«Модна i годна», — так ацанiла выступленне сваёй каманды на «Еўрабачаннi-2006» Палiна СМОЛАВА
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Па гарачых слядах Афiцыйныя вынiкi мiжнароднага конкурсу песнi «Еўрабачанне» сёлета не радуюць: перадапошняе месца ў паўфiнале. Аднак крытыкаваць збоку i «заднiм розумам» заўжды лёгка. Сама ж прадстаўнiца Беларусi, Палiна Смолава, сваё выступленне няўдачай не лiчыць i сцвярджае: «Мы выглядалi стыльна, модна i годна». Пра асабiстыя ўражаннi ад «Еўрабачання-2006» i творчыя планы спявачка расказала ўчора на брыфiнгу журналiстам.— Я рада, што паехала прадстаўляць краiну менавiта ў гэтым годзе, бо летась, магчыма, была не зусiм гатовая да такога кроку. Магу сказаць, што сваiм выступленнем, а таксама працай усёй маёй каманды, ад стылiста да бэк-вакалу, ад дызайнера да падтанцоўкi, я задаволена, — адзначае Палiна. А няўдача — гэта калi ты апынуўся ў дзесятцы, i нiхто не можа зразумець, што ты там робiш. Вось у фiнаў класная была песня, так? А хто-небудзь зможа зараз напець? Нагадаем, у склад беларускай дэлегацыi ўваходзiла 13 чалавек — у параўнаннi нават з блiжэйшымi суседкамi Расiяй i Украiнай гэта вельмi сцiплая лiчба. Дый тое не абышлося без арганiзацыйных накладак: напрыклад, стылiст Лалiта Угуран-Тумiловiч спала на раскладушцы ў пакоi падтанцоўкi (больш не знайшлося месцаў), а апошнюю ноч беларусы ўвогуле правялi на лавачках у аэрапорце. Пасля вяртання высветлiлася, што адзiн з чамаданаў спявачкi, з сувенiрамi i падарункамi, згубiўся ў Чэхii — яго вярнулi толькi пазаўчора... «Не ведаю, чаму так атрымалася, — разводзiць рукамi Палiна. — Але мы ўсе зацiкаўлены ў тым, каб у наступным годзе не сутыкацца з падобнымi праблемамi. I я са свайго боку гатова «даць майстар-клас», расказаць, куды варта iсцi, што апранаць, як паводзiць сябе з прэсай». Свой майстар-клас, праўда, па танцах, даў харэограф Сяргей Епiхаў — на грэчаскай «Фабрыцы зорак» i непасрэдна на брыфiнгу. Беларуская падтанцоўка атрымала на «Еўрабачаннi» ўзнагароду за лепшую харэаграфiю — але балет вырашыў аддаць прыз Палiне як лепшай спяваючай вакалiстцы. Сама ж Палiна, паводле прызнання аргкамiтэта, увайшла ў пяцёрку самых сэксуальных i стыльных выканаўцаў. У жнiўнi спявачка запрошана з выступленнямi ў Грэцыю, ёсць таксама прапановы на кантракты ад Iспанii i Германii, дамоўленасцi з Лiтвой, Латвiяй, Фiнляндыяй... На ток-шоу «Выбар», якое адбылося нядаўна, у чарговы раз высветлiлася, што ўсе ў нас разумеюць: выступаць трэба было не так. А як правiльна — чамусьцi нiхто не гаворыць... — Я згодна з меркаваннем, што ў нас празмерна сур’ёзна ўспрымаюць «Еўрабачанне», — накручвае сябе Палiна. — Занадта многа пафасу. Так, гэта прэстыжны конкурс, мегаконкурс, але ён не самы важны i галоўны ў жыццi! — Палiна, не ўзнiкала жадання сказаць крытыкам: «Калi вы такiя разумныя, едзьце самi»? — А я так i кажу. Кажуць, песня была не тая. Можа, i голас у мяне «не той», i я сама «не тая»? Чаму ж не знайшлося ў нас кампазiтара, якi напiсаў бы «тую» песню? I чаму нам давялося як быццам загладжваць вiну, ламаць стэрэатыпы пасля ўдзелу Анжэлiкi Агурбаш, паказваць, што мы добразычлiвыя i адкрытыя для стасункаў? — «Еўрабачанне» адметнае сярод iншых конкурсаў тым, што прымаць удзел у iм можна не аднойчы i, як паказаў вопыт мальтыйскай спявачкi К’яры, удаецца палепшыць вынiк. Вы паспрабуеце свае сiлы яшчэ раз? — Пакуль што я не гатова адказаць на гэта пытанне, занадта многа ўсяго навалiлася. Але магу сказаць, што, калi мы ад’язджалi з Грэцыi, прадстаўнiкi аргкамiтэта двойчы падыходзiлi i гаварылi, што яны будуць рады бачыць мяне ў наступным годзе на «Еўрабачаннi». Я не ведаю яшчэ, як гэта расцэньваць, але факт быў... — Вярнемся да таго, што ў Беларусi занадта сур’ёзна ставяцца да гэтага конкурсу. Вы гатовы былi б зрабiцца несур’ёзнай, памяняць iмiдж (я не маю на ўвазе, канешне, касцюмы фiнаў), паказацца не сэксуальнай, а забаўнай, напрыклад, начапiць заечыя вушкi? — Не, заечыя вушкi — гэта для мяне, вiдаць, занадта, — смяецца Палiна, у той час як яе харэограф Сяргей Епiхаў горача вiтае iдэю. — Лепш бы апранула маску. Увогуле, людзi, якiя са мной працуюць, пацвердзяць, што я заўжды гатова эксперыментаваць, мяняцца, нават паводзiць сябе крыху па-вар’яцку — у плане iмiджу, стылю, рэпертуару... Гатоўнасць мяняцца Палiна прадэманструе ўжо сёння — на фестывалi авангарднага мастацтва «Мамант». Спявачка выступiць у якасцi мадэлi; напрыклад, вядома, што яна пакажацца ў сукенцы з мноствам ланцугоў... З 1 па 5 чэрвеня спявачка накiруецца ў Албанiю — прэзентаваць на мiжнародным фестывалi клiп «Мама». Вельмi хоча як мага хутчэй выпусцiць новы альбом — спадзяецца прадставiць яго ўжо ў лiпенi, а разам з тым i клiп на песню «Сайт адзiноты». У Палiны Смолавай зараз пачынаецца, як ахрысцiлi яго выканаўцы, «жыццё пасля Еўрабачання». А ў Беларусi ўвосень павiнна пачацца падрыхтоўка да наступнага сезона. Калi нарэшце скончыцца «разбор палётаў».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Афiцыйныя вынiкi мiжнароднага конкурсу песнi «Еўрабачанне» сёлета не радуюць: перадапошняе месца ў паўфiнале. Аднак крытыкаваць збоку i «заднiм розума
|
|