Калi хочаце, каб бачылi вас...
Валянцiна ДОЎНАР
Ля вакенца Мусiць, праўду казаў герой вядомага фiльма: хутка — нiчога не будзе... Спрэс — адно тэлебачанне. Сумняваецеся? Тады ўспомнiце, што рабiлi ўвечары цi як дождж iшоў? Ну, хоць бы ўчора... А пазаўчора? А паза-паза?.. Альбо гляньце перад сном на чужыя вокны — дзе гарыць святло, дзе не спяць, там... глядзяць тэлевiзар. I гэта (даруйце за таўталогiю) — нягледзячы на тое, што ён, заклiканы прасвятляць нас, iнфармаваць i забаўляць, у апошнi час (мне, прынамсi, гэтак здаецца. — Аўт.) хутчэй абалваньвае. Асаблiва — калi ўсё падрад глядзець, альбо без разбору...Ды i з разборам... Душа (i цi толькi «гарадская»?), мусiць, падсвядома ўжо — зусiм iншага просiць. На экране вось — выпуск навiн, чарговы сюжэт: нейкi салiдны начальнiк нешта тлумачыць. А ў кабiнеце, у яго за плячом... Вазон — ды з такой шыкоўнай лiстотай!.. Нiчога не пачула з таго, што казаў — на кветку глядзела. Яе, адну з самых папулярных цяпер — кабiнетных, офiсных ды i пакаёвых — завуць дыфенбахiя, i ў модзе яна — ужо досыць даўно. З-за чаго трымаецца? Вiдаць, з-за прыгажосцi, бо толькi ў адным з яе вiдаў лiсце проста зялёнае, ва ўсiх iншых — «расфарбаванае»: з крэмавай цi нават малочнай сярэдзiнкай, у светлыя палоскi, у плямы i плямкi колеру слановай косцi... Уражваюць i iх памеры — ад сцiплых 20—30 сантыметраў у даўжыню да 70 i нават больш. Але трэба ведаць, што вырасцiць гэту прыгажосць не так ужо i проста. Дыфенбахiя вельмi не любiць тэмпературных перападаў i халоду (нiжэй 17 градусаў), баiцца скразнякоў (нiжнiя лiсты тады пачынаюць жаўцець i скручвацца), патрабуе яркага святла зiмой, паўценю летам (ад прамых сонечных промняў лiсце губляе сваю афарбоўку). А галоўнае — высокай вiльготнасцi круглы год. Лiсты дыфенбахii любяць цёплы «душ» i мыццё, гаршчок з кветкай можна паставiць на вiльготныя каменьчыкi альбо ў торф. Але i тут важна не перастарацца. Заўважайце — пры недахопе вады пачынаюць рудзець i падсыхаць кромкi лiсцяў, пры лiшку (i з невялiкай мяккай плямкi) — загнiваць сам ствол. А калi ў меру... Калi ўсяго i ў меру — кветка гэта здольна перарасцi не тое, што гаспадыню, нават гаспадара, бо 180 сантыметраў для яе не мяжа. Трэба ведаць толькi, што з узростам (каб не казаць «ад старасцi») дыфенбахiя можа губляць лiсты. Што тады рабiць? Калi ў выглядзе пальмы яна вам не падабаецца, можна абрэзаць сцябло на вышынi 10 см ад глебы. Вярхушку — укаранiць. А з «пянька» — пачакаць новай кветкi. Гэта, дарэчы, адзiн са спосабаў размнажэння. Можна яшчэ ўкараняць чаранкi (рэшткi ствала парэзаныя па 5—7 см) i «даччыныя» пабегi. Перасаджваць дыфенбахiю добра вясной i штогод. Што яшчэ пра яе трэба ведаць (i абавязкова!) гэта тое, што сок раслiны — ядавiты. Таму, пасля чаранкавання, трэба старанна вымыць рукi. А сам вазон не варта трымаць у доме, дзе жывуць малыя дзецi цi хатнiя жывёлы. I, зразумела, у кадры, калi вас прыйдзе здымаць тэлебачанне i вы захочаце, каб людзi пачулi i ўбачылi вас, а не кветку.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мусiць, праўду казаў герой вядомага фiльма: хутка — нiчога не будзе... Спрэс — адно тэлебачанне. Сумняваецеся? Тады ўспомнiце, што рабiлi ўвечары цi я |
|