Птушыны грып у вадзе не плавае. А вось падхапiць там алергадэрматыт — цалкам рэальна...
Надзея НIКАЛАЕВА
Можна не сумнявацца, што купальны сезон распачнецца ў Беларусi ўжо ў блiжэйшыя днi, бо мы ўсе стамiлiся чакаць сапраўднае лета. Мiж iншым, зоны адпачынку ўжо даўно падрыхтавалiся да прыёму адпачываючых.
— Усяго да летняга сезона на водных аб’ектах былi абсталяваныя ў адпаведнасцi з устаноўленымi патрабаваннямi 930 месцаў масавага адпачынку, — паведамiў намеснiк начальнiка спецыялiзаванай iнспекцыi дзяржаўнага кантролю за выкарыстаннем i аховай водаў Мiнпрыроды Уладзiмiр ПАНАСЕНКА. — Падчас падрыхтоўкi да новага пляжнага сезона ва ўсiх раёнах рашэннямi гарадскiх i раённых выканаўчых камiтэтаў былi зацверджаны зоны адпачынку, i для кожнай з iх вызначаны арганiзацыi, якiя адказваюць за ўпарадкаванне пляжаў: устаноўку раздзявальняў, лавак, прыбiральняў, сметнiц, а таксама малых архiтэктурных формаў. Такiм чынам, ва ўсiх месцаў адпачынку ёсць цяпер канкрэтны гаспадар. I гэта вельмi важна... Для прыкладу, на сталiчных i прыгарадных вадаёмах будуць працаваць гэтым летам 34 пляжы, «агульнай магутнасцю» да 100 тысяч чалавек. Дзякуючы намаганням адмiнiстрацыi Кастрычнiцкага раёна сталiцы, якая курыруе вадасховiшча «Пцiч», пляжу гэтага вадаёма была прысвоена першая ступень гатоўнасцi: «рэстаўрацыю» прайшлi «лягушатнiк» для купання дзятвы i тэнiсныя сталы, быў абноўлены знешнi выгляд раздзявальняў... Уся вада ў беларускiх рэках i вадаёмах характарызуецца спецыялiстамi як «адносна чыстая» i «ўмерана забруджаная». У апошнiя гады спецыялiсты адзначаюць устойлiвую тэндэнцыю да стабiлiзацыi якаснага складу вады такiх рэк, як Заходняя Дзвiна, Заходнi Буг i Нёман. Хоць Заходняя Дзвiна (а менавiта пляжы ў гарадской рысе) па-ранейшаму рэгулярна закрываюцца для купання гараджан. Уявiце сабе, што толькi на працягу аднаго года ў рэкi i вадаёмы трапляюць разам з ачышчанымi сцёкавымi водамi каля 9 тысяч тон арганiчных рэчываў, 160 тон нафтапрадуктаў i 460 тон соляў металаў. Самы нагружаны ў антрапагенным плане водны аб’ект — гэта мiнская Свiслач. Вялiкi горад, у якiм пражывае пятая частка ўсяго насельнiцтва Беларусi, стаiць на адносна невялiчкай рацэ, якая не iдзе нi ў якое параўнанне з Нёманам, Дняпром, Сожам цi Заходняй Дзвiной. Аб’ём гарадскiх гаспадарча-бытавых i прамысловых сцёкаў складае 730 тыс. куб. метраў у суткi. Ачысныя збудаваннi Мiнскай станцыi перагружаны. У сярэднiм 45 тыс. куб. метраў гарадскiх сцёкаў скiдваюцца за суткi ў Свiслач, праходзячы толькi механiчную ачыстку. I ўсё ж такi нягледзячы на гэта ўчастак ракi ў межах горада адносiцца да другой катэгорыi — вада ў ёй характарызуецца як «чыстая». Нiжэй горада, перад станцыяй аэрацыi, вада ў Свiслачы адносiцца да 3-й катэгорыi — «умерана забруджаная», а нiжэй Мiнскай ачысной станцыi рака характарызуецца ўжо як «вельмi забруджаная» (6-я катэгорыя). З пачаткам купальнага сезона спецыялiсты рэспублiканскай санэпiдслужбы ажыццяўляюць рэгулярны манiторынг за станам вады ў месцах адпачынку. — Мы, зразумела, не можам ахапiць усе дзiкiя пляжы, усе рэчкi i штучныя вадаёмы, дзе прызвычаiлiся адпачываць нашы грамадзяне, паколькi ў Беларусi налiчваецца 10 тысяч азёраў i больш за 20 тысяч рэк, — тлумачыць загадчык аддзялення камунальнай гiгiены Рэспублiканскага цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Сямён ПОЗIН. — Мы кантралюем стан вады толькi ў афiцыйна зацверджаных, добраўпарадкаваных месцах адпачынку (сёлета гэта 930 пляжаў, а да 2010 года плануецца арганiзаваць каля 1500 такiх месцаў. — Н.Н.). Для правядзення лабараторных даследаванняў кожны тыдзень адбiраюцца ўзоры вады. У папярэднiя гады прыкладна 15 працэнтаў узораў былi прызнаныя нестандартнымi па санiтарна-хiмiчных i мiкрабiялагiчных паказчыках. На ўзбуджальнiкi iнфекцыйных захворванняў прыпадаюць толькi долi працэнта. Вада бракуецца пераважна па прычыне перавышэння ў ёй кiшэчнай палачкi, якая служыць iндыкатарам якасцi вады па мiкрабiялагiчных паказчыках. У тым выпадку, калi праз тыдзень узор зноў прызнаецца нестандартным, выносiцца пастанова санiтарнага ўрача аб забароне эксплуатацыi таго цi iншага пляжа цi воднага аб’екта. У беларускай сталiцы летась не адпавядалi гiгiенiчным нарматывам па мiкрабiялагiчных паказчыках 20,9 працэнта ўзораў вады (у 2004 г. — 12,6 працэнта), а па санiтарна-хiмiчных — 26,5 працэнта (у 2004 г. — 24,2 працэнта). Ёсць на Мiншчыне яшчэ адна бяда — гэта заражэнне групы нарачанскiх азёраў лiчынкамi шыстаматоiднага цэркарыёзу. Гэты паразiт быў занесены сюды пералётнымi птушкамi яшчэ ў 80-я гады. Прамежкавая стадыя яго развiцця адбываецца ў малюсках, а канчатковая — у птушыных кiшэчнiках. Мелкаводная Нарач з добра праграваемай вадой — iдэальнае месца для iснавання i актыўнага размнажэння цэркарый. А чалавек, у сваю чаргу, уяўляе iдэальную мiшэнь для паразiта. I хоць у чалавечым арганiзме цэркарыi не прыжываюцца, тым не менш яны паспяваюць выклiкаць у яго максiмум непрыемных адчуванняў. Смыленне, сверб, павышэнне тэмпературы цела, з’яўляенне пухiркоў памерам з гарошыну, слабасць, галавакружэнне — усё гэта сiмптомы алергадэрматыту, з якiм сутыкалiся многiя, хто адпачываў на нарачанскiх азёрах. Самыя небяспечныя, ў плане заражэння алергадэрматытамi застаюцца мелкiя месцы, у якiх вельмi любяць плёскацца дзецi. У апошнiя гады, як сцвярджаюць спецыялiсты, сiтуацыя на Нарачы пачала змяняцца ў станоўчы бок. Ачыстка мелкаводдзя ад малюскаў i воднай раслiннасцi, рэгуляванне колькасцi вадаплаўных птушак, устаноўка на пляжах душавых кабiнак, наладжванне гандлю ахоўнымi рэпелентамi дазволiлi крыху зменшыць вастрыню праблемы, але цалкам яе пакуль што не знялi. Сёння ажыццяўляецца дзяржаўная праграма па аздараўленню экалагiчнай абстаноўкi на Нарачы з прыцягненнем спецыялiстаў Мiнпрыроды, Мiнiстэрства аховы здароўя, Акадэмii навук i iншых мiнiстэрстваў i ведамстваў. Вывучаецца таксама i замежны вопыт барацьбы з цэркарыёзам, хоць, безумоўна, для заходнiх краiн, дзе адкрытыя вадаёмы выкарыстоўваюцца насельнiцтвам для купання даволi рэдка, праблема шыстаматоiднага цэркарыёзу так востра, як для нас, не стаiць. Дарэчы, падхапiць «вадзяны сверб» цi «вадзяную крапiўнiцу» (так называюць у прастамоўi цэркарыёз) можна не толькi на Нарачы, але i на любым вадаёме, якi аблюбавалi вадаплаўныя птушкi. Менавiта таму медыкi настойлiва раяць адпачываючым не прыкормлiваць вадаплаўных птушак на мелкаводдзi. А вось да пагрозы iнфiцыравання падчас купання птушыным грыпам Сямён Позiн ставiцца вельмi скептычна.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Можна не сумнявацца, што купальны сезон распачнецца ў Беларусi ўжо ў блiжэйшыя днi, бо мы ўсе стамiлiся чакаць сапраўднае лета. Мiж iншым, зоны адпачы |
|