Вакансiя для студэнта
Наталля ВЯСЁЛКIНА
Цяперашняя моладзь у дворнiкi iсцi не хоча!
Другакурснiк машынабудаўнiчага факультэта Беларуска-расiйскага унiверсiтэта Дзмiтрый Iльiн двойчы на тыдзень накiроўваецца на заробкi з Магiлёва ў Быхаў. Ён i яшчэ пяцёра студэнтаў ужо некалькi месяцаў падпрацоўваюць грузчыкамi на сумесным прадпрыемстве «Белатмiт» — афiцыйна, з працоўнай кнiжкай. Вечарам аўтобус iх забiрае з абласнога цэнтра, а ранiцай прывозiць на заняткi. Спачатку ад недасыпання i цяжкай фiзiчнай працы хлопцы пастаянна «дзяўблi носам» на лекцыях, цяпер прывыклi i гатовы працаваць больш i часцей, але не ва ўрон заняткам. Дзiма родам з Мсцiслаўя, вучыцца ў БРУ на платнай аснове. Родныя, канешне, па меры сiл дапамагаюць, але студэнт прызнаецца: сорамна яму, здароваму хлопцу, на шыi ў родных сядзець. Напачатку яны з сябрамi спрабавалi ўладкавацца вагоны разгружаць. Але, гаворыць, на гэту грашовую работу можна трапiць ледзь цi не па блату. Прапанавалi класцi тратуарную плiтку ў Шклове. Але — днём! А калi ж на лекцыi хадзiць? На «Белатмiце», лiчыць Дзiма, свае плюсы: калi-нiкалi студэнтаў падкормлiваюць, перыядычна дазваляюць узяць частку зарплаты мясной прадукцыяй без гандлёвай надбаўкi. Ды i чэсна заробленыя 200 тысяч рублёў у месяц для студэнта — грошы. Мамы i таты цяперашнiх студэнтаў успамiнаюць, што ў савецкiя часы на 40 рублёў стыпендыi можна было iснаваць зусiм нядрэнна. Хоць многiя падпрацоўвалi грузчыкамi або дворнiкамi, каб менш браць грошай у бацькоў. Цяперашнiя студэнты са сваёй «сцiпухай» ногi, канешне, не працягнуць, але пастаяннае пачуццё голаду iм забяспечана. Вырашайце самi: з 1 лютага гэтага года студэнты МДУ iмя Куляшова, напрыклад, атрымлiваюць у залежнасцi ад балаў у залiкоўцы ад 63 тысяч рублёў сацыяльнай стыпендыi да 118 тысяч — павышанай. Але ў асноўнай масы «мучанiкаў навукi» даход да 100 тысяч рублёў не дацягвае... Шукаць падпрацоўку студэнта прымушае i новы стыль жыцця. Кафэшкi, вечарынкi, «мабiльнiк», Iнтэрнэт, кнiжныя навiнкi, любiмая дзяўчына ... У сучаснай моладзi спакусаў куды больш, чым кiшэнных грошай. За мяжой непрацуючы студэнт нават пры абсалютна забяспечаных бацьках — белая варона. У нашых ВНУ да пятага курса падпрацоўваюць толькi пяцьдзесят працэнтаў моладзi. I не таму, што не хочуць, а таму, што вакансiй — мiнiмум. Калi пашанцуе, можна ўладкавацца афiцыянтам у кафэ, няняй, вартаўнiком на стаянку, танцоўшчыцай у клубе, пазаштатнiкам у газету, экскурсаводам па гораду i нават настаўнiкам у школу. Як правiла, пошукамi работы студэнты пачынаюць займацца з 2-га курса. Самыя вынаходлiвыя, здараецца, «выбiваюць» у дэканаце пад гэта нават свабоднае наведванне. Часам супраць падпрацоўкi выступаюць бацькi. Магiляўчанка Алена, студэнтка факультэта замежных моў МДУ, некалькi месяцаў падпрацоўвала да дзвюх гадзiн ночы афiцыянткай у рэстаране. На вучобе, праўда, гэта не адбiвалася, але кантынгент сталых наведвальнiкаў забаўляльнай установы, ды i пастаянная стомленасць дачкi трывожылi мацi. Бацькi паўсталi сцяной: у «пажыўнае месца» не пусцiм. Ды i здароўе дачка можа падарваць. Колькi дзяўчына нi пратэставала — дарэмна. Цяпер Алена вырашыла заняцца рэпетытарствам. Нароўнi з перакладамi, кантрольнымi, рэфератамi, курсавымi гэты вiд падпрацоўкi «свецiць» нямногiм. З Iнтэрнэта перакачаць рэферат — не праблема, але цяперашнiя клiенты патрабуюць самастойна напiсаны «эксклюзiў». А гэта пад сiлу толькi башкавiтым студэнтам. I не так проста, мiж iншым, без вопыту знайсцi падыход да бесталковага пяцiкласнiка. Многiя юныя рэпетытаркi, якiя не ўмеюць працаваць з дзецьмi, адмаўляюцца ад падобнай падпрацоўкi. Студэнтка БРУ Iрына Фiлiпчык разам з сяброўкамi з мiнулага года падпрацоўвае ў сферы сеткавага маркетынгу — распаўсюджвае касметыку. Даход — толькi ад уласнай актыўнасцi. Iра зарабляе тысяч 60 у месяц, але самыя руплiвыя сяброўкi — у два разы больш. Дарэчы, наiўна меркаваць, што пры самастойным пошуку праца падвернецца ўжо заўтра. Прыватныя кадравыя агенцтвы са студэнтамi наогул не хочуць мець справы. Маладыя людзi часам не адзiн дзесятак газет з рэкламнымi аб’явамi праштудзiруюць, пакуль наткнуцца на што-небудзь падыходзячае. Жадаючых атрымаць прыбаўку да стыпендыi — процьма, вакансiй — раз, два i аблiчыўся. Ды i на тыя вельмi часта без знаёмства не ўладкуешся. А што ж дзяржаўныя службы, якiя займаюцца працаўладкаваннем маладых? З 1999 года ў Магiлёўскiм рэгiянальным цэнтры занятасцi рэалiзуецца праграма па часовай працоўнай занятасцi студэнцкай моладзi i навучэнцаў у свабодны ад вучобы час i на канiкулах. Паводле звестак начальнiка аддзела цэнтра Алены Троцкай, дзякуючы гэтай праграме за 10 месяцаў 2005 года падпрацоўку знайшлi звыш 1500 чалавек, а са сродкаў Дзяржаўнага фонду садзейнiчання занятасцi насельнiцтва (ДФСЗН) на зарплату для маладых i iншыя расходы было выдзелена звыш 160 мiльёнаў рублёў. Дзякуючы арганiзатарам, больш як 80 вучнёўскiх i студэнцкiх брыгад i атрадаў шылi, вышывалi, рабiлi мазаiку, рамантавалi памяшканнi i мэблю, нарыхтоўвалi банныя венiкi i iнш. У планах на гэты год — працаўладкаваць 1300 чалавек у Магiлёве (для арганiзацыi работ выдзелена 300 млн рублёў) i 200 — у Магiлёўскiм раёне (65 млн рублёў). Праўда, жадаючых працаваць амаль цi не ў тры разы больш! Але гэта варыянт, калi хоць суткi працуй, а больш чым належыць, — прэмiю, напрыклад, — наўрад цi атрымаеш, бо зарплата з ДФСЗН — пачасовая, фiксаваная. У мiнулым годзе за 2—3 гадзiны працы ў дзень набягала 50 тысяч рублёў у месяц, летам за 4—8 гадзiн — да 100—140 тысяч рублёў. У Магiлёўскiм дзяржаўным унiверсiтэце харчавання студэнтаў спрабуюць працаўладкаваць прама ў сябе. Паводле слоў начальнiка аддзела выхаваўчай працы Любовi Мiшкевiч, у ВНУ створаны 3 маладзёжныя добраахвотныя дружыны — усяго 30 чалавек, якiя штодня дзяжураць з 6 да 10 вечара ва унiверсiтэце i iнтэрнатах. За адно дзяжурства студэнт атрымлiвае 15 працэнтаў ад стыпендыi. Ва унiверсiтэцкiя дружыны — чарга. На думку Любовi Мiшкевiч, за 10 гадоў яе работы ў ВНУ колькасць студэнтаў, якiя падпрацоўваюць, асаблiва старшакурснiкаў, павялiчылася ў некалькi разоў. Але, на яе погляд, на падпрацоўку хутчэй згаджаюцца моцныя ў вучобе, адказныя студэнты, а лайдакi лянуюцца i на занятках, i пасля iх. Анатоль Бабакоў, якi не адзiн год узначальвае Магiлёўскую абласную Лiгу добраахвотнай працы моладзi, лiчыць, што сёння студэнту знайсцi работу больш складана, чым 10 гадоў таму. З аднаго боку, значна больш жадаючых, з другога — работадаўцы маюць магчымасць выбiраць нават сярод квалiфiкаваных рабочых. Куды ўжо там нявопытнаму студэнту! Ды i працаваць трэба, у асноўным, днём, калi ў ВНУ лекцыi i семiнарскiя. Дарэчы, на пагрузачных, камплектовачных работах у «Белатмiце» не ўсе студэнты вытрымлiваюць нагрузкi. Але ўжо сёння iснуе цэлы спiс жадаючых трапiць на прадпрыемства! Часта, гаворыць Анатоль Бабакоў, у Лiгу звяртаюцца прадпрымальнiкi, якiя шукаюць рабочых для разавых падпрацовак: выкапаць траншэю, пагрузiць цэглу. Хлопцы з задавальненнем адгукаюцца. — Мы ў свой час спрабавалi арганiзаваць нешта накшталт агенцтва «Педагог-сэрвiс», — расказвае Анатоль Бабакоў. — Нянi, перакладчыкi, памочнiкi па гаспадарцы з лiку студэнтаў МДУ чамусьцi аказалiся... незапатрабаванымi насельнiцтвам! I гэта нягледзячы на шырокую рэкламу i прымальныя цэны на паслугi. Але i студэнт цяпер пераборлiвы! Вось у офiсе сядзець за камп’ютарам, менеджарам працаваць, справаводам, вартаўнiком — гэта з задавальненнем. Але такiя вакансii пазарэз патрэбныя i дыпламаваным клiентам цэнтра занятасцi. Алена Троцкая гаворыць, што з чэрвеня па кастрычнiк маладым можна нядрэнна зарабляць на палях Магiлёўшчыны. Напрыклад, у мiнулым сезоне на ўборцы льну рабочыя атрымлiвалi па 15—20 тысяч рублёў у дзень, разлiк — кожны тыдзень. Але на сельгасработах ад цэнтра занятасцi пабывала ўсяго 15 студэнтаў...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цяперашняя моладзь у дворнiкi iсцi не хоча!
|
|