Сонца рэальнае i «штучнае»: што выбiраем?..
Юлiя ХАДНЕВIЧ
Моду на смуглявую скуру ўвяла знакамiтая «мадэмуазэль» — Како Шанэль. I колькi ўжо часу прайшло з тае пары, але i ў новым тысячагоддзi «загар» устойлiва асацыiруецца з паняццем «прыгажосць». Больш таго, шмат хто лiчыць, што быццам бы дзякуючы загару можна схаваць рэальныя i надуманыя недахопы скуры (накшталт цэлюлiту). Менавiта з гэтай прычыны жанчыны так чакаюць лета... З iншага боку, атрымлiваць дозы ультрафiялету, якi i ўплывае на пiгментацыю скуры — загар — можна не толькi пад рэальным сонцам, але i пад «штучным» — у салярыi.
Каб даведацца пра перавагi аднаго спосабу загарання над другiм, а таксама наколькi гэта бяспечна для здороўя ўвогуле, карэспандэнт «Звязды» звярнулася да Леанiда Турышава, загадчыка лабараторыi аптычных сродкаў, намеснiка дырэктара Нацыянальнага навукова-даследчага Цэнтра манiторынгу азанасферы БДУ. Сонца — крынiца не толькi цеплынi... Сонца — асноўная крынiца аптычнага выпраменьвання, паток якога дзеляць на тры дыяпазоны: бачны, iнфрачырвоны i ультрафiялетавы. Апошнi складае толькi 5 працэнтаў ад агульнага сонечнага патоку, але «адказны» больш за 25 захворванняў i парушэнняў стану здароўя. Разам з тым уся эвалюцыя чалавека праходзiла пад пастаянным сонечным уплывам, таму ультрафiялетавае выпраменьванне ў аптымальных дозах — неабходная ўмова нармальнага функцыянавання арганiзма. Так, скура чалавека, вочы, крывяносныя сасуды, функцыi шэрагу эндакрынных залоз непасрэдна рэагуюць на сонечнае выпраменьванне. Ультрафiялетавыя прамянi валодаюць бактэрыцыднай, вiтамiна- i пiгментастваральнай, процiзапаленчай i болесуцiшальнай уласцiвасцямi, спрыяюць нармалiзацыi фiзiялагiчных працэсаў, паляпшаюць тлушчавы, бялковы i мiнеральны абмен, нават станоўча ўплываюць на састаў крывi. Праз гэта ўмацоўваюць iмунiтэт, павышаюць супрацiўляльнасць арганiзма iнфекцыям, актывiзуюць працэсы ў кары галаўнога мозга, павышаюць разумовую працаздольнасць, мышачны тонус i фiзiчную ўстойлiвасць. Спецыялiсты фiксуюць, што недахоп ультрафiялетавага выпраменьвання (сонечнае галаданне) правакуе раздражняльнасць, бяссонiцу, хуткую стамляльнасць i нават дэпрэсiю. З iншага боку, ультрафiялетавае сонечнае выпраменьванне здольнае аказаць i негатыўны ўплыў: апёк скуры, яе заўчаснае старэнне (бо ультрафiялет разбурае калаген), захворванне абалонак унутраных асяроддзяў вачэй (катаракта цi памутненне крышталiку, фотакан’юнктывiт i iнш.), фотатаксiчныя i фотаалергiчныя рэакцыi. Найбольш небяспечныя для здароўя i жыцця чалавека праявы ўплыву ультрафiялету — базальна-клетачны i пласкалектачны ракi скуры i злаякасная меланома, а таксама сонечныя апёкi (асаблiва ў раннiм дзяцiнстве). Дарэчы, рассеяная сонечная радыяцыя дасягае Зямлi i ў пахмурныя воблачныя днi, таму загарэць можна не толькi пад прамымi прамянямi, але i ў ценi. Прыгажосць... у цудадзейнай капсуле Як нi круцi, а смуглявай быць хочацца. Нездарма пэўная колькасць беларусаў змянiла сонца натуральнае ... на штучнае: загарае ў салярыi. I хоць паслуга гэтая добра б’е па кiшэнi: кошт 1 хвiлiны сеанса — ад 1200 да 1900 руб. (працягласць сеанса — ад 4 да 8 хвiлiн; дадайце сюды спецыяльныя крэмы: перад i пасля загару), — попыт на яе такi, што ў другой палове дня без папярэдняга запiсу вам наўрад цi пашчасцiць трапiць у цудадзейную капсулу. Супрацоўнiкi салярыяў ледзь не ў адзiн голас зазначаюць, што загараць лепей у iх: «Па-першае, няма ультрафiялета-С — самага небяспечнага кампанента сонечнага выпраменьвання; па-другое, вы атрымлiваеце неабходную i дастатковую дозу, якая не выклiкае апёкаў i не правакуе развiццё рака скуры i меланомы; па-трэцяе, у салярыi пераважаюць В-прамянi, таму скура практычна не падвяргаецца працэсам фотастарэння». Разам з тым ёсць некалькi «але». Па-першае, тэрмiн «жыцця» лямпаў у салярыi — 540 гадзiн, i знешне адрознiць новыя лямпы ад старых вы не здолееце. Па-другое, згодна з правiламi наведвання салярыяў, папярэдне нядрэнна пракансультавацца з урачом, але, як сведчыць практыка, робяць гэта адзiнкi... Дарэчы, згодна з матэрыяламi Мiжнароднай камiсii па абароне ад неiанiзуючых выпраменьванняў, прыём 10 сеансаў па 30 хвiлiн у год павялiчвае рызыку ўзнiкнення рака скуры на 5 працэнтаў у параўнаннi з тымi, хто не карыстаецца паслугамi салярыяў увогуле. «Бяспечнага» ўзроўню выкарыстання салярыя не iснуе. Галоўнае — не нашкодзіць: як правільна загараць Дык як жа правiльна загараць i цi загараць увогуле? — запытаецца чытач. Адказам будзе правiла, актуальнае ва ўсе часы: трымайце меру. Дазволiм сабе некалькi парад. Пры загараннi на сонцы: 1. для вызначэння патэнцыяльнай небяспекi залiшняга ўплыву сонечнага выпраменьвання ўлiчвайце iнфармацыю пра УФ-iндэкс (якi ў «Звяздзе» можна знайсцi штодня); 2. пазбягайце прамых сонечных прамянёў з 11 да 15 гадзiн, у гэты час выкарыстоўвайце абарончыя галаўныя ўборы, адзенне, сонцаахоўныя акуляры (памятаючы, што ад ультрафiялету абараняюць толькi са шклянымi лiнзамi); 3. прымайце сонечныя ванны пад навесамi, парасонамi, пазбягаючы прамых сонечных прамянёў; 4. выкарыстоўваце сонцаахоўныя сродкi, прытрымлiваючыся рэкамендацый па iх прымяненню. Дзецi патрабуюць асаблiвай увагi: з прычыны больш высокай адчувальнасцi скуры, высокай працягласцi знаходжання на адкрытым сонцы (падчас летнiх канiкулаў ва ўмовах максiмальнай сонечнай актыўнасцi). Пры загараннi ў салярыi: 1. перш чым увогуле наведвацца ў салярый, пракансультуйцеся з урачом, бо ёсць шэраг процiпаказанняў: захворванне сардэчна-сасудзiстай i крывятворнай сiстэм, атэрасклероз, адкрытая форма сухотаў, прыступы бранхiяльнай астмы; 2. загараць толькi з чыстым целам: у адваротным выпадку могуць узнiкнуць пiгментныя плямы. Перад сеансам не карыстацца парфумай, касметыкай i не рабiць у дзень сеанса працэдуры накшталт пiлiнгу i г.д. 3. абавязкова карыстацца спецыяльнымi крэмамi для салярыя, якiя стымулююць меланiн. Звычайнымi сонцаахоўнымi крэмамi ў салярыi карыстацца нельга. 4. на якасць загару ўплывае харчаванне: рэкамендуецца ўжываць больш сельдэрэю, морквы, таматаў, манга. Адпаведна рэкамендацыям Мiжнароднай камiсii па абароне ад неiанiзуючых выпраменьванняў, увогуле ад выкарыстання салярыяў, трэба адмовiцца ў наступных выпадках: 1. дзецям ва ўзросце да 18 гадоў; 2. пры наяўнасцi вялiкай колькасцi радзiмак на целе (невусаў), з тэндэнцыяй да ўзнiкнення вяснушак; 3. пры наяўнасцi ў сям’i выпадкаў злаякаснай меланомы, наяўнасцi цяжкiх сонечных апёкаў (асаблiва ў дзяцiнстве); 4. падчас прыёму лекавых сродкаў (i пры выкарыстаннi касметыкi), якiя ўплываюць на адчувальнасць да ультрафiялетавых прамянёў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Моду на смуглявую скуру ўвяла знакамiтая «мадэмуазэль» — Како Шанэль. I колькi ўжо часу прайшло з тае пары, але i ў новым тысячагоддзi «загар» устойлi
|
|