Леанiд КОЗIК: «Узровень адпачынку ў беларускiх санаторыях наблiжаецца да сусветнага»
У пансiянаце «Нарачанскi бераг» пасля рамонту адчынiўся корпус, якi адпавядае ўсiм сучасным патрабаванням для нармальнага адпачынку. У адноўленым будынку — адна-двухмесныя нумары з ванным пакоем, лоджыяй i тэлевiзарам, акрамя таго, у санаторыi з’явiўся VIP-нумар з двума спальнямi, халадзiльнiкам, некалькiмi душавымi кабiнкамi, асобным уваходам у памяшканне.
Корпус разлiчаны на 105 месцаў. Кошт аплаты за суткi пражывання ў новым корпусе «Нарачанскага берага» складзе ад 30 да 150 тысяч рублеў. Ужо ў пачатку лiпеня сюды прыедуць першыя клiенты. Акрамя камфортнага пражывання, можна карыстацца шэрагам медыцынскiх паслуг — урачы вышэйшай катэгорыi працуюць у фiзiятэрапеўтычных кабiнетах, тут дзейнiчае кабiнет святлолячэння, iнгаляцыi, фiтабар, лазерамагнiтная тэрапiя i шмат чаго iншага. Восенню завершыцца будаўнiцтва водалячэбнiцы. Для членаў прафсаюзаў, дарэчы, пры наяўнасцi пуцёўкi прадугледжваецца скiдка за аплату пражывання ў памеры пятнаццацi працэнтаў. Каля пансiяната размясцiўся бар, крама, цудоўны пляж з душавымi кабiнамi, працуе пракат лодак. Пастаянна, за адпачываючымi на вадзе сочыць выратавальнiк. Адкрыццё новага корпуса — з’ява невыпадковая. Як сказаў карэспандэнту «Звязды» старшыня Федэрацыi прафсаюзаў Леанiд Козiк, рэканструкцыя пачалася ў 2004 годзе. «Калi раней iндустрыя адпачынку ў нас была менш развiтая, то зараз беларусы хочуць адпачываць дома, у камфартабельных памяшканнях, з усiмi магчымымi выгодамi. Мы павiнны гэта разумець, i задавальняць усе запатрабаваннi. Што i робiцца зараз», — падкрэслiў Леанiд Козiк. Федэрацыi прафсаюзаў належыць яшчэ некалькi аб’ектаў адпачынку ў Нарачанскiм краi. Зараз на ўсiх вядуцца работы, для таго, каб беларусы змаглi правесцi па-сапраўднаму пажаданы водпуск, не выязджаючы за мяжу: — Басейн тургасцiнiцы «Нарач» зачынены на рэканструкцыю, пасля якой ён ператворыцца ў спартыўны аб’ект мiжнароднага класа. Замест сеткi летнiх домiкаў каля гасцiнiцы будзе база адпачынку, з усiмi выгодамi ў кожным нумары. Таксама плануем стварыць спартыўную залу для гульнi ў баскетбол, валейбол, адчынiць маленькiя басейны для дзяцей. Дарэчы, усе работы праводзяцца толькi за кошт Федэрацыi прафсаюзаў, — кажа Леанiд Козiк. Акрамя таго, у Нарачанскiм краi прыродны газ будзе падведзены да ўсiх санаторыяў i пансiянатаў. Гэты крок дазволiць не толькi зрабiць адпачынак зручнейшым, але i паменшыць кошт пуцёўкi. Дзмiтрый АЛЬФЕР, Нарач—Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пансiянаце «Нарачанскi бераг» пасля рамонту адчынiўся корпус, якi адпавядае ўсiм сучасным патрабаванням для нармальнага адпачынку
|
|