Дзецi гiнуць у ДТЗ
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Бяспека руху Сёлета ў дарожна-транспартных здарэннях (ДТЗ) загiнулi 19 дзяцей i 176 — атрымалi раненнi.Лета для дзяцей не толькi самая бесклапотная, але i самая небяспечная пара года. Бо менавiта падчас школьных канiкулаў — пiк дзiцячага траўматызму на дарогах. Некаторыя аварыi з удзелам нашых маленькiх суграмадзян маюць смяротны вынiк. Як паведамiў начальнiк аддзела ўпраўлення Дзяржаўтаiнспекцыi МУС краiны Анатоль Сушко, сёлета смяротнымi ахвярамi аварый на дарогах сталi ўжо 19 дзяцей, 176 — атрымалi раненнi. За ўвесь мiнулы год у вынiку ДТЗ загiнулi 63 непаўналетнiя, у 2004 годзе — 74, у 2003-м — 63. Якой будзе сёлетняя статыстыка — спрагназаваць цяжка. Як падкрэслiў прадстаўнiк ДАI, самыя траўманебяспечныя днi яшчэ наперадзе. Летам дзецi значна больш часу право- дзяць на вулiцы, што само па сабе з’яўляецца фактарам рызыкi. Паводле слоў старшага iнспектара ўпраўлення ДАI Мiнiстэрства ўнутраных спраў Ганны Банадык, за 4 месяцы гэтага года ў ДТЗ загiнулi 11 дзяцей, а за 29 дзён мая — 8. Прычым нярэдка гэтыя трагедыi адбываюцца па вiне дарослых. Зараз назiраецца тэндэнцыя гiбелi дзяцей-пасажыраў. Смяротнай ахвярай аўтамабiльных аварый становiцца прыкладна кожны другi маленькi пасажыр. Трагедый у многiх выпадках удалося б пазбегнуць, калi б беларускiя вадзiцелi выконвалi Правiлы дарожнага руху ўвогуле i кiравалiся мерамi перасцярогi пры перавозцы дзяцей у прыватнасцi. Напрыклад, не ўсе бацькi рупяцца набыць спецыяльнае дзiцячае аўтамабiльнае крэсла. Вельмi многае залежыць i ад асабiстага прыкладу паводзiнаў на вулiцы. Калi дарослыя на вачах у дзяцей iгнаруюць правiлы дарожнага руху, то i маленькiя пешаходы будуць рабiць тое ж самае. I не дзiва, што амаль 60 працэнтаў усiх ДТЗ з удзелам дзяцей адбываецца па вiне пешаходаў у кароткiх штонiках. Самай вялiкай групай рызыкi сярод пешаходаў з’яўляюцца дзецi ва ўзросце да 6 гадоў, якiя яшчэ добра не засвоiлi правiлы паводзiнаў на вулiцы. Таму бацькi не павiнны пакiдаць такiх дзяцей без нагляду нават у дварах, дзе, здавалася б, няма iнтэнсiўнага руху транспартных сродкаў. Але i тут, як падкрэслiла Ганна Банадык, нярэдка здараюцца аварыi нават са смяротным зыходам. Па-ранейшаму галаўным болем «даiшнiкаў» застаюцца непаўналетнiя матацыклiсты. Зазвычай яны iгнаруюць не толькi правiлы дарожнага руху, але i асабiстай бяспекi: ездзяць на тэхнiчна няспраўных матацыклах, без шлемаў, у цёмны час сутак — без святла, i вельмi часта — нападпiтку, перагружаюць транспартны сродак пасажырамi. Нярэдка гэта прыводзiць да трагiчных наступстваў. Напрыклад, у Вiлейцы на пачатку мая ў вынiку начной прагулкi з сябрамi на матацыкле атрымала вельмi цяжкiя траўмы 15-гадовая пасажырка. Дзяўчынцы давялося ампутаваць ногi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета ў дарожна-транспартных здарэннях (ДТЗ) загiнулi 19 дзяцей i 176 — атрымалi раненнi
|
|