21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Усё пачынаецца з дарогi

25.08.2009 21:50 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Да афiцыйнага адкрыцця адноўленага Аўгустоўскага канала засталiся лiчаныя днi

Адначасова са звычайнай i, здавалася б, нават «будзённай» справай спрычынiцца да аднаўлення гiстарычнай спадчыны Беларусi — такая унiкальная i разам з тым па-сапраўднаму адказная магчымасць выпадае далёка не ўсiм. I ў гэтым плане работнiкам «Гроднааблдарбуда», можна сказаць, пашанцавала. Прычым неаднойчы. Дастаткова сказаць, што ў 2002 годзе яны ўзялi непасрэдны ўдзел у добраўпарадкаваннi старажытнага Мiра, у 2003-м без iх не абышлася падрыхтоўка да святкавання 500-годдзя Смаргонi, а ў 2004-м — «Дажынак» i 1000-гадовага юбiлею Ваўкавыска. Аднак ставiць кропку тут аказалася рана. Тады ж, пазалетась, у гродзенскiх дарожнiкаў распачаўся новы i цi не самы адметны праект — работы па аднаўленню знакамiтага далёка за межамi нашай краiны Аўгустоўскага канала.

Даведка «Звязды»

Гiсторыя абласнога унiтарнага прадпрыемства «Гроднааблдарбуд» пачалася 20 верасня 1944 года. Першым часам яго асноўнымi мэтамi з’яўлялася аднаўленне разбураных падчас Вялiкай Айчыннай вайны дарог i мастоў, пазней — добраўпарадкаванне населеных пунктаў i лiквiдацыя бездарожжа ў сельскай мясцовасцi.

Патрабаваннi дзяржаўнага сацыяльнага стандарту ў галiне дарожнага забеспячэння па вобласцi былi цалкам выкананы ў 2004 годзе. Галоўныя задачы зараз — гэта рамонт i абслугоўванне дарог Гродзеншчыны агульнай працягласцю 11,5 тысячы кiламетраў, павышэнне бяспекi i хуткасцi руху, работа ў аграгарадках.

Са студзеня 2005 года «Гроднааблдарбуд» узначальвае Валерый Уладзiмiравiч КОКАШ. За сёлетнiя студзень-красавiк у параўнаннi з аналагiчным перыядам летась агульны аб’ём работ прадпрыемства ўзрос у 2,5 раза, рэнтабельнасць — на 123 працэнты, сярэдняспiсачная колькасць работнiкаў — з 1920 да 2060 чалавек. Паляпшэнне вытворчых паказчыкаў дазволiла рэзка павялiчыць адлiчэннi на абнаўленне асноўных сродкаў, а таксама павысiць зарплату — чакаецца, што да канца года яе сярэднi ўзровень выйдзе на адзнаку 300 долараў ЗША.

Апошняя акалiчнасць, мяркуюць у «Гроднааблдарбудзе», у тым лiку павiнна зацiкавiць маладых спецыялiстаў. Тым больш, што тут iм могуць рэальна дапамагчы з вырашэннем жыллёвага пытання. Адзiн з варыянтаў у дадзеным выпадку — выдзяленне беспрацэнтных крэдытаў на будаўнiцтва за кошт прадпрыемства. Другi i таксама цiкавы напрамак — пераабсталяванне аднаго з iнтэрнатаў у абласным цэнтры ў дом «маласямейнага» тыпу.


Злучэнне Нёмана i Вiслы. Задума стварэння Аўгустоўскага канала з мэтай перавозкi тавараў у абыход прускiх уладанняў з iх высокiм мытным зборам на пачатку ХIХ стагоддзя належыла князю Ф.К. Друцкаму-Любецкаму, прычым, дзякуючы намаганням iнжынернага польскага корпуса, тут «уклалiся» ўсяго ў тры гады. Новы водны шлях цераз раку Бебжу, Аўгустоўскiя азёры, раку Чорная Ганча i штучныя каналы-«змычкi» расцягнуўся больш чым на сто кiламетраў i меў 18 шлюзаў, якiя рэгулявалi ўзровень вады i дазвалялi рухаць на коннай цязе баржы грузапад’ёмнасцю да 300 тон. Лiчба немаленькая. Прынамсi, адна такая баржа замяняла адразу 500—600 драбiн — асноўнага вiду транспарту па тых яшчэ «дачыгуначных» часах.

Аднак сам лёс канала, як i лёс гэтага краю, аказаўся няпростым. Адметнае гiдратэхнiчнае збудаванне моцна пацярпела падчас паўстання 1830—1831 гадоў. Праўда, навiгацыю ўдалося аднавiць ужо ў 1839 годзе, i з таго часу Аўгустоўскi шлях служыў для гаспадарчых патрэб роўна стагоддзе. А потым — насталi новыя выпрабаваннi. Уз’яднанне Заходняй i Усходняй Беларусi, Вялiкая Айчынная вайна, у рэшце рэшт, вызначэнне новай мяжы з Польшчай. Аўгустоўскi канал аказаўся падзеленым памiж дзвюма дзяржавамi, страцiў сваю ранейшую каштоўнасць i... пакрысе стаў прыходзiць у заняпад. Так, спробы адраджэння былi. У пачатку 1980-х iдэяй, як кажуць, «загарэўся» тагачасны кiраўнiк Гродзенскага райвыканкама Раман Адамавiч Алiзаровiч. Былi нават спраектаваны новыя масты — з разлiкам на суднаходнасць. Але, на жаль, тады далей справа не «пайшла».

I толькi на пачатку гэтага дзесяцiгоддзя аб аднаўленнi гiстарычнага канала загаварылi зноў. Прычым не толькi на Гродзеншчыне — праект стаў абмяркоўвацца на самым высокiм узроўнi. Планы па развiццю турызму ў зоне Аўгустоўскага канала падтрымаў кiраўнiк дзяржавы. Было вызначана, што курыраваць работы павiнен Камiтэт дзяржкантролю. А сам аб’ект атрымаў статус ударнай будоўлi.

— Фактычна мы распачалi свае работы ўвосень 2004 года, — распавядае галоўны iнжынер абласнога унiтарнага прадпрыемства «Гроднааблдарбуд» Уладзiмiр Мiхайлавiч Чувак. — Прычым пытанне з грашыма было вырашана адразу. Узвядзенне мастоў фiнансавалася за кошт сродкаў, прадугледжаных на аднаўленне Аўгустоўскага канала. А будаўнiцтва дарог — за кошт мэтавых паступленняў з абласнога дарожнага фонду. Словам, праблем тут не ўзнiкла. Заставалася толькi працаваць — зладжана, якасна, хутка.

Магчыма, некаторыя скептыкi ўсмiхнуцца: маўляў, Аўгустоўскi канал уяўляе цiкавасць менавiта як водны шлях. I, калi ўзяць пад увагу гэту акалiчнасць, удзел у яго аднаўленнi дарожнiкаў, на першы погляд, можа падавацца нiбыта... «не асноўным». Аднак толькi на першы. Бо тут ёсць iншыя, i да таго ж — «упартыя» аргументы. Не сакрэт, што падарожжа, напрыклад, на байдарцы, з улiкам кошту экiпiроўкi, даступнае далёка не для ўсiх. Абсалютная большасць наведвальнiкаў гiстарычнага помнiка будзе выбiраць «альтэрнатыўны» варыянт — аўтамабiль цi веласiпед. А, значыць, для гэтага трэба стварыць адпаведныя ўмовы. Гэта па-першае. I па-другое. Нельга забываць на «выпрабаванае» ва ўсiм свеце правiла — аб’екты турыстычнай iнфраструктуры заўсёды з’яўляюцца потым. Тады як спачатку — будуюцца добрыя дарогi.

У тым, што тут проста не можа быць якiх-небудзь «дробязяў», выпадае пераканацца ў хуткiм часе. Крыху больш за дваццаць кiламетраў на паўночны захад ад Гродна — i наводдаль за вокнамi легкавушкі кiдаецца ў вочы велiчны касцёл. Сапоцкiн. Колiшняе мястэчка, раённы цэнтр, а цяпер гарпасёлак вядомы ўжо тым, што звыш 90 працэнтаў мясцовых жыхароў лiчаць сябе палякамi i што адна з тутэйшых вулiц мае iмя Яна Паўла II. Хоць гэта — «разынкi» не адзiныя. Сёння Сапоцкiн, буйнейшы населены пункт памiж Гродна i Аўгустоўскiм каналам, вызначаецца паркам i чырвонымi дахамi дамоў, прыгожымi платамi i плiткай на тратуарах. А яшчэ — раўнюткiмi, свежазаасфальтаванымi дарогамi. Работы па iх укладцы распачалiся летась i павiнны закончыцца ў блiжэйшыя днi. У вынiку за сцiслы тэрмiн Сапоцкiн ператворыцца ў невялiкi еўрапейскi гарадок. I стане своеасаблiвай «брамай» у будучую турыстычную зону.

Сам канал заўважаеш праз некалькi хвiлiн. А яго «адкрыццё» распачынаецца... з цалкам новага моста.

— Уласна кажучы, масты праз канал каля вёсак Сонiчы i Асташа былi i раней, — заўважае Уладзiмiр Чувак. — Аднак паколькi з цягам часу змянiўся сам узровень вады, старыя канструкцыi аказалiся непрыстасаванымi для праходжання суднаў. Таму iх прыйшлося дэманціраваць. I збудаваць iншыя — павялiчаных габарытаў. Пры гэтым цiкава, што, з улiкам балотнай мясцовасцi МБУ-7 РУП «Мостабуд» выкарыстоўвалася не зусiм традыцыйная тэхналогiя — апоры на шпоранадзiманых палях, а таксама 30-метровыя бэлькi. У вынiку ўдалося выйсці на большую глыбiню. I атрымаць большую трываласць.

Не скiдвалiся з рахункаў i iншыя акалiчнасцi. Скажам, прыйшлося ўмацоўваць берагi шчэбнем — для таго, каб iх не размывала вада ад хваляў маторных суднаў. Нарэшце, тут не забылiся абсталяваць спецыяльныя месцы для аўтатранспарту. Бо самi па сабе тыя ж масты — цудоўныя глядацкiя пляцоўкi.

Аднак, напэўна, самая адметная частка агульнай справы — дарогi. Увогуле, запланавана, што ў зоне Аўгустоўскага канала павiны ўзнiкнуць два турыстычныя цэнтры. Гэта вёска Лясная каля польскай, i вёска Дмiсевiчы — каля лiтоўскай мяжы. I будаўнiцтва пад’ездаў да iх — асобнае пытанне. Так, шлях у «польскi» бок быў ужо асфальтаваны, аднак не да самай Лясной. I да таго ж праклалi яго... ужо гадоў дваццаць таму. Яшчэ больш складаным лiчыўся «лiтоўскi» напрамак. Па сутнасцi сюды вяла толькi лясная сцяжына.

Калi цяперашнi шлях ад моста ў Сонiчах да Лясной зроблены з асфальтабетону, то дарога ў Дмiсевiчы — з гравiю. Аднак, адзначае Уладзiмiр Чувак, апошняе бянтэжыць не павiнна — гравiйка выканана з матэрыялу, што вырабляецца ў кар’еры «Асокiна» ля Сапоцкiна, можа вытрымлiваць даволi вялiкiя нагрузкi. I плюс да ўсяго — тут амаль «гарантавана» абмежаваная колькасць пылу.

Зрэшты, важна зусiм не гэта. Зараз дарога ад Лясной да Дмiсевiчаў па-сутнасцi адна. I ўвесь беларускi ўчастак канала з яе — як на далонi.

— Не будзем забываць, што пракладваць дарогi прыйшлося па Аўгустоўскай пушчы, — зазначае Уладзiмiр Чувак. — I ў дадзеным выпадку патрабаванне эколагаў аказалася строгiм — тэхнiка не павiнна заязджаць на запаведнікавую тэрыторыю. Прастора была абмежаванай, таму калi-нiкалi прыходзiлася нават выкарыстоўваць ручную працу. Але вельмi прыемна, што ў рэшце рэшт нам сапраўды ўдалося не «зачапiць» нiводнага дрэўца.

Мiж тым, жорсткiя ўмовы былi невыпадковымi. Поўная адсутнасць прамысловых прадпрыемстваў, прыгажэйшыя мясцiны, некранутыя лясы, дзе сустракаюцца хвоi, што не змогуць абхапiць нават два чалавекi. I, апроч таго, адноўленыя ў першапачатковым выглядзе iнжынерныя збудаваннi, сярод якiх — самы вялiкi на ўсёй працягласцi воднай магiстралi шлюз каля вёскi Нямнова. Не варта сумнявацца, што гэта павiнна прывабiць як беларускiх, так i замежных гасцей. Чакаць засталося нядоўга. Па Аўгустоўскаму каналу ўжо зроблены першы, «пробны» рэйс экскурсiйнага парахода. А непасрэдна афiцыйнае адкрыццё зоны адпачынку i вандровак запланавана на пачатак чэрвеня.

— Асабiста я перакананы, што канал дасць штуршок да развiцця рэгiёна ў цэлым, — падкрэслiвае Уладзiмiр Чувак. — Хтосьцi з мясцовых жыхароў пачне працаваць на абслугоўваннi воднага шляху, хтосьцi — зоймецца сямейным бiзнэсам i будзе прымаць турыстаў. Аднак у любым выпадку сваю карысць атрымаюць усе — падчас работ па рэканструкцыi канала мы праклалi пад’езды да блiжэйшых вёсак. А таксама — добраўпарадкавалi iх вулiцы.

Прычым падобны падыход — не проста «на патрэбу дня». Калi рабiць, то так, як трэба. Паводле самых сцiплых разлiкаў, новыя дарогi ў зоне Аўгустоўскага канала «прастаяць» без капiтальнага рамонту як мiнiмум 15—20 гадоў. А новыя масты — цi не ўтрая больш.

Алена ДАЎЖАНОК, Андрэй КОВЕЛЬ, Яўген ПЯСЕЦКI.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да афiцыйнага адкрыцця адноўленага Аўгустоўскага канала засталiся лiчаныя днi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика