi ў адносiнах да вашага пляменнiка. Тым больш што ў аддзеле адукацыi самi прапаноўваюць гэта зрабiць. Пытанне цалкам вырашальнае. — Дзень добры. Мяне завуць Валянцiна Уладзiмiраў-на. Пяць месяцаў таму мы з сястрой сабралi дакументы, падалi ў аддзел адукацыi i нам адказалi, што няма дзяцей. Мы згодны ўзяць не па аднаму дзiцяцi, можам i па двое. Жылплошча ў нас дазваляе. Але я не разумею, як гэта можа не быць дзяцей? — Вы хочаце ўзяць дзяцей пад апеку цi ў прыёмную сям’ю? Апека i прыёмная сям’я — падобныя формы ўладкавання дзiцяцi, але рознiца памiж iмi ў тым, што ў апошнiм выпадку плацяць зарплату. I тады падбор дзяцей будзе па-рознаму ажыццяўляцца. Што менавiта вы хацелi, калi звярталiся ў аддзел адукацыi? — Я не ведаю, але, напэўна, прыёмную сям’ю. — Тады аддзел адукацыi, хутчэй за ўсё, меў рацыю. Паколькi яны работадаўцы, яны хочуць, каб работнiкi выконвалi тую працу, якая iм патрэбна. Звычайна, яны аплачваюць працу па выхаванню дзяцей-сiрот, якiя знаходзяцца на iх тэрыторыi. Паколькi дзяцей, якiя б падлягалi пад менавiта такую форму, няма, то яны i не маглi вам прапанаваць такое дзiця i такую працу. — А магу я ўзяць дзiця з другога раёна? - Калi б вы збiралiся аформiць апякунства, то дзiця пад апеку можна ўзяць i з iншага раёна. Прыёмная сям’я афармляецца толькi па месцы жыхарства. — У нас маленькi пасёлак — мы ўсе адзiн аднаго ведаем. I ёсць некаторыя сем’i, якiм дзяцей далi. У адну прывезлi з Рагачова двух хлопчыкаў, затым аднаго адвезлi назад, а другога пакiнулi. Хоць у самiх у iх чацвёра дзяцей. Затым у жнiўнi яны паехалi ў Гомель, узялi дзвюх дзяўчынак, адну пакiнулi, другую аддалi... — Падобна, што ў iх гасцявая форма сям’, і якая дазваляе ўзяць дзяцей на выхадныя цi на нейкi час, каб трошкi пагасцявалi. — Алё? «Прамая лiнiя»? Я жыхарка Лагойскага раёна. Мы з мужам бяром у сваю сям’ю дзiця. Падчас гутаркi мне сказалi, што Лагойскiм райвыканкам было прынята рашэнне: калi бярэш адно дзiця, то жанчына афармляецца толькi на палову стаўкi, незалежна ад таго, працуе яна цi не. А калi хочаш аформiцца на стаўку, то ў абавязковым парадку трэба браць дваiх дзяцей. Цi правiльна гэта? — Па палажэнню ў прыёмнай сям’i могуць выхоўвацца да чатырох дзяцей. Палажэнне не агаворвае такiх пытанняў — на палову стаўкi цi на стаўку вас прымаюць на працу. Пытанне фармiравання заработнай платы рэгулюецца пастановамi ўрада. Гэтае пытанне хутчэй не да нас. Вы паспрабуйце звярнуцца з пiсьмовым запытам у Мiнiстэрства адукацыi, у аддзел працы i заработнай платы. Няхай яны вам патлумачаць, якi парадак устанаўлення акладу, калi вас прымаюць на пасаду прыёмнай мацi ў прыёмнай сям’i. — Мяне завуць Нiна Аляксандраўна, я з Баранавiцкага раёна, мяне хвалюе лёс дваiх непаўналетнiх дзяцей, якiх выхоўвае мая дачка. Iх мацi памерла, а тата аказаўся ў месцах пазбаўлення волi, дзяцей аформiлi ў апякунскую сям’ю. Дачка атрымлiвае дапамогу ў памеры 250 тысяч на дваiх дзяцей. У той жа час iх бацька павiнен пагашаць затраты дзяржавы на ўтрыманне дзяцей кожны месяц у памеры 275 тысяч. За год набягае сума ў 3 мiльёны 300 тысяч беларускiх рублёў. Вы ведаеце, што ў турме зняволеныя атрымлiваюць мiзэр — у мiнулы месяц ён зарабiў 34 рублi! Штомесяц у яго расце доўг. — Закон аб шлюбе i сям’i сапраўды абавязвае бацькоў пакрываць сродкi на ўтрыманне дзяцей. Калi ў дзяцей адзiн тата, то ён плацiць за ўтрыманне цалкам, калi абодва бацькi, то яны пакрываюць выдаткi разам. Верагодна, што яго доўг будзе расцi i нават магчыма такая сiтуацыя, што ўжо дзецi дасягнуць паўналецця, а iх бацька ўсё яшчэ будзе пагашаць доўг дзяржаве. — Цi не будуць расцi працэнты на гэты доўг? — Пакуль што нiхто не абкладае гэтыя грошы пеняй. — Але ж, дзяўчаткi, несправядлiва: дзе адзiн бацька пагашае выдаткi, а дзе абодва. Як ён, калi выйдзе, зможа дзяцей забяспечваць? Цi ж гэта клопат пра дзяцей? Выйдзе — хоць у пятлю лезь... — Гэта ягоныя дзецi. Такiя патрабаваннi закона. — Але ж з любога правiла ёсць выключэннi... Чалавек ён харошы... — Няхай ён будзе сто восем разоў харошы, але пры гэтым — сядзiць чатыры гады ў турме! Калi мы жадаем гадаваць уласных дзяцей, то мы iх i гадуем: не парушаем закон. За што ён сядзiць? За бойку? Калi ў яго дзецi на руках, значыць, павiнен быў думаць перш, чым умешвацца ў бойку. I чаму сёння мы з вамi павiнны ўтрымлiваць яго дзяцей? У iх ёсць бацька, якi абавязаны iх утрымлiваць. Адзiнае, што мы маглi б у дадзеным выпадку параiць: удакладнiць у аддзеле адукацыi, цi ёсць нейкiя льготы для гэтага мужчыны. Бывае, што можна знiзiць запазычанасць i аплату дзяржаўнага ўтрымання ў сувязi з некаторымi захворваннямi. — Звонiць вам Леанiд Раманавiч з Пружан. У маёй жонкi брат разгiльдзяй. Яго пазбавiлi бацькоўскiх правоў, дзецi знаходзяцца ў сем’ях. Яму прыйшла павестка ў суд, паводле якой ён павiнен пагасiць поўнасцю суму, якая iдзе на дзяцей. У яго зарплата вельмi невялiкая: сто пяцьдзесят тысяч, а выплачваць павiнен штомесяц 130 тысяч. — Будуць з яго гэтыя грошы ўтрымлiваць часткамi, у залежнасцi ад таго, колькi ён зарабляе, да таго моманту, калi цалкам пагасiць доўг. Ёсць устаноўленыя межы ўтрымання з заработнай платы: не больш за 50 працэнтаў. На хлеб яму пакiнуць. Але ўсё роўна ўстаноўленую суму ён павiнен будзе пагасiць у любым выпадку. Дзецi ж некалi вырастуць i перастане дзяржава iх утрымлiваць. А жонка яго дзе? — Знiкла ў невядомым накiрунку. Нiхто яе не знойдзе, дзесяць гадоў ужо шукаюць. — Калi раптам з’явiцца яго жонка, то ён можа падаць iск на яе на частку пагашэння выплачаных iм грошай. — А што, ён i за жонку павiнен плацiць?! — Ён зараз аплачвае поўнае ўтрыманне абодвух сваiх дзяцей. — Маё прозвiшча Давiдовiч, я з Салiгорскага раёна. Калi ўзяць дзiця ў прыёмную сям’ю, цi можна працягваць працаваць? Я працую настаўнiцай. — Вы можаце быць прыёмнай мамай на палову стаўкi i працягваць працаваць у школе на стаўку. Прыёмныя бацькi маюць магчымасць цi то працаваць на стаўку прыёмным бацькам, а на палову стаўкi ў iншым месцы, цi на стаўку ў iншым месцы, а на палову стаўкi пры’ёмным бацькам. Працаваць прыёмным бацькам па сумяшчальнiцтву таксама магчыма, калi ёсць асноўная праца. Цi наадварот. Прамую лiнiю правялi Ларыса ЦIМОШЫК i Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. (Заканчэнне будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў адказваюць Вольга ДЗМIТРЫЕВА, намеснiк дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення i Валянцiна МАГЛЫШ, псiхолаг цэнтра
|
|