21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Нават самую спрэчную «эйфелеву вежу» час «пераварыць» i... прызнае шэдэўрам?

25.08.2009 21:51 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таццяна ПАДАЛЯК

(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 10 чэрвеня.)

Якой будзе «Еўропа»?

Кар.: Мы гаварылi пра тое, што гiсторыю няварта «муляжыраваць». А што ў нас з гасцiнiцай «Еўропа»? Яна адбудуецца па ўсiх знешнiх параметрах сваёй папярэднiцы пачатку ХХ ст.? Цi не атрымаецца муляж?

I. Чарняўскi: Гэта тэма дыскутавалася намi з В. Глiннiкам яшчэ на мiжнароднай канферэнцыi 2000 г., якая прайшла пад эгiдай ЮНЕСКО ў Рызе. Землi Цэнтральнай i Усходняй Еўропы ў перыяд ваенных i iншых лiхалеццяў вельмi пацярпелi, былi страчаны многiя знакавыя архiтэктурныя аб’екты, якiя з’яўляюцца прадметам нацыянальнага гонару. Калi ва ўсiм свеце не заахвочваецца гiстарычнае муляжыраванне, то на рыжскай канферэнцыi была прынята хартыя, згодна з якой на нашых землях гэта дапушчальна. Будынак гасцiнiцы «Еўропа» быў надзвычай адметным па характару: прыклад росквiту мадэрну... Больш таго, мы не гаворым, што гэта падробка. Гасцiнiца i ставiцца нават не на сваiм «аўтэнтычным» месцы: там цалкам трэба было б змянiць горадабудаўнiчую сiтуацыю. А як быць з комплексам будынкаў Заборскага (таксама цiкавы ансамбль!). Горад — гэта жывы арганiзм, ён развiваецца. Нельга iсцi на тое, каб аднавiць нешта настальгiчнае, больш ранняе, праз знiшчэнне больш позняга.

Кар.: Можа, варта было не вяртацца да колiшняга будынка, а ўзводзiць гасцiнiцу «Еўропа» ўзору ХХI ст.?

I. Чарняўскi: Гэта i будзе сучасны будынак — з гiстарычнай абалонкай. Знешнасць яе будзе перадаваць характар архiтэктуры мадэрну, але ўся тэхналогiя, унутранасць будуць згодна з «апошнiм словам». Наколькi вядома, ёсць намер зрабiць «Еўропу» гасцiнiцай даволi высокага класа — а гэта патрабуе адпаведных падыходаў.

Кар.: Новая «Еўропа» «ўпiшацца» ў мясцовы асяродак (каля кансерваторыi, насупраць рэстарана «Крынiца»)?

I. Чарняўскi: Безумоўна, гэта таксама ўлiчвалася. Атрымаецца нядрэннае планiровачнае, архiтэктурнае, горадабудаўнiчае рашэнне.

Дарэчы, у новым законе аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны, якi ўступае ў дзеянне 24 лiпеня гэтага года, закладзена норма, згодна з якой надаваць статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi будзем мець права толькi аб’ектам, якiя праiснавалi не менш як 40 гадоў. Да гэтага такой нормы не было, i часам узнiкалi казусы: учора пабудавалi, а сёння трэба ўжо надаваць такi статус. Трэба, каб аб’ект быў ацэнены пакаленнем.

А. Лакотка: Аднаўленне мiнскай ратушы, гасцiнiцы «Еўропа» — гэта праблема не толькi архiтэктурнага мастацтва, а ўвогуле культуры i нацыянальнай свядомасцi. Еўропа мае багаты вопыт, калi метад рэканструкцыi — «адраджэнне помнiка» — спрацаваў вельмi плённа. Гданьск, якi дашчэнту быў разбураны ў вайну, цалкам узноўлены метадам адраджэння. I на вопыце Гданьска палякi набылi шмат методык i падыходаў (рэстаўрацыйных, архiтэктурных, мастацтвазнаўчых), якiя былi прыменены i ў Варшаве, i ўвогуле ў многiх гарадах Еўропы. Такi падыход абсалютна апраўданы: народ лiчыць, што гэтыя аб’екты з’яўляюцца нацыянальна адметнымi i нацыянальна прадстаўнiчымi.

Наконт разважанняў пра тое, што ў нас суседнiчаюць рознастылёвыя рэчы: мадэрн, класiцызм, барока, архiтэктура Заборскага сярэдзiны ХХ ст. Вядомы тэарэтык архiтэктуры Iконнiкаў адзначыў, што для гарадоў менавiта Еўропы гiстарычна склалася архiтэктурная горадабудаўнiчая тканiна рознастылёвасцi i рознаэпахальнасцi. У гэтым сэнсе еўрапейскiя гарады прынцыпова адрознiваюцца ад гарадоў Усходу, дзе дакладна пераважае класiчная ўсходняя традыцыя. У пачатку ХIХ ст., на зары прамысловага перавароту, у Еўропе, можна сказаць, быў пакладзены канец класiчнай архiтэктуры 2-тысячагадовай даўнасцi i адкрылася дарога разнастайным стылёвым навацыям. Цi могуць яны сiнтэтычна суiснаваць? У еўрапейскiм горадзе (а беларускiя гарады — еўрапейскiя) гэта можа гарманiчна суiснаваць пры прафесiйным, квалiфiкаваным мастацкiм вырашэннi. I пры гэтым варта памятаць пра унiкальную ролю ландшафту для беларускiх гарадоў i ўвогуле паселiшчаў. Далiкатныя, ашчадныя адносiны да ландшафту павiнны быць стылеўтваральнай асновай для архiтэктуры i скульптурнай пластыкi. Памятаеце, як Шпiлеўскi калiсьцi хораша пiсаў пра нашы мясцiны... У Магiлёве (я ўжо ўзгадваў) архiтэктары пайшлi гэтым шляхам — паказаць прыгажосць ландшафту i праз гэта — своеасаблiвасць горада. Такi падыход падкажа правiльныя рашэннi ў суадноснасцi гiстарычнага i суперсучаснага, а таксама меру пластыкi i iншых вiдаў дэкаратыўна-манументальнага мастацтва. Гэта i забяспечыць нацыянальную своеасаблiвасць i нацыянальны каларыт у вырашэннi пытанняў гармонii сучаснага i мiнулага.

В. Глiннiк: Дазволю сабе гранiчна завастрыць праблему i задаць шэраг рытарычных пытанняў. Як магло адбыцца, што ставячы скульптуру Пушкiна (сама па сабе добрая справа), мы разбурылi гiстарычны раён?.. Як атрымалася, што скульптар выйграў два рэспублiканскiя конкурсы на ўстаноўку помнiка Ефрасiннi Полацкай, але паставiлi скульптуру зусiм iншага аўтара?.. Як магла быць пастаўлена каля Камароўскага рынку скульптура, якая абсалютна не адпавядае характару i маштабу месца?.. А што датычыцца аднаўлення страчаных помнiкаў: мы ўкладаем велiзарныя сродкi ў адраджэнне адных помнiкаў — але не знаходзiм трубкi руберойду на захаванне Крэўскага замка, замкаў у Смалянах, Гальшанах i безлiчы аб’ектаў унiкальных, якiя знiкаюць лiтаральна на нашых вачах... Механiзмы прыняцця рашэнняў, якiя прыводзяць да падобных калiзiй, неабходна ўдасканальваць: прапiсаць жорсткiя нарматывы, працэдуру прыняцця рашэнняў ва ўпарадкаваннi горада, у сучасным дызайне, ва ўсiх сферах праектнай i мастацкай дзейнасцi.

А. Андрончык: Прафесiянал працуе, каб стварыць горад, — прыгажосць плюс утульнасць, камфортныя ўмовы пражывання для ўсiх. Хоць адзiн i той жа аб’ект кожны ўспрымае па-рознаму. Цалкам згодны: каб знайсцi аптымальны варыянт, рашэнне павiнна прымацца не па-валюнтарысцку, не адным чалавекам, а калектыўна, прафесiяналамi-спецыялiстамi розных накiрункаў: гiсторыкамi, архiтэктарамi, скульптарамi, мастакамi, iнжынерамi, эканамiстамi. Магчыма i доля эксперыменту — каб паглядзець, што атрымаецца ў рэальнасцi i цi варта выкарыстоўваць у далейшым. Але эксперымент не павiнен шкодзiць гарадскому асяроддзю i нацыянальным своеасаблiвасцям.

I. Чарняўскi: Генеральныя планы сталiцы i абласных гарадоў зацвярджаюцца ўказам прэзiдэнта краiны, што таксама вельмi важна. Дадам, што патрабаванне грамадскага абмеркавання i прыняцця калектыўных рашэнняў спецыялiстамi розных накiрункаў закладзена ў Вашынгтонскай хартыi 1987 г., якая датычыцца захавання гiстарычных гарадскiх тэрыторый (гэта адзiн з асноўных метадычных дакументаў ЮНЕСКО). Толькi ў такiм выпадку прынятае рашэнне лiчыцца прафесiйным, вывераным, узважаным i плённым.

Кар.: Шчыра дзякую за гутарку.

Пазiцыя газеты «Звязда» застаецца нязменнай: нам здаецца, меркаваннi рацыянальнасцi i прагматызму не павiнны станавiцца «краевугольнымi», калi размова iдзе пра нацыянальныя каштоўнасцi. Iнакш усе мы страцiм намнога больш, чым набудзем, — i адзiнай каштоўнасцю тады будзе пытанне: «Колькi гэта каштуе?..». А яшчэ мы павiнны не толькi захоўваць, але i ствараць — каб праз часы i эпохi нашчадкi ведалi, чым быў адметны пачатак ХХI стагоддзя.

Рэдакцыя запрашае ўзяць удзел у абмеркаваннi ўзнятых за «круглым сталом» праблем чытачоў, усiх зацiкаўленых асоб.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы гаварылi пра тое, што гiсторыю няварта «муляжыраваць». А што ў нас з гасцiнiцай «Еўропа»? Яна адбудуецца па ўсiх знешнiх параметрах сваёй папярэднi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика