21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Высокае напружанне патрабуе максiмум адказнасцi i прафесiяналiзму

25.08.2009 21:51 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Глыбоцкiя электрычныя сеткi, якiя сёння з’яўляюцца фiлiялам РУП «Вiцебскэнерга», ажыццяўляюць электразабеспячэнне ўсiх спажыўцоў на тэрыторыi шасцi адмiнiстрацыйных раёнаў паўночна-заходняй часткi Вiцебскай вобласцi (Глыбоцкага, Браслаўскага, Докшыцкага, Мiёрскага, Пастаўскага i Шаркаўшчынскага) агульнай плошчай 10 тысяч квадратных кiламетраў. На тэрыторыi, якую абслугоўваюць Глыбоцкiя электрычныя сеткi, пралягаюць дзве лiнii 330 кВ, якiя злучаюць Iгналiнскую АЭС з ПС 330 кВ Полацк i ПС 330 кВ Смаргонь, а таксама адна лiнiя 750 кВ, якая злучае Iгналiнскую АЭС з ПС Беларуская.

Увогуле на прадпрыемстве «Глыбоцкiя электрычныя сеткi» працуюць не асобныя работнiкi, а сапраўдная каманда прафесiяналаў: тут кожны ведае сваё месца, свае службовыя абавязкi. Электрычнасць не церпiць мiтуснi... Дырэктар Глыбоцкiх электрасетак Вiктар Кубарка разам са сваiмi намеснiкамi стварыў надзейную каманду i дасканала ведае, чым «дыхае» арганiзм яго прадпрыемства. З лiдарам каманды прафесiяналаў мы i распачынаем нашу размову.

Энергетычная бяспека дзяржавы, работнiкаў i спажыўцоў




— Глыбоцкiя электрычныя сеткi з’яўляюцца бадай адзiным прадпрыемствам у Беларусi, дзе спецыфiка работы прадугледжвае абслугоўванне ўсiх узроўняў напружання: 0,4 кВ, 10 кВ, 35 кВ, 110 кВ, 330 кВ i 750 кВ. Самая магутная лiнiя, разлiчаная на 750 кВ, была пабудавана памiж Iгналiнскай атамнай электрастанцыяй i падстанцыяй Беларуская ў Пухавiчах. Потым, пасля развалу СССР, падстанцыя на Iгналiнскай АЭС была недабудавана, таму магутная лiнiя абслугоўваецца зараз у рэжыме 330 кВ.

Заўважу, што ў нашай вобласцi ствараецца электрычнасцi значна больш, чым ужываецца, таму лiшак энергii прадаецца ў другiя рэгiёны нашай краiны. Перакiдванне электраэнергii ўнушальнай магутнасцi на вялiкiя адлегласцi — справа складаная. Наша работа ў штодзённым рэжыме не павiнна нiкому замiнаць, яна амаль нябачная. Праверка папярэдняй дзейнасцi адбываецца ў моцныя маразы зiмой цi ў спякоту летам, калi складваюцца экстрэмальныя клiматычныя ўмовы для функцыянавання электрычнага абсталявання.

Летась Глыбоцкiя электрычныя сеткi атрымалi Ганаровую грамату Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь за аператыўную работу па лiквiдацыi наступстваў стыхiйных бедстваў, якiя адбылiся ў жнiўнi 2005 года на тэрыторыi нашай краiны. У тыя днi наш рэгiён таксама напаткаў моцны ўраган, якi нарабiў шмат бяды з электрасеткамi. Тады за аператыўную i квалiфiкаваную работу асабiстую грамату атрымаў i начальнiк Пастаўскага РЭСа прадпрыемства.

Наша сiстэма мае сваю спецыфiку. Калi прыходзяць нават квалiфiкаваныя спецыялiсты з iншых структур, то iм патрэбен не адзiн год для адаптацыi ў новых умовах працы. У сiстэме электрычных сетак iснуюць павышаныя патрабаваннi тэхнiкi бяспекi. Электрычнасць высокага напружання не церпiць нават «кропелькi» нядбайнасцi ў рабоце. На нашым прадпрыемстве дзейнiчае абавязковы пастулат аб тым, што калi тую цi iншую работу нельга выканаць бяспечна, то мы яе не робiм увогуле. Часам маладыя хлопцы лiчаць, што ў нашай працы прысутнiчае нейкая доля рызыкi. Не, гэта не так. З электрычнасцю нельга «гуляць» па прынцыпу: пашанцуе — не пашанцуе. Не маем мы на гэта права. Любая памылка можа прывесцi да бяды, калi цана рызыкi — здароўе i жыццё работнiкаў.

Паслугi насельнiцтву па прынцыпу «аднаго акна»

— Якiя тавары i паслугi прапануюць электрычныя сеткi? Сёння нiкога не здзiвiш тым, што ў доме заўсёды ёсць святло, што бесперабойна працуюць бытавыя прыборы, лiфты, электратранспарт...

— Так, вялiкая частка грамадства, а часам i сярэднiя кiраўнiкi асобных ведамстваў лiчаць, што электрычнасць «нараджаецца» ў разетцы i дастаткова толькi ўсунуць у яе штэпсельную вiлку i ўсё запрацуе аўтаматычна. Аднак, каб у кожнай разетцы рэгiёна «нарадзiлася» электрычнасць, у Вiцебскай вобласцi працуе амаль 11 тысяч чалавек.

Сапраўды, наш спакой вельмi моцна залежыць ад умоў надвор’я. Калi суха, сонечна i цiха, то i электрычныя сеткi працуюць як гадзiннiк. Моцныя вятры i дажджы расцягваюць i рвуць правады; вялiкiя маразы з цягам часу робяць метал крохкiм i правады крышацца. Калi электрычныя правады дрэнна адрэгуляваны, то зiмой могуць укарочвацца так, што пачынаюць нацягвацца i рвацца. Менавiта спецыялiсты нашай сiстэмы праводзяць пастаянную прафiлактыку i рэгуляванне электрычнага абсталявання, каб наступствы прыродных катаклiзмаў былi мiнiмальнымi.

— Вы цэнтралiзавана прапануеце народнай гаспадарцы краiны электрычнасць. А якiм чынам ажыццяўляецца электрыфiкацыя прыватных будынкаў? У вашай сiстэме сёння таксама працуе прынцып «аднаго акна»?

— Спецыялiсты нашага прадпрыемства па прынцыпу «аднаго акна» распрацоўваюць праекты падключэння да аб’ектаў усiх формаў уласнасцi аднафазнай i трохфазнай электрасеткi. Гэтыя праекты па жаданню клiентаў выконваюцца работнiкамi службы на месцы i здаюцца «пад ключ». Выкананне праектаў па падключэнню электрычнасцi можа ажыццяўляць i трэцi бок, але пасля гэтага нашы спецыялiсты робяць абавязковую праверку адпаведнасцi праекта. Эксперты прадпрыемства вымяраюць супрацiўленне iзаляцыi, памеры iншых параметраў, даюць дазвол на ўключэнне электрычнасцi i ажыццяўляюць падключэнне да сiстэмы.

Лiдара «зрабiў» калектыў i ўласныя здольнасцi

— Часам кiраўнiкоў нават тэхнiчна-складаных вытворчасцяў назначаюць з боку абласных вертыкаляў. Па якой лесвiцы кар’ернага росту давялося прайсцi вам, каб неўзабаве стаць пераможцам рэспублiканскага конкурсу на ганаровае званне «Лепшы кiраўнiк года» за 2005 год?

— Нарадзiўся ў горадзе Глыбокае. Пасля сярэдняй школы паступiў i закончыў Беларускi iнстытут механiзацыi i электрыфiкацыi сельскай гаспадаркi на факультэце электрыфiкацыя i электразабеспячэнне. Адразу пасля iнстытута 3 гады працаваў iнжынерам у Глыбоцкiм раёне ў сiстэме райсельгасэнерга. Потым на працягу месяца асвойваў пасаду iнжынера службы падстанцый 35-110 кВ электрычных сетак, пасля чаго 3 гады працаваў намеснiкам начальнiка i 15 гадоў кiраўнiком службы падстанцый. У якасцi начальнiка службы давялося вырашаць шэраг арганiзацыйных i тэхнiчных пытанняў. Заўважу, што i зараз гэта самая шматпрофiльная i складаная служба, калi кiраўнiк адказвае абсалютна за ўсё — ад стану службовай тэрыторыi, бесперабойнай работы абсталявання i выканання наладачных работ.

— Цяпер вы дасканала ведаеце ўсю тэхнiчную «кухню» сваiх падраздзяленняў i на ўласным вопыце можаце ацэньваць алгарытм неабходных дзеянняў кiраўнiкоў сярэдняга рангу?

— Абсалютна так. Калi мне прапанавалi пасаду дырэктара электрычных сетак у маi 2000 года, я разумеў, што тэхнiчны бок абслугоўвання сетак ведаю бездакорна. Адзiнае, з чым былi невялiкiя замiнкi, — пытаннi эканомiкi i фiнансаў. Згадзiцеся, не можа адзiн чалавек быць сапраўдным прафесiяналам ва ўсiх аспектах дзейнасцi прадпрыемства. Вось тады я i вырашыў стварыць уласную моцную каманду спецыялiстаў, якая будзе працаваць як адзiны зладжаны калектыў. У той час на прадпрыемстве працавала шмат пенсiянераў, побач з якiмi працавалi i мелi ўжо дастатковы вопыт маладыя прафесiяналы, гатовыя займаць адказныя пасады. Спецыяльна я не ламаў старую сiстэму, але ў вынiку адбылася паслядоўная справядлiвая замена 15 кiраўнiкоў i спецыялiстаў на больш маладых i перспектыўных работнiкаў.

Сёння ў сiстэме фiлiяла «Глыбоцкiя электрычныя сеткi» працуюць 793 чалавекi, з якiх 20 працэнтаў маюць вышэйшую адукацыю. Сярэднюю спецыяльную адукацыю маюць 26 працэнтаў работнiкаў i 50 працэнтаў — сярэднюю адукацыю. Калектыў падабраўся даволi малады, калi 50 працэнтаў работнiкаў маюць узрост да 40 гадоў, 30 працэнтам працаўнiкоў ад 40 да 50 гадоў i 11 працэнтаў працуючых на прадпрыемстве маюць узрост ад 50 да 55 гадоў.

Энергiя «малой вады»

— Як Глыбоцкiя электрычныя сеткi ажыццяўляюць развiццё новых напрамкаў па лiнii энергетычнай бяспекi краiны?

— У гэтым напрамку развiваем малую гiдраэнергетыку. У сярэдзiне 50-х гадоў было пабудавана некалькi малых ГЭСаў на рэках рэгiёна. Яны працавалi да таго часу, пакуль не была пабудавана Iгналiнская АЭС i ў Беларусь пацякла танная атамная электраэнергiя. Малыя ГЭСы тады сталi непатрэбнымi, бо iснавала адзiная энергасiстэма вялiкай краiны. Сёння гэты напрамак аднаўляецца i невялiкая колькасць электраэнергii вырабляецца дзвюма мясцовымi гiдраэлектрастанцыямi.

Праблема транспарту i палiва вырашаецца штодзённа

— Ведаю, што ў энергетыкаў iснуе тэзiс: любую нават самую дробную паломку значна танней выправiць у самым пачатку прафiлактычных работ, чым потым «збiраць камянi». Як вам удаецца абслугоўваць адразу 6 адмiнiстрацыйных раёнаў?

— У фiлiяле «Глыбоцкiя электрычныя сеткi» iснуе даволi вялiкi аўтамабiльны парк, у склад якога ўваходзяць спецыяльныя механiзмы для абслугоўвання абсталявання, лiнiй электраперадачы, расчысткi прасек, перавозу працуючых. Кожны дзень прыкладна 80 працэнтаў тэхнiкi накiроўваецца абслугоўваць рэгiянальныя электрычныя сеткi. Эксплуатацыя такога парка патрабуе значных сродкаў. Гэтыя грошы для нас жыццёва неабходныя. Калi сёння ў нас няма палiва, то графiк рамонтаў парушаецца. У гэтым яшчэ адна асаблiвасць электрычных сетак. Энергетыкi ведаюць, што дрэнныя сеткi хутка не адрамантуеш, а добрыя сеткi хутка не сапсуеш. Iснуе пэўная iнертнасць сетак, i калi iх заўсёды падтрымлiваць у належным стане, то яны будуць функцыянаваць дакладна. Калi мы не падрамантуем крыху праблемную лiнiю электрасетак сёння, то i заўтра, i ў блiжэйшыя днi святло ў спажыўцоў будзе. Аднак у выпадку нават не вельмi моцных вятроў лiнiя электраперадач можа сапсавацца канчаткова, што прывядзе да адключэння ад электрычнасцi цэлага раёна. Таму палiва для штодзённых рамонтаў трэба адшукваць абавязкова. I мы гэта робiм.

* * *

— Як ажыццяўляецца сацыяльная абарона работнiкаў Глыбоцкiх электрычных сетак?

— Пастаянна, па меры магчымасцяў, аказваем матэрыяльную дапамогу сваiм пенсiянерам. Гэта закон. Сёння ўжо няма такой сiстэмы, каб работнiкi атрымлiвалi бясплатнае жыллё. Аднак, для супрацоўнiкаў нашага фiлiяла фiнансавая дапамога на будаўнiцтва i пакупку жыллёвых памяшканняў ажыццяўляецца на падставе дзеючага палажэння РУП «Вiцебскэнерга». Таксама iснуюць i дзяржаўныя жыллёвыя праграмы. Чалавек атрымлiвае крэдыт, а прадпрыемства, па меры магчымасцi, аказвае падтрымку. Зараз на Глыбоцкiм фiлiяле iснуе невялiкая чарга маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, але ўвогуле без жылля ў нас няма нiкога. Маладыя сем’i актыўна карыстаюцца льготнымi крэдытамi на будаўнiцтва жылля i ўзводзяць кватэры i дамы самастойна. У гэтым аспекце мы дапамагаем сваiм работнiкам магутным транспартам.

Згодна з палажэннямi калектыўнага дагавора аказваецца дапамога шматдзетным сем’ям. Шмат чаго робiцца па сiстэме дзiцячага аздараўлення. У Новалукомлi i Лётцах функцыянуюць абласныя ведамасныя лагеры, якiя прымаюць дзяцей у тры змены. Там у летнi сезон адпачываюць дзецi i нашых работнiкаў.

— Вiктар Пятровiч, дазвольце спытаць у вас як у аднаго з лепшых кiраўнiкоў за мiнулы год па лiнii Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыi: як i калi пачынаецца ваш працоўны дзень?

— У свой службовы пакой я трапляю ў 7 гадзiн ранiцы i пачынаю работу з прагляду пошты. Пасля вырашаюцца банкаўскiя справы па аплаце за палiва, запчасткi i гэтак далей. У 8.30 па селектарнай сувязi ажыццяўляецца даклад кiраўнiцтву РУП «Вiцебскэнерга». Тут на вышэйшым узроўнi вобласцi вырашаюцца ўсе iснуючыя «гарачыя» пытаннi. Да абеду вяду прыём кiраўнiкоў службаў, спецыялiстаў, работнiкаў iншых службаў горада, вырашаю ўнутраныя праблемы гаспадаркi. У другой палове дня, пры магчымасцi, я станаўлюся творчай асобай — iнжынерам-энергетыкам, якi павiнен дасканала ведаць усе тэхнiчныя навiнкi абсталявання свайго прадпрыемства.

— Даволi загружаны працоўны графiк атрымлiваецца. Каб так працаваць штодня, трэба мець надзейны тыл. Цi вялiкая ў вас сям’я?

— Нашай сям’i 3 кастрычнiка сёлета спаўняецца 25 гадоў. Мабыць, будзем святкаваць сярэбранае вяселле. Яшчэ ў iнстытуце на адным патоку пазнаёмiўся з цiкавай i вельмi прыгожай дзяўчынай Анютай. Пасля заканчэння iнстытута яна стала мне жонкай. Увесь час гэты каханы i вельмi дарагi для мяне чалавек са мною побач. Жонка пасля iнстытута будучы высокаквалiфiкаваным спецыялiстам 19 гадоў запар адпрацавала дыспетчарам у сiстэме Глыбоцкiх электрычных сетак. Сёння ўжо ў якасцi Ганны Iванаўны дапамагае мне падбiраць спецыялiстаў у аддзеле кадраў. Маю дваiх дзяцей. Сын працуе электраманцёрам у рэлейнай службе Глыбоцкiх электрасетак i завочна вучыцца на 5-м курсе БАТУ. Дачка вучыцца на другiм курсе iнстытута замежных моў, вывучае iспанскую i англiйскую мовы.

— Цi ёсць у вас захапленнi, якiя дапамагаюць вам i ў жыццi i на працы?

— Так, ёсць. Яшчэ са школьных гадоў моцна трымаў у руках фотаапарат. Сёння набыў яшчэ i вiдэакамеру. Час ад часу займаюся фота- i вiдэапаляваннем. Не, не ў лесе. Галоўным чынам на аб’ектах электрасетак. Вока фатографа-дырэктара стала такое ўчэпiстае — усе недахопы бачыць, а тэхнiка карцiнку гэтую фiксуе. Затым атрыманыя кадры я манцiрую i паказваю сваiм падначаленым так званы «Фитиль». I крыўдзiцца пасля на аператара няма чаго, бо вось яны факты — на экране. Дысцыплiнуе гэта на ўсе 100, бо стаць героем такiх гiсторый не жадае нiхто.

— Кiм вы можаце сапраўды ганарыцца на прадпрыемстве?

— Ганаруся цалкам усiм калектывам, бо ён мой, родны. Але правай рукой кiраўнiка электрасетак з’яўляецца галоўны iнжынер прадпрыемства Георгiй Жук, якi адказвае за ўсю тэхнiчную палiтыку вытворчасцi. Георгiй Анатольевiч спачатку быў начальнiкам рэлейнай службы нашага фiлiяла, а зараз ужо 3 гады займаецца кiраўнiцтвам усiх тэхнiчных службаў Глыбоцкiх электрасетак.

На нашым прадпрыемстве працуюць прафесiяналы з вялiкай лiтары. Каманда нашых супрацоўнiкаў у 2004 годзе перамагла ў рэспублiканскiм прафесiйным конкурсе электраманцёраў па абслугоўванню лiнiй электраперадач. Летась у рэспублiцы яны былi другiмi. Сёння электраманцёры 7-га разраду Васiль Гурновiч i Алег Атрахiмовiч узначальваюць дзве лепшыя брыгады ЛЭПаўцаў у Глыбоцкiх электрасетках.

Другой маёй рукой з’яўляецца намеснiк дырэктара па агульных пытаннях Сяргей Мiкулiч. Мой даўнi знаёмы, з якiм разам вучылiся, адказвае за ўсе гаспадарчыя пытаннi прадпрыемства. Моцным i яркiм спецыялiстам ужо даволi працяглы час на прадпрыемстве паказвае сябе начальнiк планава-эканамiчнага аддзела Галiна Бука. Мiж iншым, сёння на прадпрыемстве працуе толькi 78 жанчын. Усе яны на вагу золата.

Пра нашых працаўнiкоў можна казаць вельмi многа шчырых i пяшчотных слоў, бо значная колькасць з iх працуе на прадпрыемстве амаль усё жыццё.

Работнiкi Глыбоцкiх электрычных сетак, якiя ўдастоены ўрадавых i галiновых узнагарод

Ганаровае званне «Выдатнiк Беларускай энергасiстэмы» атрымалi: начальнiк службы РС Вячаслаў Дуж, электраслесар службы ПС Леанiд Капусцiн, дырэктар электрасетак Вiктар Кубарка, электраманцёр IЗП Франц Альхiмёнак, начальнiк ШРЭС Вiталь Шарыпа.

Летась ганаровай граматай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь быў узнагароджаны Аляксандр Скрыцкi. Ганаровыя граматы Мiнiстэрства энергетыкi Рэспублiкi Беларусь атрымалi галоўны iнжынер Анатоль Жук i галоўны iнжынер ДРЭС Мiкалай Ючковiч. Званне «Ганаровы работнiк Беларускай энергасiстэмы» было прысвоена: галоўнаму iнжынеру ШРЭС Віктару Лагуну i майстру БРЭС Анатолю Умпiровiчу.


Намеснiк дырэктара Глыбоцкiх электрычных сетак па агульных пытаннях Сяргей МIКУЛIЧ:

— Было б нядрэнна, каб вы ў сваiм выданнi агучылi праблему вандалiзму. Рэжуць i здымаюць правады з далёкiх лiнiй у большасцi сваёй мясцовыя жыхары. Нагадаю, што здаюць каляровы метал такiя «чорныя прадпрымальнiкi» за грашы, а вось дзяржава на аднаўленне абсталявання выдаткоўвае потым вялiкiя грошы. Мабыць, праваахоўным органам трэба больш уважлiва займацца гэтай праблемай.

Начальнiк службы лiнii электраперадач Леанiд IЗАIТКА:

— Раз у чатыры гады ў галiне на рэспублiканскiм узроўнi адбываецца праверка прафесiйнага майстэрства. На гэтых спаборнiцтвах удзельнiчаюць лепшыя рамонтнiкi лiнiй электраперадач высокага напружання. Брыгада з 4 чалавек праходзiць 7 этапаў праверкi майстэрства. На гэтых спаборнiцтвах мы заўсёды займаем прызавыя месцы. Практычныя веды, атрыманыя на спаборнiцтвах, не атрымаеш нават за год навучання ў iнстытуце. Удзельнiкi спаборнiцтваў набываюць высакаякасныя камплекты спецыяльнага iнструмента, якiя потым застаюцца на прадпрыемстве. У гэтых спаборнiцтвах я ўдзельнiчаў у якасцi майстра i магу запэўнiць, што ў нашым калектыве працуюць дастаткова квалiфiкаваныя спецыялiсты.

Старшыня прафсаюзнага камiтэта Рамуальд РАДЗЕВIЧ:

— У нас на прадпрыемстве 792 члены прафсаюза i толькi адзiн работнiк — не. Быць не членам прафсаюза нявыгадна, бо тады ты не маеш права карыстацца шэрагам iльгот, якiя прадугледжаны калектыўным дагаворам. Гэтых iльгот даволi шмат. Напрыклад, выдаецца матэрыяльная дапамога да водпуску ў памеры аднаго аклада, у два разы таннейшае пратэзiраванне зубоў, iльготнае выдзяленне транспарту, пуцёвак i г.д. Каб прадпрыемства паспяхова працавала, на вытворчасцi павiнна iснаваць два полюсы: з аднаго боку, наймальнiк у выглядзе дырэктара патрабуе ад работнiкаў выканання службовых абавязкаў, а прафсаюзы, у сваю чаргу, патрабуюць ад адмiнiстрацыi выканання калектыўнага дагавора. З Вiктарам Пятровiчам мы заўсёды знаходзiм кампрамiснае рашэнне па такiх пытаннях.

Начальнiк планава-эканамiчнага аддзела Галiна БУКА:

— Вядома, што грошай заўсёды не хапае, але, калi выдаткаваць iх разумна, укладваць iх туды, дзе яны больш неабходныя, дзе даюць максiмальны эканамiчны эфект, тады прадпрыемства будзе працаваць стабiльна. Каманда нашага аддзела даволi прафесiйная. Чатыры спецыялiсты аддзела маюць вышэйшую адукацыю i стаж работы не менш за 10 гадоў. Сама я адпрацавала ў сiстэме электрычных сетак амаль 20 гадоў.

Матэрыял падрыхтавалi Сяргей КУРКАЧ, Вiктар ПАЗНЯКОЎ.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Глыбоцкiя электрычныя сеткi, якiя сёння з’яўляюцца фiлiялам РУП «Вiцебскэнерга», ажыццяўляюць электразабеспячэнне ўсiх спажыўцоў на тэрыторыi шасцi а
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика