Спецыфiка пасады старшынi
Наталля КАРПЕНКА
ТЭМА ДНЯ Ацэнка грамадзянамi агульнага стану краiны, эфектыўнасцi ўсёй сiстэмы дзяржаўнага кiравання пачынаецца, як правiла, з ацэнкi мясцовых органаў улады. Людзей у першую чаргу хвалюе: як рухаюцца справы ў тым населеным пункце, дзе яны жывуць, у тых структурах улады, куды яны ў першую чаргу звяртаюцца...Удасканаленню работы органаў мясцовага кiравання i самакiравання менавiта пярвiчнага звяна ў блiжэйшы час павiнна быць нададзена першаступенная ўвага. Такое меркаванне выказаў на нарадзе, прысвечанай павышэнню ролi органаў улады пярвiчнага ўзроўню ў вырашэннi праблем жыццезабеспячэння насельнiцтва, прэзiдэнт краiны. Падчас нарады дэтальна абмяркоўваўся i праект указа аб зацвярджэннi Палажэння аб старшынi сельскага, пасялковага, гарадскога (горада раённага падпарадкавання) выканаўчага камiтэта. Сваiмi думкамi аб некаторых момантах новага дакумента падзялiўся з нашай газетай мiнiстр юстыцыi Рэспублiкi Беларусь Вiктар ГАЛАВАНАЎ. — На нарадзе ў прэзiдэнта 18 мая, дзе вы таксама прысутнiчалi, быў абмеркаваны праект указа, якi прадугледжвае прыняцце Палажэння аб старшынi сельскага, пасялковага, гарадскога (горада раённага падпарадкавання) выканаўчага камiтэта. Чаму, на ваш погляд, наспела неабходнасць у прыняццi такога дакумента? — У рэспублiцы дзейнiчае стройная сiстэма выканаўчай улады: урад, аблвыканкамы, гар(рай)выканкамы i пасялковыя, сельскiя выканкамы, мясцовыя адмiнiстрацыi. Выканаўчай уладзе адпавядае сiстэма прадстаўнiчых дзяржаўных органаў: абласныя, гарадскiя, раённыя, сельскiя i пасялковыя саветы дэпутатаў. Прыняты i дзейнiчае базавы Закон «Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь», якi рэгулюе як дзейнасць выканаўчых органаў на месцах, так i дзейнасць адпаведных саветаў. Указамi кiраўнiка дзяржавы былi зацверджаны Палажэннi аб старшынi абласнога (Мiнскага гарадскога) выканкама i Палажэнне аб старшынi раённага, гарадскога выканкама. Неабходнасць прыняцця указа кiраўнiка дзяржавы аб зацвярджэннi Палажэння аб старшынi сельскага, пасялковага, гарадскога (горада раённага падпарадкавання) выканкама прадыктавана тым, што Закон «Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь» быў прыняты больш за 15 гадоў таму, яшчэ ў часы СССР. I хоць у яго перыядычна ўносiлiся змяненнi, тым не менш, ён у пэўнай ступенi патрабуе перагляду. Акрамя таго, у адрозненне ад раённага i абласнога ўзроўняў, на пярвiчным (пасёлкi, вёскi, гарады раённага падпарадкавання) адсутнiчала прававое рэгуляванне дзейнасцi выканаўчага органа. I, нарэшце, у апошнi час прыняты шэраг прававых актаў прэзiдэнта, якiя карэнным чынам павысiлi адказнасць кiраўнiкоў улады пярвiчнага ўзроўню за стан спраў на падведамаснай тэрыторыi: зацверджана Дзяржаўная праграма адраджэння i развiцця вёскi на 2005—2010 гады, вырашаны пытаннi, звязаныя з адчужджэннем жылых дамоў у сельскiх населеных пунктах, прыняты меры па ўпарадкаванню i скарачэнню колькасцi пустуючых i старых дамоў, даручана скарацiць колькасць не завершаных будаўнiцтвам незакансерваваных жылых дамоў, дач, у тым лiку ў сельскай мясцовасцi. З улiкам сказанага, кiраўнiком дзяржавы i была пастаўлена задача падрыхтаваць Палажэнне аб старшынi сельскага, пасялковага, гарадскога (горада раённага падпарадкавання) выканаўчага камiтэта. — У чым адрозненне гэтага дакумента ад iншых нарматыўных прававых актаў, якiя датычацца сiстэмы мясцовага кiравання i самакiравання? Якiя моманты ён адлюстроўвае? — Падрыхтаваны праект указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь упершыню на заканадаўчым узроўнi вызначыў прававы статус старшынi сельскага, пасялковага, гарадскога (горада раённага падпарадкавання) выканаўчага камiтэта, яго правы i абавязкi, значна павысiў яго статус i магчымасцi правядзення адзiнай дзяржаўнай палiтыкi на вёсцы. Так, напрыклад, прапануецца прадаставiць яму права прызначаць на пасаду i вызваляць ад пасады кiраўнiкоў арганiзацый, маёмасць якiх знаходзiцца ў камунальнай уласнасцi сельсавета, пасёлка, горада раённага падпарадкавання; прызначаць прадстаўнiкоў дзяржавы ў органах кiравання гаспадарчых таварыстваў, акцыi якiх знаходзяцца ў камунальнай уласнасцi вобласцi, раёна, узгадняць заключэнне кантрактаў з iмi, а таксама ўносiць прапановы аб вызваленнi iх ад пасады. Старшыня сельскага, пасялковага выканкама атрымлiвае права за невыкананне рашэнняў Савета, выканкама ўносiць у райвыканкам прапановы аб вызваленнi ад пасад кiраўнiкоў усiх дзяржаўных арганiзацый. Прапануецца прадаставiць яму права каардынаваць работу ўсiх органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання на падведамаснай тэрыторыi, арганiзоўваць правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з дзяржаўнымi святамi, святочнымi днямi i памятнымi датамi. У новым дакуменце канкрэтызавана яго права на рэгiстрацыю актаў грамадзянскага стану, выкананне натарыяльных дзеянняў i шэраг iншых. У цэлым праект накiраваны на ўзмацненне ролi кiраўнiка сельскага, пасялковага выканаўчага камiтэта, павышэнне эфектыўнасцi ўзаемадзеяння органаў мясцовага кiравання i самакiравання. — Наколькi дакладна ў новым дакуменце вызначаны правы i функцыянальныя абавязкi старшынi сельвыканкама? — Правы i абавязкi старшынi сельскага, пасялковага, гарадскога (горада раённага падпарадкавання) выканкама ў праекце указа вызначаны дастаткова дакладна i дастаткова дакладна сбалансаваны. Па сутнасцi можна гаварыць, што ў старшынi будзе роўнасць правоў i абавязкаў. Iнакш i не можа быць, бо ён з’яўляецца праваднiком дзяржаўнай улады на месцах: у вёсках, пасёлках. Менавiта ад яго як ад прадстаўнiка ўлады залежыць рэалiзацыя дзяржаўнай палiтыкi ў тым цi iншым пытаннi, а таксама ўзровень даверу сельскага насельнiцтва да дзяржаўнай палiтыкi. Спецыфiка гэтай дзяржаўнай пасады заключаецца яшчэ i ў тым, што старшыня прадстаўляе адзiнства дзвюх улад: выканаўчай i прадстаўнiчай. — Як у такiм выпадку будзе назначацца старшыня выканкама пярвiчнага ўзроўню? Праектам прапануецца дадаткова ўзгадняць кандыдатуры такiх асоб са старшынёй раённага выканаўчага камiтэта. А калi апошнi не пагодзiцца з прапанаванымi кандыдатурамi? Або дэпутаты не пагодзяцца з кандыдатурай, прапанаванай старшынёй райвыканкама? — Старшыня выканкама пярвiчнага ўзроўню выбiраецца дэпутатамi адпаведнага Савета. Кандыдатуру на гэту пасаду ўносяць як самi дэпутаты, так i старшыня адпаведнага райвыканкама. Гэта дастаткова дэмакратычная працэдура яшчэ раз падкрэслiвае, што старшыня выканаўчага камiтэта з’яўляецца адначасова па пасадзе старшынёй адпаведнага Савета дэпутатаў — сельскага, пасялковага, гарадскога (горада раённага падпарадкавання). У праекце спецыяльна замацавана, што як прадстаўнiк выканаўчай улады старшыня ў сваёй дзейнасцi падпарадкаваны i падкантрольны Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь i вышэйстаячым выканаўчым органам. А па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыi Савета, падпарадкаваны адпаведнаму Савету. Узровень дысцыплiны i павагi да ўлады ў нашай дзяржаве такi, што дэпутаты павiнны падтрымаць кандыдатуру, якую ўносiць старшыня райвыканкама. Разам з тым, праект не дае адказу на пытанне, што рабiць, калi кандыдатура, унесеная старшынёй раённага выканаўчага камiтэта, не будзе падтрымана дэпутатамi. Тут магчымы розныя варыянты: паўторнае ўнясенне гэтай цi iншай кандыдатуры, пагаджальная нарада старшынi райвыканкама i прадстаўнiкоў дэпутатаў, асабiстае назначэнне старшынi сельскага выканкама старшынёй райвыканкама пасля другой адмовы ў зацвярджэннi, роспуск Савета, перанясенне рашэння гэтага пытання ў вышэйстаячы Савет i выканкам. На жаль, спецыялiсты Мiнiстэрства юстыцыi i Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасцi не змаглi ўзгаднiць сваю пазiцыю па гэтаму пытанню з усiмi аблвыканкамамi, абласнымi саветамi i iншымi дзяржаўнымi органамi. У ходзе дапрацоўкi праекта ўказа неабходна будзе вырашыць гэта пытанне з улiкам абмеркавання на нарадзе ў прэзiдэнта, якi падкрэслiў, што ў краiне павiнны быць кiруемасць i належнае дзяржаўнае кiраванне. — Не магу не спытаць аб кантрактах са старшынямi выканкамаў пярвiчнага ўзроўню. Кантракты будуць заключацца ў мэтах павышэння адказнасцi гэтых асоб. Цi мае права старшыня райвыканкама, з якiм павiнен заключыць кантракт старшыня нiзавога звяна, датэрмiнова яго скасаваць? Гэта пытанне вельмi хвалюе старшынь сельвыканкамаў... — Адным з новаўвядзенняў указа з’яўляецца заключэнне кантракта са старшынёй выканкама пярвiчнага ўзроўню. Кантракт будзе заключацца раённым выканаўчым камiтэтам у асобе яго старшынi. Па-першае, заключэнне кантракта цалкам правамернае, бо старшыня выканкама — прадстаўнiк выканаўчай улады. У нашай краiне з усiмi асобамi, якiя займаюць тую цi iншую пасаду, заключаны кантракты — з мiнiстрамi, старшынямi абласных выканкамаў, старшынямi гар(рай)выканкамаў, кiраўнiкамi адмiнiстрацый. Па-другое, кантрактная форма найму распаўсюджана ў многiх развiтых краiнах. Яна накiравана на павышэнне працоўнай i выканаўчай дысцыплiны, стымуляванне зацiкаўленасцi работнiка ў добрасумленным выкананнi службовых абавязкаў. Па-трэцяе, гэта дазволiць узмацнiць вертыкаль дзяржаўнай улады шляхам забеспячэння правядзення адзiнай дзяржаўнай палiтыкi на тэрыторыi кожнай адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай адзiнкi. Паколькi дэпутат сельскага, пасялковага, гарадскога (горада раённага падпарадкавання) выканаўчага камiтэта з’яўляецца дзяржаўным служачым i з iм будзе заключаны кантракт, то i парадак датэрмiновага скасавання кантракта таксама магчымы. У прыватнасцi, кантракт можа быць датэрмiнова скасаваны за невыкананне Канстытуцыi краiны, рашэнняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, законаў, пастаноў Урада, пастаноў судоў, за нанясенне ў сувязi з выкананнем працоўных абавязкаў дзяржаве, прадпрыемствам, грамадзянам iстотнага ўрону (устаноўленага рашэннем суда, якое ўступiла ў законную сiлу), за неаднаразовыя парушэннi ўстаноўленага заканадаўствам парадку разгляду зваротаў грамадзян i г.д. Разам з тым кантракт прадугледжвае i цэлы шэраг працоўных i сацыяльных гарантый. Напрыклад, магчымы дадатковы заахвочвальны водпуск з захаваннем заработнай платы, забеспячэнне павышэння квалiфiкацыi, дадатковыя меры матэрыяльнага i маральнага заахвочвання за дасягненне пэўных паказчыкаў развiцця свайго рэгiёна. Наймальнiк мае права ўключыць i шэраг iншых дадатковых стымулюючых умоў. Тэрмiн дзеяння кантракта ўстанаўлiваецца ў межах тэрмiну паўнамоцтваў Савета, iнакш кажучы, да 4 гадоў. Праектам прапаноўваецца для старшынi выканаўчага камiтэта, якi ўпершыню паступае на дзяржаўную службу, не ўстанаўлiваць папераджальны iспыт. — Цi будуць адлюстраваны ў праекце ўказа палажэннi, якiя датычацца фiнансавання выканкамаў пярвiчнага ўзроўню, вызначэння колькасцi работнiкаў выканкама, крытэрыяў устанаўлення iх заработнай платы? — Падчас абмеркавання праекта на нарадзе ў кiраўнiка дзяржавы было выказана нямала прапаноў па пашырэнню правоў i павышэнню адказнасцi старшынi выканкама пярвiчнага ўзроўню. Справа ў тым, што да гэтага на працягу года дзейнасць сельскiх, пасялковых выканкамаў вывучала камiсiя пад кiраўнiцтвам старшынi Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь Генадзя Васiльевiча Навiцкага, якi выказаў цэлы шэраг канструктыўных прапаноў: па стварэнню, у прыватнасцi, рэспублiканскай структуры пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, якая каардынавала б дзейнасць усiх сельскiх, пасялковых саветаў, па павелiчэнню дзе-нiдзе колькасцi работнiкаў, па дыферэнцыяцыi аплаты працы ў залежнасцi ад колькасцi насельнiцтва на падведамаснай тэрыторыi, па забеспячэнню сродкамi сувязi, аргтэхнiкай, транспартам. Шэраг прапаноў на нарадзе быў выказаны старшынямi сельскiх, пасялковых саветаў, старшынямi гар(рай)выканкамаў, абласных саветаў. Па вынiках абмеркавання кiраўнiк дзяржавы прыняў рашэнне пашырыць сферу дзеяння ўказа, уключыўшы ў яго комплекс пытанняў, якiя дазволяць у максiмальнай ступенi павысiць ролю, значэнне i аўтарытэт старшынь выканкамаў пярвiчнага ўзроўню. — Кiраўнiк краiны даручыў дапрацаваць праект указа да канца гэтага года... Цi будуць улiчвацца падчас дапрацоўкi праекта меркаваннi старшынь сельскiх, пасялковых саветаў? Якая роля адводзiцца iм у правядзеннi дзяржаўнай палiтыкi на вёсцы? — З павышэннем ролi пярвiчнага звяна мясцовых органаў улады актывiзуецца работа па найбольш поўнаму задавальненню просьбаў грамадзян. Многiя пытаннi будуць i павiнны вырашацца на месцы. Прэзiдэнт рэспублiкi засяродзiў увагу на тым, што сельскiя, пасялковыя выканкамы павiнны працаваць перш за ўсё з людзьмi i для людзей. У гэтай сувязi звернута ўвага i на наўрад цi правамерную практыку стварэння пры сельсаветах камунальных прадпрыемстваў па збору малака з насельнiцтва, апрацоўцы ўчасткаў i г.д. Бо магчымасцi для выканання гэтай работы ў тых жа гаспадарах значна шырэйшыя. Прэзiдэнт даручыў таксама вывучыць пытанне фiнансавання выканкамаў пярвiчнага ўзроўню, унесцi прапановы па правядзенню з’езда дэпутатаў саветаў дэпутатаў Рэспублiкi Беларусь. Прэзiдэнт даручыў у распрацоўцы праекта дадзенага прававога акта прымаць удзел не толькi юрыстам, але i шырокаму прадстаўнiцтву старшынь сельскiх, пасялковых, гарадскiх (гарадоў раённага падпарадкавання) выканкамаў, старшыням вышэйстаячых саветаў i выканкамаў, iншым зацiкаўленым дзяржаўным органам, дэпутатам усiх узроўняў. У сувязi з гэтым мы будзем уважлiва адсочваць усе канструктыўныя прапановы па гэтаму пытанню, перш за ўсё, у друкаваных сродках масавай iнфармацыi. Рады будзем атрымаць дзелавыя прапановы, накiраваныя непасрэдна ў Мiнiстэрства юстыцыi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ацэнка грамадзянамi агульнага стану краiны, эфектыўнасцi ўсёй сiстэмы дзяржаўнага кiравання пачынаецца, як правiла, з ацэнкi мясцовых органаў улады
|
|