21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Алiмпiйская чэмпiёнка Святлана Баiтава: «Хочаш быць прыгожым i здаровым — трэба рухацца!»

25.08.2009 21:51 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Магiляўчанка Святлана Баiтава — алiмпiйская чэмпiёнка ў спартыўнай гiмнастыцы. Яна заваявала залаты медаль у 1988 годзе ў Сеуле. Пасля яна трэнiравала дзяцей у Магiлёве, але сёлета звольнiлася з дзiцячай спартыўнай школы, у якой займалася з дзяцiнства i аддала ёй цалкам 28 гадоў. Святлана не каментуе гэты факт. Яна адышла ад спорту i ўзяла «тайм-аўт», каб памеркаваць пра будучае.

Цяпер Баiтава — хатняя гаспадыня, клапоцiцца пра мужа, 15-гадовага сына, якi таксама сур’ёзна займаецца гiмнастыкай, а таксама пра «разгаворлiвага» ката Паштэта, якi калiсьцi прыбiўся да яе кватэры на 13-м паверсе ў цэнтры Магiлёва.

Сённяшняя размова са Святланай — пра жыццё, спорт, фiзiчную культуру, здаровы лад жыцця i наступную Алiмпiяду.

— Святлана, якi адбiтак на ваша жыццё наклала перамога ў Сеуле? Гэта быў цяжар або, наадварот, палёгка?

— Усё разам. Цяжар быў у тым, што ад мяне шмат патрабавалi, канешне. Мне трэба было працаваць на славу краiны i шмат сiл для гэтага аддаць. А цяпер падзеi ў Сеуле я ўзгадваю, толькi калi бачу па тэлебачаннi спаборнiцтвы гiмнастак.

— Вы — ганаровы грамадзянiн горада Магiлёва, ваша iмя напiсана на зорцы ў цэнтры горада. Так што вядомасць ваша бясспрэчная...

— З цягам часу мяне пазнаюць усё менш. На жаль, у нас заўсёды так адбываецца, што калi чалавек сыходзiць з вялiкага спорту, пра яго забываюць. У нас наперадзе толькi тыя спартсмены, якiя цяпер выступаюць. Я, канешне, разумею, што трэба даваць дарогу маладым: гэта новае пакаленне, нашы дзецi, наша будучыня. Аднак я не згодная, калi забываюць пра тых, хто раней шмат зрабiў для сваёй краiны. Ты працаваў, трэнiраваўся, крывёй i потам усё давалася, а цяпер нiбыта нiкому не патрэбен.

— А праўду гавораць, што спартсмен губiць сваё здароўе дзеля вынiкаў i перамог?

— Калi казаць пра вялiкi спорт, то гэта праўда. Усе ведаюць, што здароўя вялiкi спорт не прыносiць. I калi б мне можна было пачаць нанова свой шлях у спорце, я была б больш разумнай i паставiлася да сябе больш ашчадна.

— Пры ўсiм гэтым вы цудоўна выглядаеце i маеце выдатную, нават дзявочую фiгуру.

— Вялiкi дзякуй. Аднак я не прытрымлiваюся нiякiх дыет, нiколi гэтага не рабiла. Прызнацца, я лёгка набiраю вагу i лёгка скiдваю кiлаграмы. Хоць маю лiшнюю вагу цяжка заўважыць — я невялiкага росту i хударлявая. Нада мной заўсёды смяялiся ў гiмнастычнай зале: маўляў, пакажы, у якiх частках цела ты прыбавiла вагу.

Мая мацi, ад якой я атрымала ў спадчыну такi целасклад, моцна прыбавiла ў вазе пасля нараджэння другога дзiцяцi. У мяне адзiн сын, таму ўсё наперадзе. Можа быць. Трэба меркаваць над гэтым, бо нараджэнне дзiцяцi — гэта не толькi амаладжэнне арганiзма, гэта ўсё жыццё абнаўляецца.

— Шмат людзей сёння заклапочаны лiшняй вагой i правiльным харчаваннем. Можа, у вас ёсць свая сiстэма? Падзялiцеся.

— Цяпер у прэсе столькi рэкамендацый на гэты конт! Але трэба памятаць, што ўсё iндывiдуальна. I спярша трэба раiцца з доктарам, каб не абвастрылiся хваробы.

А я магу спажываць усё. Магу насмажыць бульбы i з’есцi. Увечары — абавязкова тварог i кефiр. Цяпер, улетку, я аддаю перавагу садавiне i гароднiне. Я нiколi не любiла мяса, хоць i не адмаўляюся ад яго канчаткова. Але калi смажу для мужа i сына мяса, нiякiх апетытных эмоцый не адчуваю. Затое вельмi люблю сала. Гавораць, што яго карысна есцi нашча.

— Цяпер у Беларусi iдзе шырокая кампанiя за здаровы лад жыцця. Цi падтрымлiваеце вы яе?

— Гэта добрая кампанiя. Я не маю на ўвазе вялiкi спорт, але калi чалавек зоймецца зарадкай, прабяжыцца ранкам i некалькi разоў уздыме рукi, гэта ўжо добра для здароўя. Арганiзм ажывае, чалавек лепей адчувае сябе. Трэба рухацца.

Скажу са свайго вопыту. Калi спартсмен высокага ўзроўню пакiдае спорт, яму ўвогуле нiчога не хочацца рабiць. Хочацца сядзець, ляжаць, есцi, але нагi i рукi не падняць. Да гэтага можна хутка прызвычаiцца, i гэта небяспечна, таму што пачынае балець ва ўсiх месцах, узнiкае апатыя i хочацца толькi спаць. Не! Рух — гэта жыццё. Хоць бы некалькi разоў ранiцай прысесцi i схiлiцца, тры разы матнуць галавой — ужо вялiкi плюс.

— Але, пагадзiцеся, лянота...

— Так, лянота. Але трэба прымушаць сябе. Настройваць. Напрыклад, павесiць на сцяну ў пакоi плакат: «Трэба!» i ставiць на iм рысачкi, калi зрабiў зарадку. Хочаш лепей выглядаць, хочаш быць здаровым — трэба рухацца. А хто ж не хоча?!

— А самi вы цяпер чым займаецеся ў вольны час?

— Шторанiцы я раблю гiмнастыку для самых лянiвых. Па-першае: пацерцi далонi адна аб адну, каб стала горача. Гэта актывiзуе кровазварот. Далей павароты галавы ў розныя бакi, кругi. Каб нават храснула.

Хаджу ў лазню, i з наступнага сезона планую плаваць. Бо плаванне — гэта вельмi добра. Рэчка або басейн — няма рознiцы. Калi паплаваеш, то неяк лёгка сябе адчуваеш. Увогуле вада — гэта здароўе, нават калi гэта толькi душ.

— А гiмнастыка карысная для здароўя?

— Дзецям вельмi карысная любая гiмнастыка — i мастацкая, i спартыўная, калi, яшчэ раз засяроджу ўвагу, гэта не вялiкi спорт, а фiзкультура, аздараўленне. Для дзяўчынак — гэта iдэальны занятак. Харэаграфiя выправiць паставу i ногi. Гiмнасткi трэнiруюць сiлу, цягавiтасць, гнуткасць. Нават хадзiць навучаць — не крыва i коса, а з паднятай галавой, грудзi наперад, плечы расправiць, з насочка. Гэта прыгожа i карысна. Таму гiмнастыка была заўсёды папулярная, i цяпер у Беларусi яна пайшла ўверх.

— Можа, папулярнасцi гiмнастыкi спрыяе прыгажуня Алiна Кабаева ў дызайнерскiх строях i ўвогуле прапаганда здаровага ладу жыцця?

— Кабаева — гэта канешне, а вось што датычыцца прапаганды, то мне падаецца, што ў нас усё ж такi больш рэкламуюць пiва, цыгарэты i «снiкерсы-марсы», чым здаровы лад жыцця.

Мне падаецца, што тэлебачанню для справы папулярызацыi фiзiчнай культуры трэба сабраць славутых спартсменаў. Iх у нас нямала, i ў Магiлёве ёсць алiмпiйцы i майстры спорту. Iм трэба прапагандаваць з экранаў здаровы лад жыцця.

А таксама можна было б некалькi разоў на год зрабiць масавую акцыю: сабраць людзей на гарадскiм стадыёне, дарослых i дзяцей, i прапанаваць iм аздараўленчы комплекс. Станавiцеся i займайцеся разам! Вось гэта была б вялiкая прапаганда!

— А як вам падаецца, цяперашнiя дзецi цягнуцца да спорту i фiзкультуры?

— Я з малымi працавала i магу сказаць са свайго вопыту: ёсць розныя дзецi. Яны ўвогуле цяпер iншыя. Калi я пачынала займацца спортам напрыканцы 70-х гадоў, у нас не было нават элементарнай гумкi або заколкi для валасоў. Гэта быў дэфiцыт, не гаворачы пра майкi i купальнiкi. Мы iмкнулiся да дасягненняў, таму што хацелi лепшага. Цяпер у дзяцей ёсць калi не ўсё, то шмат чаго. Многiя не хочуць займацца, бо прасцей сесцi за камп’ютар або тэлевiзар. Але ёсць i такiя, якiм цiкава i хочацца навучыцца.

Я хачу сказаць, што бацькам трэба выхаваць у дзяцей прыхiльнасць да заняткаў фiзкультурай. Iм гэта спатрэбiцца ў жыццi. Мне скардзiлася настаўнiца, што старэйшыя школьнiцы нават i чуць не хочуць пра тое, каб займацца на стадыёне. Стаяць «колам» i ядуць марожанае, i нават дрэнныя адзнакi iх не пужаюць. У гэтым вiнаватыя бацькi. Аднак настаўнiкам i трэнерам трэба так зацiкавiць дзiця, каб ён бег на заняткi, а не збягаў з iх.

— У Беларусi пачалася падрыхтоўка да наступнай летняй Алiмпiяды. Чыноўнiкi робяць справаздачы пра падрыхтоўку спартсменаў i прагнозы на iх выступленнi. А вы што думаеце на гэты конт?

— Канешне, шанцы на медалi ёсць. Яны ёсць заўсёды i ў кожнага. Тым больш што кiраўнiцтва падтрымлiвае спорт, шмат чаго ў нас будуецца. У многiх вiдах спорту беларусы здольныя браць медалi. А мы будзем спадзявацца i, як заўсёды, «хварэць» i трымаць сцiснутыя кулакi на ўдачу. Бо гэта ж нашы, родныя.

— А якiя спартыўныя спаборнiцтвы вы цяпер глядзіце па тэлебачаннi?

— Сын захапiўся футболам, як i ўсё свядомае мужчынскае насельнiцтва падчас чэмпiянату свету. Не магу да ночы загнаць спаць. Мы з мужам нечакана захапiлiся боксам, хоць я заўсёды лiчыла, што гэта не спорт, а звычайна мардабой. Я па-ранейшаму люблю гiмнастыку, фiгурнае катанне i яшчэ фрыстайл.

— Пачаўся летнi сезон водпускаў. Дзе вы сёлета будзеце адпачываць?

— Я люблю адпачынак на прыродзе. Паедзем, вiдаць, з мужам у лес, паставiм намёт i будзем адпачываць. Я люблю лес, гэта карысна для здароўя. Схадзiць у грыбы на тры-ча-тыры гадзiны — вельмi добра. Раю ўсiм падыхаць свежым паветрам i пабываць у нейкiм iншым свеце, адрозным ад мiтуснi горада.

— I на заканчэнне пажаданне для чытачоў «Звязды», сярод якiх, напэўна, нямала замучаных стрэсамi гараджанаў i стомленых ад гаспадарчых клопатаў вяскоўцаў. Што трэба, на ваш погляд, для здароўя i падтрымання духу?

— Любiце сябе i ўмейце адпачываць!

Гутарыла Iлона IВАНОВА.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Магiляўчанка Святлана Баiтава — алiмпiйская чэмпiёнка ў спартыўнай гiмнастыцы. Яна заваявала залаты медаль у 1988 годзе ў Сеуле. Пасля яна трэнiравала
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика