«Маеце права звярнуцца з просьбай аб змяншэннi памеру цi вызваленнi ад выплаты падаходнага падатку.
Сяргей РАСОЛЬКА
«Гарачы» тэлефон «Звязды» 287-17-41 З просьбай аб дапамозе на «гарачую лiнiю» нашай газеты звярнулася Марыя Яўгенаўна Грамыка з вёскi Палажэвiчы Старадарожскага раёна.«Мой сын пражывае ў Ханты-Мансiйску. Раней ён мне ўжо дасылаў грошы на дарогу да яго i нiякiх праблем не ўзнiкала. Аднак у апошнi раз, у лiстападзе мiнулага года, перавод быў аформлены ад iмя яго грамадзянскай жонкi (на суму 226 тысяч беларускiх рублёў). 1 снежня я паехала да сына на цэлы месяц, а калi вярнулася, даведалася ў падатковай iнспекцыi, што ў месячны тэрмiн пасля атрымання грошай павiнна была прадаставiць дэкларацыю. Я гэтага не ведала. Мне сказалi, што трэба заплацiць падатак з атрыманых грошай i штраф у памеры 58 тысяч рублёў. Я цалкам згодна, што падатак заплацiць трэба. Але чаму мне адразу прызначылi штраф? Мой заробак у студзенi 2006 года склаў крыху больш за 40 тысяч рублёў (я працую малаказборшчыкам), аднак у падатковай iнспекцыi мне не паверылi. Штраф я плацiць адмовiлася, хоць мне пагражалi судом. Цяпер гэтую суму вылiчваюць з зарплаты (пакуль вылiчылi толькi палову, i на рукi я атрымала 82 тысячы рублёў). Дапамажыце разабрацца», — папрасiла Марыя Яўгенаўна. З просьбай дапамагчы даць адказ на запыт заяўнiцы рэдакцыя ў сваю чаргу звярнулася ў Мiнiстэрства па падатках i зборах. Вось што адтуль нам патлумачылi аб правах i абавязках фiзiчных асоб, якiя атрымалi даход з-за мяжы. «Падатковым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь устаноўлена, што пры ўзнiкненнi пэўных умоў фiзiчныя асобы — плацельшчыкi падаткаў — абавязаны, у прыватнасцi, выплачваць устаноўленыя падатковым заканадаўствам падаткi (зборы), пошлiны, прад’яўляць у падатковы орган па месцы пастаноўкi на ўлiк падатковыя дэкларацыi (разлiкi), iншыя неабходныя дакументы i звесткi, звязаныя з падаткаабкладаннем, а таксама дакументы, што пацвярджаюць права на выкарыстоўванне падатковых iльгот (артыкул 22 Агульнай часткi Падатковага кодэкса Рэспублiкi Беларусь). У 2005 годзе падаткаабкладанне даходаў, атрыманых фiзiчнымi асобамi з-за мяжы, адбывалася ў адпаведнасцi з артыкулам 16 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб» (у рэдакцыi Закона ад 1 студзеня 2002 года). Згодна з дадзеным артыкулам фiзiчныя асобы абавязаны былi ў 30-дзённы тэрмiн з дня атрымання даходу прадаставiць у падатковы орган па месцы пастаноўкi на ўлiк падатковую дэкларацыю (разлiк). Разам з тым пры атрыманнi фiзiчнай асобай даходаў з-за мяжы, не падлягаючых абкладанню падаходным падаткам у адпаведнасцi з законам, напрыклад, даходаў у вынiку дарэння ад блiзкiх родных, прадастаўленне падатковых дэкларацый (разлiкаў) не патрабавалася. Аднак фiзiчнай асобе ў даным выпадку неабходна прадаставiць у падатковы орган падрабязнае пiсьмовае тлумачэнне аб крынiцы атрымання грашовых сродкаў, а таксама дакументы, якiя пацвярджаюць факты, выкладзеныя ў тлумачэннi. Падчас разгляду звароту ўстаноўлена, што 16 лiстапада 2005 года вы атрымалi грашовы перавод з Расiйскай Федэрацыi ад грамадзянкi Русаковай. У гэтай сувязi вы былi запрошаны ў iнспекцыю МПЗ па Старадарожскаму раёну для прадастаўлення падатковай дэкларацыi (разлiку) або дакументаў, што пацвяржалi сваяцкiя адносiны з адпраўшчыкам грашовага пераводу. Паколькi тлумачэнняў, што грашовыя сродкi 16 лiстапада 2005 года вы атрымалi ад сына, а Русакова (грамадзянская жонка сына) выступiла толькi пасрэднiкам памiж вамi, прадастаўлена не было, 30 студзеня 2006 года ў вас была запатрабавана падатковая дэкларацыя (разлiк), а таксама вы былi прыцягнуты да адмiнiстрацыйнай адказнасцi за парушэнне тэрмiну прадастаўлення ў падатковы орган падатковай дэкларацыi. Такiм чынам патрабаваннi, якiя прад’яўляюцца iнспекцыяй МПЗ па Старадарожскаму раёну да вас, былi правамоцнымi i не супярэчылi заканадаўству Рэспублiкi Беларусь. Адначасова паведамляем, што, у адпаведнасцi з артыкулам 43 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2006 год», мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць права ў 2006 годзе прадастаўляць асобным плацельшчыкам — фiзiчным асобам, якiя не з’яўляюцца iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi, iльготы па выплаце падаходнага падатку з фiзiчных асоб. Адпаведна, вы маеце права звярнуцца ў Магiлёўскi гарадскi выканаўчы камiтэт з просьбай аб змяншэннi ў iндывiдуальным парадку памеру падаходнага падатку або аб вызваленнi вас ад выплаты падатку ў поўным памеры».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З просьбай аб дапамозе на «гарачую лiнiю» нашай газеты звярнулася Марыя Яўгенаўна Грамыка з вёскi Палажэвiчы Старадарожскага раёна |
|