Адпачынак — на розны густ
Надзея НIКАЛАЕВА
Халоднае надвор’е, якое ўсталявалася апошнiм часам на Беларусi, можа стаць прычынай пераносу ў летнiх аздараўленчых лагерах адкрыцця першай змены на больш познiя тэрмiны.
Справа ў тым, што па санiтарных нормах у памяшканнях, дзе знаходзяцца дзецi, тэмпература не можа апускацца нiжэй 18 градусаў, а вiльготнасць паветра павiнна быць у межах 30—60 працэнтаў. Аднак калi ў лагерах прадугледжана магчымасць ацяплення памяшканняў i гарачая вада, то наўрад цi няласкавае беларускае надвор’е, зможа сапсаваць школьнiкам доўгачаканы адпачынак. Паводле папярэдняй iнфармацыi, у новым сезоне колькасць стацыянарных лагераў, якiя прымуць на аздараўленне дзяцей, скароцiцца яшчэ на 24 адзiнкi. Хоць, як падкрэслiваюць у Рэспублiканскiм цэнтры гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя, не выключана, што зачыненых лагераў можа аказацца нават больш, i здарыцца гэта, калi не будуць лiквiдаваныя недахопы, на якiя iм указала санэпiдслужба. Вакол беларускай сталiцы зачыняцца адразу 7 аздараўленчых лагераў, матэрыяльная база якiх прыйшла ў непрыгодны стан i не можа быць выкарыстана для адпачынку i аздараўлення школьнiкаў: гэта «Арляня», «Юны камунар», «40 гадоў Пiянерыi», «Верасок», «Зубраня», «Крынiчка» i «Сасновы бор». Застаецца спадзявацца, што пераважная большасць з iх вернуцца ў строй пасля правядзення там капiтальнага рамонту. Такiя прыклады, на шчасце, мелi месца ў папярэднiя гады. А вось прыкладаў будаўнiцтва новых стацыянарных лагераў у постсавецкiя часы нiхто прыгадаць не можа. Адна з тэндэнцый двух апошнiх гадоў — задзейнiчанне пад адпачынак школьнiкаў базы «дарослых» санаторна-курортных i аздараўленчых арганiзацый. Летась для гэтых мэтаў быў прыстасаваны 41 санаторый-прафiлакторый. Сёлета iх будзе ўжо 56. Яшчэ адна альтэрнатыва стацыянарным аздараўленчым лагерам — арганiзацыя профiльных дзiцячых турысцкiх палатачных лагераў. Паколькi новы вiд адпачынку лiчыцца перспектыўным, рэспублiканскай санэпiдслужбай былi распрацаваныя i зацверджаныя Гiгiенiчныя патрабаваннi да ўладкавання i арганiзацыi рэжыму дзiцячых турысцкiх лагераў палатачнага тыпу. Яны ўступiлi ў дзеянне з 15 мая гэтага года. Як патлумачылi нам спецыялiсты аддзялення гiгiены дзяцей i падлеткаў Рэспублiканскага цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя, турысцкiя лагеры арганiзуюцца для вучняў ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў. У выключных выпадках дапускаецца прыём вучняў ва ўзросце 10—11 гадоў, якiя прайшлi спецыяльную падрыхтоўку ва ўстановах адукацыi i маюць вопыт удзелу ў турысцкiх паходах. Турысцкiя лагеры могуць быць перасовачныя (перасоўванне групамi па 10—15 чалавек з прыпынкамi на 1—2 днi) i неперасовачныя. Апошнiя маюць пастаяннае месца размяшчэння з арганiзацыяй для дзяцей пешых турысцкiх паходаў. Працягласць змены ў неперасовачных турысцкiх лагерах будзе вагацца ад 9 да 12 дзён (у выключных выпадках — да 18 дзён), а ў перасовачных складаць усяго 9 дзён. Аптымальным, на думку санiтарнай службы, з’яўляецца размяшчэнне турысцкага лагера на адлегласцi не больш за 500 метраў ад населенага пункта цi загараднай аздараўленчай арганiзацыi, паблiзу вадаёмаў i крынiц пiтнога водазабеспячэння. Турысцкiя палатачныя лагеры не могуць размяшчацца блiжэй 100 метраў ад лiнiй электраперадач i 500 метраў ад аўтамабiльных дарог I, II i III катэгорый. Функцыянаванне турысцкага лагера дапускаецца пры сярэднясутачнай тэмпературы паветра не нiжэй 15 градусаў на працягу пяцi дзён. Распарадак дня павiнен прадугледжваць працягласць сна не менш чым 8,5—9 гадзiн i 4—5-разовае харчаванне. Шэраг патрабаванняў прыйдзецца захоўваць i пры арганiзацыi пешых паходаў. Так, хуткасць хадзьбы не павiнна перавышаць 5 кiламетраў у гадзiну, а працягласць маршруту — 20 кiламетраў у дзень для дзяцей 12—15 гадоў i 25 кiламетраў — для 16—17-гадовых падлеткаў. Вага асабiстага рыштунку не можа перавышаць 2,5 кг для дзяцей 12 гадоў, 3—3,5 кг для дзяцей 13—14 гадоў i 4—4,5 кг — для падлеткаў 15—17 гадоў. Праз кожныя 40 хвiлiн прадугледжаны так званыя малыя прывалы працягласцю не менш чым 15 хвiлiн. А вялiкi прывал працягласцю 2—3 гадзiны арганiзуецца ўжо для абеду i адпачынку. Плануецца, што ў перыяд летнiх канiкулаў змогуць прайсцi аздараўленне i адпачыць каля 445 тысяч беларускiх хлопчыкаў i дзяўчынак.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Халоднае надвор’е, якое ўсталявалася апошнiм часам на Беларусi, можа стаць прычынай пераносу ў летнiх аздараўленчых лагерах адкрыцця першай змены на б |
|