Сярэдняя адукацыя — па новаму закону
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Як ужо паведамляла «Звязда», Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi прыняла ў другiм чытаннi законапраект «Аб агульнай сярэдняй адукацыi». Адзначым, што падобны законапраект у Беларусi прымаецца ўпершыню.
Новы законапраект замацоўвае два ўзроўнi агульнай сярэдняй адукацыi: агульная базавая адукацыя (1—10-я класы) i агульная сярэдняя адукацыя (11—12-я класы). Такiм чынам, у дакуменце замацоўваецца абавязковае дзесяцiгадовае навучанне (цяпер яно дзевяцiгадовае). У той жа час адукацыйная сiстэма Беларусi i на гэтым спыняцца не збiраецца. Так, адзначаецца ў законапраекце, адным з асноўных накiрункаў дзяржаўнай палiтыкi ў галiне агульнай сярэдняй адукацыi будзе «здзяйсненне пераходу да абавязковай агульнай сярэдняй адукацыi», г.зн. да абавязковага дванаццацiгадовага навучання ў сярэдняй школе. Паступаць у школу можна будзе як i раней — з шасцi i больш гадоў. Паводле слоў старшынi камiсii па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу нiжняй палаты парламента Уладзiмiра Здановiча, нягледзячы на тое, што ў апошнi час у грамадстве абмяркоўвалiся чуткi аб змяненнi ўзросту пачатку навучання ў школе, Мiнiстэрства адукацыi i парламентарыi на гэта не пайшлi. Прыём дзяцей у пачатковую школу будзе адбывацца без уступных iспытаў на падставе заявы iх законных прадстаўнiкоў i медыцынскага пасведчання. Iншая справа гiмназii, лiцэi, гiмназiсцкiя i лiцэйскiя класы, прыём у якiя будзе адбывацца на падставе ўступных iспытаў, парадак правядзення якiх будзе вызначацца Мiнiстэрствам адукацыi. Залiчэнне ж у класы з вывучэннем спецыяльных вучэбных прадметаў мастацка-эстэтычнай i спартыўнай накiраванасцi будзе адбывацца па заяве вучняў або iх законных прадстаўнiкоў з улiкам здольнасцяў дзяцей, у класы з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным або паглыбленым узроўнi, профiльным навучаннем — па заяве. Пры гэтым, у адпаведнасцi з законапраектам, кожны мае права звярнуцца для атрымання адукацыi ў любую агульнаадукацыйную ўстанову. У. Здановiч адзначыў, што ў пачатковай школе не будзе класаў з паглыбленым вывучэннем прадметаў i «надуманых дысцыплiн для ўцягнення дзяцей у школу». Выключэнне тут складзе толькi навучанне адной замежнай мове i спецыяльным вучэбным прадметам мастацка-эстэтычнай i спартыўнай накiраванасцi. Адлiчваць з агульнаадукацыйных устаноў вучняў 1—10-х класаў з-за iх непаспяховасцi законапраектам забараняецца. Тыя вучнi, якiя прапусцiлi больш 45 вучэбных дзён па хваробе або ў сувязi з пераездам на новае месца жыхарства, могуць быць пакiнутыя на паўторны год. Пералiк вучэбных прадметаў, па якiх праводзяцца выпускныя экзамены, штогод будзе вызначацца Мiнiстэрствам адукацыi не пазней чым за год да пачатку iх правядзення. 10-бальная сiстэма адзнак паспяховасцi вучняў у законапраекце не адлюстравана. Як адзначыў У. Здановiч, гэта было зроблена наўмысна, бо сiстэма адзнак ведаў можа змяняцца. А вось навучанне ў 1-м i 2-м класах наогул будзе без адзнак у балах — на падставе слоўнай ацэнкi вучэбных дасягненняў вучняў. Па прапанове дэпутатаў у законапраект была закладзена норма аб максiмальнай напаўняльнасцi класаў. Для таго, каб адкрыць клас у агульнаадукацыйнай установе, дастаткова нават аднаго вучня. А вось iх напаўняльнасць не павiнна перавышаць 25 чалавек, а ў 1—4-х класах, класах з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным або паглыбленым узроўнях, класах з профiльным навучаннем, гiмназiсцкiх i лiцэйскiх класах — 20 чалавек. Што ж датычыцца канiкулаў, то iх скарачэнне не плануецца. Для вучняў агульнаадукацыйных устаноў устанаўлiваюцца канiкулы агульнай працягласцю не менш за 30 каляндарных дзён на працягу навучальнага года, а для вучняў 1-х i 2-х класаў — дадаткова канiкулы працягласцю ў адзiн тыдзень. Летнiя канiкулы павiнны быць не меншыя за 12 каляндарных тыдняў. Закранае законапраект i моўнае пытанне. Абавязковым у школе будзе вывучэнне беларускай, рускай i адной з замежных моў. Асноўная мова навучання (беларуская або руская) будзе вызначацца заснавальнiкамi ўстановы з улiкам пажаданняў вучняў i iх законных прадстаўнiкоў. Абавязковая ж для вывучэння замежная мова вызначаецца заснавальнiкамi з улiкам патрэбы дзяржавы i магчымасцяў самой установы. Асобна ў законапраекце вызначаюцца правы i абавязкi ўсiх удзельнiкаў адукацыйнага працэсу: вучняў, педагагiчных работнiкаў, законных прадстаўнiкоў вучняў. Так, вучнi маюць права на атрыманне бясплатнай адукацыi, выбар школы i профiлю навучання, бясплатнае карыстанне iнфармацыйнымi рэсурсамi бiблiятэк, удзел у кiраваннi агульнаадукацыйнай установай праз органы самакiравання, ахову свайго жыцця i здароўя падчас адукацыйнага працэсу, абарону сваiх правоў i гонару падчас навучання. З iншага боку, вучнi павiнны выконваць патрабаваннi вучэбных планаў i праграм, быць дысцыплiнаванымi, клапацiцца аб рэпутацыi школы, з павагай ставiцца да нацыянальнай гiсторыi, культуры свайго i iншых народаў, берагчы прыроду i навакольнае асяроддзе, выконваць патрабаваннi педагагiчных i iншых работнiкаў агульнаадукацыйных устаноў у галiне, што аднесены статутам i правiламi ўнутранага распарадку да iх кампетэнцыi. За парушэнне ж статута i правiлаў унутранага распарадку вучню могуць быць аб’яўлены заўвага i выгавар. Педагагiчныя работнiкi, у адпаведнасцi з законапраектам, маюць права на абарону сваiх правоў i гонару пры выкананнi службовых абавязкаў, творчую iнiцыятыву, свабоду выбару метадаў i формаў навучання i выхавання, падручнiкаў i дапаможнiкаў, сродкаў навучання, што забяспечваюць якасць адукацыйнага працэсу, штомесячную кампенсацыю расходаў на набыццё вучэбнай i метадычнай лiтаратуры. З iншага боку, яны абавязаны ажыццяўляць сваю дзейнасць на высокiм прафесiйным узроўнi, садзейнiчаць выяўленню i развiццю iндывiдуальных творчых здольнасцяў вучняў, весцi здаровы лад жыцця i прапагандаваць яго, весцi прафiлiктычную работу па папярэджванню правапарушэнняў... Законныя прадстаўнiкi вучняў будуць, напрыклад, мець права атрымлiваць iнфармацыю аб усiх вiдах даследаванняў (медыцынскiх, псiхалагiчных, педагагiчных i iнш.) свайго дзiця. У той жа час яны не павiнны ўмешвацца ў выбар педагагiчным работнiкам метадаў навучання i выхавання. Акрамя таго, законныя прадстаўнiкi будуць несцi адказнасць за недастатковае выхаванне свайго дзiцяці ў адпаведнасцi з беларускiм заканадаўствам. Асобны артыкул законапраекта датычыцца фiнансавання агульнаадукацыйных устаноў. Акрамя асноўнага — бюджэтнага, прапiсаны i дадатковыя крынiцы фiнансавання, у прыватнасцi, даходы ад аказання дадатковых платных паслуг. Пры гэтым аказанне такiх паслуг не можа здзяйсняцца замест або ў рамках адукацыйнай дзейнасцi, наносiць шкоду або пагаршаць якасць прадастаўлення асноўных адукацыйных паслуг, што фiнансуюцца i аказваюцца за кошт дзяржбюджэту. Аказанне дадатковых платных паслуг будзе здзяйсняцца добраахвотна i са згоды законных прадстаўнiкоў вучня на падставе дагавора. Дзяржорганы не будуць мець права ўстанаўлiваць для агульнаадукацыйных устаноў нарматывы ажыццяўлення дзейнасцi, што прыносiць даходы, а таксама нарматывы даходаў з дадатковых крынiц фiнансавання. Законапраект уступае ў сiлу толькi праз шэсць месяцаў з дня яго афiцыйнага апублiкавання.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як ужо паведамляла «Звязда», Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi прыняла ў другiм чытаннi законапраект «Аб агульнай сярэдняй адукацыi»
|
|