Паслугi ў «транзiтным» варыянце
Сяргей ГРЫБ
Любая паездка ў сталiцу цi са сталiцы — гэта шлях праз тэрыторыю Мiнскай вобласцi. Прычым наколькi ён будзе камфортным, залежыць як непасрэдна ад якасцi дарог, так i не ў меншай ступенi — ад магчымасцi атрымаць «па ходу» тыя цi iншыя паслугi. Мiж тым, даводзiцца канстатаваць, што зараз у рэгiёне ўжо налiчваецца каля чатырох дзесяткаў «транзiтных» кафэ. I ў будучым iх колькасць будзе ўзрастаць.
«Нестандарт» — не перашкода? На тэрыторыi Мiншчыны ёсць магчымасць зрабiць прыпынак у 38 прыдарожных рэстаранах i кафэ спажывецкай кааперацыi: на мiжнародных трасах Брэст—Масква, Мiнск—Вiцебск, Мiнск—Магiлёў, а таксама на трасах рэспублiканкага значэння — Мiнск—Мiкашэвiчы, Мiнск—Нарач, Крычаў—Бабруйск—Iвацэвiчы, Пухавiчы—Узда—Негарэлае. Пры гэтым адразу 6 такiх пунктаў працуюць у Слуцкiм, 5 — у Мядзельскiм, па 3 — у Бярэзiнскiм i Крупскiм, па 2 — у Вiлейскiм, Клецкiм, Лагойскiм, Любанскiм, Смалявiцкiм, Чэрвеньскiм, па аднаму — у Барысаўскiм, Валожынскiм, Дзяржынскiм, Капыльскiм, Маладзечанскiм, Салiгорскiм, Старадарожскiм, Стаўбцоўскiм i Уздзенскiм раёнах. Дарэчы, ва ўсiм свеце прынята лiчыць, што гарантаваная прыбытковасць аб’ектам прыдарожнага сэрвiсу забяспечваецца ў выпадку, калi iнтэнсiўнасць руху складае не менш чым 8 тыс. аўтамабiляў у суткi. На жаль, у нас «стандарт» даюць толькi асобныя ўчасткi трасы Брэст—Мiнск—мяжа Расiйскай Федэрацыi i Мiнская кальцавая аўтадарога. Што да астатнiх напрамкаў, то тут сярэднi паказчык — каля 3 тыс. машын. Хоць не сакрэт: там, дзе закупiлi належнае абсталяванне i наладзiлi добрую работу, справа атрымалася выгаднай. Тым больш, што не варта забываць — прыдарожны сэрвiс разлiчаны не толькi на аўтааматараў. Апроч iх, нярэдкiя наведвальнiкi кафэ — жыхары навакольных населеных пунктаў. Між тым, адзначаюць у аблспажыўтаварыстве, колькасць пунктаў грамадскага харчавання на трасах рэгiёна будзе ўзрастаць. Скажам, ужо сёлета плануецца адчынiць кафэ каля вёскi Акалова на Лагойшчыне. А ў 2007 годзе — кафэ ў вёсцы Вялiкая Ухалода Барысаўскага i вёсцы Грыцэвiчы Клецкага раёнаў. Пiва. Прычым «лёгкае» Што павiнны прапаноўваць у прыдарожных аб’ектах грамадскага харчавання? Як адзначае вядучы iнжынер аддзела грамадскага харчавання Мiнскага аблспажыўтаварыства Людмiла Афанасовiч, на гэты конт вызначаны спецыяльны рэкамендаваны асартыментны пералiк. У прыватнасцi, у яго ўваходзяць супы хуткага прыгатавання, мяса i куры грыль, шашлык, сасiскi i сардэлькi, пельменi, блiны, кандытарскiя i булачныя вырабы, натуральная садавiна i агароднiна, чай i кава, марожанае, кактэйлi, безалкагольныя напоi, цыгарэты, шакалад, так званыя «дарожныя наборы», кулiнарныя вырабы — пiца, смажань, чабурэкi, пiражкi, сасiскi i катлеты ў цесце. Апроч таго, тут жа можна набыць разнастайныя сувенiры i падарункi — посуд, керамiку, цацкi, наборы парфумы. Асобная гаворка аб «моцных» напоях. Увогуле iх продаж, у тым лiку на разлiў, сёння не забаронены — выключэнне, згодна з распараджэннем Мiнскага аблвыканкама ад снежня мiнулага года, у дадзеным выпадку складаюць хiба што пладова-ягадныя вiны. Аднак гэта пакуль. Ужо ў блiжэйшы час умовы могуць змянiцца. I стаць больш жорсткiмi. Так, зараз разглядаецца прапанова аб увядзеннi поўнага «мараторыя» на рэалiзацыю ў прыдарожных кафэ гарэлкi, лiкёра-гарэлачных вырабаў, каньякоў, шампанскага, вiна i iншых напояў з аб’ёмнай доляй этылавага спiрту больш за 7 працэнтаў. Такiм чынам, у выпадку прыняцця такога рашэння, дазвол фактычна застанецца толькi на пiва. I да таго ж — далёка не на ўсе яго гатункi. Чарга «пад забаронай» Традыцыйна не менш «папулярная» тэма — абслугоўванне. У летнi перыяд прыдарожныя кафэ звычайна пачынаюць работу ў 8—9 ранiцы. А заканчваюць, як правiла, у 2—3 гадзiны ночы. Пры гэтым адной з задач на перспектыву стане пераход на кругласутачны рэжым — прынамсi, падчас сезона адпачынкаў i масавай мiграцыi насельнiцтва. — Нялiшне заўважыць, што якiх-небудзь нормаў наконт тэрмiнаў абслугоўвання ў кафэ не iснуе, — працягвае Людмiла Афанасовiч. — Аднак не будзем забываць, што нашы аб’екты на дарогах — гэта пункты хуткага харчавання. Таму якiх-небудзь чэргаў тут не павiнна быць у прынцыпе. I кожнаму, хто робiць прыпынак, давядзецца чакаць роўна столькi, колькi неабходна для якаснага прыгатавання пэўнага блюда. Калi сумненнi — правярай Адно з абавязковых патрабаванняў для адкрыцця любога кафэ — наяўнасць халадзiльнага абсталявання. I, натуральна, выкананне тэрмiнаў захоўвання прадуктаў. Апошнi нюанс рэгулюецца Санiтарнымi правiламi i нормамi. Да прыкладу, згодна з iмi, пры адпаведных тэмпературных рэжымах максiмальны час рэалiзацыi салатаў i вiнегрэтаў без «запраўкi» не павiнен перавышаць 6, гатовых катлет, шнiцэля цi бiточкаў — 12, чабурэкаў, беляшоў, пiражкоў, а таксама паўфабрыкату шашлыка — 24, блiнчыкаў з тварагом — 48 гадзiн. — Iнфармацыю аб тэрмiнах захоўвання можна атрымаць непасрэдна ў кафэ, дзе яна павiнна размяшчацца на спецыяльных стэндах, — тлумачыць Людмiла Афанасовiч. — I калi наконт «свежасцi» ўсё ж узнiкаюць сумненнi, можна, да прыкладу, папрасiць таварна-транспартную накладную. У ёй абавязкова будзе ўказаны тэрмiн вырабу, а таксама — канчатковы тэрмiн продажу таго цi iншага прадукту. Абед. Плюс дадатковы сэрвiс У асноўным прыдарожныя пункты грамадскага харчавання Мiншчыны маюць другую нацэначную катэгорыю. Iншымi словамi, гранiчны ўзровень гандлёвай надбаўкi ў iх не можа перавышаць 70 працэнтаў. Прычым, падкрэслiвае Людмiла Афанасовiч, гаворка iдзе менавiта аб максiмальнай «планцы», якая можа знiжацца — у залежнасцi ад плацежаздольнасцi наведвальнiкаў у асобных рэгiёнах. — Увогуле нельга не адзначыць, што адначасова ўсе кафэ на трасах з’яўляюцца аб’ектамi сэрвiсу для аўтааматараў, — зазначае Людмiла Афанасовiч. — Тут створаны аўтастаянкi, усталяваны кантэйнеры для смецця, ёсць туалеты, умывальнiкi. Прычым, як правiла, усiм гэтым можна карыстацца бясплатна. I ў тым лiку ў выпадку, калi наведвальнiк не жадае рабiць заказ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Любая паездка ў сталiцу цi са сталiцы — гэта шлях праз тэрыторыю Мiнскай вобласцi |
|