Алег СIДАРЭНКА: «Паляўнічыя гаспадаркі ствараюцца не для паказухі, а для прыцягнення замежных і айч
Сяргей РАСОЛЬКА
Эксклюзіў Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 снежня 2005 года № 580 «Аб некаторых мерах па павышэнню эфектыўнасцi вядзення паляўнiчай гаспадаркi i рыбагаспадарчай дзейнасцi, удасканаленню дзяржаўнага кiравання iмi» былi, у прыватнасцi, зацверджаны новыя Правiлы вядзення паляўнiчай гаспадаркi i палявання, i адначасова — Дзяржаўная праграма развiцця паляўнiчай гаспадаркi на 2006—2015 гады. Указанай праграмай зацверджана заданне па стварэнню ў краiне на працягу 2006—2008 гадоў на базе ўжо iснуючых паляўнiчых гаспадарак 16 паказальных паляўнiчых гаспадарак. Сёння мы гутарым на гэту тэму з кансультантам упраўлення паляўнiчай гаспадаркi Мiнiстэрства лясной гаспадаркi Алегам Сiдарэнкам.Мадэль для будучага пераймання Найперш лiчым неабходным даць тлумачэнне самога слова «паказальныя», каб чытачы правiльна зразумелi сутнасць справы. — Iснаванне паказальных паляўнiчых гаспадарак — гэта сусветная практыка. Некалi такiя былi ў СССР, ёсць яны зараз, да прыкладу, у той жа суседняй Расii, — гаворыць Алег Мiкалаевiч. — Нiчога агульнага з «паказухай» яны не маюць. Наадварот, такiя гаспадаркi ствараюцца, як правiла, пры навуковых установах, якiя займаюцца праблемамi вядзення палявання. У iх адпрацоўваюцца ўсе сучасныя метады — ад арганiзацыi ўлiку жывёлы да прыёмаў i спосабаў палявання. Бярэцца ўсё лепшае, што з’яўляецца ў галiне, у тым лiку, i на Захадзе, адаптуецца да нашых умоў з далейшымi планамi па ўкараненню гэтага вопыту ва ўсёй паляўнiча-гаспадарчай дзейнасцi краiны. Па сутнасцi, паказальныя паляўнiчыя гаспадаркi з’яўляюцца мадэльнымi. Як мы ўжо сказалi, усяго на працягу 2006—2008 гадоў плануецца стварыць 16 паказальных паляўнiчых гаспадарак: чатыры — у Брэсцкай вобласцi, па дзве — у Вiцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, па тры — у Мiнскай i Магiлёўскай абласцях. Калi гаварыць пра непасрэдных удзельнiкаў i выканаўцаў заданняў Дзяржпраграмы, дык у сiстэме Мiнлясгаса павiнна быць створана 6 такiх паказальных паляўнiчых гаспадарак (прычым тры з iх — ужо да канца гэтага года), Кiраўнiцтва справамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь — адна (у гэтым годзе), у грамадскiм аб’яднаннi «Беларускае таварыства паляўнiчых i рыбаловаў» — 6 (тры — сёлета), у Беларускiм фiзкультурна-спартыўным таварыстве «Дынама» — адна (да канца года). Аднымi звярамi не прывабiш Адна з мэтаў стварэння паказальных паляўнiчых гаспадарак — пашырэнне замежнага паляўнiчага турызму. Канешне, iншаземцы едуць у Беларусь i зараз. У нас ёсць шэраг паляўнiчых гаспадарак, якiя па колькасцi дзiкай жывёлы, яе шчыльнасцi, лiмiтах здабычы вельмi прываблiваюць паляўнiчых з-за мяжы. Але ўважлiвы чытач зверне ўвагу, што вышэй пералiчаны хутчэй прыродныя фактары, якiя i прыцягваюць турыстаў з ружжамi. Што ж датычыцца iнфраструктуры, сэрвiсу, дык тут, на жаль, сiтуацыя часам значна горшая нават у тых паляўнiчых гаспадарках, дзе ўсё ў парадку з прыроднымi фактарамi. — Колiшнi дырэктар паляўнiчай гаспадаркi «Цяцерынскае» расказаў такую гiсторыю, — гаворыць Алег Сiдарэнка. — Калi толькi-толькi пачалi прымаць замежных паляўнiчых, немцаў у прыватнасцi, адносiны напачатку да iх былi не вельмi... I вось аднойчы такi турыст пасля палявання выставiў, як гэта прынята ў iх, свой абутак у калiдор. Нейкi егер выключна па сваёй iнiцыятыве, маўляў, няёмка, iншаземец усё ж такi, узяў i пачысцiў яго. Немец, як гэта зноў жа прынята ў iх, даў яму «чаявыя». У другi раз сюды прыехаў дзядуля пад 80 гадоў, якi самастойна не мог узняцца на вышку. За дадатковае ўзнагароджанне егеры i паднялi яго туды, i назад вярнулi. Пасля гэтых выпадкаў, зразумеўшы, на чым можна рабiць грошы, егеры сталi лiтаральна бiцца за кожнага клiента: хто лепш арганiзуе паляванне, хто дапаможа здабыць лепшы трафей. Сэрвiс, такiм чынам, пакрысе пачаў наладжвацца. Але i сёння, на жаль, кожная гаспадарка вырашае гэтыя праблемы з iнфраструктурай як можа — недзе лепш, недзе — горш. Як палепшыць сiтуацыю? Улiчваецца нават альтанка з мангалам Менавiта ў гэтых мэтах была створана мiжведамасная рабочая група па паляўнiчай гаспадарцы ў саставе прадстаўнiкоў Мiнлясгаса, Мiнпрыроды, Кiраўнiцтва справамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, Дзяржiнспекцыi аховы жывёльнага i раслiннага свету пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, Iнстытута заалогii Нацыянальнай акадэмii навук, Беларускага тэхналагiчнага унiверсiтэта, грамадскiх аб’яднанняў «БТПР» i «БВПТ». 7 чэрвеня на базе Белавежскай пушчы з удзелам прадстаўнiкоў гэтых мiнiстэрстваў, ведамстваў, грамадскiх аб’яднанняў, а таксама кiраўнiкоў гаспадарак была праведзена сумесная нарада. — У Белавежскай пушчы назапашаны велiзарны вопыт па арганiзацыi сэрвiсу, iнфраструктуры. Усiм прысутным паказалi, скажам, як трэба будаваць вышкi, якога тыпу яны могуць быць, якiмi бываюць паляўнiчыя домiкi, як яны добраўпарадкаваны навокал. Кiраўнiкi глядзелi на ўсё гэта i ўсведамлялi: зрабiць гаспадарку па-сапраўднаму паказальнай не так проста, — гаворыць Алег Мiкалаевiч. Каб дапамагчы зарыентавацца, Мiнлясгас сваiм загадам зацвердзiў прыкладны пералiк крытэрыяў аднясення паляўнiчых гаспадарак да паказальных. У прыватнасцi, гэта наяўнасць паляўнiчага комплексу (базы), якi павiнен уключаць у сябе дом паляўнiчага (гасцiнiцу), дзе можна размясцiць на начлег 6—8 чалавек, з камiннай залай, кухняй, спальнымi пакоямi, санвузлом, абсталяваным памяшканнем для захоўвання зброi, з цепла- i водазабеспячэннем. Павiнны быць аўтастаянка, лазня цi сауна, памяшканнi для разбiрання дзiчыны, гаспадарчага рыштунку i абслуговага персаналу, халадзiльнiк (маразiльная камера), вальер для ўтрымання паляўнiчых сабак, альтанка са сталом на 10—16 пасадачных месцаў з абсталяваным ачагом, мангалам i г.д. Тэрыторыя комплексу павiнна быць аформлена малымi архiтэктурнымi формамi. Абавязковая наяўнасць аптымальнай (блiзкай да аптымальнай) колькасцi найбольш каштоўных вiдаў паляўнiчай жывёлы. Сюды ж адносiцца забяспечанасць работнiкаў форменным i спецыяльным абмундзiраваннем, транспартнымi сродкамi (аўтамабiль павышанай праходнасцi, матацыклы для кожнага егера, конi), наяўнасць у гаспадарцы цiра (стэнда), паляўнiчых сабак, наяўнасць распрацаваных турысцкiх маршрутаў, арганiзацыя адпачынку насельнiцтва. Па фiнансаванню толькi адно пытанне Зразумела, што стварэнне паказальных паляўнiчых гаспадарак запатрабуе ў тым лiку i немалых фiнансавых сродкаў. Паводле слоў Алега Сiдарэнкi, практычна ўсе ўдзельнiкi i выканаўцы заданняў Дзяржпраграмы будуць фiнансаваць гэтыя работы самастойна i праблем тут няма. — Калi гаварыць, скажам, пра наша Мiнiстэрства лясной гаспадаркi, дык мы можам не толькi выканаць заданне па стварэнню паказальных паляўнiчых гаспадарак, але i перавыканаць яго, калi спатрэбiцца. Аснова для гэтага ў нас ёсць. Пэўныя цяжкасцi могуць узнiкнуць, бадай, са стварэннем такiх гаспадарак па лiнii грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнiчых i рыбаловаў». Нагадаем, згодна з Дзяржпраграмай, яму трэба будзе арганiзаваць шэсць паказальных паляўнiчых гаспадарак — па 3 у 2006 i 2007 гадах. Але сёння ГА «БТПР» перажывае далёка не лепшыя часы... Прынамсi, сродкаў у яго пакуль няма. — Сёлета Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя выдзяляе пад праграму недзе 120— 180 мiльёнаў рублёў на кожную вобласць, — кажа Алег Мiкалаевiч. — Аднак тут жа яно ўдакладняе: грошы могуць быць выкарыстаны на ўстаноўку кармушак, саланцоў i г.д., але толькi не на развiццё iнфраструктуры. Як будзем выходзiць са становiшча? Пакуль не вызначылiся. У беларусаў сэрвiс таксама запатрабаваны Нягледзячы на тое, што асноўнай мэтай стварэння паказальных паляўнiчых гаспадарак, як мы ўжо казалi вышэй, з’яўляецца пашырэнне замежнага паляўнiчага турызму, самi беларусы таксама змогуць карыстацца ўсёй створанай iнфраструктурай такiх паляўнiчых комплексаў. — Iншаземцы — гэта добра. Але тыя ж немцы прыязджаюць на паляванне, напрыклад, толькi ўвосень. Калi ласка, нашы суайчыннiкi змогуць адпачываць, карыстацца паслугамi такiх гаспадарак практычна ўвесь астатнi год, выкарыстоўваючы iх як базы адпачынку. I грамадзянам будзе добра, i гаспадаркам, якiя будуць прыносiць прыбытак, акупляцца, — працягвае Алег Сiдарэнка. — На сёння ў сiстэме Мiнлясгаса ўжо ёсць 26 паляўнiчых домiкаў (iх колькасць будзе надалей толькi павялiчвацца). Яны карыстаюцца даволi ўстойлiвым попытам сярод нашых грамадзян. Бо за 20—90 тысяч у дзень чалавек можа атрымаць поўны комплекс паслуг: ад паркоўкi аўтамабiля, наладжанага адпачынку, у тым лiку i актыўнага (паляванне, рыбалка) да арганiзацыi харчавання, лазнi, магчымасцi пагуляць у бiльярд, тэнiс i г.д. Як бачыце, цэны, улiчваючы магчымасцi сэрвiсу, даступныя.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 снежня 2005 года № 580 «Аб некаторых мерах па павышэнню эфектыўнасцi вядзення паляўнiчай гаспадаркi i рыбаг |
|