Парламентарыi дзвюх краiн пратэстуюць супраць планаў па будаўнiцтву сховiшча ядзерных адходаў
Кар. «Звязды»
Працягваюцца пратэсты супраць планаў па будаўнiцтву сховiшча для радыеактыўных адходаў у Лiтве каля гранiцы з Беларуссю (побач з Iгналiнскай АЭС). Тым часам 43 працэнты жыхароў Лiтвы падтрымлiваюць iдэю будаўнiцтва на тэрыторыi гэтай краiны новай атамнай электрастанцыi.
Зварот да мiжнародных арганiзацый На мiнулым тыднi дэпутаты Парламенцкага Сходу Беларусi i Расii на пасяджэннi ў Наваполацку прынялi зварот у сувязi з планамi Лiтвы пабудаваць ля гранiцы з нашай краiнай сховiшча для адпрацаванага ядзернага палiва з Iгналiнскай АЭС. Зварот, у якiм парламентарыi выказваюць сур’ёзную занепакоенасць планамi лiтоўскiх уладаў, адрасаваны Мiжпарламенцкаму саюзу, Парламенцкай асамблеi АБСЕ, Мiжпарламенцкай асамблеi СНД, Мiжнароднаму агенцтву па атамнай энергетыцы. «Каля гранiцы Беларусi прадугледжваецца складзiраванне радыеактыўных адходаў з перыядам паўраспаду ад 20 да 24 000 гадоў. Аднак рэсурс модуляў для захоўвання складае не больш за 50 гадоў», — гаворыцца ў звароце. Парламентарыi дзвюх краiн выказваюць занепакоенасць узроўнем праектнай прапрацоўкi аб’ектаў, якiя плануецца пабудаваць на тэрыторыi Лiтвы, адсутнасцю ўсебаковай ацэнкi iх магчымага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Пры гэтым у заяве адзначаецца, што рэалiзацыя планаў па будаўнiцтву сховiшча мае патэнцыйную небяспеку не толькi для Беларусi, але i для прылеглых тэрыторый Лiтвы, Латвii i Расii. У заяве нагадваецца аб тым, што на тэрыторыю Беларусi выпала каля 70 працэнтаў радыеактыўных рэчываў, якiя былi выкiнуты ў паветра ў вынiку выбуху на Чарнобыльскай АЭС дваццаць гадоў таму. Улiчваючы гэта для нашай краiны «вельмi каштоўнымi з’яўляюцца чыстыя ад радыеактыўнага забруджвання тэрыторыi рэспублiкi, якiя выкарыстоўваюцца ў першую чаргу для аздараўлення пацярпелага насельнiцтва i вытворчасцi чыстай сельскагаспадарчай прадукцыi». Адным з такiх чыстых рэгiёнаў, як адзначаецца ў заяве, з’яўляецца Нацыянальны парк «Браслаўскiя азёры», якi знаходзiцца ў непасрэднай блiзкасцi ад месца, дзе плануецца пабудаваць сховiшча ядзерных адходаў. Дэпутаты Парламенцкага Сходу Беларусi i Расii заклiкаюць мiжнародныя арганiзацыi прыняць удзел у абмеркаваннi праблемнай сiтуацыi, якая склалася, i прыкласцi намаганнi, каб пераканаць кiраўнiцтва Лiтвы не ажыццяўляць будаўнiцтва сховiшча паблiзу беларускай тэрыторыi. У Лiтве будзе новая АЭС? У Лiтве плануюць пабудаваць новую АЭС. Адпаведнае рашэнне было прынята ў лютым сёлета на сустрэчы прэм’ер-мiнiстраў Лiтвы, Латвii i Эстонii. Пабудаваць электрастанцыю мяркуюць да 2015 года. Новая АЭС павiнна стаць заменай Iгналiнскай атамнай электрастанцыi, якая павiнна цалкам спынiць сваю работу ў 2009 годзе. Спыненне работы станцыi было адной з умоў уступлення Лiтвы ў Еўрасаюз (бо Iгналiнская АЭС мае рэактар «чарнобыльскага тыпу», якi, згодна з вывадамi мiжнародных экспертаў, не з’яўляецца надзейным). Як паведамляе лiтоўская прэса, згодна з вынiкамi сацыялагiчнага апытання, якое праводзiлася ў лютым сёлета кампанiяй Baltijos Tyrimai, iдэю будаўнiцтва новай станцыi ў Лiтве на момант правядзення апытання падтрымлiвалi 43 працэнты жыхароў гэтай краiны. Негатыўна да гэтых планаў ставiлiся 42 працэнты лiтоўцаў. 15 працэнтаў рэспандэнтаў не мелi дакладнага меркавання па дадзенаму пытанню.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працягваюцца пратэсты супраць планаў па будаўнiцтву сховiшча для радыеактыўных адходаў у Лiтве каля гранiцы з Беларуссю (побач з Iгналiнскай АЭС)
|
|