Пенсiйны ўзрост — яшчэ не старасць
(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 13 і 16 мая.)
Як дасягнуць дастойнай пенсii? Паводле ацэнак мiжнародных экспертаў, зробленых iмi ў пачатку 90-х гадоў, пенсiйныя сiстэмы постсавецкiх дзяржаў даюць «занадта многiм, занадта рана i занадта мала». Першымi з зоны такой ацэнкi сталi выводзiць свае пенсiйныя сiстэмы краiны Балтыi, зыходзячы з аксiёмы: чым больш прэтэндэнтаў на «пенсiйны пiрог», тым менш дастаецца кожнаму. Каб не павялiчваць пенсiйную нагрузку на эканомiку падчас рэформаў (сёння тарыф узносаў для работадаўцаў у Латвii, Лiтве i Эстонii, адпаведна, 25,3; 23,5 i 20,0 працэнтаў фонду зарплаты), у гэтых краiнах ужо ў 1994 годзе былi прыняты рашэннi паступова павышаць пенсiйны ўзрост, упарадкаваць датэрмiновыя пенсii i iншыя. (Для даведкi: на пачатак мiнулага года сярэдняя пенсiя ў гэтых краiнах у эквiваленце складала, адпаведна, 145,6; 150,5; 180,2 долара ЗША.) Вядома, што сёння ў Беларусi пенсii вышэй, чым у iншых краiнах СНД, а па суадносiнах сярэдняй пенсii i сярэдняй зарплаты мы абыходзiм i краiны Балтыi. Цана гэтага — перш за ўсё, больш высокi пенсiйны тарыф. У той жа час трэба адзначыць, што пры суадносiнах сярэдняй пенсii па ўзросту i сярэдняй зарплаты ў 43 працэнты (2005 год) у значнай колькасцi нашых пенсiянераў пенсiя ў параўнаннi з адносна высокiм мiнулым заробкам складае толькi 20—30 працэнтаў. Сярод iх былыя кiраўнiкi вытворчасцi, вучоныя, спецыялiсты высокай квалiфiкацыi i г.д. Як для iх i iншых пенсiянераў забяспечыць узровень пенсiй развiтых дзяржаў: 50—60 працэнтаў перадпенсiйнага даходу? Нашы ж пенсiянеры, не менш чым еўрапейскiя, заслугоўваюць «дастойныя ўмовы жыцця». Таму да гэтай высакароднай мэты нам неабходна iмкнуцца, але, як адзначалася вышэй, не шляхам павелiчэння тарыфу. Такiм чынам, застаецца адзiны шлях — ажыццяўленне разумных пераўтварэнняў унутры пенсiйнай сiстэмы з улiкам праверанага дзесяцiгоддзямi сусветнага вопыту. Канешне ж, рабiць гэта трэба разумна i паступова. Прычым сутнасць змяненняў нiяк не можа заключацца ў выплаце поўных пенсiй усiм працуючым пенсiянерам. Прадастаўляючы ў масавым парадку права на раннiя пенсii з iх выплатай у дапаўненне да заробку, дзяржава наўрад цi калi зможа забяспечыць дастойны ўзровень пенсiй тым, хто адпрацаваў сваё. Прыхiльнiкi выплаты поўных пенсiй працуючым пенсiянерам, магчыма, самi не ўсведамляюць, што, па сутнасцi, яны супраць больш высокiх пенсiй тым, хто страцiў працаздольнасць. Да прыкладу, калi змянiць умовы выплаты пенсiй у перыяд працы i зэканомiць па гэтаму артыкулу расходаў 50 працэнтаў сродкаў, то можна было б павысiць пенсii амаль 2 мiльёнам непрацуючых больш чым на 10 працэнтаў. Гэта дазволiла б наблiзiць для такiх пенсiянераў суадносiны сярэдняй пенсii па ўзросту i сярэдняй зарплаты да 50 працэнтаў. У выйгрышу будуць i тыя пенсiянеры, якiя пакуль працуюць: вядома, што праца для пенсiянера — з’ява часовая i кожны рана цi позна будзе вымушаны яе пакiнуць i жыць за кошт пенсii. Пры гэтым можна было б выкарыстаць падыходы, якiя выкарыстоўвалiся ў мiнулым, цi сённяшнi вопыт шэрагу развiтых краiн. Так, у той жа Германii ў залежнасцi ад заробку пенсiя выплачваецца: у поўным памеры (пры невялiкiм прыробку), з абмежаваннямi (2/3; 1/2; 1/3) цi зусiм не выплачваецца (пры высокiм заробку). У ЗША, калi заробак перавышае пэўную суму, пенсiя скарачаецца ў наступным парадку: пенсiянерам, якiм няма 65 гадоў, яна змяншаецца на 1 долар за кожныя 2 долары заробку звыш вызначанага ўзроўню, а ва ўзросце старэй за 65 гадоў — на 1 долар за кожныя 3 долары «лiшняга» заробку. З аднаго боку, такi падыход, разам з больш высокiм пенсiйным узростам, з’яўляецца адным з фактараў дастойнага забеспячэння непрацаздольных, а з iншага — дазваляе падзарабiць. Калi мы лiчым, што ў нашых пенсiянераў, якiя знаходзяцца на заслужаным адпачынку, павiнен быць большы ўзровень пенсiй (а лiчыць iнакш мы не маем права), то трэба не толькi абмяркоўваць, як гэтага дасягнуць, але i дзейнiчаць. Жыццё на пенсii — таксама жыццё i даволi працяглае. Але, часам, не вельмi зайздроснае, асаблiва калi няма дадатковай крынiцы iснавання: пры сённяшняй сярэдняй працоўнай пенсii ў 250 тысяч амаль у паловы пенсiянераў яна, як вядома, менш за сярэднi паказчык. У нашых суграмадзян, якiя паспяхова дасягаюць пенсiйнага ўзросту, агульны (для мужчын i жанчын) сярэднестатыстычны перыяд атрымання пенсii больш за 20 гадоў (без улiку перыядаў выплаты пенсiй да дасягнення 60/55гадоў). У параўнаннi з развiтымi краiнамi ў нас гэты перыяд не толькi не меншы, але i большы, што, у першую чаргу, тлумачыцца больш раннiм надзяленнем беларускiх жанчын пенсiйным статусам (у iх сярэднi «пенсiйны перыяд» — 23,7 года). Неабходна адзначыць, што сярэднi чаканы «пенсiйны перыяд» якраз i з’яўляецца галоўным iндыкатарам нагрузкi пенсiйнай сiстэмы. Таму, каб забяспечыць фiнансавую ўстойлiвасць сваiх пенсiйных сiстэм, развiтыя краiны iмкнуцца да яго аптымiзацыi. Як гэта робiцца i плануецца ў ЗША i Германii, адзначана вышэй. Падлiчана, што пры павелiчэннi пенсiйнага ўзросту на 1 год эканомiцца 5—8 працэнтаў сродкаў. Гэтыя сродкi, вядома ж, застаюцца ў пенсiйнай сiстэме i выкарыстоўваюцца на павелiчэнне цi падтрыманне ўзроўню пенсiй. У развiтых краiнах у адрозненне ад нас ужо даўно вызначылiся па дылеме: плацiць сцiплую пенсiю раней або больш прымальную — пазней. Як бачым, выбраны апошнi варыянт, бо ён — грунтоўная гарантыя забяспечанага жыцця на пенсii. Дасягнуць дастойных пенсiй без павелiчэння цяжару на эканомiку ва ўмовах нашай краiны магчыма. Для гэтага неабходна, перш за ўсё, пазбавiцца ад стэрэатыпаў, якiя склалiся ў пенсiйных справах (гэта, бадай, самае галоўнае i самае складанае), вызначыць прыярытэты i на аснове ацэнкi рэальных перспектыў развiцця перайсцi да больш рацыянальнага выкарыстання тых сродкаў, якiя маюцца. Генадзь БЯСПАЛАЎ, юрыст.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле ацэнак мiжнародных экспертаў, зробленых iмi ў пачатку 90-х гадоў, пенсiйныя сiстэмы постсавецкiх дзяржаў даюць «занадта многiм, занадта рана |
|