Чым вабiць нас бераг турэцкi?
Леанiд ЛАХМАНЕНКА
Днямi з Турцыi вярнулася група беларускiх журналiстаў, якая знаходзiлася ў краiне па запрашэнню тамтэйшага мiнiстэрства турызму i культуры. Гэтыя нататкi карэспандэнта «Звязды» праноўваем тым, хто сёлета ўпершыню збiраецца туды на адпачынак.
У Турцыi звычайна адпачываюць у шматлiкiх прыбярэжных гатэлях, колькасць якiх iдзе на тысячы. Яны, згодна з цаной тура, цi па нашаму — пуцёўкi, аказваюць турыстычныя паслугi. У гэтай сiтуацыi ключавое пытанне: якi выбраць гатэль? Зразумела, кожнаму хочацца за меншыя грошы атрымаць калi не па максiмуму, то ва ўсякiм разе блiзка да яго. Але так не бывае. А таму выбар гатэля трэба суадносiць са сваiмi фiнансавымi магчымасцямi. Вядома, лепш усяго заехаць у пяцiзоркавы гатэль i адпачываць па сiстэме «ўсё ўключана» — гэта калi ў цану тура ўваходзiць неабмежаванае (у пэўныя гадзiны) ўжыванне разнастайнай ежы, як, скажам, кавуноў, дынь, чарэшнi, яблыкаў, персiкаў, абрыкосаў i г.д., а таксама мясцовай вытворчасцi напояў, у тым лiку вiна, пiва, сокаў. За напоi iншаземнага паходжання трэба абавязкова плацiць. I немалыя грошы. Таму лепш там быць як усе: ужываць мясцовую прадукцыю. У Турцыi можна пасялiцца ў больш сцiплым трохзоркавым гатэлi на беразе мора i таксама няблага адпачыць. А можна i ўвогуле зняць катэдж побач з морам на пэўны тэрмiн i ўзяць на сябе клопат аб харчаваннi. Мiж iншым, усё больш расiян, iншаземцаў з Еўропы так робяць. У гэтым ёсць свае плюсы i мiнусы. Можна зэканомiць на харчаваннi, але не заўсёды зручна ў спякотны дзень пасля купання рыхтаваць вячэру на цэлую кампанiю. Цэны ў Турцыi на адпачынак сёлета нiжэй чым летась з-за чутак i размоў аб эпiдэмii птушынага грыпу. У вынiку, паводле iнфармацыi прадстаўнiка турэцкага мiнiстэрства турызму i культуры, крыху ўпаў наплыў турыстаў, цэны знiзiлiся, што тут жа выкарысталi мясцовыя жыхары. Iх стала больш на раней недаступным марскiм узбярэжжы. Праўда, у нашых турагенцтвах нешта не бачна гэтых хiстанняў цэн, там сцвярджаюць: у сярэднiм штогод туры ў Турцыю растуць на сорак працэнтаў. Не будзем канкрэтна раiць, якiм чынам лепш набыць пуцёўку на бераг турэцкi. Гэта нескладаны працэс. Проста варта сабраць больш iнфармацыi ад тых жа турагенцтваў, знаёмых з вопытам адпачынку ў Турцыi, самастойна «паблукаць» па Iнтэрнэту i, упэўнены, вы знойдзеце для сябе падыходзячы варыянт. Памятайце, што адразу ў аэрапорце вам давядзецца набыць за 20 долараў ЗША цi 15 еўра вiзу. Без яе вы не пройдзеце пашпартны кантроль. ...Вось вы ўжо ў Турцыi, на беразе пяшчотнага мора. Там у час адпачынку не трэба занадта моцна расслабляцца, неабходна абавязкова быць на варце сваiх iнтарэсаў. Рознае можа здарыцца з легкадумным курортнiкам у незнаёмай краiне. Нядаўна расiйскi тэлеканал НТБ паказаў у так званы лепшы час (праймтайм) больш чым гадзiнны дакументальны фiльм «Небяспечны адпачынак», якi быў цалкам прысвечаны жудасным i нават трагiчным фактам з жыцця прыехаўшых на адпачынак у Турцыю расiян. Тут i рабаванне, i падман з пуцёўкамi, i аблiк, i нават крадзеж маладых дзяўчат для наступнай сэксуальнай эксплуатацыi, i забойствы з мэтай хiрургiчнага адабрання пэўных органаў i г.д. Не буду хаваць, насцярожвае тое, што выхад фiльма на тэлеэкран цудоўным чынам супаў з пачаткам масавага курортнага сезона ў Турцыi. Думаю, усе факты ў «Небяспечным адпачынку» выкладзены аб’ектыўна i аўтары тэлестужкi адказваюць за iх. Але з iншага боку, гэту краiну штогод наведваюць мiльёны турыстаў, i дрэнныя выпадкi з iмi перыядычна здараюцца. Як, мiж iншым, i ў астатнiх краiнах, дзе турызм ператварыўся ў магутную галiну эканомiкi. Таму няма нiчога дзiўнага, што там iншаземцы трапляюць нярэдка ў жорсткi пераплёт. Каб не папаўняць крымiнальную статыстыку сваiм прозвiшчам, раiў бы ехаць у Турцыю невялiкай, але дружнай кампанiяй. Так яно будзе вясялей i бяспечней. Бо аднаму цi адной не заўсёды ўдаецца ў час дзесяцiдзённага адпачынку пазнаёмiцца з блiзкiмi па духу i iнтарэсах людзьмi: суайчыннiкамi цi iншаземцамi. Дарэчы, як мне здалося, вялiкiмi i добра згуртаванымi гуртамi адпачываюць тут немцы, галандцы, амерыканцы. I па iх паводзiнах не адчувалася, што яны чагосьцi цi кагосьцi баялiся. Адпачываючыя ў Турцыi iншаземцы — людзi пераважна ветлiвыя i мiлыя, але бавiць час на курорце любяць па-свойму. Яны не шукаюць непатрэбных прыгод на сваю галаву, не давяраюць незнаёмцам i iмкнуцца ад знаходжання на курорце атрымаць асалоду ад мора, чыстага паветра, усходняй кухнi, вiна i экскурсiй па экзатычных i гiстарычных мясцiнах. Зразумела, у разумных межах. Так, празмернае захапленне сонцам можа прывесцi да вельмi хваравiтых апёкаў скуры, працяглыя купаннi (асаблiва ў першыя днi) — да прастуды, а вельмi насычаная дэгустацыя незнаёмых мясцовых страў — да сур’ёзнага расстройства страўнiка. А гэта можа сапсаваць i без таго непрацяглы адпачынак. Таму перад ад’ездам у Турцыю сфармiруйце невялiкую аптэчку, захапiце з сабой элементарныя лекi, напрыклад, анальгiн, валiдол, актываваны вугаль, iмодыум (ад паносу, прабачце), для аднаўлення флоры страўнiка i кiшэчнiка бакцiсупцiл, некаторыя iншыя. Месца яны многа не зоймуць, а вось у патрэбны момант будуць вельмi дарэчы. На спякоце прадукты харчавання хутка псуюцца i пагроза атручванняў даволi рэальная. У плане грашовых разлiкаў, асаблiва ў невялiкiх сувенiрных лаўках i дробных магазiнах, Турцыя вельмi дэмакратычная краiна. Можна на месцы памяняць амерыканскiя долары цi еўра на турэцкiя лiры. А можна i не мяняць. Напрыклад, я па парадзе неаднойчы адпачываўшай у Турцыi калегi зрабiў наступным чынам. Памяняў толькi 20 долараў на дробныя расходы: бутэльку вады, келiх пiва, кубачак кавы i г.д. Астатнюю суму, выдаткаваную на паездку, трымаў у доларах ЗША i па меры неабходнасцi трацiў у крамах. Набыў долары я зноў жа па парадзе калегi, якая казала, што дробныя гандляры часта за некаторыя тавары бяруць аднолькавую суму i ў доларах, i ў еўра. Напрыклад, вам кажуць, што пэўная рэч канчаткова каштуе пяць еўра ў эквiваленце. Вы ў адказ гаворыце: гатовы набыць за пяць долараў. I гандляр звычайна пагаджаецца. Але за тыдзень да нашага прыезду курс долара вырас i цяпер за еўра давалi дзве турэцкiя лiры, а за долар 1,5—1,6 лiры. Таму цяпер гандляры вядуць дакладны валютны пераразлiк. На сёння больш выгадна пакупкi рабiць у еўра. Шопiнг цi блуканне па шматлiкiх магазiнах i крамах, мясцовых жывапiсных i экзатычных кiрмашах у пошуку нечага для сябе, падарункаў родным, сябрам i знаёмым — абавязковы атрыбут турэцкага адпачынку. Настойлiва раiм не пагаджацца на першую прапанаваную гандляром цану тавару, нават калi яна вам i здалася прывабнай. Гэта, так бы мовiць, першая стартавая цана i таму моцна завышаная. Хто ведае, можа, наiўны i свежы пакупнiк дазволiць сябе надурыць i добраахвотна згодзiцца пераплацiць. Таму вы можаце смела знiжаць цану як мiнiмум у два разы. Прадавец гатовы пайсцi на 50—60 працэнтаў. Будзьце непахiснымi i настойлiва збiвайце цану. Лепш за ўсё набываць рэчы групай у тры-чатыры чалавекi. Тады гандаль iдзе хутчэй у бок знiжэння. Але гэты працэс не бясконцы. У адзiн момант гандляр уздымае рукi i пачынае абурацца на турэцкай мове i дэманстратыўна забiрае тавар. А часта здараецца так: як толькi вы адышлi на некалькi метраў, ён даганяе вас i ўжо згодны на апошнюю вашу прапанову. Тут галоўнае — не перагнуць палку. Мне давялося быць сведкам, як адна прывабная маладая асоба (бландзiнка, якiя на фоне мясцовых чарнявых i смуглявых жанчын вельмi падабаюцца туркам) вiртуозна валодала мастацтвам збiваць цану на сваю карысць. Але такi талент дадзены не кожнаму. Тым не менш абавязкова паспрабуйце i хто ведае, можа, у вас гэты талент пакуль дрэмле. Тады моцна зэканомiце на пакупках, тым больш, калi вы — бландзiнка. Але не ганiцеся за магчымасцю танна набыць тавары вядомых сусветных вытворцаў. Хутчэй за ўсё, вам прапаноўваюць няблага выкананую падробку. Не саромейцеся пытаць у туркаў, якiя валодаюць рускай мовай, дзе можна набыць рэчы па прымальнай для вас цане. Адназначна высокiя цэны будуць у крамах пры гатэлях. Чым далей ад iх, тым нiжэй кошт тавараў. Яшчэ адзiн далiкатны момант. Чаявыя ў Турцыi прынята даваць значна часцей, чым у нас. Але, на мой погляд, гэта трэба рабiць пры ўмове, што вас сапраўды культурна, як гаворыцца, на ўзроўнi абслужылi i чалавек варты невялiкага матэрыяльнага заахвочвання з вашага боку. Не даць адну лiру за якасны сэрвiс у Турцыi лiчыцца праявай скупярдзяйства. I на заканчэнне. Якасць вашага адпачынку будзе ў многiм залежыць ад вашага настрою. Таму пастарайцеся на дзесяць дзён выкiнуць з галавы розныя хатнiя праблемы i праблемкi i адчуць сябе курортнiкам на ўсе сто працэнтаў. Бо, ведаеце, неяк анекдатычна было выпадкова падслухаць размову адной прыстойнай пары нашых суайчыннiкаў аб тым, адкуль i калi трэба восенню завезцi машыну гною на дачны ўчастак. Дыскусiямi i роздумам на падобныя тэмы за сотнi кiламетраў ад дому вы не паскорыце вырашэнне дробных i вечных гаспадарчых пытанняў, але ў пэўнай ступенi знiзiце як успрыняцце навакольнай прыгажосцi, так i аздараўленчы эфект марской вады i паветра. Успамiны пра хатнiя турботы пакiньце на потым.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi з Турцыi вярнулася група беларускiх журналiстаў, якая знаходзiлася ў краiне па запрашэнню тамтэйшага мiнiстэрства турызму i культуры |
|