Прыязджайце ў Халопенiчы!..
Яўген ПЯСЕЦКI
Кожнаму вядома: калi ўзгадваеш паездку ў раней незнаёмае месца — у памяцi найперш паўстае самае незвычайнае, не падобнае на бачанае раней.
Яшчэ раз пераканаўся ў гэтым, калi перагортваў запiсы i разглядаў фотаздымкi, прывезеныя з невялiчкага пасёлка Халопенiчы, што ў Крупскiм раёне. У гэты пасёлак мне параiлi завiтаць, каб расказаць чытачам пра руплiвых людзей, якiя шчыруюць дзеля парадку на зямлi, дадзенай iм лёсам. Пачну з таго самага незвычайнага — са Звароту мясцовай праваслаўнай царквы да сваiх землякоў. Пасля некалькiх цытат з «Закона Божага» пра тое, што прырода з’яўляецца для чалавека галоўнай каштоўнасцю, гучыць заклiк да вяскоўцаў усiх узростаў не пакiдаць смецце на вулiцах i вакол сваiх сядзiб, не «ўпрыгожваць» iх пустымi пакетамi ад цукерак, полiэтыленавым посудам, бо чысцiня прыемная не толькi самiм сабе i гасцям, але i самому Богу! — Нiчога дзiўнага — у гэтым звароце адлюстраваны погляд большасцi нашых землякоў, — тлумачыць старшыня Халопенiцкага пасялковага Савета Мiхаiл Церахаў. — Настаяцель нашай царквы — чалавек вельмi паважаны, ён i свой падворак трымае ў найлепшым выглядзе, i царкоўны двор заўжды ў парадку. Царкву мы пабудавалi нядаўна, але вырасла яна побач з мурамi храма, якi красаваўся з сярэдзiны XIX стагоддзя. А ўвогуле Халопенiчы вядомы з сярэднявечча. Так што гаспадарлiвасць — гэта тое, што нашы землякi атрымалi ў спадчыну ад продкаў. Быць гаспадаром — азначае беражлiва захоўваць дадзенае ў спадчыну. У невялiкiм дагледжаным скверыку насупраць будынка Савета сустрэлiся сведкi розных этапаў гiсторыi пасёлка. Сюды перавезлi помнiк, выраблены ў мiнулым у гонар вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасцi. Непадалёк высiцца статуя — вядомая алегорыя жанчыны-мацi савецкiх часоў. У цэнтры сквера пад зялёнымi шатамi — помнiк паэту Максiму Багдановiчу. Сёлетняя вясна таксама пакiнула свой след у скверы — рознакаляровыя падвясныя вазоны i клумбы, аплеценыя лазой. — Такое зялёнае ўпрыгожванне мы перанялi ў вялiкiх гарадоў, — тлумачыць старшыня пасялковага Савета. Грошай у нашым бюджэце на ўсе задумкi, канешне, не хапае, але з дапамогай мясцовых прадпрыемстваў i арганiзацый плануем у хуткiм часе палепшыць аўтадарогi, водаправод. Галоўныя памочнiкi ў гэтым — калектывы СВК «Халопенiчы», ЭБ «ЭССА», масласырзавод, фiлiял станкабудаўнiчага завода. Мы аднолькава ўважлiва ставiмся да патрэб жыхароў усiх вёсак. Ёсць сярод гэтых населеных пунктаў вялiкiя (пяцьсот жыхароў!), ёсць i маленькiя, з некалькiмi хатамi. Усюды пассавет мае надзейных памочнiкаў — стараст. Гэты давер вяскоўцы аказалi такiм паважаным землякам, як Вольга Шульга, Мiкалай Градзюшка, Марыя Гадлеўская, Фёдар Баярын. Дарэчы, сярод штодзённых вясковых праблем мы асобна выдзяляем тую, што мiжволi «прарастае» ў заўтрашнi дзень. За мiнулы год насельнiцтва навакольных вёсак i нашага пасёлка паменшылася на шэсцьдзесят чалавек: нiзкая нараджальнасць не кампенсуе лiчбу смяротнасцi. Праз пэўны час такая з’ява адаб’ецца на колькасцi працуючага насельнiцтва. У гэтым плане аднолькава важна i будаўнiцтва дамоў для маладых сем’яў, i клопат пра выхаванне падрастаючай дзятвы. Нават стварэнне ў Халопенiчах дзіцячага сацыяльнага прытулку — гэта таксама не толькi дзеля сённяшняга, але i дзеля заўтрашняга дня. Чатырнаццаць хлопчыкаў i дзяўчынак пераехалi ў гэты прытулак ад сваiх пазбаўленых бацькоўскiх правоў «бацькоў». Для дзятвы мы адрамантавалi ўтульныя пакоi, абсталявалi душавыя, спальнi, медыцынскi пакой, набылi тэлевiзар, камп’ютар... На развiтанне мае новыя знаёмыя запрасiлi прыехаць у Халопенiчы зноў, калi пасёлак стане яшчэ больш прыгожым i ў яго з’явiцца свой герб. Гэты герб, кажуць, у даўнiну быў, i гiсторыкам зараз даручана яго адшукаць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожнаму вядома: калi ўзгадваеш паездку ў раней незнаёмае месца — у памяцi найперш паўстае самае незвычайнае, не падобнае на бачанае раней
|
|