Дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю «Амкадор-Можа» (г. Крупкi) Генадзь СЕЛIШЧАЎ
Анатоль МЯСНIКОЎ
«СПРАВА НУМАР АДЗIН НА БЛIЖЭЙШЫЯ ПЯЦЬ ГАДОЎ — ВЫКАНАННЕ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПРАГРАМЫ ПА ПАСТАЎЦЫ ЗЕРНЕСУШЫЛЬНАГА АБСТАЛЯВАННЯ»
САМАЕ ВАЖНАЕ ДАРУЧЭННЕ Падчас знаходжання на прадпрыемстве мы ўвачавiдкi пераканалiся: тут працуе зладжаны i здольны калектыў. Нi ў цэхах i на ўчастках, нi на тэрыторыi, а тым больш — у канторы — не заўважыш мiтуснi, беспарадку, не сустрэнеш людзей староннiх, як кажуць, — выпадковых. А ў размовах з людзьмi яшчэ больш упэўнiлiся: кожны з працаўнiкоў таварыства — на сваiм месцы, кожны не проста працуе, а спаўна аддае сваёй справе веды, вопыт, майстэрства. Калi мы падзялiлiся сваiмi ўражаннямi з дырэктарам Крупскага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Амкадор-Можа» Генадзем Селiшчавым, рэакцыя яго была самай звычайнай. Маўляў, а iнакш i быць не можа: справу ж робiм вялiкай дзяржаўнай важнасцi... Ягонай энергii, арганiзаванасцi, iнiцыятыўнасцi i разваротлiвасцi можна толькi пазайздросцiць. Заўсёды стрыманы, разважлiвы i памяркоўны, Генадзь Анатольевiч карыстаецца вялiкай павагай i аўтарытэтам i сярод падначаленых, i сярод вышэйстаячага кiраўнiцтва. Вырашае Селiшчаў тое цi iншае пытанне — аперыруе довадамi i аргументамi ўзважанымi i пераканаўчымi... Выступае на нарадзе цi «пяцiмiнутцы» — сутнасць праблем выкладае сцiсла i без адхiленняў... Гаворыць са звычайным наведвальнiкам цi па тэлефоне з кiм-небудзь з клiентаў — зноў жа практычна нiводнага «лiшняга» слова... Тых жа пытанняў i праблем, нарад i абмеркаванняў, сустрэч i рашэнняў толькi на працягу аднаго працоўнага дня не адзiн дзесятак! А яшчэ Генадзь Селiшчаў — цiкавы субяседнiк. Яго выказваннi i разважаннi заўсёды правераныя на практыцы, у штодзённым жыццi. I словы на вецер ён не кiдае: калi штосьцi паабяцаў, у нечым упэўнiўся сам, — зробiць аператыўна i дакладна. Калi ж што-кольвечы ўпусцiць, за мiтуснёй проста не паспее зрабiць у час, — папросiць прабачэння i тут жа давядзе справу да канца... Яго калегi засведчылi: Генадзь Анатольевiч працуе па 12—15 гадзiн у суткi. I пры гэтым працалюбiвасць i працаздольнасць кiраўнiка не тое што не змяншаецца цi «астывае», а наадварот: павялiчваецца, сталее, становiцца яшчэ больш эфектыўнай. I так — з дня ў дзень, з тыдня ў тыдзень, з месяца ў месяц: вось ужо на працягу 12 гадоў! Сярод штохвiлiнна патрэбных папер, акуратна складзеных на дырэктарскiм стале, адзiн дакумент, без усялякага сумнення, мае першы парадкавы нумар. Гэта — Пратакол даручэнняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь А. Лукашэнкi, дадзеных 25—26 красавiка 2006 года падчас рабочай паездкi ў Гомельскую вобласць. Дакумент, як i заўсёды, невялiкi па памеры (дзве з паловай старонкi), аднак канкрэтны (усяго дзесяць пунктаў) i дзелавы. Пад нумарам 6 у Пратаколе запiсана: «Мiнсельгасхарчу, Мiнпраму забяспечыць, пачынаючы з 2007 года, пастаўку сельскагаспадарчым арганiзацыям рэспублiкi зернесушыльнага абсталявання айчыннай вытворчасцi адкрытага акцыянернага таварыства «Амкадор», выключыўшы набыццё аналагiчнага iмпартнага абсталявання...» Паказаўшы нам дакумент, Генадзь Селiшчаў тут жа коратка пракаментаваў яго: — Падчас наведвання раёнаў, пацярпелых ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС, у прыватнасцi, у Брагiне, пазнаёмiўшыся з нашай зернесушылкай, Аляксандр Рыгоравiч Лукашэнка высока ацанiў яе i тут жа даў неадкладнае даручэнне ў самы блiжэйшы час наладзiць серыйны выпуск iх. Заданне, як бачыце, не толькi канкрэтнае i тэрмiновае, але i адказнае, дзяржаўнай важнасцi... I мы адразу ж прыступiлi да яго выканання! ... Выслухаўшы нашы намеры, пытаннi i магчымыя накiрункi асвятлення жыццядзейнасцi калектыву прадпрыемства, Генадзь Селiшчаў i тут прадэманстраваў свае, асаблiвыя, падыходы да размеркавання абавязкаў памiж сваiмi калегамi — кiраўнiкамi вытворчых падраздзяленняў. Так i сказаў: «Я пазнаёмлю вас з агульнай сiтуацыяй у калектыве, яго планамi i перспектывамi. Тэхнiчны дырэктар—галоўны iнжынер Валерый Iсакавiч Дубман, наколькi трэба, раскажа аб тэхнiчным становiшчы i тэхналагiчных працэсах на прадпрыемстве, а намеснiк дырэктара па эканомiцы i выхаваўчай рабоце Мiхаiл Вiктаравiч Бранцэвiч прадставiць вам нашых людзей...» I мы, што называецца, ударылi па руках! Без раскачкi — у заўтрашнi дзень Калi казаць аб колькасным саставе работнiкаў прадпрыемства, дык яно па памерах — сярэдняе. Касцяк «Амкадора-Можы» — 220 рабочых, iнжынерна-тэхнiчных работнiкаў i служачых. Твар жа яго, як зазначыў Генадзь Селiшчаў, — газаэлектразваршчыкi i станочнiкi (iх прыкладна па 50 чалавек), слесары механазборачных работ i вадзiцелi: першых каля 70-цi, другiх — 20. Падчас выканання асноўных работ — прыкладна з красавiка i да кастрычнiка-лiстапада — кiраўнiцтва набiрае да 30 сезонных работнiкаў. Дарэчы, менавiта ў гэты час прадпрыемства працуе ў дзве змены i па сутнасцi — без выхадных. — I кiраўнiцтва прадпрыемства, i самi работнiкi выдатна разумеюць: iнакш нельга, бо сельскагаспадарчая вытворчасць рэспублiкi з такiм нецярпеннем i надзеяй чакае нашу прадукцыю, — зазначае Генадзь Анатольевiч. — Таму кожны з нас на сваiм рабочым месцы iмкнецца шчыраваць з поўнай аддачай сiл, ведаў i майстэрства. Дарэчы, работнiкi не ў крыўдзе: сярэдняя заработная плата склала летась 560 тысяч рублёў, а ўжо ў красавiку гэтага года — 600 тысяч. Скажу больш: у летне-асеннiя месяцы газаэлектразваршчыкi i слесары атрымлiваюць i па 1—1,5 мiльёна рублёў! Фармiраванне i станаўленне калектыву «Амкадора-Можы» адбылося, як кажуць, на вачах i пры самым непасрэдным удзеле Генадзя Селiшчава. У калектыве ён — з 1994 года. Пасля сканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагiчнага унiверсiтэта прыйшоў сюды майстрам. Праз тры гады малады здольны i iнiцыятыўны спецыялiст быў прызначаны начальнiкам цэха, яшчэ праз столькi ж часу — намеснiкам дырэктара. Якраз тады былая Крупская райаграпрамтэхнiка «ператваралася» ў цяперашнi «Амкадор-Можу», i тагачасны кiраўнiк прадпрыемства Рыгор Мiкалаевiч Толкач, якi стаяў каля вытокаў яго рэарганiзацыi, бачыў у Генадзю Анатольевiчу не толькi свайго баявога памочнiка i намеснiка, але i пераемнiка на пасадзе дырэктара... Тры з паловай гады назад Г. Селiшчаў i стаў новым кiраўнiком пасутнасцi новага вытворчага калектыву. — Назваць яго выключна новым, вядома ж, нельга, — не пагаджаецца ён з намi. — Добрая палавiна калектыву засталася з саставу ранейшай райаграпрамтэхнiкi, а другая частка сфармiравана ўжо потым. Станаўленне ж, першая праверка здольнасцяў работнiкаў новага прадпрыемства адбылася ўжо на нашых вачах... Хаця, уласна кажучы, гэты працэс працягваецца i зараз. У прыватнасцi, у самы блiжэйшы час нам трэба стварыць спецыяльны вытворча-дыспетчарскi аддзел, якi будзе каардынаваць як дзейнасць цэхаў, так i пастаўкi — перш за ўсё металу i новага тэхнiчнага i тэхналагiчнага абсталявання. Сапраўды, сёння вытворча-тэхналагiчная дзейнасць прадпрыемства ўступае, па сутнасцi, у новы этап. У вынiку атрымання падтрымкi з боку кiраўнiцтва рэспублiкi, «Амкадор-Можа» пераходзiць ад ранейшых работ — перааснашчэння дзеючых зернесушыльных комплексаў — да практычнага ажыццяўлення Дзяржаўнай праграмы па пастаўцы сельскай гаспадарцы Беларусi айчыннага зернесушыльнага абсталявання. Генадзь Селiшчаў працягвае: — Гэта прадукцыя сёння вельмi i вельмi запатрабавана! У рамках Дзяржаўнай праграмы, разлiчанай на 2006—2010 гады, мы i пачынаем серыйны выпуск зернесушыльных комплексаў. Спачатку iх магутнасцi разлiчаны на 15 тон зерня ў гадзiну, а ўжо ў недалёкай перспектыве тут, у Крупках, пачнецца выпуск i больш магутных. Так, ужо сёлета прадпрыемства павiнна зманцiраваць 25 комплексаў: з iх 15 штук — неадкладна, да пачатку ўборкi ўраджаю бягучага года. У згаданай кiраўнiком прадпрыемства Дзяржаўнай праграме прадугледжаны поўны адказ ад набыцця i выкарыстання ў айчыннай сельскагаспадарчай вытворчасцi iмпартнага абсталявання. Такiм чынам, вiдавочна: нарошчванне аб’ёмаў выпуску яго, павелiчэнне магутнасцяў комплексаў будзе значным i проста неадкладным. На Крупскiм ТАА «Амкадор-Можа» да гэтага, як мы пераканалiся, практычна гатовы. Неўзабаве, напрыклад, будзе праведзены тэндар па выпуску дваццацi-, трыццацi- i саракатонных агрэгатаў. — I мы гэта абавязкова ажыццявiм! — перакананы Генадзь Селiшчаў. — Думаю, i па якасцi, i па надзейнасцi наша абсталяванне для перапрацоўкi зерня будзе адпавядаць самым сучасным патрабаванням, а па колькасцi вырабаў прадпрыемства стане неўзабаве вядучым у Рэспублiцы Беларусь... Дарэчы, ужо ў наступным, 2007 годзе, мы павiнны закрыць Дзяржаўную праграму па пастаўцы зернесушыльных комплексаў амаль што напалавiну... Як, якiм чынам будзе гэта ажыццяўляцца? Аб гэтым — нiжэй, з iншых вуснаў i «крынiц»... Арыенцiры — эканомiя i беражлiвасць Расказвае Валерый ДУБМАН — тэхнiчны дырэктар—галоўны iнжынер ТАА «Амкадор-Можа»: — Увайшоўшы ў 1992 годзе ў састаў канцэрна «Амкадор» на правах даччыннага прадпрыемства, мы адразу ж, без раскачкi, пачалi, так бы мовiць, шукаць сваё месца ў вытворчым канвееры рэгiёна i рэспублiкi. Аб’ёмы рамонтных i тэхнiчнаабслуговых работ, якiя ажыццяўляла ранейшая райаграпрамтэхнiка, скарацiлiся, i мы павiнны былi заняць нейкую iншую нiшу. Спачатку мелi намер выпускаць дарожна-будаўнiчыя каткi, якiя да таго часу ў Беларусi не выраблялiся i попыт на iх быў бы. Канцэрн «Амкадор» пачаў аснашчаць нашу вытворчасць абсталяваннем менавiта для выпуску гэтых каткоў. Аднак ужо з 1995 года мы пачалi вырабляць зусiм новае, зернесушыльнае абсталяванне, у прыватнасцi, зернесушылкi. Патрэба ў апошнiх, дарэчы, таксама была вялiкая: на пераважнай большасцi з 5 тысяч збожжасушыльных такоў рэспублiкi абсталяванне ў той час было ўстарэлае i фiзiчна зношанае. Разам з вышэйстаячым кiраўнiцтвам мы i з’арыентавалiся на вытворчасць гэтага абсталявання. Яна i стала для нашага прадпрыемства пераважнай: зараз у агульным аб’ёме вытворчасцi выраб зернесушыльнага абсталявання складае каля 70 працэнтаў. Акрамя яго «Амкадор-Можа» выпускае i iншыя механiзмы i прыстасаваннi для патрэб сельскай гаспадаркi нашай рэспублiкi. Гэта, у прыватнасцi, 12 найменняў навесак для пагрузчыкаў: стагакiдаў i стагавозаў, кранаў для пагрузкi лесу, сiласу i сенажу, прыстасаванняў для ўборкi камення, а таксама катлы для ацяплення бытавых памяшканняў. А пачынаючы з 2000 года, сумесна з Беларускiм нацыянальным тэхнiчным унiверсiтэтам i навукова-даследчым Iнстытутам механiзацыi сельскай гаспадаркi, тут наладзiлi выраб цеплагенератараў магутнасцю ад 500 кiлават i больш. За пяць гадоў iх выраблена каля 100 штук, а зараз сумесна са спецыялiстамi Мазырскага завода «Сельмаш» «Амкадор» працуе над распрацоўкай новага генератара магутнасцю 1,5 мегавата. Аднак зараз у адпаведнасцi з Дзяржаўнай праграмай ва ўзмоцненым рэжыме мы пераходзiм да выпуску зернесушыльнага абсталявання. Нашы комплексы могуць працаваць на розных вiдах палiва: дызельным, прыродным газе, мясцовых вiдах палiва. Гэтаму аспекту, як вядома, вялiкую ўвагу надае кiраўнiцтва рэспублiкi: эканомiя i беражлiвасць падчас перапрацоўкi зерневых культур павiнна быць на першым плане. Таму з запланаваных на сёлетнi год 25 комплексаў па заяўках гаспадарак палавiна будуць зманцiраваны для работы на мясцовых вiдах палiва. Разлiчваем, што i надалей колькасць такiх заявак будзе павялiчвацца, таму зараз мы працуем над павелiчэннем магутнасцi цеплагенератара, аб чым было сказана вышэй. Паляпшэнню якасных паказчыкаў выпускаемага намi абсталявання паспрыяюць i iншыя мерапрыемствы i захады, што ажыццяўляем мы непасрэдна на сваiм прадпрыемстве. У прыватнасцi, набыта ўжо машына плазменнага рэзання металу, якая з надзвычай высокай дакладнасцю кроiць металiчны лiст. Сёлета ж купiм спецыяльны лiстагiб з лiчбавым праграмным кiраваннем, якi дазволiць рабiць загатоўкi дэталяў вельмi якаснымi. Пры вырабе комплексаў выкарыстоўваем ацынкаваную сталь, што таксама спрыяе паляпшэнню iх надзейнасцi i даўгавечнасцi, знешняга выгляду абсталявання. Маем намер расшырыць iнспекцыю па якасцi, укаранiць сiстэму менеджменту якасцi. Такiм чынам, перааснашчэнне вытворчасцi з мэтай выпуску сучасных зернесушыльных комплексаў вядзём актыўна i мэтанакiравана. Летась на гэту справу было выдаткавана каля 800 мiльёнаў рублёў. Асвойваем i новыя вiды прадукцыi. Са жнiўня будзем пастаўляць снегаачышчальныя машыны, рыхтуем дакументацыю на вытворчасць камбiкормавых мiнi-заводаў магутнасцю да 5 тон прадукцыi ў гадзiну. У перспектыве пабудуем фарбавальную камеру, расшырым цэх па вырабу прыстасаванняў для зернесушыльнага комплексу. Набыта таксама кам’пютарная тэхнiка для заводскiх службаў, прайшлi перападрыхтоўку тры тэхнолагi. Дарэчы, у нас востра паўстала праблема недахопу высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў, i «Амкадор-Можа» ўжо ў самы блiжэйшы час мае намер пачаць iх падрыхтоўку за ўласныя сродкi... Ужо ў гэтым годзе пабудуем уласны вучэбна-выпрабавальны цэнтр, дзе будзем пастаянна праводзiць удасканаленне тэхнiкi, падрыхтоўку абслуговага персаналу. Поспех вырашаюць людзi За штодзённымi пытаннямi i клопатамi, вырашэнне якiх, як мы пераканалiся, патрабуе вялiкай энергii i напружання, на прадпрыемстве не забываюць i пра тых, хто штодзённай працай, шчыраваннем на рабочых месцах забяспечвае галоўнае — выкананне тых заданняў, задум i планаў, што стаялi i стаяць перад калектывам. Генадзь Селiшчаў так i сказаў нам: «Пра нашых людзей скажыце добрае слова абавязкова!»... А пазнаёмiць нас з iмi Генадзь Анатольевiч даручыў яшчэ аднаму свайму баявому памочнiку i аднадумцу — намеснiку дырэктара па эканомiцы i выхаваўчай рабоце Мiхаiлу Бранцэвiчу: — Шкада, што няма магчымасцi пералiчыць калi не ўсiх нашых працаўнiкоў, дык хоць бы палавiну, — з ноткамi суму i жарту адначасова сказаў Мiхаiл Вiктаравiч. — Паверце: яны гэтага заслугоўваюць! Першае, што трэба адзначыць: у адмiнiстрацыi прадпрыемства «сабралiся» насамрэч аднадумцы, вопытныя, таленавiтыя кiраўнiкi. Акрамя В. Дубмана i М. Бранцэвiча, гэта намеснiк дырэктара па вытворчасцi Юрый Шыла, начальнік тэхнічнага адзела Генадзь Кляцко, начальнiк аддзела матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння i збыту Эдуард Закрэўскi, начальнiкi цэхаў Анатоль Глiннiк, Мiхаiл Белiкаў, Сяргей Ерахавец i Мiкалай Купрыянаў. Шмат i з ахвотай расказвалi нам пра набыткi ў працы, высокае прафесiянальнае майстэрства i поўную самааддачу на вытворчасцi зваршчыкаў В. Яраша, У. Кандраценкi, В. Арцюха, А. Аверына, слесараў Г. Барадача, П. Вусiка, У. Асташкi, Ю. Басiстага, токара В. Зiнкевiча, вадзiцеля В. Мiгаля... А колькi сiл i ведаў аддалi вытворчасцi прадстаўнiкi вялiкай дынастыi Вецярцовых! Шмат дзесяцiгоддзяў назад тут пачынаў свой працоўны шлях Нiкiфар Вецярцоў, потым працавала жонка яго сына Мiкалая, пасля яе — унукi Уладзiмiр i Вiталь. Тры пакаленнi: гэта вам не жарт! — З такiмi людзьмi мы пойдзем далей — да новых набыткаў! — упэўнена сказаў нам на развiтанне Генадзь Селiшчаў. А мы ў сваю чаргу ў гэтым нiколькi не сумняваемся!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«СПРАВА НУМАР АДЗIН НА БЛIЖЭЙШЫЯ ПЯЦЬ ГАДОЎ — ВЫКАНАННЕ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПРАГРАМЫ ПА ПАСТАЎЦЫ ЗЕРНЕСУШЫЛЬНАГА АБСТАЛЯВАННЯ»
|
|