Храм пад буслiнымi крыламiСпадчына Бераставiцкая святыня павінна адрадзіцца!Чаму Вялiкая Бераставiца — невялiкi гарадок, а яшчэ дакладней — гарадскi пасёлак, называецца Вялiкай — растлумачыць не могуць нi навукоўцы, нi старажылы. Ды i ў архiўных крынiцах мясцовым краязнаўцам наконт паходжання назвы гэтага беларускага мястэчка не ўдалося нiчога высветлiць. Затое любы бераставiчанiн — цi то школьнiк, цi дарослы — кожнаму прыезджаму скажа: — У Расii ёсць Вялiкi Ноўгарад, а нашы продкi, будуючыся на беразе калiсьцi паўнаводнай рэчкi на самай заходняй мяжы Кiеўскай Русi, назвалi сваё паселiшча Вялiкай Бераставiцай. Мо, дзеля свайго шляхетнага гонару, а можа, заходнiм суседзям на зайздрасць. Ды i каб не надта спакуслiва глядзелi на тутэйшыя землi, бо «вялiкае» i ёсць вялiкае i адпор можа даць... I раскажуць вам пра тое, як замежны госць, едучы аўтобусам з Гродна на Мiнск, крыху задрамаў, i прачнуўся ад аб’явы экскурсавода: «Малая Бераставiца», а праз 20 хвiлiн прыадкрыў сонныя вочы ад аб’явы «Вялiкая Бераставiца». I ўжо зусiм ачнуўся ад лёгкага дарожнага хмелю, калi зноў праз 20 хвiлiн аб’явiлi: «Пасёлак Бераставiца». — Пся крэў! Я Варшаву хутчэй праеду, чым гэтую Бераставiцу! I яшчэ вам раскажуць прыгожую легенду аб закаханай пары — Берасту i Тавiцы, што многа стагоддзяў таму збеглi ад сваiх бацькоў, якiя не дазвалялi маладым пажанiцца. Паблукаўшы па лясах i нiзiнах, выбралi яны на беразе рэчкi ўзгорак, пакрыты духмяным дываном кветак сярод беластвольных прыгажунь-бярозак, пабудавалi там спачатку шалаш, а потым i больш прыстойнае жыллё, нарадзiлi дзяцей. I стала тое паселiшча Бераставiцай па iмёнах яго заснавальнiкаў Бераста i Тавiцы. Старажылы называюць сваю Бераставiцу не казённым словам «пасёлак», а ласкавым i патаемным — «мястэчкам». Мястэчкам, якое абжывалi iх дзяды i прадзеды на працягу пяцi стагоддзяў. Але i тут удакладняць: — 500 гадоў сёлета спаўняецца не Бераставiцы, а тым вялiкакняжацкiм указам i прывiлеям, дзе Бераставiца ўпершыню ўпамiнаецца. А раскопкi даказваюць, што трэба яшчэ дабавiць гадоў 300—400, а то, можа, i 500. Ганарацца бераставiчане сваiм мястэчкам, ганарацца сваiмi продкамi, якiя пакiнулi прыкметны след на ўлоннi Бераставiцы. I перш за ўсё гэта будынак касцёла Прасвятой Дзевы Марыi. Адкуль бы нi ехаў ты ў Бераставiцу, яго велiчэзны гмах вiдаць адусюль: з усходу i захаду, з поўначы i поўдня. Умелi прашчуры будаваць, умелi i месца выбраць. Пабудаваны касцёл у 1615 годзе па фундацыi Геранiма Хадкевiча, роду якога належалi мястэчка i навакольныя землi. Архiтэктура касцёла звязана з iмем шырока вядомага ў той час каралеўскага i вялiкакняжацкага архiтэктара Джаванi Трэвана. У 1605—1619 гадах ён здзейснiў праект ўзвядзення касцёла Пятра i Паўла ў Кракаве, якi стаў прататыпам i Вялiкабераставiцкага касцёла. Новы мураваны касцёл быў узведзены на месцы драўлянага, якi, па некаторых звестках, будаваўся яшчэ ў канцы ХV стагоддзя, а ў канцы ХVI згарэў. Касцёл Прасвятой Дзевы Марыi, як было шмат дзе прынята ў той час, становiцца i сямейным некропалем. Там пакоiўся прах выхадцаў са знакамiтых родаў Вялiкага княства Лiтоўскага i Каралеўства Польскага, першых i наступных уладальнiкаў Бераставiцы: Хадкевiчаў, Мнiшкаў, Патоцкiх, Касакоўскiх. Часта наведваў мястэчка знакамiты прадстаўнiк роду Хадкевiчаў Ян Караль, праслаўлены военачальнiк, герой вайны Рэчы Паспалiтай са шведамi. У 1621 годзе ён яшчэ разграмiў i войска Асманскай iмперыi ў бiтве пад Хацiнам (цяпер Украiна) i гэтым выратаваў Заходнюю Еўропу ад асманскага нашэсця i распаўсюджвання на хрысцiянскiх землях iслама. За гэта ён атрымаў нават падзяку ад папы рымскага. I так упадабаў ён новы храм i гэтае мястэчка з ласкавым жаночым iмем Бераставiца (а легенда апавядае — не толькi мястэчка, але ўпадабаў i бераставiчанку), што завяшчаў пасля смерцi цi пагiбелi падчас бiтвы пахаваць сваё сэрца ў саркафагу ў скляпеннях храма. Што, як сцвярджаюць шматлiкiя гiстарычныя крынiцы, i было зроблена ў 1621 годзе пасля яго смерцi пад Хацiнам. У нашай гiсторыi лёс храмаў, як i людзей, у многiм залежыў ад палiтычных абставiнаў. Пасля паўстання 1863 года царскiя ўлады зачынялi касцёлы, у якiх, па меркаванню царскай ахранкi, служылi ненадзейныя, або больш таго — падтрымаўшыя паўстанне свяшчэннаслужыцелi. Сярод iх быў i настаяцель Вялiкабераставiцкага касцёла Прасвятой Дзевы Марыi Iгнацiй Казлоўскi, адзiн з блiжэйшых паплечнiкаў Кастуся Калiноўскага, арганiзатараў выдання «Мужыцкай праўды». Некаторыя з даследчыкаў выказваюць меркаванне, што яе першыя нумары друкавалiся ў Вялiкай Бераставiцы пад патранажам i пры непасрэдным удзеле ксяндза Iгнацiя Казлоўскага i каморнiка, таксама саратнiка Калiноўскага, Фелiкса Ражанскага. I, магчыма, у тых самых скляпеннях касцёла. 28 жнiўня 1865 года гродзенскi губернатар I. Скварцоў звярнуўся з прапановай да Вiленскага, Гродзенскага, Кавенскага генерал-губернатара, сёння ўсiм вядомага М. Мураўёва аб закрыццi Вялiкабераставiцкага касцёла. Адказ не прымусiў доўга чакаць... Але ўлады сустрэлi моцнае супрацiўленне тагачаснага ўладальнiка Вялiкай Бераставiцы, тайнага саветнiка, сенатара, графа Станiслава Касакоўскага. Ён пiсаў гродзенскаму губернатару: «... костел, построенный исключительно частными средствами, составляет заветное достояние моего рода — в нем похоронены мои предки ... этот костел с давнего времени был всегда приходским, а причисленный к нему приход заключает в себе значительное количество жителей...» Але гэта ўжо не магло дапамагчы... У 1920 годзе ў будынку зноў быў адноўлены рымска-каталiцкi касцёл, у якiм праводзiлася служба па вялiкiх святах дзесьцi да пачатку 1960-х гадоў, калi яго зачынiлi поўнасцю. Тады i пачалося разбурэнне будынка, як у сярэдзiне, так i звонку. У 1980-х гадах раённае кiраўнiцтва прыняло рашэнне аб рэстаўрацыi будынка. Падрыхтавалi адпаведную дакументацыю, нават паставiлi рыштаваннi. Потым пачалася гарбачоўская перабудова, а ў жнiвеньскi дзень 1992 года запалалi агнём рыштаваннi i гонтавы дах будынка... Пажар быў бачны за добрую сотню кiламетраў навокал. Два гады таму новае кiраўнiцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Янам Васiлеўскiм вырашыла прыкласцi ўсе намаганнi, каб аднавiць будынак. Шукаюцца грошы ў бюджэце, адгукнулiся жыхары раёна, не зважаючы на ўзрост i веравызнанне. На разлiковы рахунак 3135203320014 (код 432, УНП 500012910) у аддзяленнi ААТ «Белаграпрамбанк» у Бераставiцы пацяклi ручайком народныя рублi, iх ужо за 10 мiльёнаў. Але гэта, як кажуць, кропля ў моры. А недзе ж жывуць нашчадкi Хадкевiчаў, Патоцкiх, Мнiшкаў, Касакоўскiх... Вялiкай надзеi на тое, што яны дапамогуць, няма. Але няхай хоць ведаюць, што мясцовая святыня, у стварэнне i захаванне якой унеслi ўклад i iх продкi, iмкнецца да адраджэння. Мы звяртаемся да Міністэрства культуры нашай краіны, кiраўнiцтва каталiцкага касцёла на Беларусi, да прадпрымальнiкаў, кiраўнiкоў прамысловых i сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — з просьбай, заклiкам: «Не дапусцiм разбурэння унікальнага помніка архітэктуры! Пакуль яшчэ не позна...» Тым больш што Вялiкая Бераставiца — не проста беларускае мястэчка, гэта вiзiтная картка нашай дзяржавы на заходняй мяжы. А сапраўдны гаспадар заўсёды дбае, каб вароты ў яго двор былi прыгожымi. ...Самую высокую каланаду касцёла аблюбавалi буслы, зрабiўшы там жытло. Кожную вясну, нягледзячы на непагадзь i iншыя прыродныя катаклiзмы, яны вяртаюцца ў сваю буслянку i доўга-доўга лятаюць над храмам... I многiм у Бераставiцы думаецца: а што калi гэта душы нашых продкаў перасялiлiся ў высакародных птахаў? Мо, гэта яны глядзяць то з вышынi буслянкi на храме, то з-пад аблокаў на сваю родную зямлю i просяць, чакаюць ад нас, нашчадкаў, аднаўлення таго, што яны будавалi, а мы бяздушна знявечылi?.. Мiкалай ПАЦЭНКА, рэдактар-складальнiк кнiгi «Памяць. Бераставiцкi раён», лаўрэат прэмii Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь «За духоўнае адраджэнне» г.п. Вялiкая Бераставiца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бераставiцкая святыня павінна адрадзіцца! |
|