Пад знакам пеўня
У вёсцы Забор’е Расонскага раёна Вiцебскай вобласцi прайшоў фестываль сельскага турызму «Заборскi фэст»
У Беларусi, паводле слоў старшынi праўлення грамадскага аб’яднання «Агра- i экатурызм» Валерыi Клiцуновай, пакуль што прымаюць турыстаў каля 70 вясковых сядзiб. Першыя з iх адкрылiся гады 2,5 таму. На Вiцебшчыне прымаюць гасцей прыкладна 30 сядзiб. I менавiта Расоншчына з’яўляецца добрым прыкладам таго, як iнiцыятыўныя людзi могуць праяўляць свае таленты па стварэнню «мiнi-гатэляў». У прыватнасцi, гаспадар «Кролавай хаты» — Аляксандр Крол актыўна працуе ў гэтай сферы. Ён, былы настаўнiк фiзкультуры вясковай школы, сёння гасцiнна прымае гасцей. А яшчэ нядаўна ён толькi марыў заняцца турыстычнай дзейнасцю. Звярнуўся па дапамогу да экспертаў ЗАТ «Вiцебскi цэнтр падтрымкi прадпрымальнiцтва «Дом навукi i тэхнiкi» i яны бясплатна пракансультавалi, як весцi справы, як прыцягнуць клiентаў. Цэнтр, дарэчы, бясплатна размяшчае даныя аб паслугах вясковых сядзiб на спецыяльным сайце: www.vitinvest.by.com. Дзейнасць гэтай арганiзацыi падтрымлiваецца Вiцебскiм аблвыканкамам. Безумоўна, усебаковая падтрымка вельмi неабходна iнiцыятарам стварэння сядзiб. Напрыклад, дзе ўзяць грошы на стварэнне добрых умоў для пражывання турыстаў, што дазволiла б атрымаць спецыяльны сертыфiкат? На жаль, сёння айчынныя банкi не фiнансуюць такiя праекты, калi iм займаюцца прыватныя асобы. А каб зарэгiстравацца ў якасцi прадпрымальнiка, трэба i час патрацiць, i нервы, а потым ператварыцца ў «бюракрата», што афармляе шмат паперак, ды i падаткi плацiць своечасова прыйдзецца... «Пеўнiк» — гэта аналаг зоркi для гатэляў. Адпаведна, чым больш пеўнiкаў, тым узровень абслугоўвання павiнен быць вышэй. Цiкава, што ў суседняй Лiтве адна гатэльная вясковая «зорка» — гэта бусел, у Iспанii — алiвы... Але ж, як лiчаць мясцовыя чыноўнiкi, не трэба вельмi «ганяцца» за колькасцю тых пеўняў. Галоўнае, не перашкаджаць дзелавым людзям, што вырашылi развiваць прыватны турызм i не патрабаваць ад iх вельмi шмат. Мо, хто з гасцей любiць цывiлiзаваныя ўмовы жыцця, а каму прыбiральня на вулiцы — «вяршыня мараў». Ды i ў заканадаўчых актах усё не прадугледзiш. Асобнае пытанне: як законна прымаць турыстаў з далёкага замежжа? Iх трэба зарэгiстраваць, неабходна мець i валютны рахунак у банку. Апошнюю праблему прапаноўваюць вырашыць супрацоўнiкi «Белiнтурыста» i нават абяцаюць забяспечыць клiентамi, бо такi вiд турызму вельмi папулярны на Захадзе. А зацiкавiць патэнцыйных партнёраў (замежныя турфiрмы) «Белiнтурыст» можа падчас самых розных мiжнародных выстаў, семiнараў. Фестываль стаў своеасаблiвай лабараторыяй па абмену вопытам сярод уладальнiкаў вясковых сядзiб. Яны адзначылi, што мясцовыя ўлады павiнны больш актыўна падтрымлiваць гэты вельмi малады сектар турызму. У прыватнасцi, дарога да месца правядзення «Заборскага фэсту», мякка кажучы, чакае рэканструкцыi. Не дзейнiчае сотавая сувязь i г.д. Таму наўрад цi знойдзецца шмат жадаючых праехаць у пылу дзесяткi кiламетраў, каб потым ацанiць паслугi дабрачынных гаспадароў сядзiб. А чаму ў вясковых магазiнах не прадаюць веласiпеды, не гаворачы ўжо аб байдарках i г.д.? — такiя пытаннi задавалi ўдзельнiкi спецыяльнага семiнара прадстаўнiкам улады. А чаму жыхары гарадскiх пасёлкаў не маюць такiх прывiлей, як вяскоўцы? I сапраўды, ёсць шмат пасёлкаў, дзе няма паспяховых прадпрыемстваў i працаўладкавацца вельмi цяжка, i знаходзяцца яны таксама ў правiнцыi, а ўмовы для ажыццяўлення турыстычных паслуг розныя! Ды i гараджане, што маюць дачы, у прынцыпе, маглi б заняцца такой дзейнасцю! Забор’е ў фестывальныя днi весялiлася ад душы. На сцэне iмправiзаванага «амфiтэатра» дэманстравалi сваё мастацтва самадзейныя артысты. Быў арганiзаваны выязны гандаль. Свае творы прадавалi рамеснiкi. Бясплатна можна было пакаштаваць нацыянальныя беларускiя стравы. Пеўнiк, якi з’яўляецца афiцыйным знакам фестывалю, сабраў сотнi вяскоўцаў, якiя прыязджалi на фестываль з суседнiх вёсак, i экспертаў, гасцей. Апошнiя азнаёмiлiся з вельмi цiкавымi мясцовымi «зялёнымi маршрутамi». Можна па Расоншчыне i на веласiпедах адправiцца ў цiкавае падарожжа, i па вадзе праплыць, i пешшу прайсцi па прыгожых лясах, дзе вас чакае шмат сюрпрызаў. I часта яны здзiўляюць не менш, чым заморскiя прапановы адпачыць «у цёплых краях» i г.д. Родныя «дзеячы» турызму, безумоўна, пастараюцца не падмануць нашы чаканнi. I мова ў нас агульная, i радзiма. А як у нас яшчэ шмат людзей, якiя, адпачываючы за мяжой, не ведаюць аб тым незвычайным, што маглi б убачыць без усякiх вiзаў i дазволаў на выезд. I менавiта такiя фэсты служаць пацвярджэннем таго, што мы можам прадставiць турыстам самыя розныя паслугi з традыцыйнай беларускай шчырасцю. Аляксандр ПУКШАНСКI, Расонскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вёсцы Забор’е Расонскага раёна Вiцебскай вобласцi прайшоў фестываль сельскага турызму «Заборскi фэст» |
|