21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

У СУЧАСНЫМ ГОРАДАБУДАВАННІ – СВАЕ МАНБЛАНЫ І ЭЛЬБРУСЫ, ЯКІЯ ВАРТА ІМКНУЦЦА ПАКАРЫЦЬ

25.08.2009 21:50 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ЗАМЕСТ УСТУПУ

Каб лепш зразумець чалавека, гартаюць яго бiяграфiю. Цэлы калектыў зразумець складаней. Але ўсё роўна ключ да разумення ранейшы — старонкi яго гiсторыi.




З гiсторыяй iнстытута «Белдзяржпраект» варта знаёмiцца стоячы. Хоць бы таму, што гэта частка гiсторыi нашай краiны. I яшчэ таму, што не будзеш жа разглядваць неяк iнакш арыгiнальныя па сваёй стылiстыцы карпусы Дома ўрада, якi ўвайшоў у Залаты фонд нацыянальнай архiтэктуры, або казачныя iнтэр’еры Палаца Рэспублiкi — не атрымаецца.

На звышзадачы Белдзяржпраекту (да апошняга часу — арэнднаму прадпрыемству «Белпраект») шанцавала. Да вайны — фармiраванне жылога асяроддзя Мiнска i iншых беларускiх гарадоў. Пасля Вялiкай Айчыннай — аднаўленне рэспублiкi. Услед за распадам вялiкай краiны — задача, якая фармулявалася коратка: выжыць! Сёння — новы «Манблан»: фармiраванне сучаснага твару гарадоў маладой незалежнай дзяржавы.

Не толькi для яркага вобразу ўспомнiлi мы самую высокую ў Заходняй Еўропе вяршыню. Было ў гiсторыi iнстытута такое — яго аматары-альпiнiсты, у тым лiку дзеючы дырэктар (вось гэта дырэктар!) пакаралi i пакарылi гэты горны масiў у Заходнiх Альпах. А на Эльбрусе пакiнулi нават вымпел iнстытута. Вiдаць, з празрыстым намёкам: калi ў новым тысячагоддзi будуць будаваць тут гатэль для аматараў «вострых адчуванняў», то шукаць праекцiроўшчыкаў не патрэбна, вось яны...

I ўсё ж не можам утрымацца ад мастацкага вобраза. Свае прафесiйныя Эльбрусы i Манбланы творцы з Белдзяржпраекта, вяртанне якога па жаданню калектыву ў дзяржаўную ўласнасць i адпаведнае перайменаванне адбылося гэтай вясной, прадаўжаюць пакараць i зараз. Просiцца ўдакладненне: за кульманам. Ды не, за манiторамi персанальных камп’ютараў.

«Культура не можа быць малой, як i сапраўдная архiтэктура»

Аглядальнік «Звязды» гутарыць з дырэктарам Белдзяржпраекта, акадэмiкам Беларускай iнжынернай акадэмii Сяргеем АБРАМОВIЧАМ.

— На 70-годдзе калегi падарылi iнстытуту велiзарны макет флагманскага карабля, якi iмчыцца наперад з узнятымi крыламi парусоў. I ў тэксце, што выгравiраваны на яго высокiм борце, прызналi ваш калектыў флагманам айчыннага праектавання.

— Вiдаць, мелi на ўвазе той факт, што многiя дзесяцiгоддзi iнстытут з’яўляўся галаўной праектнай арганiзацыяй рэспублiкi ў галiне жыллёва-грамадзянскага будаўнiцтва. Калегi маглi залiчыць нам у «актыў» i тое, што пасля вайны, каб хутчэй узняць разбураную народную гаспадарку, мы стварылi ў абласцях свае фiлiялы, якiя ў працэсе развiцця ператварылiся ў «аблграмадзянпраекты» i сталi галаўнымi iнстытутамi ў рэгiёнах. Так што наш iнстытут у пэўным сэнсе сапраўды альма-матэр у галiне праектавання.

— I вашы былыя фiлiялы з цягам часу стварылi вам жорсткую канкурэнцыю.

— Яны ўвайшлi ў падпарадкаванне абласным уладам, сталi для рэгiёнаў сваiмi, i заказы, зразумела, накiроўвалiся iм. Усю складанасць гэтай сiтуацыi мы адчулi пасля таго, як з распадам СССР адбылося рэзкае падзенне аб’ёмаў будаўнiцтва, а значыць, i праектавання. У сталiцы на той час быў «Мiнскпраект», у абласцях — нашы былыя фiлiялы, а мы — як бы нiчые. Пошук заказаў стаў сапраўдным галаўным болем. Бралiся за любы рамонт i любую рэканструкцыю. Калектыў, якi налiчваў 1200 чалавек, пачаў увачавiдкi «раставаць». У тыя гады Беларусь страцiла лепшыя кадры будаўнiкоў i многiх квалiфiкаваных праекцiроўшчыкаў.

Якiм чынам можна было ўтрымацца на рынку будаўнiчых паслуг, захаваць касцяк калектыву, лепшыя яго кадры? Толькi пры адной умове: калi мы бралiся выканаць работу хутчэй, танней i якасней за iншых. Мы бралiся, i выконвалi ўсе тры складовыя гэтай умовы. I павiнны былi знайсцi новыя для сябе накiрункi, якiя iншым давалiся з цяжкасцю.

Такiм перспектыўным накiрункам для iнстытута стала перш за ўсё ахова здароўя. Яна была патрэбна краiне ва ўсе часы, крышку фiнансавалася з бюджэту, а мы на той час з вялiкай цяжкасцю, але захавалi кадры тэхнолагаў, iнжынераў, архiтэктараў, тэхнiкаў i маглi гэтую надзвычай адказную, у поўным сэнсе слова — дзяржаўнай адказнасцi, работу ўзяць на сябе. Галiновая праектная арганiзацыя тады працавала ў асноўным на невялiкiх аб’ектах, а мы мелi вопыт работы на буйных. Так вось i атрымалася, што iнстытут замацаваўся ў гэтай нiшы.

Магчыма, не зусiм у храналагiчным парадку, але я назаву толькi некаторыя новабудоўлi цi аб’екты сур’ёзнай рэканструкцыi па медыцыне.

Гэта 8-я гiнекалагiчная бальнiца па вулiцы Сеннiцкай у Мiнску — новы будынак. Буйная бальнiца ў Брэсце. Зноў жа ў сталiцы выканалi праект рэканструкцыi 2-й дзiцячай бальнiцы ў раёне праспекта Пераможцаў. Гэты аб’ект пасля яго ўдалага ажыццяўлення генпадраднымi ўпраўленнямi «Салiгорск-прамбуда» прымаў прэзiдэнт.

Па нашых праектах пабудаваны корпус гарадскога анкацэнтра пры 1-й гарадской клiнiчнай бальнiцы i цэнтр дзiцячай кардыёхiрургii там жа, корпус «дарослага» кардыёцэнтра ў 4-й бальнiцы. Зараз узяты курс на стварэнне буйных, належным чынам аснашчаных медыцынскiх профiльных цэнтраў. I мы ахвотна спрыяем гэтай благой справе.

На тэрыторыi 7-га радзiльнага дома па вулiцы Арлоўскай ствараецца з нашым удзелам новы «Цэнтр мацi i дзiцяцi». Зараз праектуем i здаём дакументы на клiнiку на базе iнстытута траўматалогii.

Акрамя таго, у актыве iнстытута — анкалагiчны цэнтр у Бабруйску, а таксама рэканструкцыя, якую вядзём у НДI анкалогii ў Бараўлянах. Шмат працуем у 3-й i 9-й клiнiчных бальнiцах, у тым лiку ў гарадскiм дыягнастычным цэнтры на вулiцы Сямашка. А ў Севастопальскiм скверы сталiцы ўзведзены дзiцячы рэабiлiтацыйны цэнтр. Ён заваяваў гран-пры нацыянальнага фестывалю «Архiтэктура-2000», а аўтарскi калектыў узнагароджаны спецыяльнай прэмiяй Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.

— Калi ўжо мы загаварылi пра ўклад iнстытута ва ўмацаванне здароўя нацыi, то давайце закранём i блiзкую тэму — вашы праектныя напрацоўкi ў галiне фiзiчнай культуры i спорту.

— Я не супраць, тым больш, што сувязь тут самая непасрэдная, ды i расказаць ёсць што. Распрацавалi, пабудавалi i здалi ў эксплуатацыю Палац воднага спорту. Зараз праектуем побач футбольны стадыён.

Трэба сказаць, што сапраўдны футбольны пасёлак вырастае на праспекце Пераможцаў, тут ствараецца зона здароўя: футбольны манеж, дзiцячая спартыўная школа футбола, а нядаўна здалi будынак Дома футбола, дзе размесцiцца i яго федэрацыя. На адкрыццi прысутнiчаў знакамiты футбалiст Мiшэль Плацiнi — у якасцi прадстаўнiка сусветнай федэрацыi гэтага вiду спорту, яна брала ўдзел у фiнансаваннi будаўнiцтва. Дзякуючы таму, што наша папярэдняя работа атрымала высокую ацэнку, iнстытуту было даручана праектаванне, i зараз мы працуем над эскiзнымi прапановамi двух футбольных палёў з адмiнiстрацыйным будынкам. Гэта ў плане далейшага асваення тэрыторыi.

Вядзём шмат аб’ектаў па аздараўленню. Праектуем фiзкультурна-аздараўленчыя камбiнаты, бо менавiта праз iх можна адчувальна паўплываць на ўмацаванне здароўя нацыi. У гэтым сэнсе асвойваем i возера Нарач. Нядаўна здалi ў эксплуатацыю сучасны басейн у санаторыi МВД Беларусi. Выканалi там вялiкую работу. У прыватнасцi, зманцiравана сучаснае абсталяванне для ачысткi вады, для стварэння належнага мiкраклiмату. Праца праекцiроўшчыкаў была належным чынам ацэнена ў па-дзячным пiсьме мiнiстра Уладзiмiра Навумава.

На Нарачы займаемся i праектаваннем рэканструкцыi санаторыя «Спадарожнiк», заказчыкам якога выступае «Беларусбанк».

— Вiдаць, з улiкам вашага вопыту ва ўзвядзеннi буйных спартыўных аб’ектаў, iнстытуту спецыяльным указам прэзiдэнта даручана праектаванне надзвычай адказнага аб’екта — «Мiнск-Арэна»?

— Гэта унiкальны для рэспублiкi аб’ект, спартыўны i адначасова вiдовiшчны. Ён будзе ўключаць у сябе канькабежны стадыён на 3000 гледачоў, хакейнае поле з арэнай на 15 000 балельшчыкаў i веладром на 2000 гледачоў. Мы ўдакладнялi: нiдзе нiчога падобнага ў свеце няма. Паасобку ёсць, а разам — няма.

Арэна — шматфункцыянальная, прадугледжваем для яе 27 вiдаў спорту. Можна будзе забяспечыць правядзенне спаборнiцтваў любога мiжнароднага ўзроўню, у тым лiку прэтэндаваць на правядзенне сусветных чэмпiянатаў i нават Алiмпiйскiх гульняў.

— Месца ўжо вызначана?

— На перасячэннi праспекта Пераможцаў i вулiцы Нарачанскай. Якраз за унiверсiтэтам фiзкультуры. Зараз вывучаем сусветны вопыт узвядзення аб’ектаў такога размаху.

Своеасаблiвасць аб’екта яшчэ i ў тым, што ён павiнен мець практычна неабмежаваныя магчымасцi для правядзення тэатральна-вiдовiшчных мерапрыемстваў любога ўзроўню. У тым лiку i такiх, як конкурсы Еўрабачання, для якiх патрэбны гiганцкiя залы з усёй належнай iнфраструктурай.

— Што ж, у традыцыi калектыву заўсёды была ўвага да аб’ектаў культуры...

— Яна i засталася. Дазвольце напомнiць пра Палац Рэспублiкi на Кастрычнiцкай плошчы ў Мiнску. Да слова сказаць, за ўнутранае ўбранне палаца група нашых архiтэктараў атрымала Дзяржаўную прэмiю.

Далей. Рэканструкцыя мастацкага музея — з будынкам прыбудовы, якая вырашыла адну з галоўных праблем музея. Цяпер з яго надзвычай багатых запаснiкаў можна падняць у залы большую, чым зараз, колькасць палотнаў, i «беларускi Луўр» мае магчымасць парадаваць куды большую колькасць наведвальнiкаў сустрэчамi з цудоўным.

Пасля грунтоўнай рэканструкцыi зноў гасцiнна расчынiла дзверы Белдзяржфiлармонiя, якую некалi i будавалi па нашых чарцяжах. Там зараз цудоўная акустыка, самы сапраўдны «жывы гук», чым вельмi задаволены айчынныя i замежныя выканаўцы. На леташнiм фестывалi архiтэктуры былi асобна адзначаны iнтэр’еры Белдзяржфiлармонii. I Жыровiцкi манастыр — у сваёй намiнацыi.

Зараз мы распачалi яшчэ адну вельмi значную i адказную работу — рэканструкцыю Нацыянальнага Акадэмiчнага Вялiкага тэатра оперы i балета Рэспублiкi Беларусь. Ад даваеннага яшчэ будынка застануцца толькi сцены. Усё астатняе будзе абноўлена. Абрысы будынка набудуць першапачатковы выгляд, наблiзяцца да задумкi свайго знакамiтага аўтара — архiтэктара I. Лангбарда, расiйскага прафесара ад архiтэктуры, якi надзвычай плённа папрацаваў на беларускай зямлi.

— А што датычыцца аб’ектаў «малой культуры»? Праўда, вельмi спрэчнае па цяперашнiм часе вызначэнне...

— Гэта так. Калi культура сапраўдная, то яна не можа быць малой. Як, дарэчы, i архiтэктура. Нават калi ў заказчыка не вельмi многа грошай, заўсёды можна пастарацца i стварыць сучасны, прыгожы будынак. Але вы маеце на ўвазе кiнатэатры? Знакамiты сталiчны «Партызан» перацярпеў другое нараджэнне i стаў Домам кiно. А вось на месцы «ветэрана» — старэнькага кiнатэатра «Беларусь» будзе пабудаваны абсалютна новы, шматзальны. Наш праект прайшоў узгадненне ў органах культуры сталiцы i атрымаў высокую адзнаку. Так што праз нейкi час горад упрыгожыць яшчэ адзiн арыгiнальны аб’ект.

— Калi вы прыгадвалi цяжкiя часы, то зазначылi, што магчымасць выжыць калектыву дала i работа над установамi адукацыi.

— Iнстытут сапраўды шмат зрабiў для развiцця сiстэмы адукацыi. Маю на ўвазе i тыпавыя праекты будынкаў школ, i iндывiдуальныя праекты ВНУ. Мы па-ранейшаму «ў тэме». Зараз праектуем Баранавiцкi унiверсiтэт. Пад гэтыя мэты перапраектавалi недабудаваны дзiцячы цэнтр. Пастаралiся, каб было прыгожа. Пачалася i распрацоўка праекта Пiнскага унiверсiтэта. Спадзяёмся, у гэтых двух унiверсiтэтаў будзе такi ж зайдросны i прыгожы лёс, як i ў Беларускага дзяржаўнага, якi таксама нарадзiўся некалi на кульманах нашых архiтэктараў.

— Не магу не запытаць у вас, Сяргей Сяргеевiч, пра ўдзел iнстытута ў духоўным адраджэннi нацыi...

— Зараз вядзём праектаванне i будаўнiцтва цэлага комплексу ў Жыровiчах — духоўнай акадэмii, духоўнага вучылiшча, iнтэрната. У стадыi будаўнiцтва i запраектаваны намi храм на вулiцы Гамарнiка ў Мiнску.

Распрацаваны дакументы на будаўнiцтва духоўна-адукацыйнага цэнтра, узвядзенне яго пачалося на беразе Свiслачы, у адным комплексе са Свята-Духавым кафедральным саборам. Будаўнiкi ўжо выйшлi з «нулявога» цыкла, кладка з чырвонай цэглы добра вiдаць з прыпынка грамадскага транспарту на Нямiзе.

— Наколькi можна заўважыць, аб’екты iнстытут праектуе самыя розныя.

— Мы сапраўды ўдзельнiчаем у тэндарах на будаўнiцтва цi рэканструкцыю розных па свайму прызначэнню аб’ектаў, i калi перамагаем (а перамагаем часцей за ўсё), то з задавальненнем бяромся за праект. Многа праектуем банкаў. На вулiцы Дразда — аддзяленне «Белпрамбудбанка». На Варвашэнi — сучасны будынак «Астана-банка». Зараз у тэндары, удзел у якiм прымалi многiя праектныя iнстытуты i асобныя творчыя майстэрнi, нават iтальянскiя фiрмы, выйгралi права праектаваць адмiнiстрацыйны будынак «Беларусбанка», галаўнога iх офiса. Зрабiлi многа варыянтаў, яны выбралi той, якi iх задаволiў. I мы атрымалi заказ на гэтае праектаванне.

Для Нацыянальнага банка выканалi праект сховiшча, у якiм нядаўна прэзiдэнт агледзеў залаты запас краiны, вы памятаеце гэтую падзею. Народ Беларусi сваёй працай стварыў тое, што патрэбна належным чынам захоўваць, а мы стварылi, дзе гэта можна зберагчы. Так што таксама маем права ганарыцца. Гэты аб’ект напрамую, як мы зразумелi, паўплываў на прысуджэнне iнстытуту дыплома пераможцы нацыянальнага конкурсу «За дасягненнi ў будаўнiчай галiне Рэспублiкi Беларусь у 2005 годзе» ў намiнацыi «Лепшы аб’ект» у катэгорыi «Новае будаўнiцтва».

— А дырэктар Белдзяржпраекта атрымаў перамогу ў намiнацыi «Кiраўнiк года». I, дарэчы, вылучаны на ганаровую ўзнагароду «Еўрапейскi Гран-Пры за якасць», якая заснавана па iнiцыятыве швейцарскага Агенцтва садзейнiчання прамысловасцi i новым тэхналогiям, а яшчэ некамерцыйнага iнвестыцыйнага фонду «EMA Invest».

— Што ж, таксама прыемна... Калi працягваць пералiк тых накiрункаў, па якiх мы працуем, то сярод iх ёсць i не зусiм характэрныя для iнстытута. Але часы зараз — рынкавыя, а мы адчуваем, што калектывам накоплены сур’ёзны патэнцыял, i спрабуем сябе нават у прамысловай архiтэктуры. Напрыклад, спраектавалi цэлае сямейства аўтапаркiнгаў, на якiя пайшла зараз вялiкая мода. Усе аўтапаркiнгi ў раёне мiнскай Камароўкi ўзведзены па нашых чарцяжах.

— Чым бы вы ўсё ж растлумачылi той факт, што iнстытут вельмi часта выйграе тэндары на права праектавання таго цi iншага аб’екта?

— Падыходы ў спажыўца, чые iнтарэсы абараняе тэндарная камiсiя, застаюцца ранейшымi: праектаваць хутка, якасна i па магчымасцi танней, чым iншыя. Мы маем спецыялiстаў па ўсiх напрамках, i ў нас дастаткова буйны калектыў, больш за чатыры сотнi «штыкоў». Яны аснашчаны сучаснымi камп’ютарамi i прафесiйнымi праграмамi, захавалi лепшыя традыцыi сваiх папярэднiкаў, i могуць адпавядаць усiм патрабаванням самага строгага заказчыка.

Скажу толькi пра адзiн параметр — якасць праектавання. Мы ў лiку першых (у першай тройцы) у сваёй галiне падрыхтавалi ўласную сiстэму менеджменту якасцi праектавання да сертыфiкацыi на адпаведнасць мiжнароднаму стандарту IСО 9000. Атрымалi сертыфiкат адпаведнасцi, а ў сакавiку гэтага года прайшлi пераатэстацыю па больш сучаснай версii СТБ IСО 9001-2001.

У дыпломе, якi я вам зараз пакажу, напiсана, што наша сiстэма менеджменту якасцi распрацоўкi i вытворчасцi праектна-каштарыснай дакументацыi на будаўнiцтва, рэканструкцыю, рамонт жылых i грамадскiх будынкаў, iнжынерных сетак i збудаванняў i ажыццяўлення аўтарскага нагляду за будаўнiцтвам адпавядае самым сучасным крытэрыям. Я зачытаў фактычна ўсю фармулёўку таму, што за даволi сухаватымi фразамi хаваюцца вялiкiя магчымасцi калектыву-ветэрана.

— Якi з гадамi чамусьцi не старэе, а нават маладзее, калi мець на ўвазе даволi значны прыток моладзi.

— Зараз на слыху стварэнне так званай Сiлiконавай далiны. Днямi мы атрымалi пiсьмо, падпiсанае кiраўнiком Наглядальнага савета нацыянальнага Парка высокiх тэхналогiй, старшынёй прэзiдыума НАНБ Мiхаiлам Мяснiковiчам i дырэктарам парка Валерыем Цапкалам, у якiм яны дзякуюць нашых маладых архiтэктараў за актыўны ўдзел у мiжнародным конкурсе па распрацоўцы архiтэктурнай канцэпцыi гэтага «мазгавога цэнтра». Зараз iдзе ацэнка праектаў.

На малады запал мы абапiраемся i ў такой новай для сябе справе, як вывучэнне рынку прафесiйных паслуг. Стварылi службу маркетынгу, прызначылi яе кiраўнiком нядаўняга выпускнiка профiльнага ВНУ, чалавека са спецыяльнай падрыхтоўкай, i ён займаецца падборам i падрыхтоўкай матэрыялаў для ўдзелу ў тэндарах на права праектавання тых цi iншых аб’ектаў, арганiзацыяй удзелу ў не менш адказных мерапрыемствах — выстаўках i прафесiйных конкурсах, ад якiх у многiм залежыць iмiдж i вядомасць калектыву за межамi рэспублiкi, вывучэннем рынку праектных паслуг, пошукам выгадных заказаў.

Патрэбна сказаць, што беларускiя ВНУ выпускаюць добра падрыхтаваных спецыялiстаў, у тым лiку i нашага асноўнага профiлю, за што мы iм удзячныя — перш за ўсё Беларускаму нацыянальнаму тэхнiчнаму унiверсiтэту, на профiльныя факультэты якога мы смела абапiраемся.

— Вы згадалi пра вядомасць за межамi рэспублiкi.

— Яна iснуе, такая вядомасць. Скажу толькi, што зараз мы атрымалi прапанову весцi паралельнае праектаванне такога ж буйнога аб’екта, як Мiнск-Арэна, у адной з краiн СНД. Але падзякавалi i адмовiлiся ад гэтага, канешне ж, прэстыжнага i эканамiчна выгаднага аб’екта. Бо хочам сканцэнтраваць свае намаганнi на даручэннях, якiя атрымалi ад кiраўнiка дзяржавы, i на выкананнi сваiх абавязацельстваў перад айчыннымi заказчыкамi.

Хоць за межамi Беларусi працуем даўно, i зараз таксама. Маем лiцэнзiю на права весцi работы ў Расii, адкрылi сваё прадстаўнiцтва ў Маскве. Скажам, падрыхтавалi прапановы па рэканструкцыi будынка беларускага пасольства ў «белакаменнай» — побач з’явiцца сапраўдны культурна-дзелавы цэнтр РБ з многафункцыянальнай залай, выставачным цэнтрам i будзе расшырана гасцiнiца. А таксама па перапланiроўцы i абнаўленнi беларускага павiльёна на былой ВДНГ СССР, зараз буйным выставачным комплексе Расii. Беларусi абодва аб’екты вельмi патрэбныя, мы гэта разумеем.

У нас iснуюць сувязi з многiмi расiйскiмi рэгiёнамi. Будуем жылыя дамы i нават Палац шлюбаў у Сургуце, дзе жыве i працуе шмат нашых суайчыннiкаў. Многiя беларускiя будаўнiкi выехалi ў гады бязладдзя ў суседнюю Калiнiнградскую вобласць, падтрымлiваем прафесiйныя кантакты, па нашых праектах будуюцца для вобласцi жыллё i iншыя аб’екты. Але ўсё ж галоўны клопат, канешне, Беларусь.

— У сваёй працы кiраўнiка калектыву вы дэманструеце даволi нечаканыя па сённяшнiм часе падыходы.

— Вы маеце на ўвазе той факт, што мы аднавiлi Кнiгу працоўнай славы? Для калектыву з такiмi багатымi традыцыямi, якi ўнёс вялiкi ўклад у працвiтанне сваёй краiны, гэта апраўданы, я думаю, крок. На яе старонкi будуць занесены iмёны лепшых нашых працаўнiкоў. Нават сёння не ўсё вымяраецца адным толькi рублём.

Мы ўводзiм таксама свой знак «Ветэран iнстытута». З гэтай прыгожай узнагародай чалавеку будзе прыемна прыйсцi i ў свой калектыў, i ў сям’ю.

У нас вельмi зладжаны калектыў вопытных работнiкаў, у якiм працуе шмат дынастый, i мы вiтаем такую пераемнасць. I шмат робiм для таго, каб калектыў i надалей умацоўваўся, сталеў, больш упэўнена стаяў на нагах у новых для сябе рынкавых умовах.

— Чытач нас не зразумее, калi мы не папросiм дырэктара расказаць пра сябе.

— Родам з Бярэзiнскага раёна. Скончыў iндустрыяльны тэхнiкум i полiтэхнiчны iнстытут, будаўнiчы факультэт. Працоўную дзейнасць пачынаў бетоншчыкам на заводзе зборнага жалезабетону ДБК № 1. Вырас да майстра змены. Пасля стацыянара iнстытута вярнуўся на домабудаўнiчы камбiнат. Прайшоў шлях ад iнжынера-тэхнолага да намеснiка галоўнага тэхнолага домабудаўнiчага камбiната.

Потым была грамадская работа, у Фрунзенскiм раёне сталiцы. Пасля — Дзяржбуд рэспублiкi. У 1992 годзе з пасады начальнiка Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай экспертызы пры Дзяржбудзе прыйшоў у iнстытут — быў выбраны дырэктарам Белдзяржпраекта.

Дзецi абралi свой шлях. Адна дачка педагог, другая ўрач, дзiцячы хiрург. Так што сацыяльную праграму рэспублiкi мы дапамагаем вырашаць па ўсiх напрамках.

— Дзякуй за гутарку, Сяргей Сяргеевiч. Жадаем вам i вашаму калектыву, вашай сям’i працвiтання, новых буйных заказаў i — мiру.


РЭТРАСПЕКТЫВА ЯК СТАРТАВАЯ ПЛЯЦОЎКА ДЛЯ ПЕРСПЕКТЫВЫ

Старонкi летапiсу працоўнай славы калектыву (i адначасова — краiны)

Па два днi нараджэння бывае не толькi ў выдатных асоб, але i ў выдатных калектываў. На самай справе, што лiчыць днём нараджэння iнстытута: 25 лютага 1933 года, калi Саўнаркам прыняў пастанову аб стварэннi Белдзяржпраекта? Цi шукаць «метрыку» у 1927-м, калi ўжо iснавала праектнае бюро «Белдзяржпраектбуд», на базе якога, а таксама на базе фiлiяла Дзiпрагора РСФСР, i фармiраваўся пазней калектыў? Адным словам, 70-гадовы юбiлей тут адзначылi, а вельмi хутка атрымаюць маральнае права i на 80-годдзе. Калi, канешне, захочуць «старыцца». Так цi iнакш, але мы сёння знаёмiмся са старэйшай праектнай арганiзацыяй рэспублiкi, якая ў вельмi нялёгкiх гiстарычных умовах забяспечыла планамернае развiццё i Мiнска, i iншых беларускiх гарадоў.

У гэтым адна з яе вызначальных асаблiвасцяў — работа на маштаб рэспублiкi. Што накладвае свой адбiтак: прыдае адказнасцi, зноў жа — маштабнасцi мыслення.

Яшчэ ў даваенныя гады iнстытуту даверылi праектаваць аб’екты першаступеннай важнасцi — Дом урада, акруговы Дом афiцэраў, Тэатр оперы i балета. А таксама будынкi Акадэмii навук, ЦК КПБ, дзе зараз размешчана рэзiдэнцыя прэзiдэнта, Дзяржаўнай бiблiятэкi БССР, iнстытута фiзкультуры, рэспублiканскага Палаца пiянераў, клiнiчнага гарадка... Некаторыя з гэтых аб’ектаў цудам уцалелi ў полымi вайны, былi адноўлены i зараз упрыгожваюць наша жыццё. Iх назвы гучаць для жыхароў сталiцы як музыка. Не выпадкова архiтэктуру i называюць музыкай, што застыла ў каменi.

Дзеля гiстарычнай справядлiвасцi патрэбна сказаць, што вялiкую дапамогу калектыву, асаблiва на пачатковых этапах яго станаўлення, аказалi архiтэктары Масквы, Ленiнграда i iншых гарадоў СССР.

Сiмвалiчная, хоць i сумная дэталь: 22 чэрвеня 1941 года ў Мiнску адбылося адкрыццё Камсамольскага возера, спраектаванага Белдзяржпраектам. Але ў той самы дзень стваральная праца яго калектыву, як i ўсёй краiны, была перапынена. Бо «калi гавораць пушкi, музы маўчаць».

...Адгрымела вайна. Паўстала задача не проста аднаўлення гарадоў i вёсак, а ўзнаўлення iх на больш высокiм горадабудаўнiчым узроўнi. Значная, а на першым этапе — асноўная роля (давайце ацэнiм гэта!) у яе вырашэннi адводзiлася комплекснай рэспублiканскай праектнай арганiзацыi — Белдзяржпраекту. Не дзiўна, што iнстытут зноў распачаў сваю работу ўжо ў 1943-м, як толькi быў вызвалены Гомель, у Нова-Белiцы. Сюды з эвакуацыi вярталiся архiтэктары, iнжынеры, iншыя спецыялiсты. У сталiцу рэспублiкi перабазiравалiся амаль адразу пасля яе вызвалення.

Не ўсе ведаюць, што менавiта Белдзяржпраектам у 1945 годзе быў выкананы i ў 1946-м зацверджаны першы пасляваенны генеральны план Мiнска, якi прадугледжваў гарманiчнае развiццё горада на многiя гады i з’явiўся асновай для далейшых горадабудаўнiчых распрацовак. Адначасова iнстытут працаваў над стварэннем генеральных планаў развiцця Маладзечна i Барысава, Бабруйска i Полацка, Оршы i Мазыра, iншых прамысловых цэнтраў рэспублiкi.

А ў сталiцы па яго праектах ажыццяўлялася забудова асноўных магiстраляў i жылых раёнаў, узводзiўся цэлы шэраг унiкальных грамадскiх будынкаў i комплексаў. Сярод iх ансамблi Прывакзальнай плошчы i плошчы Якуба Коласа, забудова Ленiнскага праспекта (зараз праспект Незалежнасцi) — ад Галоўпаштамта да Батанiчнага сада, вулiц Ленiна, Камсамольскай, Валадарскага, Я. Купалы, Даўгабродскай (Казлова), К. Маркса, Чырвонаармейскай. Узгадаем будынкi тэлеграфа, абкама КПБ, цырка, аблвыканкама, сувораўскага вучылiшча... Не варта забываць аб праектах жылых пасёлкаў аўтамабiльнага, трактарнага i падшыпнiкавага заводаў, камвольнага камбiната, мотавелазавода. Адчуваеце, якi сапраўды сур’ёзны размах?

З цягам часу дыяпазон вырашаемых задач яшчэ больш пашыраецца. Менавiта ў iнстытуце канцэнтруюцца праектаванне унiкальных будынкаў i комплексаў для Мiнска i абласных цэнтраў, буйныя работы па раённай планiроўцы, распрацоўцы генпланаў гарадоў i пасёлкаў, тыпавому i эксперыментальнаму праектаванню жылля.

Але адраджэнне нацыi — гэта яшчэ i адраджэнне яе культуры, яе духу. У сталiцы пры прамым удзеле Белдзяржпраекта з’яўляюцца прыгажуны-будынкi Мастацкага музея, музея Вялiкай Айчыннай вайны, Белдзяржфiлармонii, Палаца культуры трактарнага завода, кансерваторыi, Палаца спорту.

А яшчэ вядзецца важная для краiны работа па навуковаму абгрунтаванню размяшчэння вытворчых сiл i рацыянальнай арганiзацыi вытворчых комплексаў, сеткi населеных пунктаў i зон масавага адпачынку. Дарэчы, распрацаваныя схема размяшчэння вытворчых сiл БССР, схема рассялення гарадскога насельнiцтва Беларусi, праекты раённай планiроўкi Мiнскага, Салiгорскага i Жодзiна-Барысаўскага прамысловых вузлоў, а таксама схема размяшчэння i развiцця зон адпачынку i турызму атрымалi высокую ацэнку.

За вялiкi ўклад у развiццё капiтальнага i жыллёва-грамадзянскага будаўнiцтва калектыў узнагароджаны ордэнам Працоўнага чырвонага сцяга. Гэта стала адзiным такiм прэцэдэнтам сярод праектных арганiзацый.


Беларускi вопыт вывучала Арганiзацыя Аб’яднаных Нацый

Старонкi летапiсу працоўнай славы калектыву (i адначасова — краiны)

Расказваем дастаткова падрабязна, хоць i схематычна, яшчэ i таму, што за працоўнымi буднямi iнстытута праглядваецца гiсторыя ўсёй будаўнiчай галiны, наогул самой Белай Русi, яе сталiцы.

Калi на Белдзяржпраект былi ўскладзены функцыi галаўнога iнстытута рэспублiкi па жыллёва-грамадзянскаму будаўнiцтву, яго калектыў сканцэнтраваў свае намаганнi на правядзеннi ў сталiцы i рэгiёнах адзiнай тэхнiчнай палiтыкi ў праектаваннi жылых i грамадскiх будынкаў. Палiтыкi, перш за ўсё скiраванай на павышэнне архiтэктурна-мастацкiх i эстэтычных вартасцяў будынкаў, якасцi архiтэктурна-планiровачных рашэнняў, наогул на паляпшэнне якасцi праектавання i будаўнiцтва.

Бываюць жа парадоксы: развiццё ў пачатку 60-х гадоў iндустрыяльных метадаў будаўнiцтва (праўда, адначасова з прымяненнем абмежаванага набору тыпавых праектаў, што распрацоўвалiся ва ўсiх праектных арганiзацыях) прывяло да аднастайнасцi ў забудове гарадоў. Iнстытуту было даручана распрацаваць i ўкаранiць у масавае будаўнiцтва на базе дзеючых серый новыя праекты жылых дамоў рознай павярховасцi. Аднак укараненне новых праектаў ажыццяўлялася на базе дзеючага абсталявання i тэхналогiй, i выклiкала павелiчэнне наменклатуры вырабаў, а адсюль — неабходнасць прымянення на заводах iндывiдуальнай тэхналогii iх вытворчасцi i нестандартнага абсталявання.

У сувязi з гэтым быў створаны «Каталог унiфiкаваных тыпавых канструкцый для жыллёва-грамадзянскага будаўнiцтва ў Беларускай ССР», на аснове якога распрацаваны i зараз укараняюцца новыя серыi буйнапанельных жылых дамоў. Асваенне новай наменклатуры iндустрыяльных вырабаў дазволiла ўнесцi разнастайнасць у архiтэктурныя i планiровачныя рашэннi буйнапанельных жылых дамоў, павысiць якасць iх аддзелкi, павялiчыць камфортнасць жылля.

У праектах з «падачы» iнстытута пачалi шырока ўкараняцца такiя актуальныя для таго часу дасягненнi iндустрыяльнага домабудавання, як акустычна аднародныя лёгкабетонныя панелi перакрыццяў, трохслойныя панелi наружных сцен павышанай заводскай гатоўнасцi з уманцiраванымi рэгiстрамi ацяплення, панелi перакрыццяў i ўнутраных сцен з эканамiчным армiраваннем. Былi распрацаваны варыянты вырабаў КПД з прымяненнем штампованых закладных дэталяў, безрулонных жалезабетонных дахаў, арыгiнальных фундаментаў на палях i г.д. Прымяненне эфектыўных канструктыўных рашэнняў дазволiла атрымаць значную эканомiю сталi, цэменту i цяпла.

А наватарскае ўзвядзенне ў Мiнску дамоў з аб’ёмных кабiн па чарцяжах Белдзяржпраекта выклiкала вялiкую цiкавасць нават у далёкiм замежжы. У Беларусь для азнаямлення з навацыяй у 1971 годзе прыбыла спецыяльная прадстаўнiчая дэлегацыя камiсii па жыллю Арганiзацыi Аб’яднаных Нацый, якая дала высокую ацэнку гэтаму вопыту.

Як кажуць, «быў час, была эпоха». Iнстытут знаходзiўся ў эпiцэнтры горадабудаўнiчай палiтыкi ў сваёй рэспублiцы i адначасова ведаў, што ён — i на перадавых рубяжах сусветнага горадабудавання. Знойдзеныя яго спецыялiстамi прагрэсiўныя архiтэктурна-планiровачныя рашэннi пры праектаваннi грамадскiх аб’ектаў дазволiлi ўпрыгожыць беларускую сталiцу будынкамi гасцiнiц «Юнацтва», «Юбiлейная», «Планета», а таксама Белсаўпрафа i галоўнага корпуса медiнстытута, Палаца культуры чыгуначнiкаў, эксперыментальных i тыпавых школ i дзiцячых устаноў.

ПРЫГАЖОСЦЬ ВЫРАТУЕ СВЕТ

Невялiкi ўтульны пакой галоўнага архiтэктара Белдзяржпраекта лаўрэата Дзяржаўнай прэмii РБ за 2005 год Анатоля Шабалiна, як i належыць, застаўлены макетамi, велiзарнымi каляровымi фотаздымкамi праектаў, на якiх лёгка «прачытваюцца» абрысы заўтрашняга Мiнска. Анатоля Андрэевіча просiм крышку падрабязней расказаць пра некаторыя праекты, якiя цiкавяць шырокую грамадскасць.

— Вы галоўны архiтэктар не толькi iнстытута, але i праекта рэканструкцыi Нацыянальнага тэатра оперы i балета. Вось на палову сцяны планшэт са здымкам абноўленага тэатральнага будынка. Быццам бы той самы Дзяржаўны акадэмiчны Вялiкi тэатр, i не той...

— Падчас гутаркi Сяргей Сяргеевiч сказаў, што мы маем намер весцi рэканструкцыю з улiкам першапачатковай задумкi архiтэктара I. Лангбарда, праект якога быў ажыццёўлены яшчэ да вайны. Хоць бы таму, што будынак — помнiк архiтэктуры, а яго аўтар — архiтэктар сусветнага ўзроўню. Усе найбольш значныя будынкi ў Мiнску запраектаваны менавiта iм.

Працуем сумесна з рэстаўратарамi. Будынак прыйшоў у крайнюю фiзiчную зношанасць, даўно састарэлi яго драўляныя перакрыццi. Яго нельга было эксплуатаваць i па мерках пажарнай бяспекi.

Акрамя таго, з’явiлiся сучасныя аддзелачныя матэрыялы, пастараемся выкарыстаць iх у ходзе рэканструкцыi. Адначасова плануем пабудаваць новыя залы для рэпетыцый i вырашыць даволi вострую праблему з падсобнымi памяшканнямi, у прыватнасцi са складамi для тэатральных касцюмаў.

Адна з асноўных задач рэканструкцыi — замена i аснашчэнне сцэны. Калi бягучы рамонт будынка можна зрабiць праз кожныя тры гады, нешта паднавiць, то сцэну — як правiла, праз дзесяткi гадоў. Вось чаму для мадэрнiзацыi яе закладваем абсталяванне, якое, можна сказаць, з’яўляецца абсталяваннем заўтрашняга дня. На сцэне прадугледжаны шматлiкiя пад’ёмна-апускныя пляцоўкi.

Калi меркаваць па эскiзах Лангбарда, то iм задумвалiся i скульптурныя кампазiцыi, якiя павiнны былi размяшчацца па фасаду ў нiшах. Задумка ў свой час не была ажжыццёўлена, не хапiла сродкаў. Зараз праводзiцца конкурс сярод беларускiх скульптараў на гэтыя кампазiцыi.

Яшчэ адна з задач — стварэнне сучаснага тэатральнага сквера, якi будзе абсалютна адрознiвацца ад iншых сквераў горада. Яго алеi стануць менавiта тэатральнымi. Адна — опернага мастацтва, другая — алея балета, iх належным чынам аформяць. Разглядаем магчымасць збудавання святло-музычнага фантана, i каб музыка гучала свая, тэатральная. I перад пачаткам спектакля гледачы змогуць пасядзець, адпачыць, настроiцца на сустрэчу з цудоўным.

Зараз завяршаем эскiзны праект па добраўпарадкаванню. Абмяркуем яго з творчымi калектывамi (усе найбольш сур’ёзныя свае рашэннi мы ўзгадняем не толькi ў iнстанцыях — для зацвярджэння, але i з дырэкцыяй тэатра, просiм абмеркаваць у калектывах) i пачнём увасабляць у жыццё. Часу не так i многа — усяго тры гады. Тэатр — вiзiтная картка краiны, i яна павiнна быць прывабнай.

— Некалькi слоў, калi ласка, пра iншы тэатральны праект, вось гэты.

— На вулiцы Казлова даўно, што называецца, прападае колiшнi офiс будтрэста № 1, будынак знаходзiцца ў аварыйным стане. Ёсць iдэя выкарыстаць яго для стварэння — пасля рэканструкцыi, зразумела — маладзёжнага опернага тэатра. Менавiта маладзёжнага опернага, бо Беларусь на таленты багатая. Мы выканалi эскiзны праект, ён на здымку, што перад вамi, i можна пераканацца, наколькi ўдалы i сучасны. Праект прайшоў узгадненнi, зараз чакаем выдзялення фiнансавых сродкаў, пасля чаго прыступiм да далейшай стадыi — распрацоўкi праекта самой рэканструкцыi.

— Пытанне спецыяльна для галоўнага архiтэктара: што пераважае ў рабоце, праектаванне тыпавое цi ўсё ж iндывiдуальнае?

— У асноўным час тыпавых праектаў для iнстытута прайшоў. Некалi тыпавое праектаванне сур’ёзна дапамагло, калi iшло станаўленне народнай гаспадаркi, i ў масавым парадку ў глыбiнцы будавалiся палiклiнiкi, iншыя аб’екты аховы здароўя, агульнаадукацыйныя школы. I патрэбна было ўзвесцi iх больш i хутчэй.

У сталiцы таксама прапаноўвалi тыпавыя праекты жылых дамоў па серыях (якiя ўвесь час дапрацоўвалiся i абнаўлялiся), што дазваляла ажыццяўляць шырокую забудову. Праўда, тады гэтае слова — тыпавы — ужывалася часцей за ўсё ў сэнсе «праект, што прайшоў праверку практыкай», якасны праект, якi можа задаволiць патрэбы свайго часу. Але часы ўсё ж мяняюцца.

Зараз наш iнстытут — гэта iнстытут iндывiдуальных праектаў, хоць выконваць iх больш складана i адказна. Затое сапраўдным упрыгожаннем беларускай сталiцы (гэта я кажу як член горадабудаўнiчага савета Мiнска) сталi такiя аб’екты, як Мiнскi палац дзяцей i моладзi, пасольства i гандлёва-эканамiчнае прадстаўнiцтва Украiны на Старавiленскай, тэрапеўтычны корпус 1-й клiнiчнай бальнiцы па праспекту Незалежнасцi, медыка-рэабiлiтацыйны цэнтр «Нардзiн» па Сурганава, 9-павярховы жылы дом у канструкцыях безрыгельнага каркаса па вулiцы Цiмашэнкi. А таксама жылыя дамы з маналiтнымi безрыгельнымi перакрыццямi па вулiцы Маскоўскай у Брэсце, жылы пасёлак на 60 катэджаў у пасёлку Сiпягiна Маскоўскай вобласцi, бальнiца на 200 коек у комплексе жылога гарадка ў Чайкоўскiм Пермскай вобласцi, будаўнiцтва якой ажыццёўлена сумесна з турэцкай фiрмай «ЭНКА»; жылыя пасёлкi i адмiнiстрацыйныя будынкi ў Лангепасе Цюменскай вобласцi, забудова таго ж Сургута... Як вы адчуваеце, я магу называць доўга. Зараз праектуем жылыя дамы для новага сталiчнага мiкрараёна Дружба, мiж iншым, па iндывiдуальных праектах.

— Пералiчаныя вамi аб’екты сапраўды прыгожыя i сучасныя, калi меркаваць нават па здымках. I патрэбна думаць, што многiя з iх выйшлi пераможцамi прафесiйных конкурсаў.

— Акрамя тых работ, якiя былi ўжо названы сярод адзначаных, пераможцамi на прафесiйных конкурсах сталi праекты грашова-разлiковага цэнтра Нацыянальнага банка, жыллёвага комплексу расiйскага пасольства ў раёне вулiцы Арлоўскай, гасцiнiцы на 400 месцаў на Нарачы, будынка адмiнiстрацыйнага офiса «Беларусбанка» на пр. Дзяржынскага ў Мiнску i шмат iншых. Яны пацвярджаюць старажытны тэзiс аб тым, што «прыгажосць выратуе свет».

Матэрыял да друку падрыхтавалі Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ і Вераніка АРЛОЎСКАЯ.

Здымкi – з архіва iнстытута «Белдзяржпраект» і Марыі ЖЫЛІНСКАЙ.


 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб лепш зразумець чалавека, гартаюць яго бiяграфiю. Цэлы калектыў зразумець складаней. Але ўсё роўна ключ да разумення ранейшы — старонкi яго гiсторы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика