Факты пацвердзiлiся. Звалка будзе лiквiдавана
Сяргей РАСОЛЬКА
«Гарачы» тэлефон «Звязды» 287-17-41 Iван Iванавiч Жук паскардзiўся на праблему, якая ўжо пэўны час турбуе жыхароў вёскi Дзярэчынцы Стаўбцоўскага раёна. Справа ў тым, што ў межах населенага пункта ёсць вялiкi кар’ер. Яго пераўтварылi ў своеасаблiвы сметнiк — звозiлi ўсё непатрэбнае з усёй акругi. Колькi часу мясцовых жыхароў ён асаблiва не турбаваў. Аднак пакрысе, з запаўненнем кар’ера, людзi пачалi адчуваць усе адмоўныя бакi такога «суседства». У прыватнасцi, смецце пачало вывальвацца ўжо на людскiя соткi, што размешчаны побач, пра пахi, як кажуць, памаўчым...Увосень вяскоўцы звярнулiся да старшынi мясцовага сельскага Савета, маўляў, трэба прымаць нейкiя меры. Той паабяцаў, што з дапамогай трактароў сметнiк будзе засыпаны. Аднак мiнуў час, а ўсё засталося па-ранейшаму. Факты, выкладзеныя чытачом, па просьбе рэдакцыi з выездам на месца праверыла выконваючая абавязкi загадчыка аддзялення гiгiены Стаўбцоўскага раённага цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii Наталля Рык. Яны пацвердзiлiся, як паведамiлi нам у афiцыйным адказе за подпiсам галоўнага дзяржаўнага санiтарнага ўрача Стаўбцоўскага раёна Георгiя Шляхцiчава: «У колiшнiм кар’еры праводзiлася складзiраванне цвёрдых бытавых адходаў, а ўшчыльненне i iзаляцыя iх была несвоечасовай з-за адсутнасцi транспарту. На старшыню Варацiшчанскага сельсавета складзены пратакол аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi. Вынесена пастанова аб лiквiдацыi звалкi № 38 ад 03.05.2006 г. Варацiшчанскiм сельсаветам заключаны дагавор з КУП «Даррамбуд № 135» ад 20.04.2006 г. № 03/01 на правядзенне работ па захараненню звалкi». Як дадаткова патлумачыла ў тэлефоннай размове Наталля Рык, сiтуацыя з кар’ерам ускладнiлася менавiта за зiму, да таго ж у сельскiм Савеце змянiўся старшыня. Што датычыцца самога факта размяшчэння звалкi ў вёсцы, нават без скаргi чытача работнiкi санэпiдэмслужбы ўсё роўна выявiлi б гэтае месца ў блiжэйшы час, паколькi на трэцi чацвер месяца была запланавана адпаведная рэйд-праверка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Iван Iванавiч Жук паскардзiўся на праблему, якая ўжо пэўны час турбуе жыхароў вёскi Дзярэчынцы Стаўбцоўскага раёна
|
|