Лета: час вяртаць балкону цi лоджыi iх гордыя iмёны
Сяргей СТАРЫНАЎ
Як толькi ўсталявалася сапраўднае летняе надвор’е, у рэкламных газетах iмклiва павялiчылася колькасць прапаноў па «добраўпарадкаванню» балконаў i лоджый. З’ява цалкам лагiчная i заканамерная: калi iншыя рамонтныя работы можна выконваць у кватэры i ў iншую пару года, дык, пагадзiцеся, на адкрытых усiм вятрам i дажджам балконах i лоджыях рабiць нешта ў такiх умовах не зусiм зручна. Ды i па-сапраўднаму прыгадваюць аб iснаваннi гэтага кавалачка жылля многiя з нас якраз з надыходам вясны (зразумела, не сёлетняй), калi ўвечары цi ранiцай можна з задавальненнем выйсцi «за межы» кватэры, каб падыхаць паветрам, паназiраць за заходам сонца. Зноў жа кветкi можна разводзiць, нават, калi дазваляе плошча, арганiзаваць на балконе цi лоджыi нешта накшталт летняй кухнi. Словам, менавiта зараз у нашым уяўленнi гэты «дадатак» да кватэры кардынальна мяняе сваё прызначэнне. Замест кладоўкi для розных непатрэбных у большасцi сваёй рэчаў цi сховiшча хатнiх нарыхтовак нам бачыцца нешта больш прыемна-карыснае. Але, азiрнуўшыся навокал, раптам заўважаеш: каб тут было па-сапраўднаму цiкава бавiць час, балкону цi лоджыi патрэбны рамонт. Значыць, пачнём?
Перш-наперш уважлiва агледзiм даследуемы «аб’ект», каб вызначыцца з фронтам работ. Для балконаў у старых «хрушчоўках» нялiшнiм будзе вердыкт работнiкаў ЖЭСа: можна на iм што рабiць цi нельга. Усё, як кажуць, мае вагу, i нават самыя лёгкiя канструкцыi павiнны быць па «плячу» вашаму балкону (запомнiм гэту акалiчнасць, бо ў далейшым мы будзем згадваць яе яшчэ не адзiн раз). РАМЫ. Калi ў вас ёсць жаданне або ўстанавiць, або памяняць балконныя рамы, пачынаць рамонтныя работы трэба менавiта з гэтага кроку. За дэмантаж ранейшых з вас возьмуць суму, роўную прыкладна 10 доларам. Што паставiм замест? Варыянт першы. Драўнiна, сасна. «Чырвоная» цана па Мiнску — 19 долараў за адзiн квадратны метр. Сюды ўваходзяць дастаўка, устаноўка, уласна сама каробка, шкло, як правiла, верхнi металiчны адлiў (нiжнi ў некаторых фiрмах прапануюць асобна па цане 2 долары за пагонны метр). Створкавы варыянт каштуе каля 25 долараў, рассоўны з алюмiнiевымi накiравальнымi — каля 40 долараў за квадратны метр. Драўнiна, як вядома, экалагiчна чысты матэрыял, адзiн з танных. Гэта плюсы. Да мiнусаў можна аднесцi неабходнасць даволi рэгулярна фарбаваць такiя вокны, iнакш ёсць рызыка, што дождж i сонца зробяць з драўнiнай сваю «чорную» справу. Дадатковыя выдаткi — ад 5 да 7 долараў за балон спецыяльнай пены, якая патрэбна пры мантажы (як правiла, на стандартны балкон плошчай каля 4,5 квадратнага метра хапае аднаго балона). Варыянт другi. Алюмiнiевыя рамы. Паводле прызнання самiх прадаўцоў, яны чамусьцi не карыстаюцца асаблiвай павагай пакупнiкоў, якiя або традыцыйна аддаюць перавагу драўляным рамам, або скiроўваюць свой позiрк на папулярныя зараз вокны з ПВХ. Кошт алюмiнiевых рассоўных рам складае па Мiнску каля 62—64 долараў за квадратны метр. Фiрмы закупляюць гэтыя, як правiла, нямецкiя сiстэмы i ўжо самi манцiруюць. У параўнаннi з дрэвам галоўная, напэўна, перавага алюмiнiю — яго не трэба фарбаваць. Такiя рамы больш лёгкiя ў параўнаннi з ПВХ (памятаеце нашу заўвагу наконт вагi магчымых канструкцый на балконе цi лоджыi). Аднак поўнай герметычнасцi i цеплаiзаляцыi (канешне, калi ў ёй ёсць патрэба) гэты метал не дасць. (Тут трэба абавязкова заўважыць, што размовы пра «цёплыя» балконы i лоджыi мы ўвогуле не вядзём — гэта тэма асобнай гаворкi.) Затое рассоўныя вокны маюць сваю перавагу перад традыцыйнымi двухстворкавымi, якiя адчыняюцца ўнутр — яны эканомяць i без таго невялiкую плошчу. I па першаму, i па другому варыянту ваш заказ абяцаюць выканаць на працягу 7—10 дзён. Уласна сам мантаж зойме некалькi гадзiн. Варыянт трэцi. Вокны з ПВХ. Самы цяжкi — i ў сэнсе вагi, i ў сэнсе грошай. Дакладны кошт тут назваць складана, паколькi на цану ўплывае шэраг фактараў: колькi i якой шырынi вы жадаеце мець створак, як яны павiнны адчыняцца, цi трэба падваконне. Калi ўзяць на стандартны балкон памерам 3х1,5 метра вокны з чатырма створкамi (бакавыя «глухiя», цэнтральныя — адчыняюцца), падваконнем, двума адлiвамi i мантажом, выкласцi давядзецца суму ад 500 долараў i больш. Заказ выканаюць за 3—7 дзён. Перавага такiх вокнаў, як мы ўжо зазначалi вышэй, — большая герметычнасць i цеплаiзаляцыя ў параўнаннi з папярэднiмi варыянтамi. Зноў жа iх не трэба фарбаваць (дарэчы, профiлi, як правiла, нямецкiя, аўстрыйскiя цi сумеснай з расiянамi вытворчасцi). Праўда, гэта i самы дарагi варыянт, асаблiва калi ўлiчыць, што акрамя ўстаноўкi вокнаў нас яшчэ чакае на балконе даволi шырокi фронт работ. ДАХ. Тут размова, зразумела, датычыцца найперш балконаў у старых «хрушчоўках», якiя «падвешаны» асобна. Пакрыць дах вагонкай, а зверху ацынкаванай бляхай, будзе каштаваць 20 долараў за квадратны метр. Адзiнае, знайсцi аматараў выключна толькi на гэты вiд работ (зрэшты, як i, напрыклад, толькi на ўкладку падлогi) вельмi цяжка. Больш ахвотна фiрмы бяруцца за работу, калi вы заказваеце поўны комплекс паслуг па «добраўпарадкаванню» балкона — на гэтым можна зарабiць. ВАГОНКА. На сёння — самы папулярны матэрыял для аздаблення сцен, падлогi, столi балконаў i лоджый. Гэта сасновыя дашчэчкi шырынёй 83 мiлiметры, якiя можна пакiнуць у натуральным выглядзе, а можна пакрыць лакам, пафарбаваць. Каштуе вагонка (работа плюс матэрыял) 9—9,5 долара за квадратны метр, калi абшываць ёй сцены i столь. На падлогу (тут ужо выкарыстоўваецца больш тоўстая i шырокая дошка) яе ўкладка будзе каштаваць 12—13 долараў за квадратны метр (зноў жа ўлiчваецца работа плюс матэрыял). Пакрыць вагонку лакам майстры возьмуцца за 1 долар за кожны квадратны метр, спецыяльнай прапiткай, якая «абараняе» драўнiну — за 1,5 долара за «квадрат». Плiнтус будзе каштаваць дадатковыя 1,5 «бакса» за пагонны метр. З вагонкi ж можна зрабiць i шафу на балконе цi лоджыi. Расцэнкi — 12 долараў за квадратны метр. Дарэчы, цалкам давесцi да розуму ваш «дадатак» да кватэры майстры абяцаюць лiтаральна за адзiн дзень. Якая перавага ў вагонкi? Гэта экалагiчна чысты матэрыял (хоць калi яго пафарбаваць, напэўна, так ужо не скажаш), ён цёплы навобмацак (добра летам выйсцi басанож на драўляную падлогу). Да мiнусаў гэтага матэрыялу можна аднесцi неабходнасць яго апрацоўкi спецыяльнымi сродкамi (асаблiва калi на балконе вiльготна), а таксама шанцаванне або не з уласна самiм матэрыялам. Трэснутыя сучкi, пачарненне ад вiльгацi добрага настрою, зразумела, не дабавяць. ПЛАСТЫК. Якраз гэты матэрыял пазбаўлены ўсiх вышэйпералiчаных недахопаў: ён не баiцца вiльгацi, яго не трэба спецыяльна апрацоўваць спецсродкамi. Бываюць панэлi вузкiя (шырынёй 10 сантыметраў) i шырокiя (25 сантыметраў), белыя i каляровыя. У першым выпадку (вузкiя i белыя) аблiцоўка iмi столi, сцен будзе каштаваць каля 9—9,5 долара за квадратны метр, у другiм (шырокiя i каляровыя) — недзе 14 долараў. Заказ фiрмы абяцаюць выканаць лiтаральна праз 2—3 днi. Пра перавагi пластыку мы ўжо сказалi. Да недахопаў жа можна, напэўна, аднесцi яго невысокую экалагiчнасць. Да таго ж, калi суб’ектыўна, працэс аздаблення iм балконаў i лоджый за апошнi час зноў саступiў пальму першынства той жа вагонцы. Людзi вяртаюцца (пасля ўсплёску моды адразу са з’яўленнем на нашым рынку пластыкавых панеляў) да больш традыцыйных матэрыялаў. МДФ. Многiя, безумоўна, ведаюць гэты матэрыял, паколькi з падобнага вырабляюцца фасады кухняў. Яго мiнус — ён баiцца вiльгацi, таму калi вы спынiце свой выбар на МДФ, трэба будзе паклапацiцца аб герметычнасцi балкона (глядзi парады вышэй). Матэрыял уяўляе сабой панелi шырынёй 20 сантыметраў (прасаваная плiта, пакрытая плёнкай, якая можа iмiтаваць тэкстуру драўнiны). Аздобiць iм стандартны балкон (зноў жа, работа плюс матэрыялы) будзе каштаваць каля 230 долараў. МАТЭРЫЯЛЫ. Як заўважылi чытачы, у расцэнках на паслугi па «добраўпарадкаванню» балконаў i лоджый даецца агульная цана — за работу i за ўласна патрэбны матэрыял. Апошнi можна набыць самастойна, i калi рукi ў гаспадара на патрэбным месцы, ёсць час i жаданне, ён зможа навесцi парадак на сваёй тэрыторыi i сам. Да прыкладу, сасновую вагонку першага гатунку можна набыць прыкладна па 11 500 рублёў за квадратны метр, другога гатунку — па 10 тысяч рублёў (на гэтых дошчачках будуць чорныя сукi). Дошка для падлогi таўшчынёй 27 мiлiметраў будзе каштаваць 18 тысяч рублёў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як толькi ўсталявалася сапраўднае летняе надвор’е, у рэкламных газетах iмклiва павялiчылася колькасць прапаноў па «добраўпарадкаванню» балконаў i лодж |
|