Ведаць гiсторыю i славутасцi роднага краю
Iлона IВАНОВА
У Крычаве ўрачыста пачалася рэспублiканская акцыя навучэнскай моладзi «Жыву ў Беларусi i тым ганаруся»
Каля паўтысячы дзяцей i падлеткаў сабралiся ў Крычаве на гарадскiм стадыёне для таго, каб даць старт акцыi, якая будзе доўжыцца некалькi гадоў. Галоўная задача ўдзельнiкаў — як мага болей даведацца пра гiсторыю i славутасцi роднай зямлi. Акцыя будзе складацца з паходаў па гiстарычных мясцiнах, краязнаўчай працы, складання этнаграфiчных экспазiцый. — Хочацца, каб мы праклалi турыстычныя маршруты, паехалi адзiн да аднаго ў госцi, — выказаў сэнс акцыi мiнiстр адукацыi Беларусi Аляксандр Радзькоў. — Каб праз успрыманне маляўнiчых куткоў i славутасцяў мы адчулi, наколькi дарагая для нас радзiма i наколькi мы абавязаны нашым продкам. Каб да нас прыехалi замежныя госцi i адчулi, як мы любiм гэтую зямлю i даражым сваёй гiсторыяй. Гэта i ёсць сапраўдная любоў да сваёй краiны i людзей, якiя тут жывуць. Госцi з кожнай вобласцi i Мiнска зрабiлi прэзентацыю свайго рэгiёна, яго гiстарычнай i культурнай спадчыны. Дзецi на стадыёне танчылi, спявалi, рабiлi тэатральныя пастаноўкi, а таксама паказалi свае малюнкi i валоданне рамёствамi. Крычаўцы ўразiлi ўсiх работамi з глiны паводле старажытных узораў — свiстулька ў выглядзе чалавека на качцы была па-за канкурэнцыяй. — Акцыя вельмi цiкавая, i горад Крычаў вельмi прыгожы, — лiчыць Ян з ансамбля лыжачнiкаў. — Мы будзем адзначаць на картах тыя гарады, у якiх выступалi. Гэта на памяць. А калi не будзеш ведаць гiсторыю сваёй краiны, то не будзеш беларусам! — Мне спадабаўся Крычаў, — падзялiлася Яна з Мiнска. — Тут вельмi гасцiнныя i цудоўныя людзi. У нас тут з’явiлiся новыя сябры! Акцыя пачалася ў Крычаве нездарма: сёлета гораду споўнiцца 870 гадоў. Тэатралiзаванае прадстаўленне «Крычаўскi кiрмаш» расказала пра гiсторыю раёна — ад старажытных плямёнаў да нашых дзён. Там былi i карагоды, i iмправiзаваная бойка з ворагамi, i сялянскае паўстанне Васiля Вашчылы, i Вялiкая Айчынная вайна. А завяршылася ўсё мноствам рознакаляровых шароў, якiя пусцiлi ў паветра. Цяпер пачнецца праца: мяркуецца, што дзецi разам з бацькамi i настаўнiкамi пойдуць шукаць крынiчкi, курганы, шлях з вараг у грэкi, гераiчныя мясцiны, старыя сядзiбы. I каб зрабiлi там шыльду, усталявалi альтанку для турыстаў, вызначылi месца на карце, каб па гэтых маршрутах пайшлi iншыя людзi. На акцыю спецыяльна выдаткаваны грошы, каб зрабiць дарожныя ўказальнiкi, карты i плакаты, i нават добраўпарадкаванне памятных месцаў. Развiццё турызму — гэта перспектыўная мэта акцыi навучэнскай моладзi. У межах акцыi пройдуць выставы мастацкiх работ, малюнкаў i сачыненняў, а таксама шмат конкурсаў: на лепшы праект турыстычнага маршруту, на лепшую даследчую працу па гiсторыi роднага краю, на лепшае добраўпарадкаванне, на лепшы фотаздымак i вiдэафiльм. Завершыцца акцыя «Жыву ў Беларусi i тым ганаруся» ў маi 2008 года ў лагеры «Зубраня».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Крычаве ўрачыста пачалася рэспублiканская акцыя навучэнскай моладзi «Жыву ў Беларусi i тым ганаруся»
|
|