Адкрыццi i згадкi краязнаўца
Уладзя ТАЦЦЯНЧЫК
Экслiбрыс «Звязды» У канцы мiнулага года выйшла кнiга Алеся Карлюкевiча «Iгуменскi блакнот: Краязнаўчыя замалёўкi» (3-е выданне, выпраўленае i дапоўненае. — Мн.: Выд. Хурсiк, 2005).Пухавiччына, Iгуменскi край — шматгадовы прадмет даследаванняў журналiста i краязнаўца Алеся Карлюкевiча. «Напiсаўшы добры тузiн розных кнiг, Алесь Карлюкевiч у большасцi з iх расказвае пра сваю родную старонку, пра землякоў, пра паселiшчы, якiя знаёмы яму з самага дзяцiнства, — падкрэслiвае ў прадмове да кнiгi Арнольд Смеяновiч, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, доктар медыцынскiх навук, ганаровы грамадзянiн горада Мар’iна Горка. — Мне былi знаёмыя i папярэднiя выданнi. Варта заўважыць, што «Iгуменскi блакнот», якi вы зараз трымаеце ў руках, шматкрат адрознiваецца ад ранейшых. Алесь iстотна дапоўнiў кнiгу, пашырыў, так бы мовiць, яе геаграфiчную прастору. Мяркую, што зараз «Iгуменскi блакнот» у большай ступенi будзе цiкавы не толькi пухавiччанам, але i ўсiм, хто так цi iначай звязаны з рэгiёнам, якi вызначыць можна яшчэ i межамi колiшняга Iгуменскага павета». Пухавiцкая, iгуменская прастора заўсёды вызначалася тым, што ў краi працавалi руплiвыя, цiкаўныя да гiсторыi сваёй Бацькаўшчыны краязнаўцы. Канешне ж, самая яркая асоба — Аляксандр Карлавiч Ельскi. Яго спадчына — пуцяводная зорка для многiх сённяшнiх даследчыкаў, у тым лiку i для Алеся Карлюкевiча. У кнiзе «Iгуменскi блакнот» можна прачытаць новае аб ужо вядомым i добра знаёмым i ў той жа час пазнаёмiцца з адметнымi асобамi i цiкавымi фактамi, пра якiя пакуль што многiя нават i не чулi. Не будзе перабольшаннем сказаць, што аўтар новай кнiгi ў пэўным сэнсе выступае i як першаадкрывальнiк шэрагу iмёнаў, бiяграфiй, твораў... Так, яму ўдалося прасачыць жыццёвы i творчы шлях рускай паэтэсы i празаiка Любовi Мiхайлаўны Белкiнай (1875—1944), чый лёс цесна звязаны з Беларуссю. Празаiк, журналiст, аўтар вершаваных твораў Рыгор Мачтэт (1852—1901), аказваецца, часта гасцяваў на Пухавiччыне. У 1891 г. у Вузлянах нарадзiўся Давiд Сарноў, iмя якога вядома ў Амерыцы. Менавiта ён, малады радыёаператар, у 1912 г., у час гiбелi «Тытанiка», прыняў сiгнал, якi запомнiў на ўсё жыццё. Сiгнал з «Алiмпiка» — з таго парахода, якi знаходзiўся на адлегласцi 1400 мiляў: «Параход «Тытанiк» сутыкнуўся з айсбергам i патанае iмгненна». Тры днi, тры ночы (трое сутак!) без сну, без ежы прымае паведамленнi, перадае iмёны i словы выратаваных пасажыраў iх родным, блiзкiм. А пазней, у 1926-м, Сарноў стварыў Нацыянальную радыёвяшчальную кампанiю — першую ў ЗША цэнтралiзаваную радыёвяшчальную сетку... Цiкава i грунтоўна апавядае аўтар i пра дзейнасць вядомага настаўнiка-краязнаўца з Мар’iнай Горкi Вiктара Рыгоравiча Арлова, пра краязнаўца з вёскi Гарэлец Сяргея Iванавiча Сiпача. А гiсторыя, расказаная пра Мiхася Тарасевiча з Шацка, i ўвогуле кранае да глыбiнi душы: гэты звычайны (незвычайны!) чалавек, калгасны трактарыст, сам стварыў i паставiў тры помнiкi на месцы трагiчных падзей Вялiкай Айчыннай вайны, што разгортвалiся на радзiме... Варта адзначыць, што кнiга напiсана ў вельмi цiкавай форме: аўтар нiбы праводзiць чытача па ўсiх прыступках сваiх вышукаў...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У канцы мiнулага года выйшла кнiга Алеся Карлюкевiча «Iгуменскi блакнот: Краязнаўчыя замалёўкi» (3-е выданне, выпраўленае i дапоўненае. — Мн.: Выд. Ху
|
|