21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Горацкi раён жыве, працуе, развiваецца

25.08.2009 21:51 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гораччына — адзiн з сельскагаспадарчых раёнаў Магiлёўскай вобласцi. Ён размешчаны на паўночным усходзе рэгiёна i мяжуе з Расiяй.

Горкi вядомыя сваёй навучальнай установай, адной са старэйшых у Беларусi — Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэмiяй. Раён таксама адметны значнымi поспехамi ў сельскай гаспадарцы, дзе спецыялiсты цесна працуюць з навукоўцамi i ўкараняюць новыя тэхналогii.

Горацкая зямля багатая на гiстарычныя падзеi: тут гучала вольнае слова Кастуся Калiноўскага, сюды даляталi думкi ўкраiнскага кабзара Тараса Шаўчэнкi, тут вучыўся класiк беларускай лiтаратуры Максiм Гарэцкi. У пасёлку Ленiна ёсць мемарыяльны комплекс савецкiм i польскiм салдатам, якiя загiнулi ў баях з фашысцкiмi захопнiкамi. У 1943 годзе тут прыняла свой першы бой першая польская дывiзiя iмя Тадэвуша Касцюшкi, i штогод 12 кастрычнiка ў Ленiна прыязджаюць палякi, каб ушанаваць памяць сваiх землякоў i ўсiх ахвяр Другой сусветнай вайны.

Цяпер Горацкi раён развiваецца i будуецца. Тут жывуць добрыя i працалюбiвыя людзi, якiя хочуць лепшай будучынi для сябе i сваiх нашчадкаў. Пра iх iдэi i справы расказваецца ў спецыяльным выпуску «Звязды», якi прысвечаны Горацкаму раёну. Матэрыялы паласы падрыхтавалi пры садзейнiчаннi Горацкага райвыканкама Iлона IВАНОВА i Мiкалай ЦIТОЎ.

Тэхнiчнае пераўзбраенне i новыя тэхналогii — сакрэт поспехаў Горацкага раёна

Пра сённяшняе эканамiчнае становiшча Горацкага раёна расказвае першы намеснiк старшынi райвыканкама Анатоль ДУЦЬКО.

— Горацкi раён — адзiн з лiдараў сярод сельскiх раёнаў у Магiлёўскай вобласцi. Менавiта так мы прызвычаiлiся вызначаць яго. А цi адпавядае такая выснова сённяшняму стану спраў?

— Насамрэч, Горацкi раён павiнен быць першым у вобласцi. Мы iмкнёмся выконваць усе задачы, якiя ставяць перад намi. У першым квартале асноўныя прагнозныя паказчыкi мы выканалi. У прамысловасцi тэмп росту склаў 104,6 працэнта адпаведнага перыяду летась.

— Раскажыце пра прадпрыемствы, якiя працуюць найбольш паспяхова.

— З апераджальнымi тэмпамi спрацавалi Горацкi хлебазавод i масласыраробны завод. Масласырзавод паспяхова супрацоўнiчае з Расiяй, пастаўляе да суседзяў за мяжу масла i сыр. На прадпрыемстве распрацоўваецца праграма пераабсталявання, замоўлена дакументацыя на новую лiнiю па вырабу сыру прадукцыйнасцю 10 тон у суткi.

ААТ «Прэма» ўвогуле дало паказчык у 197 працэнтаў. Гэта былы машынабудаўнiчы завод, iнструментальны фiлiял. Цяпер прадпрыемства пераўзбройваецца, i з гэтым звязаныя надзеi на яго адраджэнне. Плануецца, што ён стане фiлiялам МТЗ i будзе вырабляць дэталi да рухавiкоў. Сёлета прадпрыемству спатрэбiцца больш за 200 мiльёнаў рублёў, каб пераключыцца на новую працу.

— Як справы ў сельскай гаспадарцы раёна?

— У апошнiя гады Горацкi раён вядзе правiльную палiтыку — пераўзбраенне сельскай гаспадаркi. Гэта азначае ўкараненне новых тэхналогiй у вытворчасцi малака i мяса.

Мы не бачым руху наперад без навукi, таму падтрымлiваем цесныя сувязi з навукоўцамi Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэмii.

Мы ўжо даўно перажылi той перыяд, калi галоўным было пасеяць. Цяпер трэба пасеяць i атрымаць максiмальную аддачу ад зямлi. Сёлета мы правялi веснавую кампанiю на належным узроўнi. Дзякуючы дзяржаве, атрымалi мiнеральныя ўгнаеннi пад поўную праграму, а таксама i палiва, таму не стаялi нiводнай хвiлiны. Так што мяркуем атрымаць ураджайнасць збожжавых 60 цэнтнераў з гектара. Каб толькi спраўдзiлiся такiя планы!

А ў жывёлагадоўлi сёлета пастаўлена задача выйсцi на 5 тысяч лiтраў малака ад каровы. I я мяркую, што выйдзем, таму што летась мы надаiлi больш за 4,6 тысячы. I цяпер нашы паказчыкi павышаюцца.

— Калiсьцi сучасную, камп’ютарызаваную ферму ў гаспадарцы «Вучгас БДСХА» паказвалi ў Горацкiм раёне як дзiва. Цi перайшлi новыя тэхналогii з разраду фантастыкi ў рэальнасць?

— Так, сёлета ў трох гаспадарках раёна паставяць такiя ж даiльныя залы, якiя зрабiлi вялiкае ўражанне ў «Вучгасе». Цяпер без гэтага мы ў раёне не зможам.

Нам трэба засяродзiцца на ўкараненнi новых тэхналогiй. Напрыклад, нашы заатэхнiкi раней не займалiся такiмi пытаннямi, як балансiроўка кармоў. А цяпер яны сталi працаваць з камбiкормавымi заводамi, якiя рыхтуюць кармы для павелiчэння вытворчасцi малака. Скажам, не хапае бялку i цукру, i патрэбна балансiроўка, каб малака было больш. Вось гэта — наша будучае.

Усе гаспадаркi павiнны працаваць з поўнай аддачай, каб атрымаць максiмум магчымай прадукцыi.

— Цi хапае сёння ў сельскай гаспадарцы старанных працаўнiкоў, каб працаваць паводле новых тэхналогiй?

— Новыя тэхналогii — гэта аблягчэнне працы сельскага працаўнiка. Канешне, цяпер людскi патэнцыял — праблема ў гаспадарках. Але як толькi мы ўкаранiм новае i перадавое, то людзi пацягнуцца ў вёскi, вернуцца ў гаспадаркi, мне так падаецца. Заробкi павялiчацца, а ўмовы жыцця i працы ў вёсках цяпер зусiм не тыя, што былi раней. У вяскоўцаў, якiя хочуць працаваць i атрымлiваць грошы, i цяпер такая магчымасць ёсць. I ў нашых лепшых гаспадарках — канкурэнцыя: на свабоднае працоўнае месца, дзе добрыя заробак i ўмовы, кiраўнiк чалавека з вулiцы не возьме, а толькi добрага працаўнiка з рэкамендацыямi.

— Якiя лепшыя сельскiя гаспадаркi вы хацелi б адзначыць?

— Лепшую гаспадарку мы ўжо ўзгадвалi — «Вучгас БДСГА». Потым племсаўгас «Ленiна», ЗАТ «Горы», «Аўсянка», УКСП «Горацкае»... Ды ў нас усе нармальныя гаспадаркi, i ўсяго iх у раёне — 13. Сутнасць iх поспеху — у вытворчых паказчыках. Можна павучыцца ў iх кiраўнiкоў i работнiкаў iмкненню працаваць. Людзi зразумелi, што час, калi ў банку можна было ўзяць крэдыт i атрымаць заробак, няхай i не зароблены, мiнуў. Цяпер: што вырабiлi, тое прадалi i грошы атрымалi. Вось гэта самы галоўны фактар.

— Якiя перспектыўныя планы ў Горацкага раёна?

— Мы будзем павялiчваць вытворчасць. Не спынiмся на 5 тысячах лiтраў малака ад каровы. Калi на масласырзаводзе зробiм новую лiнiю, то, верагодна, са сваёй прадукцыяй пойдзем не толькi на расiйскi рынак, але i ва Украiну, Казахстан i далёкае замежжа. Трэба iмкнуцца. А будучае — за якасцю прадукцыi i павелiчэннем аб’ёмаў вытворчасцi.

— На гэтым шляху горацкiх працаўнiкоў чакае шмат працы.

— Так. I вёска, i прамысловасць — усе сферы трэба дацягваць да нармальнага ўзроўню. У нас хапае няроўнасцяў, як кажуць — «шурпатасцяў», але ёсць планы, якiя мы павiнны ажыццявiць паводле праграмы да 2010 года.

Сёлета мы плануем прыцягнуць у эканомiку раёна i асвоiць больш за 40 мiльярдаў рублёў iнвестыцый. Так што працы ў раёне яшчэ шмат. Але перспектывы вызначаны. Толькi наперад!

«Прыгажосць пачынаецца з раслiн»

Батанiчны сад, якi размешчаны на тэрыторыi Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэмii, — гэта каласальная калекцыя самых розных раслiн i гордасць горада Горкi.

— Мой сад — гэта маё жыццё, мой лёс i сэнс майго жыцця, — гаворыць дырэктар Батанiчнага саду Людмiла Аляксандраўна Кiрыльчык.

Яна працуе ў садзе з пачатку 60-х гадоў мiнулага стагоддзя, але i дасюль усе новыя iдэi ў кветкавым i зялёным аздабленнi саду i горада належаць менавiта ёй.

— Гэтыя цудоўныя iдэi належаць раслiнам — толькi iм! — усмiхаецца Кiрыльчык.

У Батанiчным садзе шмат займаюцца прыцягненнем экзатычных раслiн з розных кантынентаў, але асноўным раслiнным фондам усё ж з’яўляецца мясцовая флора. Гэта навiнка — выкарыстанне ў дэкаратыўных кампазiцыях звычайных раслiн, якiя растуць у нашых лясах i на лугах. Яны не патрабуюць нi закалкi, нi спецыяльнага догляду i, урэшце, гэта матэрыял абсалютна бясплатны, таму працаваць з мясцовай флорай не толькi цiкава, але i эканамiчна выгадна.

У «Славянскiм карагодзе»

Напрыканцы мая ў Горках адбыўся фестываль дзiцячай творчасцi «Славянскi карагод». У гэтым свяце бралi ўдзел госцi з Польшчы i Расii.

Горкi маюць гарады-пабрацiмы — Гарволiн ў Польшчы i памежны райцэнтр Манастыршчына ў Расii. Iх звязваюць дамовы аб супрацоўнiцтве.

— Мы разумеем, што ў будучым «прапаведнiкам» сяброўства нашых народаў будзе моладзь, — тлумачыць намеснiк старшынi Горацкага райвыканкама Наталля Карнеева. — I каб прапагандаваць славянскую творчасць, мы вырашылi правесьцi дзiцячы фестываль. У нашым раёне назапашаны багаты вопыт у працы з адоранымi дзецьмi.

У «Славянскiм карагодзе» бралi ўдзел дзецi розных узростаў. Для iх зрабiлi некалькi конкурсных праграм: харавыя i сольныя спевы, дэкаратыўна-прыкладное майстэрства, выяўленчае мастацтва. Для таго, каб прыцягнуць i вясковую моладзь, фестывальныя пляцоўкi арганiзавалi не толькi ў райцэнтры, але i ў аграгарадках: Аўсянцы i Паршына.

У Горках спадзяюцца, што фестываль стане традыцыйным i будзе выконваць сваю галоўную мэту — служыць сяброўству славянскiх народаў, якiя павiнны жыць у мiры i братэрстве.

У наступным годзе, паведамiлi ў райвыканкаме, будзе адзначацца 340-я гадавiна Андрусоўскага дагавора аб перамiр’і. Ён быў заключаны памiж Расiяй i Рэччу Паспалiтай у 1667 годзе, у вынiку чаго адбыўся падзел зямель, на якiх цяпер жывуць беларусы, палякi i расiяне. Мяркуецца, што гадавiна Андрусоўскага дагавора будзе значнай палiтычнай падзеяй, i менавiта ёй будзе прысвечаны другi фестываль «Славянскi карагод» у Горках.

Будуемся!

Узводзiцца новы жылы комплекс у пасёлку Рэкта непадалёк ад раённага цэнтра. Гэта цэнтральная сядзiба УКСП «Горацкае», гаспадарка, якой вельмi патрэбна новае жыллё, бо тут на яго нават ёсць чарга. Людзi хочуць жыць i працаваць у «Горацкiм», i для iх будуецца больш за дзесятак утульных i прыгожых дамоў. А ўсяго ў Горацкiм раёне цяпер узводзяцца 42 дамы для сельскiх працаўнiкоў.

У Горках, на тэрыторыi акадэмгарадка, завяршаецца капiтальны рамонт басейна. Ён адстаяў некалькi дзесяткаў гадоў i меў патрэбу ў рамонце i рэканструкцыi. Спецыялiсты i работнiкi ААТ «Будаўнiк», лiчы, адбудавалi басейн нанова. Яны працуюць на гэтым аб’екце з мiнулага года, у тэрмiны ўкладаюцца, i мяркуецца, што восенню басейн зноў запрацуе для жыхароў Горак.

А паводле статыстыкi, сёлета Горацкi раён павялiчыў аб’ём будаўнiча-мантажных работ на 75 працэнтаў у параўнаннi з леташнiмi паказчыкамi. I толькi за першы квартал здадзена ў эксплуатацыю больш за 2000 квадратных метраў жылля.

Зялёныя Горкi

На ўборачных машынах УКП «Камунальнiк» напiсана: «Чыста не там, дзе падмятаюць, а там, дзе не накiдваюць смецця». Гэта лозунг жыллёва-камунальнай гаспадаркi Горацкага раёна. Яго працаўнiкi ўсё робяць для таго, каб раённы цэнтр выглядаў чыстым, утульным i маляўнiчым.

Навядзеннем парадку i добраўпарадкаваннем горацкiя камунальнiкi займаюцца «на поўным сур’ёзе», падкрэслiвае кiраўнiк УКП «Камунальнiк» Мiхаiл Нiкiценка. Некалькi гадоў прадпрыемства займала першыя месцы ў рэспублiканскiх i абласных спаборнiцтвах. У 2003 годзе Горкi сталi месцам правядзення рэспублiканскага экалагiчнага форуму, i знешнi выгляд горада ўразiў яго гасцей.

Тут любяць кветкавыя дэкаратыўныя кампазiцыi. На цэнтральнай вулiцы можна палюбавацца клумбай у выглядзе... кракадзiла, на схiлах абапал дарогi — кветкавы надпiс «Горкi» i нават выява старажытнага герба з трыма горачкамi. Хутка пры ўездзе ў Горкi з’явiцца новая кампазiцыя з камянёў i кветак, i гэта будзе заклiк да людзей быць добрымi i сачыць за чысцiнёй.

Для таго, каб горад радаваў вока, у «Камунальнiку» пабудавалi невялiкую цяплiцу, дзе вырошчваецца расада. Калi матэрыял свой i не трэба трацiць на яго грошы, то i азелянiць горад можна танней, за невялiкiя сродкi дамагчыся значных вынiкаў. Ёсць таксама i невялiкi гадавальнiк, дзе спецыялiсты займаюцца развядзеннем кустоў i хваёвых дрэў — казацкiх ядлаўцоў i туi.

На прадпрыемcтве працуюць свой ландшафтны архiтэктар i майстры азелянення, якiя ствараюць скверы i дэкаратыўныя кампазiцыi.

Цяпер «Камунальнiк» займаецца яшчэ i аграгарадкамi. Клумбы, газоны i скверы ўпрыгожылi цэнтральныя сядзiбы лепшых сельскiх гаспадарак раёна. Дапамагалi камунальнiкам сельвыканкамы i школы. Цяпер прадпрыемства клапоцiцца аб iх упрыгажэннi гаспадарак i сочыць за парадкам у iх.

— Людзi вiтаюць нашу працу, — гаворыць Мiхаiл Нiкiценка. — У аграгарадках мясцовыя жыхары да нас прыходзiлi самi: маўляў, прывязiце зямлi, дайце расаду, мы зробiм. Праяўлялi iнiцыятыву i дапамагалi. На добраахвотных пачатках пад кiраўнiцтвам райвыканкама праводзяцца суботнiкi.

Дырэктар «Камунальнiка» жыве ў Горках больш за 25 гадоў, i паступова твар горада мяняўся.

— Быў у нас такi час, калi на галоўнай плошчы горада побач з будынкам райвыканкама была плiтка метр на метр, якую паклалi крыва i коса, — узгадвае Мiхаiл Нiкiценка. — Потым паклалi сенажную плiтку, зрабiлi залужэнне газонаў, пасадзiлi розы ў неверагодных колькасцях. А пасля доўгага зацiшку ў добраўпарадкаваннi гадоў пяць таму адбыўся новы ўсплёск навядзення парадку. Усё перакапалi, рэкультывавалi газоны, пасадзiлi кветкi. I цяпер, я мяркую, у нас гэта работа на належным узроўнi.

Што датычыцца перспектыў, то камунальнiкi лiчаць, што iх работу папросту завяршыць немагчыма. Упрыгожванне — гэта як вечнае кола. Прывялi ў парадак цэнтральныя вулiцы Горак, а цяпер рушылi ў спальныя раёны, дзе непачаты край работы. У дварах робяць клумбы i невялiкiя скверы, распрацоўваюць пустэчы, каб дзецi i дарослыя мелi магчымасць адпачыць i пагуляць.

Канешне, чаго ўтойваць, ёсць i такiя людзi, якiм увогуле нiчога не патрэбна, больш за тое, яны гатовыя разбураць агароджы i таптаць кветкавыя клумбы. Але яны ў меншасцi. Усе нармальныя людзi цэняць працу камунальнiкаў, бо яны робяць жыццё прыгажэйшым.

— Я скажу са свайго вопыту, — гаворыць Мiхаiл Мiкалевiч. — У першы год, калi мы ўсталявалi дэкаратыўныя жалезабетонныя агароджы, iх, здаралася, ламалi штотыдзень. Я едзiў, лiчыў i даваў каманду замянiць. Але з цягам часу разбурэнне спынiлася. Так адбылося i са сметнiцамi, якiя ўсталявалi ва ўсiм горадзе. Або надакучыла ламаць, або зразумелi карысць? Напэўна, усё ж такi патрабуецца час, каб перабудаваць мысленне людзей. I да хулiганiстых падлеткаў нарэшце даходзiць, што ва ўтульным i прыгожым горадзе больш прыемна жыць, чым у брудзе i ламаччы.

— Я лiчу, што Горкi — горад дастаткова зялёны, — гаворыць старшы майстар Надзея Люльковiч. — Сёлета ў пасёлку Камаровiчы паблiзу райцэнтра мы заклалi сквер з тысячы дрэў у памяць ахвяр Чарнобыльскай катастрофы. 700 дрэў пасадзiлi ў Горках, зроблены зялёныя агароджы з дзвюх тысяч кустоў. А за гэта лета мы павiнны пасадзiць каля 270 тысяч кветак.

ДАЦЬ ПРЫРОДНЫ ГАЗ АГРАГАРАДКАМ

Прадпрыемства «Горацкi раён газазабеспячэння» дастаўляе ў Горкi i сельскi раён звадкаваны i прыродны газ.

Прадпрыемства абслугоўвае больш за 100 кiламетраў газаправодаў i больш за 17,5 тысячы кватэр, дзе ўсталяваны газавыя балонныя ўстаноўкi цi спажываецца прыродны газ. Цяпер газiфiкаваны раённы цэнтр, а таксама пасёлак Ленiна i аграгарадок Паршына. Сёлета, паводле планаў, блакiтнае палiва атрымаюць i жыхары яшчэ аднаго аграгарадка — у вёсцы Добрая.

— Адна гiгакалорыя цяпла, якая атрымана ад спальвання газу, у чатыры разы таннейшая, — тлумачыць перавагi дырэктар райгаза Аляксандр Белкiн. — I ў гэтым самая вялiкая карысць газу — насельнiцтва менш плацiць. Па-другое, акуратнасць. З’явiлася магчымасць газiфiкаваць прыватныя дамы — там больш няма нi копацi, нi бруду. Людзi жывуць у цёплых дамах i карыстаюцца цёплай вадой. Гэта вялiкая справа.

Праўда, газiфiкацыя прыватнага дома — справа нятанная. Сёння сярэднi кошт такiх работ складае прыстойную суму — 2—2,5 мiльёна рублёў. Але горацкiя газавiкi шукаюць шляхi для таго, каб зрабiць кошт меншым.

— Вялiкую дапамогу аказвае раённы бюджэт, — тлумачыць Аляксандр Мiхайлавiч. — Райвыканкам дапамагае людзям весцi будаўнiцтва вулiчных газаправодаў, i гэта ўжо мiнус 30 працэнтаў агульнага кошту. Да таго ж i самi людзi выконваюць некаторыя работы — капаюць траншэю, прабiваюць адтулiны, i гэта таксама робiць справу газiфiкацыi таннейшай.

Цяпер Горацкi раён газазабеспячэння актыўна вядзе будаўнiцтва вулiчных газаправодаў. Нядаўна завяршылi работы на вулiцы Гарэцкага i пачалi газiфiкацыю дамоў. За год горацкiя газавiкi сваiмi сiламi выконваюць будаўнiча-мантажных работ на 1,5 мiльярда рублёў. Брыгада невялiкая — усяго 11 чалавек, затое высокая прадукцыйнасць працы.

У блiжэйшыя гады горацкiх газавiкоў чакае шмат працы: газiфiкацыя раёна вядзецца актыўна. Да 2010 года трэба забяспечыць блакiтным палiвам усе цэнтральныя сядзiбы сельскiх гаспадарак.

— Прыродны газ — гэта наша перспектыва, — упэўнены «на ўсе сто» дырэктар райгаза. — Гэта выгадна i зручна: тыя, хто карыстаюцца газам, да пячнога ацяплення, як правiла, не вяртаюцца. I насельнiцтва гэта зразумела: людзi бяруць крэдыты ў банках i ўсё ж такi робяць газiфiкацыю. Апошнiм часам газ часта праводзяць у дамы, дзе жывуць састарэлыя людзi. Iх дзецi iмкнуцца, каб бацькам жылося лягчэй.

Горацкi раён газазабеспячэння — невялiкая арганiзацыя, якая размешчана ў добра адрамантаваным доме, побач — зялёны куток i альтанка. Непадалёк ад будынка — газавая запраўка i, як нi дзiўна, яблыневы сад. Аказалася, што на тэрыторыi запраўкi забаронена ўсё, акрамя дрэў. Газавiкi высадзiлi яблынi чатырох гатункаў, i ўжо летась з задавальненнем частавалiся першымi пладамi.

Офiс абсталяваны камп’ютарамi: спачатку, расказваюць, цяжка было развiтвацца з лiчыльнiкамi, але цяпер, калi прызвычаiлiся, эканамiсты i бухгалтары ўсё робяць толькi з дапамогай сучаснай тэхнiкi.

Работнiкi райгаза спраўна атрымлiваюць заробак. У вобласцi Горацкае прадпрыемства займае адно з першых месцаў па ўсiх паказчыках, а гэта значыць, што людзi працуюць добра.

А яны яшчэ i спортам паспяваюць займацца! Круглы год тут праходзяць спаборнiцтвы валейбольных каманд. Газавiкi нядаўна заваявалi першыя месцы ў спаборнiцтвах па стральбе i перацягванню каната. Тут прынята сем’ямi на прыродзе адзначаць святы, са спартыўнымi гульнямi i смачным шашлыком.

— Усё гэта згуртоўвае калектыў, спрыяе атрыманню станоўчых вынiкаў працы, — упэўнены Аляксандр Белкiн. — Наша арганiзацыя перспектыўная, i з газiфiкацыяй Горацкага раёна мы справiмся!


«КАБ АТРЫМАЎСЯ СМАЧНЫ ХЛЕБ, ПАТРЭБНА ЛЮБОЎ!»

Усе супрацоўнiкi Горацкага хлебазавода любяць хлеб. Вы не знойдзеце тут паслядоўнiкаў модных нiзкавугляводных дыет. I калi хлебапёкi i кандытары заўважаць, што вы вагаецеся — пачаставацца цi ўстрымацца, вас адразу строга папярэдзяць, што хлеб карысны для здароўя i чалавеку трэба яго ўжываць, вядома ж, у разумнай колькасцi. А на Горацкiм хлебазаводзе цяпер вырабляюцца такiя хлебабулачныя вырабы, якiя задаволяць любыя густы i iмкненне да здаровага харчавання самага прыдзiрлiвага спажыўца.

Сёлета Горацкаму хлебазаводу спаўняецца 40 гадоў. «Самы росквiт!» — гавораць усе. Сёння завод вырабляе 12—15 тон хлеба за суткi, i гэта яшчэ не мяжа яго вытворчых магутнасцяў.

Асноўныя спажыўцы хлебабулачных вырабаў — горад Горкi i яго раён, а таксама Дрыбiнскi i iншыя суседнiя раёны. Горацкiя хлебапёкi знайшлi выхады i на памежныя расiйскiя раёны. Цяперашнiя рэалii вымушаюць кiраўнiцтва хлебазавода шукаць рынкi збыту i магчымасцi працаваць эфектыўна.

— Спажыванне хлеба ўвесь час памяншаецца, — прызнае дырэктар Аляксандр Крывянкоў (на здымку). — Раней, у савецкiя часы, хлеб быў танны i iм кармiлi жывёлу, а цяпер людзi сталi лiчыць грошы.

Прадпрыемства таксама лiчыць грошы, i пасля некаторых падлiкаў набыло свой транспарт для перавозкi мукi i гатовай прадукцыi — так больш танна i зручна. А яшчэ стварылi новую падсобную вытворчасць на вольных плошчах — неферментаванага соладу, якi выкарыстоўваецца для вырабу заварных хлябоў.

Сёння хлебазавод працуе з прыбыткам, хоць гэта няпроста. Два гады цэны на хлеб не павышаюцца, затое з сыравiнай i энергарэсурсамi зусiм iншая сiтуацыя. Таму даводзiцца, як гавораць у Горках, «круцiцца». А сваёй перспектывай тут лiчаць павелiчэнне аб’ёмаў вытворчасцi.

На хлебазаводзе шукаюць новыя шляхi, каб сёння можна было жыць i развiвацца. Тут поўнасцю пераабсталявалi вытворчасць: калi раней выпякалi толькi фармавы хлеб i батон, то цяпер — 7—8 гатункаў хлеба.

— Хлябы ўсе смачныя, — запэўнiвае Крывянкоў. — Ва ўсякiм разе горацкi народ перастаў вазiць хлеб з Магiлёва i Мiнска. Пакупнiкi аддаюць перавагу нашаму хлебу.

Паводле слоў галоўнага тэхнолага Iрыны Кавальковай, апошнiя два гады завод выпускае подавыя хлябы па складанай тэхналогii, якiя больш смачныя i карысныя для здароўя.

Горацкiя хлебапёкi вырабляюць хлеб для тых, хто прытрымлiваецца дыеты, i для хворых на дыябет. Таксама з напаўняльнiкамi — морквай, кменам, марской капустай, вотруб’ём. У хлябы дадаюцца бульбяное пюрэ, павiдла, вiтамiны.

Ад асартыменту кандытарскiх вырабаў вочы разбягаюцца: тарты, пiрожныя, бiсквiты, рулеты, кексы i пернiкi — усiх гэтых смачнасцяў не пералiчыць!

— Я 34 гады працую ў галiне i ўвогуле хлеб люблю, — гаворыць Iрына Уладзiмiраўна. — Трэба памятаць, што хлеб — гэта паўнавартасная крынiца вiтамiнаў.

Аляксандр Афанасьевiч дадаў, што i ён любiць любы хлеб, бо ён робiцца цёплымi рукамi людзей.

Цяпер на Горацкiм хлебазаводзе працуе амаль паўтары сотнi чалавек. Элiта — рабочыя, якiя непасрэдна робяць цеста i закваску i стаяць каля печы. Гэта ад iх залежыць, цi смачны будзе хлеб.

— Таму што хлеб трэба рабiць з душой, — тлумачыць дырэктар. — Так, як любая гаспадыня, якая пячэ пiрагi: з настроем i жаданнем працаваць.

Выпечка хлеба — працэс складаны. На заводзе працуюць у асноўным у начныя змены, каб ранiцай аддаць свежы хлеб пакупнiкам. На прадпрыемстве шмат жанчын, i яны прызвычаiлiся да такога графiку працы.

Варвара Мiкалаеўна Церашкова — машынiст подавага хлеба. Яна працуе на прадпрыемстве амаль 30 гадоў. «Хлебазавод — мая другая сям’я, — гаворыць жанчына. — Я вельмi люблю сваю працу!»

Хоць, калi шчыра, хлебапячэнне — нялёгкая праца, гавораць работнiцы, якiя стаяць каля гарачых пячэй. Аднак прадпрыемства iмкнецца паляпшаць умовы працы сваiх людзей. Цяпер, напрыклад, завод газiфiкаваны i не трэба ў кацельню цягаць вугаль на руках. Сёння аператар можа хадзiць «пры гальштуку» i толькi назiраць за параметрамi.

Работнiкi хлебазавода захапляюцца спортам. Яны — адны з самых актыўных удзельнiкаў раённай спартакiяды. На прадпрыемстве знайшлi магчымасць набыць спартыўны iнвентар i нават абсталяваць бiльярдную. Калi людзi бяруць удзел у спаборнiцтвах, а тым больш у iх перамагаюць — iм выплачваецца прэмiя. Гэта прыемны дадатак да асноўнай працы, але галоўнае ўсё ж — пячы хлеб!

— Каб атрымаўся смачны хлеб, патрэбна любоў, — гаворыць Аляксандр Афанасьевiч. — Трэба любiць сваю справу i да працы падыходзiць з душой. Тады i хлеб атрымаецца!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гораччына — адзiн з сельскагаспадарчых раёнаў Магiлёўскай вобласцi. Ён размешчаны на паўночным усходзе рэгiёна i мяжуе з Расiяй
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика