Аляксандр КОСIНЕЦ: «За пяць месяцаў выканана 14 з 16 важнейшых параметраў сацыяльна-эканамiчнага ра
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Учора адбылося сумеснае пасяджэнне дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў i членаў Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi, на якiм на пытаннi парламентарыяў адказалi прадстаўнiкi ўрада. З асноўным дакладам выступiў намеснiк прэм’ер-мiнiстра Аляксандр Косiнец.
Як адзначыў А. Косiнец, за пяць месяцаў гэтага года выканана 14 з 16 важнейшых параметраў сацыяльна-эканамiчнага развiцця Беларусi. Пры гэтым, лiчыць ён, «галоўнае заключаецца ў тым, што развiццё галiн эканомiкi, рэгiёнаў, прадпрыемстваў, карпаратыўных структур адрознiваецца ў гэтым годзе стабiльна высокiмi тэмпамi». У мэтах рэалiзацыi галоўнага пытання — iнавацыйнага шляху развiцця нашай эканомiкi — урадам прыняты меры па распрацоўцы кожным прадпрыемствам, уключаючы акцыянерныя таварыствы i прыватныя прадпрыемствы, бiзнэс-планаў iх развiцця. За пяць месяцаў гэтага года ў асноўны капiтал i будаўнiцтва былi прыцягнуты 5,6 трлн рублёў iнвестыцый, што на 41,6 працэнта больш, чым за адпаведны перыяд мiнулага года. Сярэднямесячны iндэкс спажывецкiх цэн i тарыфаў на паслугi за студзень—май 2006 года склаў 0,6 працэнта, а рэальныя грашовыя даходы насельнiцтва за гэты ж перыяд — 120,4 працэнта. Адна з галоўных праблем, якую вырашае ў гэтым годзе ўрад, заявiў вiцэ-прэм’ер, — фiнансавае аздараўленне i скарачэнне стратных арганiзацый. У вынiку праведзеных мерапрыемстваў iх удзельная вага была скарочана з 26,2 працэнта ў студзенi—красавiку 2005 года да 20,1 працэнта ў гэтым жа перыядзе 2006 года. Тым не менш, патрэбна яшчэ дайсцi да «кожнага прадпрыемства». Яшчэ адным з прыярытэтаў дзейнасцi ўрада была названа падрыхтоўка высакаякасных спецыялiстаў. А. Косiнец паведамiў, што цяпер у ВНУ краiны вучыцца 383 тыс. чалавек, у сярэднiх спецыяльных навучальных установах — 154 тыс., прафесiйна-тэхнiчных — 114 тыс. На адукацыю бюджэтныя расходы складаюць 6,9 працэнта ад валавога ўнутранага прадукту. Аднак да 2010 года, заявiў А. Косiнец, гэты паказчык павiнен быць даведзены да 10 працэнтаў, павялiчыўшыся з 5 трлн рублёў у гэтым годзе да 40,3 трлн рублёў у 2010 годзе. Асаблiвая ўвага ў гэтай сферы будзе надавацца якасцi адукацыi. Для гэтых мэтаў, у прыватнасцi, ствараецца заканадаўчая база: да канца года завершыцца кадыфiкацыя заканадаўства ў сферы адукацыi на аснове адзiнага нарматыўнага акта — Кодэкса аб адукацыi. Падыходзiць да канца рэфармаванне агульнаадукацыйнай школы, асаблiвая ўвага пры гэтым будзе надавацца развiццю вясковых школ. Да 2010 года плануецца забяспечыць 80-працэнтны ахоп профiльным навучаннем вучняў 11—12-х класаў такiх школ. Была закранута i праблема размеркавання выпускнiкоў. Паводле слоў А. Косiнца, сiтуацыя тут будзе адсочвацца вельмi ўважлiва. На сёння размяркоўваецца 97 працэнтаў выпускнiкоў, што вучацца на бюджэтнай форме навучання. I, паводле слоў прадстаўнiка ўрада, 13,9 працэнта наймальнiкаў пацвердзiлi, што, па стану на 28 чэрвеня, выпускнiкi да iх не прыбылi. А. Косiнец звярнуў увагу на сацыяльную абароненасць студэнтаў. Важнейшы паказчык гэтага — забеспячэнне iншагароднiх месцамi ў iнтэрнатах. Нягледзячы на тое, што за апошнiя гады колькасць студэнтаў амаль падвоiлася, забяспечанасць iншагароднiх месцамi ў iнтэрнатах складае 73,6 працэнта. У той жа час дэфiцыт месцаў у цэлым па краiне складае 25 тысяч. Iстотна адрознiваюцца i ўмовы пражывання студэнтаў розных ВНУ. У сувязi з гэтым у блiжэйшыя пяць гадоў на будаўнiцтва i рэканструкцыю студэнцкiх iнтэрнатаў плануецца асвоiць 105 млрд рублёў. Была падтрымана i iнiцыятыва Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта здзейснiць праект будаўнiцтва на тэрыторыi горада студэнцкай вёскi на 11 тысяч месцаў. Паводле папярэдняй ацэнкi, кошт яе будаўнiцтва складзе 400 млрд рублёў. А. Косiнец таксама паведамiў, што цяпер у беларускiх установах адукацыi вучацца 6391 замежны грамадзянiн з 73 краiн свету, у тым лiку 3883 — з краiн далёкага замежжа, 2508 — з краiн СНД. Замежныя грамадзяне прыносяць, лiчыць вiцэ-прэм’ер, дастаткова добры валютны даход, аплачваючы расходы на сваю адукацыю i пражыванне, што складае не менш як тры тысячы долараў у год на чалавека. У той жа час урад ставiць задачу павялiчыць колькасць замежных грамадзян, што ў нас навучаюцца, не менш чым у 1,5 раза, «хоць гэта лiчба не канчатковая, магчыма, будзе павелiчэнне ў 5—10 разоў». У 2006—2010 гадах, адзначыў вiцэ-прэм’ер, будзе забяспечаны пераход вышэйшай адукацыi на двухступеньчатую сiстэму падрыхтоўкi кадраў, другая ступень якой — магiстратура. Да 2010 года некалькi ўзрасце i колькасць прыёму ў ВНУ краiны, якая складзе 95 тысяч чалавек (сёлета 90,7 тысячы чалавек). Яшчэ адзiн прыярытэтны накiрунак палiтыкi, якая праводзiцца ў Беларусi, — клопат пра здароўе людзей, павышэнне ўзроўню i якасцi медыцынскага абслугоўвання насельнiцтва. Мы забяспечваем дзяржаўную бясплатную i даступную медыцынскую дапамогу, адзначыў А. Косiнец, аднак «патрэбна далейшая аптымiзацыя сiстэмы, павышэнне эфектыўнасцi iнвестыцый, што накiроўваюцца на развiццё».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора адбылося сумеснае пасяджэнне дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў i членаў Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi, на якiм на пытаннi парламен
|
|