21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Праз «цернi» зорных бацькоў

25.08.2009 21:52 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Настасся ЦЕЛЕШАВА

Яшчэ Генрых Гейне заўважыў: «Хто нязграбнай рукой хапае ружу, хай не жалiцца, што шыпы яе раняць». Пра тое як трэба выхоўваць дзяцей, як зрабiць так, каб потым не было бясконца балюча, разам з карэспандэнтам «Звязды» разважаюць:

Мастацкi кiраўнiк ансамбля «Сябры» Анатоль ЯРМОЛЕНКА:

«Сам прывёў сына ў армiю»

— Прынцыпы, якiмi кiруюцца бацькi пры выхаваннi, вельмi змянiлiся за апошнiя пятнаццаць гадоў. Пасля распаду СССР, на маю думку, многiя дзецi засталiся без належнага догляду татаў i мам, бо апошнiм трэба было зарабляць, неяк выжываць. Я ведаю шмат выпадкаў, калi паважаныя, таленавiтыя людзi вымушаны былi iсцi гандляваць на рынак, i часу на гадаванне нашчадкаў у iх амаль не заставалася. Зрэшты агульнавядома, што дзецi патрабуюць стабiльнасцi i ўвагi, а тут — гандаль, пакупнiкi, грошы... Карацей кажучы, не да малых.

Зараз тым, хто нарадзiўся ў пачатку 90-х, каля дваццацi пяцi, i кожны можа ўбачыць, як адбiлiся на моладзi тыя пераломныя гады. Iх бацькi з гордасцю казалi: «Я прабiваўся сам». Так, гэта добра, але рэдкi чалавек зможа пастаяць за сябе i пры гэтым не прынiзiць тых, хто вакол цябе. Таму я вучыў сына i дачку паважаць людзей, заўважаць iх. А яшчэ — дабрынi, мэтанакiраванасцi, прыстойнасцi, любовi да працы. Я рабiў усё, каб яны зразумелi — хамiць нельга, лепш аддаць, чым узяць, трэба быць велiкадушным не ў той момант, калi ў цябе ёсць грошы i магчымасцi, а ў процiлеглым выпадку.

На жаль, праз тэлебачанне i Iнтэрнэт моладзi прывiваюцца сумнiўныя iдэалы, у Наташу Растову дзецi ўжо не вераць, а вось у Сашу Белага... Атрымлiваецца, сёння ў аўтарытэце... аўтарытэт крымiнальны. I з гэтым амаль нiчога не зробiш, бо тэлевiзар не выключыш. Здаецца, ТБ забыла, што да нiзкага чалавек прыйдзе сам, а вось лепшаму трэба вучыць.

Мiж iншым, выхаваннем сваiх дзяцей я задаволены. Хоць яны часцяком скардзяцца, што я прывiў iм тыя iдэалы, якiя сёння ўжо амаль вырадзiлiся, нiкому не патрэбныя. Я нiколi не ўбiваў iм iсцiны грымакамi, хоць я i чалавек iмпульсiўны, але строга мог сказаць, гэтага хапала. I, безумоўна, я заўжды ганарыўся сваiмi малымi. Калi Алесi было шаснаццаць, яна паехала ў лагер, i ў той час там адпачывалi дзецi-сiроты. Дачка вельмi прывязалася да аднаго хлопчыка, якому споўнiлася сем. Мы i сёння падтрымлiваем яго, ужо юнака, дапамагаем, апякаем. Канешне, я па-рознаму выхоўваў сына i дачку, iмкнуўся зрабiць з iх сапраўдных мужчыну i жанчыну. Так, здаралася, дзецi спачатку не разумелi маiх учынкаў. Напрыклад, я лiтаральна сам прывёў сына ў армiю, дзе ён адслужыў два гады. А потым Вячаслаў сказаў: «Бацька, ты ўсё зрабiў правiльна».

Мастацкi кiраўнiк, дырэктар Нацыянальнага акадэмiчнага вялiкага тэатра балета Валянцiн ЕЛIЗАР’ЕЎ:

«Галоўную ролю ў выхаваннi дзяцей сыграла бабуля»

— Думаю, галоўную ролю ў выхаваннi нашых дзяцей сыграла мацi жонкi, яна прывiла малым галоўныя чалавечыя якасцi — дабрыню, сумленнасць. Мы з жонкай працавалi лiтаральна дзень i ноч, так што Ганна i Аляксандр былi пад яе апекай. Зiмой бабуля жыла з намi, у Мiнску, а летам ад’язджала з дзецьмi ў Сафiю, на радзiму жонкi, дзе, дарэчы, i нарадзiлiся нашы дзецi. Таму першай мовай для iх стала балгарская. Зараз старэйшы сын, якому споўнiлася 33, жыве папераменна ў Мiнску i Сафii, ён закончыў МДУ, вучыўся ў аспiрантуры, па спецыяльнасцi «усходазнаўца». А Ганна працуе ў тэатры маiм памочнiкам па мiжнародных сувязях. I гэта не па блату, а таму што шмат моў ведае: чатыры еўрапейскiя i дзве родныя, за яе плячыма — лiнгвiстычны унiверсiтэт.

На маю думку, абодва сталi прыстойнымi людзьмi, гэта галоўнае. А як такому можна навучыць, не ведаю, але нам удалося. Дзецi ў мяне добрыя, разумныя, любяць людзей, яны — з адкрытымi сэрцамi. Так, здараецца, я адчуваю вiну, што мог бы больш увагi iм удзяляць. Таму iмкнуся зараз кампенсаваць гэта: дапамагаю i духоўна, i матэрыяльна, клапатлiвы i ўважлiвы да iх. Я адкрыты для дзяцей, i яны да мяне iдуць. I гэта, спадзяюся, сведчыць пра тое, што дзецi засталiся непакрыўджанымi. Я, сапраўды, стараўся прысвяцiць малым кожную вольную хвiлiну: гуляць з iмi, на лыжах хадзiць, у лес па грыбы. Безумоўна, здаралася, павышаў голас, мог i нашлёпаць.

— Бацька ганарыцца i мной, i братам, — працягвае дачка Валянцiна Мiкалаевiча Ганна Елiзар’ева. — Для яго прыемныя любыя нашы дасягненнi — i вялiкiя, i маленькiя. Ён заўсёды адзначыць, пахвалiць. Я не магу сказаць, што ў дзяцiнстве нам не хапала ўвагi таты i мамы. Напрыклад, я вельмi памятаю нашу паездку ў Ленiнград: белыя ночы, Пецергоф, гэта такiя сонечныя, светлыя днi былi. А мне тады было 7...

Тата iмкнуўся быць сумленным з намi. У дзяцiнстве я хацела быць балерынай, але ў мяне не было патрэбных даных, бацька мне гэта сказаў, за што я яму вельмi ўдзячная. Мабыць, была пяцiхвiлiнная крыўда, але было i разуменне, давер. Так, часцяком вядомасць бацькi перашкаджала, а не дапамагала. Магчыма, па гэтай прычыне i тата, i мама вучылi нас усяго дабiвацца самастойна. У той жа час я нiколькi не сумнявалася ў iх любовi, ведала, што калi зраблю нешта добрае, гэта абавязкова адзначаць, але i ў процiлеглым выпадку — таксама. Нас песцiлi, але часам маглi i пакараць. Нават проста поглядам, голасам, якi мог замарозiць. На жаль, у апошнiя гады мы рэдка збiраемся разам, так што ўся сям’я за адным сталом — гэта не вельмi прывычна, але прыемна.

Трэнер Мiкалай МIРНЫ:

«З мацi малодшага сына расстаўся, бо яна не дазваляла мне выхоўваць Цiмафея па-мойму»

— Пры выхаваннi дзяцей я кiраваўся даволi банальнай мэтай — зрабiць iх прыстойнымi людзьмi, гарманiчна развiтымi асобамi, адказнымi за свае ўчынкi, i, безумоўна, не ў апошнюю чаргу, здаровымi. Часцяком бацькi гавораць: я жадаю, каб сын цi дачка былі маiм злепкам, я ж, у сваю чаргу, хацеў, каб Максiм i яго браты былi лепшымі за мяне. Я нiколi не песцiў iх, але заўжды iмкнуўся быць справядлiвым.

Цi караў? Так, мог i па карку даць, i сотню прысяданняў прымусiць зрабiць. Фiзiчнае ўздзеянне, безумоўна, не лепшы спосаб чаму-небудзь навучыць, але ў некаторых выпадках — неабходны. Разам з тым я ведаю, калi мяне не стане, нi адзiн з маiх сыноў не скажа: «Бацька мне нечага недадаў». Мабыць, пры выхаваннi дзяцей я спрабаваў даць iм тое, чаго не бачыў ад свайго таты, якi амаль не ўдзельнiчаў у маiм жыццi. Я заўжды ганарыўся Максiмам, напрыклад, тым, што ўжо ў сем гадоў ён быў маленькiм мужчынам, здабытчыкам, якi прыносiў дамоў трыццаць рублёў у месяц, у той час як я — сто. Я ўвогуле лiчу, што толькi праз працу магчыма выхаваць асобу, гультайства нiколi не iдзе ў нагу з гармонiяй. Амаль гэтак жа, як i Максiма, я iмкнуўся выхаваць сярэдняга сына — Пятра, якому споўнiлася дваццаць. А з мамай майго малодшага сына Цiмафея (яму пяць) я... расстаўся, бо яна не дазваляла выхоўваць яго так, як гэта бачыў я.

Намеснiк мiнiстра адукацыi Таццяна КАВАЛЁВА:

«Галоўнае — пачуццё адказнасцi»

— Я ўпэўнена, што галоўнае, чаму трэба навучыць дзiця — пачуццю адказнасцi, гэта — базiс, на аснове якога фармiруецца сiстэма каштоўнасцяў. Пры выхаваннi ўвогуле вельмi важна захаваць з малым канал шчырасцi, даверу, бацькi нiколi не павiнны пазбягаць вострых тэм, што б нi здарылася, iм трэба знайсцi ў сабе сiлы, каб прыняць i дапамагчы. Маёй дачцэ Ксенii ў гэтым годзе споўнiцца 18, зараз яна вучыцца ў лiнгвiстычным каледжы, i мы, веру, сапраўдныя сябры. Я вельмi давяраю ёй, i Ксюша часцяком дае вельмi слушныя парады, як сапраўдны псiхолаг. На шчасце, у нас амаль не бывае канфлiктаў, бо я заўжды ведала (i гэтаму вучыла дачку), што з маленькай спрэчкi пачынаюцца вялiкiя беды, таму трэба больш спакойна адносiцца да дробязяў. Напрыклад, дзесьцi год таму я купiла Ксюшы ну вельмi прыгожую спаднiцу i, дарэчы, за досыць вялiкiя грошы. На наступны дзень дачка паказвае мне нейкую спаднiчку, усю ў дзiрачках, у нейкай махры, з рушачкамi, значна ўкарочаную, i раптам я пазнаю свой падарунак. Згадзiцеся, чым не падстава для канфлiкту, але я падумала: цi гэта прычына для скандалу, высвятлення адносiнаў? Не...

Я ўпэўнена, нiколi не трэба падманваць дзяцей, iмкнуцца паставiць iх на месца, што б там нi было, зрабiць iх такiмi, як мы. Вось я заўжды была выдатнiцай, амаль усё ў сваiм жыццi падпарадкоўвала менавiта вучобе, для мяне было незразумела: як гэта — пайсцi на танцы, а не на факультатыў па матэматыцы. У дачкi ж iншая сiстэма каштоўнасцяў, у якой, безумоўна, лекцыi i заняткi важныя, але з гэтага не робiцца культу. Спачатку мяне гэта чапляла, але потым я зноў-такi зразумела: мабыць, гэта i добра, што яна такая. Я заўжды захаплялася тым, што дачка валодае такiмi важнымi якасцямi, як смеласць быць чэснай i ўменнем сябраваць, iсцi на кампрамiсы, падставiць плячо. А наконт метадаў выхавання, я лiчу, што фiзiчнае ўздзеянне нiколi не дасць станоўчых вынiкаў: прыгнечаная асоба (тым больш дзiця) страчана для выхавання.

Мастацкi кiраўнiк мазырскай студыi эстрадных спеваў «ЮМЭ’С» Святлана СТАЦЭНКА:

«Ганаруся дзецьмi часта, але не iх гучнымi перамогамi»

— Без дысцыплiны, пэўнай субардынацыi памiж бацькамi i дзецьмi анiчога не атрымаецца. Як, мiж iншым, i ў выпадку, калi тата цi мама не паважае малога як асобу. У нашай сям’i — двое дзяўчат: Ксюша i Насця, якой споўнiлася 18 (яна — адзiнаццацiкласнiца), кожная з iх мае права голасу. Мы з мужам заўжды, калi вырашаем нейкiя складаныя пытаннi, звяртаемся да дачок. Ксюша, дарэчы, ужо ў пяць гадоў адстойвала сваё права на меркаванне, нават у пытаннi дзе i як трэба адпачываць.

Вельмi важна таксама здолець наладзiць адносiны памiж сёстрамi цi братамi — каб яны любiлi, паважалi адзiн аднаго, не зайдросцiлi — без гэтага таксама нiякага выхавання не выйдзе. А якiя якасцi я лiчу найбольш важнымi? Тую ж дабрыню, уменне паставiць сябе на месца iншага (гэта ўвогуле своеасаблiвы дэвiз нашай сям’i), здольнасць зразумець i дапамагчы. Я ўпэўнена, што рэменем не выхаваеш, але сiстэму пазбаўленняў выкарыстоўваць можна. Напрыклад, я ведаю, што мая старэйшая дачка вельмi любiць каратэ, i калi яна не слухаецца мяне, я магу сказаць: на трэнiроўку не пойдзеш. Канешне, яна абураецца, але ў адказ чуе: «А што мне рабiць, калi ты такая? Не бiць жа?» Зрэшты, сваiх дзяцей я нiколi не саромелася. А вось ганарылася вельмi часта, i зусiм не iх гучнымi перамогамi, да гэтага я стаўлюся добра, але спакойна. Для мяне важна, што i Насця, i Ксюша заўжды дапамогуць пажылому чалавеку перайсцi дарогу, гэта больш кранае».


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яшчэ Генрых Гейне заўважыў: «Хто нязграбнай рукой хапае ружу, хай не жалiцца, што шыпы яе раняць»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика