21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

НДI ЭВМ: упэўнены рух па шляху прагрэсу

25.08.2009 21:51 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Іван БАРАНОЎСКІ

Сёлета спаўняецца 50 гадоў Мiнскаму аб’яднанню вылiчальнай тэхнiкi, са стварэннем вытворчасцi якога ў рэспублiцы з’явiлася практычна новая галiна, пачалося асваенне вельмi перспектыўнай на сёння нiшы па выпуску вылiчальных сродкаў. Разам з тым «руку» да ўсяго гэтага прыклаў Навукова-даследчы iнстытут электронна-вылiчальных машын (НДI ЭВМ). Менавiта з яго сцен пачыналi рух да заводскiх канвеераў аб’яднання некалi добра вядомыя ЭВМ «Мiнск» i шматлiкiя мадыфiкацыi ЕС ЭВМ. Над чым працуюць у НДI ЭВМ цяпер, што ў яго праграмах i напрамках сёння?

Тэхнiка, якую не стварае ніхто іншы

Дзмiтрый ЖАВАРАНКАЎ, першы намеснiк дырэктара НДI ЭВМ:

— Iнстытут працуе ў асноўным над тым, што i абазначана ў яго назве, — над распрацоўкай i стварэннем электронна-вылiчальных машын. Гэта — асноўнае. Прычым спектр ствараемых машын даволi шырокi — ад машын класа «ноўтбук», персанальных ЭВМ да суперкамп’ютараў, на распрацоўку якiх, гэтых не спецыфiчных для нас вылiчальных сiстэм, iнстытут выйшаў у апошнiя 4—5 гадоў (абазначаная тэма будзе раскрыта асобна, некалькi нiжэй. — Рэд.). Гэтыя машыны могуць эксплуатавацца як у стацыянарных умовах, так i на рухомых аб’ектах. Нашу тэхнiку часам называюць тэхнiкай спецыяльнага прызначэння. Сапраўды, у многiм гэта так. I тут можна вылучыць два нашы асноўныя напрамкі. Першы напрамак — распрацоўка i стварэнне спецыяльнай тэхнiкi, разлiчанай на эксплуатацыю ў нестандартных умовах (напрыклад, ва ўмовах высокай вiльготнасцi, салёнага марскога туману, ва ўмовах празмернай гарачынi або холаду, моцнай вiбрацыi i г.д.). Адносна запатрабаванасцi такой тэхнiкi можа няблага сведчыць наступны факт: нядаўна, згодна з расiйскiм заказам, мы распрацавалi спецыяльныя ЭВМ для ўстаноўкi iх на марскiх суднах.

Iнстытут таксама спецыялiзуецца ў галiне стварэння электронна-вылiчальнай тэхнiкi, якая мае высокую ступень абароненасцi ад так званага несанкцыянаванага доступу да яе iнфармацыi. Адпаведна, гэта тэхнiка заклiкана апрацоўваць сакрэтную i канфiдэнцыяльную iнфармацыю — словам, можа быць выкарыстана тымi нашымi заказчыкамi, якiя iмкнуцца захоўваць надзейны рэжым бяспекi ў сваёй рабоце, папярэджваць электронныя ўзломы. А такiя ўзломы, варта нагадаць, могуць вельмi дорага каштаваць. Напрыклад, пранiкненне ў камп’ютарную сетку банка можа закончыцца для яго стратай буйных сум грошай...

Распрацоўка i выраб тэхнiкi, разлiчанай на яе эксплуатацыю ў самых жорсткiх умовах, а таксама тэхнiкi, максiмальна абароненай ад электронных узломаў, — гэта наша спецыфiка. Гэта тое, што, напрыклад, у нашай рэспублiцы нiхто iншы не можа зрабiць.

Таксама адным з важнейшых напрамкаў у дзейнасцi iнстытута з’яўляецца распрацоўка i стварэнне малагабарытных праграмна-апаратных комплексаў для кiравання беспiлотнымi лятаючымi апаратамi. Пры гэтым распрацаваны цэлы шэраг спецыялiзаваных модуляў у розных фарматах: mini PCL, PC 104, compact PCL, прызначаных для ўводу-вываду ў ПЭВМ рознай iнфармацыi.

Акрамя гэтага, важнае месца ў тэматыцы iнстытута займае забеспячэнне Мiнскага метрапалiтэна пасажырскай аўтаматыкай. У прыватнасцi, усе пасажырскiя турнiкеты з адпаведным праграмна-электронным забеспячэннем былi распрацаваны i выраблены менавiта ў нашым НДI.

У iнстытуце таксама захаваўся вельмi добры цэнтр мiкраэлектронiкi, якi змог выжыць у свой час у вельмi складаных умовах. У сувязi з гэтым варта сказаць: аналагiчныя цэнтры на многiх адпаведных прадпрыемствах закрылiся. Мы гэты цэнтр падтрымлiваем, а ў прыватнасцi — iмкнёмся забяспечыць яго стабiльнай работай, стабiльнымi заказамi. I такiя заказы ў яго ёсць.

Варта спынiцца на адным з напрамкаў нашай работы больш падрабязна. Яшчэ ў снежнi 1998 года, згодна з загадам дырэктара iнстытута, у iм быў створаны цэнтр камп’ютарнай бяспекi i сертыфiкацыi тэхнiчных сродкаў электронна-вылiчальнай тэхнiкi. Цэнтр з’яўляецца навукова-тэхнiчным структурным падраздзяленнем НДI i падпарадкоўваецца непасрэдна дырэктару, функцыянальнае ж кiраўнiцтва яго дзейнасцю ажыццяўляе Дзяржаўны цэнтр бяспекi iнфармацыi пры Савеце бяспекi краiны. Для чаго спатрэбiлася гэта структурнае падраздзяленне? У прыватнасцi, у апошнiя гады цэнтр займаўся стварэннем апаратных сродкаў абароны iнфармацыi ў ПЭВМ ад уцечкi яе па тэхнiчных каналах — у асноўным за кошт пабочных электрамагнiтных выпраменьванняў i адпаведных знешнiх навядзенняў. У вынiку супрацоўнiкамi цэнтра быў створаны i ўкаранёны ў вытворчасць цэлы шэраг устройстваў абароны iнфармацыi, якiя шырока выкарыстоўваюцца пры вырабе абароненых персанальных электронна-вылiчальных машын ЕС1855.М5, ВМ2404, ВМ2408, ЕС1855.М7, ВМ2415 i iншых. Пры распрацоўцы абароненых ПЭВМ прымяняюцца як традыцыйныя, шырока вядомыя метады — экранiраванне, фiльтрацыя i г.д., так i схематэхнiчныя рашэннi, якiя цяпер не маюць аналагаў, што ў цэлым дазволiла значна зменшыць памеры зоны магчымага перахоплiвання iнфармацыi. У вынiку, стварыўшы даволi высокую абароненасць iнфармацыi ў нашых ПЭВМ, а таксама значна палепшыўшы iх дызайн, мы выйшлi з iмi на адносна высокi ўзровень канкурэнтаздольнасцi.

Разам з тым варта прызнаць: час стварэння i паставак заказчыкам тэхнікі, без убудаваных у машыны праграмна-апаратных сродкаў абароны ад несанкцыянаванага доступу ў гэтыя машыны, адыходзiць. Вось чаму цяпер адным з асноўных, перспектыўных напрамкаў дзейнасцi нашага цэнтра якраз i з’яўляецца распрацоўка i стварэнне праграмна-апаратных сродкаў комплекснай абароны iнфармацыi ад несанкцыянаванага доступу з выкарыстаннем магчымасцяў базавай сiстэмы ўводу-вываду. I спецыялiстамi цэнтра распрацаваны адпаведны праграмна-апаратны комплекс. Гэты комплекс i ўстанаўлiваецца цяпер на ПЭВМ, якiя пастаўляюцца заказчыкам, у тым лiку — i на машыны тыпу «ноўтбук». На дадзены момант аналагаў такiх сродкаў абароны iнфармацыi няма, i гэта дасць iнстытуту магчымасць паспяхова канкурыраваць са сваёй адпаведнай тэхнiкай на рынках блiзкага, а ў перспектыве i далёкага замежжа.

У заключэнне зазначу: у цэлым усе падраздзяленнi iнстытута працуюць устойлiва, наша тэхнiка надзейна служыць шматлiкiм заказчыкам. Так, надзейнасць ствараемых iнстытутам — для нашай жа спецтэхнiкi — абаронных сiстэм пацверджана сертыфiкатам адпаведнасцi па бяспецы апрацоўваемай iнфармацыi, якi выдадзены, адпаведна, Дзяржаўным цэнтрам бяспекi iнфармацыi.

ЯКI ЁН, НАШ СУПЕРКАМП’ЮТАР

У свой час была шырока разрэкламавана iдэя стварэння ў рамках саюзнай беларуска-расiйскай праграмы суперкамп’ютара пад умоўным абазначэннем «СКIФ». I неяк мала было сказана наконт таго, што ў вынiку атрымалася. Прычым варта ўдакладнiць: НДI ЭВМ увайшоў у лiк асноўных выканаўцаў гэтай праграмы, а яго тэхнiчная база была прызнана гатовай да вытворчасцi суперкамп’ютараў... Такiм чынам, што ў вынiку? Па-першае, цяпер у Беларусi працуюць ужо некалькi створаных суперкамп’ютараў, а па-другое, — i гэта, безумоўна, самае галоўнае, — мы выйшлi ў гэтай справе (што б там нi меркавалi наконт сказанага нашы шматлiкiя скептыкi) на сусветны ўзровень. I гэты ўзровень устанавiлi не мы самi, самастойна — гэта вызначыў той жа сусветны рэйтынг.

Дзмiтрый Жаваранкаў падчас сустрэчы паказаў адпаведны мiжнародны сертыфiкат, якiм вызначана месца беларуска-расiйскага суперкамп’ютара сярод 500 найлепшых сусветных суперкамп’ютараў (гэта месца, у прыватнасцi, вызначалася па вынiках тэсцiравання на лiстапад 2004 года) — яно 98-е...

Гэта, папярэджваюць усякiя сумненнi спецыялiсты НДI, вельмi высокае месца, фактычна знаходзiцца побач з першым. А яшчэ яны ўдакладняюць: мы са сваiм 98-м месцам аказалiся чацвёртымi сярод краiн, якiя прадставiлi свае суперкамп’ютары, — пасля ЗША, Японii i Кiтая. «Поспех — аглушальны».

Як, дарэчы параводзiцца гэта тэсцiраванне? Падаецца адпаведная заяўка ў мiжнародны камiтэт, суперкамп’ютар падключаецца да сусветнай сеткi, потым ён з дапамогай спецыяльных праграм i «праганяецца» спецыялiстамi мiжнароднага камiтэта праз шэраг задач. Вядома, тэсцiраванне праходзiць на адлегласцi, аддаленым чынам. Прычым праводзiцца яно кожныя паўгода. I, напрыклад, цяпер наш СКIФ К-1000 (а менавiта ён заваяваў высокае 98-е месца) крыху адсунулi назад. Вядома, па якой прычыне: прагрэс не стаiць на месцы, i з цягам часу з’яўляюцца новыя, больш эфектыўныя вылiчальныя сiстэмы.

СКIФ К-100 — не адзiны саюзны суперкамп’ютар, уключаны мiжнародным супольнiцтвам у лiк «top-500». Да яго на год раней быў адзначаны таксама СКIФ К-500: 407-е месца.

Цяпер К-500 i К-1000 занялi сваё месца ў Аб’яднаным iнстытуце праблем iнфарматыкi (АIПI) Нацыянальнай акадэмii навук (гэты iнстытут i Iнстытут праграмных сiстэм Расiйскай акадэмii навук з’яўляюцца галаўнымi выканаўцамi праграмы). Пры гэтым зазначаныя суперкамп’ютары занялi тут месца не ў якасцi нейкiх экспанатаў — яны працуюць на эканомiку краiны. У АIПI створаны цэнтр калектыўнага карыстання гэтымi магутнымi высокапрадукцыйнымi вылiчальнымi сiстэмамi.

Якую канкрэтную карысць ужо атрымалi клiенты цэнтра калектыўнага карыстання АIПI ад К-1000? Навуковы супрацоўнiк АIПI Анатоль Крыштофiк прыводзiць такi прыклад (з галiны медыцыны). На базе СКIФа ў рэспублiцы распрацаваны вопытны ўзор апаратна-праграмнага комплексу для ранняй дыягностыкi iшэмiчнай хваробы сэрца, для выяўлення тых, хто мае павышаную рызыку развiцця iшэмii. З дамамогай СКIФа можна хутка iдэнтыфiкаваць (на аснове фрагменту мовы) тэлефонных тэрарыстаў. Для беларускiх СКIФаў падрыхтаваны шэраг iншых задач (адпаведна, разам з праграмным забеспячэннем) для выкарыстання iх вынiкаў у метэаралогii, касмiчных даследаваннях i г.д.

— Стварэнне К-500 i К-1000 i iх адпаведнае мiжнароднае прызнанне, iх высокая ацэнка — гэта вялiкае дасягненне. Гэта, калi гаварыць простай мовай, азначае, што Беларусь валодае важкiмi стратэгiчнымi рэсурсамi, а падобныя рэсурсы мае невялiкая колькасць развiтых краiн, — зазначае Дзмiтрый Жаваранкаў. — Разам з тым трэба рухацца далей, камп’ютарныя тэхналогii сёння развiваюцца ў свеце вельмi хутка. На чарзе — выкарыстанне наступнай саюзнай праграмы, якая носiць назву «Трыяда».

АСАЦЫЯЦЫЯ «МЕТРО» РЭКАМЕНДУЕ...

Аляксей Жаўрыд, кандыдат тэхнiчных навук, член-карэспандэнт Мiжнароднай акадэмii iнфарматызацыi, начальнiк аддзялення НДI ЭВМ — гэта той чалавек, якога, напэўна, з найбольшай павагай сустракаюць у Мiнскiм метрапалiтэне. Праз рукi Аляксея Мiхайлавiча, можна лiчыць, прайшла ўся тэхнiчная дакументацыя, якая датычыцца аснашчэння Мiнскага метрапалiтэна так званай пасажырскай аўтаматыкай. Аляксей Мiхайлавiч працуе ў iнстытуце з 1962 года, а з 1992 года адначасова «служыць» i Мiнскаму метрапалiтэну: ён галоўны канструктар той жа пасажырскай аўтаматыкi. Прычым варта асаблiва падкрэслiць: надзейнай i эфектыўнай аўтаматыкi. У сувязi са сказаным можна прывесцi такi факт: турнiкет, якi носiць тэхнiчную назву «АКП-99» i выкарыстоўваецца сёння ў Мiнскiм метрапалiтэне, найчасцей рэкамендаваны асацыяцыяй «Метро» краiн СНД да ўкаранення ў iншых метрапалiтэнах. Як падкрэслiваюць у НДI ЭВМ, апаратура пасажырскай аўтаматыкi, распрацаваная i вырабленая для Мiнскага метрапалiтэна, на момант уводу яе ў дзеянне заўсёды адпавядала сусветнаму ўзроўню, а мадэль АКП-99 пры гэтым атрымалася амаль у 2 разы таннейшай у параўнаннi з сучаснымi мадэлямi расiйскiх турнiкетаў.

Выраб i пастаўка Мiнскаму метрапалiтэну надзейных i больш танных турнiкетаў у немалой ступенi садзейнiчаюць эфектыўнасцi выкарыстання Мiнскага метро. У прыватнасцi, паводле разлiкаў спецыялiстаў, яно займае сярод метрапалiтэнаў 4-е месца па колькасцi станцый i аб’ёмах перавозак i 1-е — менавiта па эфектыўнасцi. У прыватнасцi, удзельныя затраты ў iм найменшыя.

За ўвесь перыяд супрацоўнiцтва iнстытута з Мiнскiм метрапалiтэнам, а таксама з дырэкцыяй будаўнiцтва метро i ведамасным праектным iнстытутам у НДI ЭВМ распрацавалi i вырабiлi пяць так званых пакаленняў устройстваў па пасажырскай аўтаматыцы. За распрацоўку першых трох пакаленняў аўтарскi калектыў стаў лаўрэатам прэмii Мiнiстэрства прамысловасцi рэспублiкi, а сёлета яму прысуджана прэмiя Ваенна-прамысловага камiтэта (цяпер НДI ЭВМ падведамасны гэтаму камiтэту) за дзве апошнiя распрацоўкi. Сярод узнагароджаных — навуковы кiраўнiк работ НДI ЭВМ Аляксей Жаўрыд, вядучыя iнжынеры НДI Уладзiмiр Лявонаў i Юрый Цярошкiн, а таксама галоўны iнжынер Мiнскага метрапалiтэна Аляксандр Ярыгiн i галоўны iнжынер Дырэкцыi па будаўнiцтву Мiнскага метрапалiтэна Аляксей Мурач.

Першы заказ ад метрапалiтэнаўцаў прынялi ў iнстытуце на той час, калi ў краiне iмклiва набiрала тэмпы гiперiнфляцыя i ездзiць у метро за «пятачок», якi быў тады ў абароце, азначала ездзiць бясплатна. Зразумела, выкарыстанне «пятачка» стала немагчымым, патрабавалася тэрмiнова, у экс-транным парадку, увесцi новы плацежны сродак. У вынiку ў iнстытуце i распрацавалi комплекс «жэтон-апаратура», прычым, як падкрэслiваюць у НДI ЭВМ, iх жэтон дзейнiчае i цяпер, у той час як, напрыклад, у Маскоўскiм метро змянiлiся два тыпы жэтонаў, ад iх там зусiм давялося адмовiцца па прычыне масавага наплыву «левых» жэтонаў. Гэта, аднак, датычыцца жэтонаў. Потым у распрацоўках iнстытута з’явiлася i магнiтная картка, а цяпер тут падрыхтавана для выкарыстання новая так званая бескантактная картка, iначай — смарткартка, або картка з убудаваным у яе электронным мiкрачыпам. Гэта, аднак, тое, што чакае пасажыраў Мiнскага метрапалiтэна ўжо ў недалёкай будучынi. У прыватнасцi, устройствамi для счытвання iнфармацыi на смарткартцы ўжо абсталяваны турнiкеты на трох новых, толькi што ўведзеных у дзеянне станцыях Мiнскага метрапалiтэна.

А ўвогуле, што сабой уяўляе пасажырскi турнiкет?

Гэта не проста тыя дзве палавiнкi невялiчкага шлагбаўма, якiя прапускаюць пасажыра на станцыю метро. Пасажырскi турнiкет i раней быў няпростым тэхнiчным комплексам, сучасны ж турнiкет уключае ў сябе шэраг адзiнак камп’ютарнага абсталявання, якое, разам з выкананнем непасрэдных функцый па пропуску пасажыраў, можа забяспечваць пастаянную статыстыку пасажырапатокаў па станцыi i па асобных уваходах, можа весцi так званыя стоп-лiсты або чорны спiс асобных праязных бiлетаў i г.д. Напрыклад, такая сiтуацыя: адзiн прайшоў праз уваходны шлагбаўм у метро i тут жа пера-дае свой «магнiтны» праязны таварышу, якi таксама потым праходзiць. Новая сiстэма ўважлiва адсочвае падобныя сiтуацыi калектыўнага праходу. Распрацаваная ў аддзяленнi Аляксея Жаўрыда прапускная сiстэма дазваляе лягчэй вызначыць падробныя, фальшывыя карткi, а пры гэтым яна таксама заносiць падазроныя карткi ў той жа чорны спiс, якi на кожнай станцыi могуць прачытаць на дысплеях. На мове спецыялiстаў гэта называецца iнiцыялiзацыяй бiлетаў на магнiтных i бескантактных картках. Прасцей кажучы, кожная картка мае свой нумар, паўторнае выкарыстанне якога не праходзiць незаўважаным. У склад сучасных пасажырскiх турнiкетаў, прапанаваных для Мiнскага метрапалiтэна, уваходзiць таксама абсталяванне, якое ўважлiва «сочыць» за пасажырамi i дазваляе дакладна аднавiць усю карцiну пэўнага здарэння на станцыi.

— Метрапалiтэн — гэта вельмi адказная транспартная сiстэма. Каля 900 тысяч пасажыраў перавозiць за дзень Мiнскае метро, бяспечнаму знаходжанню iх унутры яго надаецца асаблiвая ўвага, — падкрэслiвае Аляксей Жаўрыд. — Словам, адказнасць за бяспечную дзейнасць метрапалiтэна — каласальная. З гэтага ў першую чаргу зыходзiм i мы пры праектаваннi i вырабу для метрапалiтэна неабходнага апаратнага i камп’ютарнага абсталявання, якiм пераважна i камплектуюцца пасажырскiя турнiкеты.

«ГАЛОЎНЫ ЭЛЕМЕНТ» — АД СЯРГЕЯ КАЧАНА

Усе падраздзяленнi НДI ЭВМ, як правiла, маюць свае, асобныя, напрамкі дзейнасцi. I ў гэтым плане, напэўна, вылучаецца гаспадарка Сяргея Качана, якая ў аднолькавай ступенi працуе як «на сябе», так i на iншыя падраздзяленнi iнстытута. Значная частка прадукту, якi тут ствараецца, — гэта мiкрасхемы, якiя iдуць потым на камплектаванне гатовых вырабаў мiкраэлектронiкi, выкарыстоўваюцца на мантажы вузлоў i дэталяў, прызначаных для пэўных сiстэм кiравання. Аддзяленне мiкраэлектронiкi, якiм кiруе Сяргей Качан, яшчэ захавала сваю старую назву «навукова-вытворчы комплекс», але на сёння тут хутчэй за ўсё заклапочаны выключна вытворчымi справамi i ў першую чаргу — наяўнасцю добрага запасу заказаў. «Ёсць заказы — значыць, ёсць i работа, ёсць заработная плата ў людзей, ёсць адлiчэннi ў агульную касу iнстытута», — падкрэслiвае кiраўнiк аддзялення мiкраэлектронiкi. Пры гэтым тут жа варта адзначыць: у iнстытуце ва ўзаемаадносiнах памiж яго падраздзяленнямi i самiх падраздзяленняў у цэлым з iнстытутам дзейнiчае эфектыўны метад гаспадарчага разлiку, што, зразумела, не дазваляе адным падраздзяленням адсядзецца за спiнай у другiх. Словам, як зазначае Сяргей Качан, трэба круцiцца. Як «круцяцца» ў аддзяленнi мiкраэлектронiкi?

Менавiта яго элементная база няблага задзейнiчана i ў вытворчасцi той жа спецыяльнай вылiчальнай тэхнiкi, i ў вырабе пасажырскiх турнiкетаў для метрапалiтэна i ў iншых праектах. Тут пры ўсiм гэтым у апошнiя гады зрабiлi моцны акцэнт на выпуск уласных гатовых вырабаў.

— У аддзяленнi праводзяцца доследна-канструктарскiя работы, звязаныя з вытворчасцю айчынных станцый катоднай абароны, якiя лепш захоўваюць трубаправоды рознага прызначэння ад карозii, — расказвае кiраўнiк аддзялення, — Словам, гэтыя станцыi значна павялiчваюць тэрмiн службы падземных камунiкацый за кошт зняцця з iх паверхнi токаў хiмiчнага паходжання. Так, шырока выкарыстоўвае такiя станцыi «Белтрансгаз», якi пакуль што вымушаны закупляць iх у Расii... Мы таксама маем дамоўленасць з Расiйскай Федэрацыяй па сумеснай вытворчасцi транзiстарных узмацняльнiкаў.

Гэта, аднак, наша перспектыва, хоць ужо i вельмi хуткая. Што да пастаянных вырабаў, якiя мы распрацавалi некалькi гадоў таму, то яны наступныя. Так, для фiрмы «Сувязьiнвест», цi, дакладней, для яе лiчбавых тэлефонных станцый, вырабляем гiбрыдныя iнтэгральныя схемы, якiя манцiруюцца на кожным тэлефонным нумары i служаць як узмацняльнiкi сiгналаў. Вырабiлi такiх элементаў ужо каля 600 тысяч.

Летась прыступiлi да выпуску тэрмадрукуючай галоўкi для касавых апаратаў, якую распрацавалi нашы ж спецыялiсты. Патрэбнасць у гэтай «дробязi» немалая, нiхто ў рэспублiцы яе не вырабляў, адпаведна, яе поўнасцю завозiлi звонку, з Расii. Цяпер адпаведны попыт забяспечваем амаль напалову. Ёсць дамоўленасць аб пастаўках на экспарт.

Летась жа па заказу фiрмы IВА (мiжнародны дзелавы альянс, якi працуе ў Беларусi) распрацавалi i наладзiлi выраб спецыяльных награвальных элементаў для банкаматаў, вырабленых на аснове тонкiх напыленых плёнак металу.

Яшчэ адзiн даволi папулярны наш выраб — электронныя праграмiруемыя кантролеры, прызначаныя для кiравання самымi рознымi сiстэмамi. Напрыклад, сiстэмай цеплазабеспячэння. У прыватнасцi, кантролер, адпаведна з заяўленымi ў iм параметрамi тэмпературнага рэжыму i тэмпературай паветра можа прыадчынiць або прыкрыць у цеплапункце заслонку. Як сведчаць разлiкi, аўтаматычнае рэгуляванне паступлення ў кватэры неабходнага цяпла прыводзiць да эканомii яго прыкладна на 30 працэнтаў.

Мы ў нашым цэнтры мiкраэлектронiкi правялi таксама сур’ёзную работу па распрацоўцы новай тэхналогii, якая датычыцца атрымання алюмааксiдных плёнак. Для чаго гэтыя плёнкi патрэбны (яны, дарэчы, наносяцца метадам напылення на пэўны iнертны матэрыял)? На гэтых плёнках у далейшым пры дапамозе шэрагу спецыяльных тэхналагiчных аперацый (фоталiтаграфii, праяўлення, траўлення, полiмерызацыi i г.д.) i фармiруецца патрэбная электрасхема, зменшаная пры гэтым у шмат разоў... Новая тэхналогiя дазваляе атрымлiваць на гэтых плёнках мiкрасхемы вялiкай магутнасцi, а мiкрасхемы, як вядома, увогуле складаюць аснову любога электроннага прыбора, яны ў iм — галоўны элемент.

Цэнтр мiкраэлектронiкi НДI мае ў сваёй структуры неблагi канструктарскi аддзел, вопытную i дробнасерыйную вытворчасць, праводзiць усе вiды выпрабаванняў сваёй прадукцыi.



У НДI ЭВМ нас пазнаёмiлi яшчэ з некаторымi накiрункамi дзейнасцi, якiя маюць практычна-прыкладное значэнне.

Паводле слоў намеснiка начальнiка навукова-тэхнiчнага цэнтра НДI Валерыя МАЛЯЎСКАГА, адной з нядаўнiх асноўных задач цэнтра была распрацоўка праграмнага забеспячэння для аўтаматызацыi ўсiх працэсаў, звязаных з атрыманнем суб’ектамi гаспадарчай дзейнасцi (у рознiчным гандлi i грамадскiм харчаваннi) лiцэнзiй. Зразумела, гэта аўтаматызацыя павiнна прыйсцi ва ўсе выканаўчыя камiтэты, якiя i займаюцца выдачай лiцэнзiй. Такая работа выканана, i адпаведны комплекс праграм устаноўлены i функцыянуе ў выканкамах Бабруйска, Барысава, Салiгорска, Беразiно, Лагойска i iнш. У цэнтры пры гэтым ажыццявiлi праграмную стыкоўку даных па лiцэнзаванню са звесткамi дзеючага Гандлёвага рэестра рэспублiкi. Усё гэта значна спрасцiла работу адпаведных аддзелаў выканкамаў, у якiх у любы момант могуць запрасiць у аўтаматызавана-праграмнай сiстэмы ўсю неабходную iнфармацыю, якая датычыцца тых або iншых суб’ектаў...

Касавыя апараты i праграмныя пакеты для iх, а таксама камп’ютарызаваныя сiстэмы ўлiку касавых аперацый або сiстэмныя касавыя апараты — прадукты дзейнасцi лабараторыi, якую ўзначальвае Юрый ЯГОРАЎ. Гэтыя апараты дзейнiчаюць на Белпошце, на аўтазапраўках i газанапаўняльных станцыях, у банкаўскiх сiстэмах, у прадпрымальнiкаў. Як зазначае Юрый Мiхайлавiч, iх касавыя апараты заснаваны на базе тэрмадруку; яны ўстойлiвыя, надзейныя.

Цяпер у лабараторыi распрацоўваюць (ёсць адпаведнае даручэнне) электронную кантрольную ленту абароненую (ЭКЛА), якая ўжо ў недалёкай будучынi заменiць сабой у касавых апаратах папяровую кантрольную ленту. «Гэта будзе зручна для па- датковай iнспекцыi», — падкрэслiвае Юрый Ягораў. — Прыйшоў з ноўтбукам, падключыўся да апарата, зняў усю iнфармацыю,— а яна павiнна захоўвацца на працягу некалькiх месяцаў, — аналiзуй».

Праўда, для гэтага напачатку трэба будзе ўсе касавыя апараты аснасцiць такой лентай, у тых жа апаратах запатрабуецца спецыяльны ўвод. А калi такога ўводу няма, цi не трэба будзе суб’екту гаспадарання ў такiм выпадку набываць новы касавы апарат з ужо азначанай кантрольнай лентай? Такая верагоднасць не выключаецца, што, вядома, выклiкае пэўныя пытаннi. Праўда, гэтыя пытаннi ўжо не да Юрыя Ягорава i супрацоўнiкаў яго лабараторыi. Iх справа — зрабiць тую ж ленту так, каб яна, як i iх касавыя апараты ў цэлым, служыла надзейна.

НДI ЭВМ, як падкрэслiваюць тут, мае ў сябе, для вырабу сваiх ПЭВМ i iншай тэхнiкi, поўнасцю закончаны тэхналагiчны цыкл; усе распрацоўкi, якiя выконваюцца ў iнстытуце, потым увасабляюцца ў жыццё на iнстытуцкай жа вопытнай вытворчасцi. Тут ёсць механiчны, гальванiчны, фарбавальны i iншыя ўчасткi, робiцца мантаж вырабаў. «Што ад нас патрабуецца? Каб усе заказы выконвалiся своечасова i з належнай якасцю, — зазначае начальнiк вопытнай вытворчасцi Iван КРЭЧКА. А яшчэ ён дадае, маючы на ўвазе тэхнiчную аснашчанасць сваёй вытворчасцi: — Нам бы вось толькi крыху абнавiць сваё абсталяванне, набыць станочак з праграмным кiраваннем. Але не хапае сродкаў, пры гэтым у нас нямала забiраюць арэндныя плацяжы...»

I гэта ўжо — асобная тэма размовы. Iнстытут не з’яўляецца гаспадаром сваiх вытворчых памяшканняў i кабiнетаў. Хоць некалi ён i ўзводзiў iх сам жа, тым не менш, цяпер вымушаны ўсе гэтыя плошчы арандаваць, плацiць за iх немалыя грошы. А пры гэтым яму не хапае сродкаў на развiццё...

Цэнтр стандартызацыi i менеджменту якасцi... Менавiта такi цэнтр, уласны, таксама мае ў сваёй сiстэме НДI ЭВМ. I гэта толькi лiшнi раз сведчыць, наколькi адказна ставяцца тут да надзейнасцi выпускаемай тэхнiкi. Прычым у склад цэнтра ўваходзяць дзве выпрабаваныя лабараторыi, акрэдытаваныя Белдзяржстандартам i аснашчаныя высокадакладным iмпартным абсталяваннем. У адной з iх праводзяцца выпрабаваннi тэхнiкi на розныя знешнiя ўздзеяннi — механiчныя ўдары, вiбрацыю i г.д., а таксама на ўздзеянне розных клiматычных умоў. У гэтай лабараторыi, як падкрэслiвае начальнiк цэнтра Аляксандр ПАПОЎ, можна стварыць клiматычныя ўмовы любой кропкi зямного шара, у тым лiку ўмовы Антарктыкi. Дыяпазон тэмператур, ва ўмовах якiх правяраецца дзеяздольнасць тэхнiкi, — ад мiнус 80 да плюс 120 градусаў i вышэй. Цяпер у лабараторыi працуюць над выкананнем абароннага заказу для Расii i праганяюць ПЭВМ, якiя будуць пастаўлены ў яе, праз камеру, дзе распыляецца дробнадысперсная салёная вада (марскi туман). У такiх жорсткiх умовах ПЭВМ знаходзяцца ў лабараторыi ад тыдня да месяца, пасля чаго, зразумела, машыны правяраюцца на iх дзеяздольнасць. Апошнiм часам у лабараторыю сталi паступаць заказы на выпрабаванне дзеяздольнасцi апаратуры ў касмiчных умовах; апаратура — для беларускага спадарожнiка. У лабараторыi таксама выконваюцца заказы на дэгазацыю пэўных вiдаў тэхнiкi (цяпер — лазерных выпраменьвальнiкаў, якiя прадставiла адна з фiрмаў-заказчыкаў). Гэта ўжо тэхналагiчная аперацыя. У адпаведнай камеры ствараюцца павышаная тэмпература i вакуум, i за кошт гэтага апаратура пазбаўляецца ад самых нязначных часцiнак газаў. Гэта вельмi важна для аптычных прыбораў, у якiх тыя ж часцiнкi газаў могуць прывесцi да значных скажэнняў.

Другая лабараторыя цэнтра прызначана для праверкi выпускаемых у iнстытуце ПЭВМ на iх абароненасць ад празмернай увагi «цiкаўных», г.зн. на iх абароненасць ад электронных узломаў. «Разам з развiццём прагрэсу, iнфармацыйных тэхналогiй развiваецца i электронная злачыннасць, — падкрэслiвае Аляксандр Папоў. — Адпаведна, ствараюцца спецыяльныя абароненыя машыны, на чым i спецыялiзуецца iнстытут, i, адпаведна ж, яны павiнны праходзiць абавязковую праверку на iх абароненасць, цi, дакладней, абароненасць iх iнфармацыi ад знешняга пранiкнення. Прычым у лабараторыi падчас выпрабаванняў менавiта iмiтуецца несанкцыянаваны доступ да базы даных гэтых машын. Амаль усе нашы машыны праходзяць гэты экзамен паспяхова. Зразумела, гэтыя машыны ў асноўным прызначаюцца для дзяржаўных органаў i сiлавых структур...»

Цэнтр, акрамя ўказаных лабараторый, мае сваю ўласную лабараторыю метралогii, аддзел стандартызацыi, бюро менеджменту якасцi. У цэнтры асаблiва падкрэслiваюць высокую дакладнасць абсталявання, якое тут выкарыстоўваецца для розных выпрабаванняў, а таксама звяртаюць увагу на тое, што не так даўно iнстытут пацвердзiў свой сертыфiкат, якi сведчыць, што яго сiстэма менеджменту якасцi ў распрацоўцы, вытворчасцi i асблугоўваннi электронных модуляў, камп’ютараў i iншай тэхнiкi, распрацоўцы, вытворчасцi i тэхнiчным суправаджэннi праграмнага забеспячэння адпавядае мiжнародным стандартам IСО 2001.

— Наша тэхнiка, нашы паслугi добра запатрабаваныя, i мы i далей будзем працаваць выключна ў сваёй асноўнай нiшы, — гаворыць дырэктар НДI ЭВМ Павел Сiдорык. — Разам з тым, вядома, тэхнiчны прагрэс не стаiць на месцы — не павiнны спыняцца ў сваiм развiццi i мы. Да нас прыходзяць маладыя спецыялiсты, якiя (напрыклад, праграмiсты) ведаюць некалькi моў праграмiравання, ведаюць англiйскую мову... Наш iнстытут быў вядучым у галiне стварэння электронна-вылiчальнай тэхнiкi. Мы павiнны захаваць гэтыя пазiцыi i цяпер.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета спаўняецца 50 гадоў Мiнскаму аб’яднанню вылiчальнай тэхнiкi, са стварэннем вытворчасцi якога ў рэспублiцы з’явiлася практычна новая галiна, пач
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика