21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Чаму разбiваюцца мары

25.08.2009 21:50 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ларыса ЦIМОШЫК

Шматдзетная сям’я не можа асвоiць крэдыт на рэканструкцыю жылля

Дамы — як людзi, якiя ў iх жывуць: ёсць бедныя, а ёсць багатыя, ёсць сцiплыя i бессэнсоўна наварочаныя, ёсць надзейныя i ёсць тыя, якiм надзея ўжо непатрэбная — яны пражылi свой век. Напэўна, гаспадар, якi вырашыў некалькi гадоў таму прадаць дом у Чэрвеньскiм раёне, не бачыў, чым можа быць яму карысная простая вясковая хатка.

Затое людзi, якiя вырашылi яе набыць, ведалi, як падарыць хатачцы надзею — гэта была маладая сям’я Суарэсаў з двума малымi хлопчыкамi, якая мыкалася па кватэрах у Мiнску.

На набыццё ўласнага жылля ў сталiцы iм, маладому навукоўцу-фiзiку i жонцы, рэгенту царкоўнага хору, разлiчваць не прыходзiлася, капiць на будаўнiцтва прыйшлося б гадамi. Вырашыць кватэрнае пытанне людзi паспрабавалi самi — па магчымасцях, якiя былi ў iх на той момант. Хоць, канешне, у чалавека ў нейкiх складаных сiтуацыях заўсёды ёсць выбар. Яны яго зрабiлi. Абмеркавалi самы рэальны варыянт зняць усе бытавыя праблемы: пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў iншую краiну, дзе заўсёды рады навукоўцам. Яны выбралi Беларусь. Мужу вельмi падабалася праца ў Iнстытуце фiзiкi i высокiх энергiй БДУ. Але галоўнае — ён упэўнены, што для навучання i выхавання дзяцей у Беларусi створаны выдатныя ўмовы.

Праўда, напачатку, калi бацькi пераязджалi з адной кватэры на другую, дзяцей даводзiлася перакiдваць з аднаго дзiцячага садка ў другi, ствараючы для iх стрэс. Вось i падумалi бацькi, а цi не знайсцi недарагое, але зручнае жыллё, якое стане ўжо сваiм. I ўзялiся за рэкламныя газеты...

Дом у вёсцы Карпiлаўка Чэрвеньскага раёна адпавядаў усiм патрабаванням. Месца вельмi добрае, побач у Лядах праваслаўны манастыр (для сям’i шчырых вернiкаў гэта быў яшчэ адзiн аргумент «за»). Нягледзячы на тое, што ад самой вёскi да Мiнска 35 кiламетраў, на працу ў сталiцу дабiрацца зручна.

Памiж сабой яны жартавалi, што Магiлёўская шаша, якая праходзiць праз вёску, — працяг Партызанскага праспекта. Пра хату, якую яны знайшлi па аб’яве, можна было сказаць «загарадны дом». Муж быў вельмi iдэалiстычна настроены: ён ведаў, наколькi за мяжой прэстыжным лiчыцца жыць у прыгарадзе. Апусцiм разважаннi пра тое, што прыгарад таксама бывае розны.

Карпiлаўка — звычайная беларуская вёска, дзе стаяць у асноўным просценькiя драўляныя хаткi. I хiба не галоўная вартасць такiх хатак заключаецца ў тым, што да iх дадаюцца свае соткi. Для вялiкай сям’i — вялiкая справа.

Вольга ўжо ведала, што iх сям’я будзе працягваць расцi. Доўга шукаць i выбiраць дамы яны не маглi — на накопленую суму выбар увогуле быў невялiкi, а ездзiць па сельсаветах у пошуках лепшага варыянту не мелi магчымасцi. З-за маладосцi ды гарадскога выхавання не ведалi, на што трэба глядзець, выбiраючы дом. Знаходка гэтага дома была добрым знакам. Яны спяшалiся яго аформiць. Атрымалася так, што ўсе дакументы на пакупку былi падпiсаны 3 студзеня 2003 года. 7 студзеня Вольгу ўжо адвезлi ў радзiльню — за дачкой Анечкай.

— Нiхто з мясцовых не верыў, што мы сюды прыедзем жыць, — гаворыць Вольга Суарэс. — А мы мала таго, што прыехалi самi, дык i малых дзяцей з сабой прывезлi. Нам падабаецца наш дом, ён добры, моцны. Хоць было цяжка прывыкаць да адсутнасцi водаправоду, прыбiральнi. Асаблiва, калi на руках грудное дзiця.

Новыя гаспадары падрамантавалi дом, як маглi. Перагародкi паставiлi — зрабiлi пакоi. Падлогу ўцяплiлi, паклеiлi шпалеры.

Cпачатку ў драўлянай хаце не было нi вады, нi тэлефона, нi iншых выгод, без якiх «чалавек гарадскi» як вiд можа не вытрымаць эвалюцыйнай барацьбы. Напэўна, чым больш было выпрабаванняў, тым больш сям’я прывязвалася да сваёй хаткi, да месца, да зямлi, якая дала iм летась першы ўраджай бульбы.

Суарэсы сталi рабiць сваю эвалюцыю ўласнымi сiламi. Заплацiлi за пераўстаноўку газа, падвадзiлi ваду. Няхай i халодная, яна паступае прама ў хату. Посуд вымыць можна. Каб падмыць грудное дзiця — трэба грэць. Памыць старэйшых — ужо вялiкая раскоша. Тым больш што пасля Анечкi ў сям’i нарадзiўся Данiла. Добрыя людзi дапамаглi набыць пральную машынку, яна выратоўвае. Але ўзiмку, калi былi маразы, вада ў трубах замярзала i не даходзiла да дома. Вось калi ўсе «хатнiя» праблемы павыплывалi на паверхню.

Зiма аказалася вялiкiм выпрабаваннем. Дзецi не вылазiлi з хвароб. Тое, што ў хаце няма нi ванны, нi прыбiральнi, стала рэальнай праблемай. Малыя гэты момант перажываюць балюча. Асаблiва старэйшыя хлопчыкi, якiя памятаюць, як зручна было жыць у здымных сталiчных «хрушчоўках» — усё на месцы. Здавалася, i месца там так многа...

Як мацi чацвярых дзяцей Вольга Суарэс магла разлiчваць на паляпшэнне жыллёвых умоў. Плошча iх хаты складае 76,7 квадратнага метра, па закону iм патрэбна мець 120.

Дзякуючы дзяржаўнай праграме па дапамозе шматдзетным сем’ям яны атрымалi магчымасць узяць iльготны крэдыт на рэканструкцыю свайго дома, каб зрабiць там прыбудову, правесцi каналiзацыю. У лютым мiнулага года, якраз калi нарадзiўся Данiла, Вольга Суарэс стала на ўлiк у райвыканкаме.

Аформiлi ўсе дакументы, самi заказалi праект. Ён абышоўся ў чатырыста долараў — усе грошы, якiмi валодала сям’я на той момант, яшчэ 200 долараў пайшло на збор i афармленне дакументаў. У лiстападзе мiнулага года пытанне вырашылася станоўча. 80 мiльёнаў беларускiх рублёў у банку» для iх — вось што патрэбна было для адчування поўнага шчасця. Заставалася знайсцi будаўнiчую арганiзацыю, якая ўзялася б за рэканструкцыю iх жылля.

Але менавiта гэта аказалася не так проста. Крэдыт быў атрыманы на ўмовах асвойвання яго «падрадным» спосабам. Знайсцi будаўнiчую арганiзацыю, якая б пайшла працаваць да iх на «падрад», людзi не могуць паўгода. Паўгода грошы ляжаць без «працы». А праз пэўны тэрмiн гаспадары павiнны будуць даць справаздачы за зробленыя работы. Iнакш працэнт выплаты па крэдыту будзе ўжо зусiм не льготны...

Вёска Карпiлаўка знаходзiцца ў 14 кiламетрах ад Чэрвеня i ў З5 кiламетрах ад Мiнска. У прынцыпе, на «падрад» яны могуць запрасiць прыватную будаўнiчую арганiзацыю цi прыватнага прадпрымальнiка, якiх у сталiцы па аб’явах знайсцi даволi проста. У сталiцы. Але навошта прыватнаму прадпрымальнiку ехаць за трыццаць кiламетраў, калi ў горадзе працы досыць? Iзноў-такi, калi ехаць у iншы раён, хто будзе аплачваць бензiн, камандзiровачныя?.. Крэдыт быццам бы i вялiкi, але выдаткi на гэта ў iм не прадугледжаны.

Падумаўшы, Вольга Суарэс вырашыла, што трэба шукаць будаўнiкоў у сваiм раёне. Вынiк быў дакладна той жа. У райвыканкаме яны атрымалi тэлефоны арганiзацый, па якiх па чарзе iм адказвалi «не». Цi то няма лiцэнзii на сантэхнiку, цi то занятыя на будаўнiцтве аграгарадкоў. Нават у вучылiшча будаўнiкоў Вольга патэлефанавала — i там адмовiлi.

Самi яны людзi зусiм не дасведчаныя ў будаўнiчых справах. Не так добра ведаюць свой раён, у якiм толькi тры гады як пасялiлiся. Куды пайсцi за парадай простаму чалавеку? У райвыканкам — вырашылi яны — дзе ўжо ведаюць iх праблему.

Першы зварот у райвыканкам з просьбай дапамагчы ў пошуку падраднай арганiзацыi шматдзетная мацi Вольга Суарэс накiравала напрыканцы мiнулага года. А ў студзенi 2006 года атрымала адказ, у якiм былi словы надзеi: «у цяперашнi час такi падрадчык вызначаны...» Далей значыўся мабiльны тэлефон Галiны Васiльеўны — без прозвiшча i назвы самой арганiзацыi.

Галiна Васiльеўна была першым прадстаўнiком будаўнiкоў, якая асабiста прыехала на месца i паглядзела, колькi i чаго трэба зрабiць. А потым пачала дасылаць iншых людзей. Адзiн прыехаў, паглядзеў. А потым «адпаў» — маўляў, праблемы з лiцэнзiяй. Прадпрымальнiк Уладзiмiр Мiкалаевiч не адмовiўся працаваць з сям’ёй Суарэсаў па сантэхнiцы. Але сказаў, што для пачатку трэба выканаць пэўныя будаўнiчыя работы (падрыхтаваць фундамент, сцены), а ў яго на гэта лiцэнзii няма... I ўсё пайшло па кругу.

— Многiя людзi, якiя афармлялi крэдыт на «падрад», пацiху перайшлi на будаўнiчыя работы гасразлiковым спосабам, — гаворыць Вольга Суарэс. — У банку кажуць, што мы можам пачаць працаваць з падраднымi арганiзацыямi, а потым таксама працягваць гасразлiкам. Праблема i ў тым, што са звычайнымi «шабашнiкамi» мы працаваць не можам. У нас ёсць толькi гэтыя безнаяўныя грошы, каб пачаць iх асвойваць, патрэбна арганiзацыя, якая мае рахунак у банку. Адчуваю, быццам бы палохае ўсiх слова «падрад». Справа ў тым, што падрадная арганiзацыя бярэ за аснову той каштарыс, якi ў нас ёсць. Паводле яго трэба будзе рабiць справаздачу. Будуць праверкi, як асвойваюцца грошы, за кожную капейчыну прыйдзецца трымаць адказ перад банкам. Гэта, напэўна, палохае.

Шчыра кажучы, я некалькi месяцаў ведаю аб праблеме гэтай сям’i. Усё думала, што газетны артыкул сам па сабе наўрад цi дапаможа яе вырашыць. I не разумела: няўжо сапраўды так цяжка знайсцi ў наш час будаўнiка, якi хоча зарабiць грошы? Не разумела, пакуль не паспрабавала сама абзванiць некаторыя будаўнiчыя арганiзацыi. Некалькi тэлефанаванняў — i з мяне хапiла адмоў. Уяўляю, якi мог быць настрой у людзей, якiя на гэта ўбiлi не адзiн дзень.

У чым жа тут справа? — спрабую высветлiць у Галiны Васiльеўны, якая была названа «падрадчыкам».

— У райвыканкаме мяне папрасiлi дапамагчы гэтай сям’i, сказалi, што ў iх шмат дзяцей, — тлумачыць Галiна Васiльеўна. — Я паехала, паглядзела. На жаль, мы не выконваем тыя работы, якiя iм патрэбны. Трэба рабiць прыбудову, патрэбна сантэхнiка-электрыка. Я iх звяла з iншымi будаўнiкамi, хацела зрабiць добрую справу...

Вось i прыехалi... Усе хочуць як лепей — i чыноўнiкi стараюцца, i будаўнiкi быццам бы хочуць дапамагчы. А справа нiяк не можа зрушыцца з месца. Канешне, я магу зразумець Галiну Васiльеўну i iншых прыватнiкаў. Яны хочуць — i маюць права — выбiраць i працаваць там, дзе iм больш выгадна i больш зручна, дзе менш праблем.

Пасля другога звароту грамадзян Уладзiмiр Уладзiмiравiч Яцыновiч, намеснiк старшынi Чэрвеньскага райвыканкама, асабiста выязджаў да сям’i Суарэсаў, каб разабрацца, у чым праблема. Я папрасiла яго пракаментаваць сiтуацыю:

— Наша справа — патлумачыць людзям, якiя ёсць у iх варыянты на паляпшэнне жыллёвых умоў, якiя ёсць формы крэдытавання. Мы кажам: вырашайце, што па вашых сiлах. У дадзеным выпадку мы зрабiлi ўсё, што ад нас патрабавалася: дапамаглi адкрыць крэдытную лiнiю на рэканструкцыю дома. Прапанавалi падрадную форму, таму што яна дае магчымасць атрымаць большую суму грошай. Мы прапаноўвалi гэтай сям’i вырашыць жыллёвую праблему, набыўшы новы дом. Але яны захацелi рэканструяваць гэты. Мы параiлi iм нават будаўнiчую арганiзацыю. Iншыя шматдзетныя сем’i вырашаюць гэтую праблему самi. Але будзем працаваць з iмi далей...

Напэўна, райвыканкам не павiнен забяспечваць кожнага «падраднiка» будаўнiчай арганiзацыяй. Але з другога боку, куды яшчэ звяртацца людзям, якiя падпадаюць пад праграму клопату аб шматдзетных сем’ях? Праграма дзяржаўная. I калi дзяржава сказала «А», то, напэўна, можа сказаць i «Б». Было б лагiчна. Вось i просяць парады ў дзяржавы, якую на раёне ўвасабляе менавiта райвыканкам. Спадзяюцца, што iх не кiнуць сам-насам з тымi праблемамi, у якiх гэтыя людзi ў сiлу сваёй адукаванасцi не вельмi добра разбiраюцца. Просяць парады, таму што давяраюць дзяржаве: не проста так жа гэты год у нашай краiне абвешчаны годам Мацi, не дзеля прыгожага слова.

I яны маюць права на парады, на дапамогу. Яны маюць права вырашаць, з высяленнем цi без рабiць будаўнiчыя работы — ды i куды высяляцца з малымi дзецьмi? Яны маюць права рэканструяваць свой дом, той, у якiм iм падабаецца жыць. Мiж iншым, дзяржава на гэта пагадзiлася, выдаўшы крэдыт менавiта на гэтую мэту. Але льготны крэдыт сам па сабе не робiць чалавека шчаслiвым. Таму ёсць патрэба ўдасканальваць сiстэму дапамогi шматдзетным сем’ям, каб працавала яна як гадзiннiк.

— Нам сапраўды сказалi, што прасцей пабудаваць новы дом, — гаворыць Вольга. — Але гэта было сказана пасля таго, як мы аформiлi дакументы на рэканструкцыю, каштарыс зрабiлi i прынеслi да архiтэктара. Наш дом добры, пабудаваны ў 50-х гадах, але якасна. Калi я пабудую новы, то не ведаю, цi будзе ён такi ж цёплы, як гэты драўляны дом. Яго абкласцi цэглай — ён будзе служыць яшчэ доўга. Падманваць нiкога не хочацца.

А тым часам людзi пацiху будуюцца, рэканструююць свае дамы. Многiм вяскоўцам дапамагаюць саўгасы цi калгасы — самая што нi на ёсць мясцовая ўлада. У Суарэсаў няма i гэтай дапамогi: таму што муж — навуковы супрацоўнiк, а жонка — рэгент царкоўнага хору, працуюць яны ў Мiнску, а не ў вёсцы. I няма ў iх нiякiх знаёмых у гэтым раёне, якiя б маглi дапамагчы, няма нiякiх сувязяў i выхадаў на патрэбных людзей. I таму што няма ў iх нiякай падтрымкi, няма родных паблiзу, на якiх можна скiнуць малых, а самiм прысвяцiць увесь час будаўнiчым справам. Грошы ж яшчэ зарабляць трэба, дзяцей кармiць...

P.S. Калi матэрыял рыхтаваўся да друку, гаспадары паведамiлi, што пасля вiзiту прадстаўнiка райвыканкама iм рэкамендавалi верагоднага падрадчыка, якi ўжо прыязджаў, глядзеў дом, быццам бы настроены падпiсваць кантракт. Цяпер людзi з надзеяй чакаюць, калi гэта адбудзецца.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шматдзетная сям’я не можа асвоiць крэдыт на рэканструкцыю жылля
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика