Трывожная кнопка ў шафе
Аляксандра ГРУШЭЎСКАЯ
Гартаючы суровыя старонкi мiлiцэйскiх зводак, лёгка заўважыць, што нават у час летнiх канiкулаў i водпускаў галоўнай «тэмай» крымiнальных злачынстваў з’яўляюцца не толькi кватэрныя крадзяжы. Разбоi i грабяжы, якiя ўчыняюцца налётчыкамi з асаблiвай дзёрзкасцю i цынiзмам, стабiльна фiксуюцца ледзь не кожны дзень.
Разбойнiкi не ведаюць водпускаў, а расчыненыя насцеж у летнюю спёку вокны i балконныя дзверы аблягчаюць i без таго немудрагелiсты спосаб пранiкнення на жаданую тэрыторыю. Вось толькi некаторыя прыклады... У аддзяленне мiлiцыi г. Баранi а шостай гадзiне ранiцы звярнуўся 55-гадовы пенсiянер i заявiў, што ў 23.00 праз незачыненыя балконныя дзверы ў кватэру пранiклi двое злачынцаў, выкралi 300 тысяч рублёў, 120 долараў ЗША i скрылiся. Злачынцы, якiмi аказалiся 25-гадовы непрацуючы i 23-гадовы супрацоўнiк IП, былi наглядна знаёмыя пацярпеламу. Затрыманы яны ў хуткiм часе пасля яго звароту. З лёгкасцю i без прымусу мы i самi па-ранейшаму гатовы адчыняць дзверы незнаёмцам, як толькi яны пастукаюць цi пазвоняць. Так, прыкладна ў 11 гадзiн ранiцы 24 чэрвеня ў Ленiнскi РАУС г. Магiлёва звярнулася 40-гадовая непрацуючая жыхарка i заявiла, што на гадзiну раней два невядомыя, на званок якiх адчынiла дзверы, пранiклi ў кватэру, збiлi, звязалi яе, з прымяненнем гарачага праса патрабавалi грошай, пасля чаго завалодалi 230 тысячамi рублёў, 300 еўра, 8 залатымi, 4 сярэбранымi ювелiрнымi вырабамi i скрылiся. Пацярпелая змешчана ў бальнiцу. Неад’емнай i сумнай адзнакай сённяшняга часу з’яўляецца менавiта цынiзм i нахрапiстасць, калi за адну хвiлiну ўтульны дом або кватэра ператвараюцца ў поле баявых дзеянняў. У Чавускi РАУС у 11 гадзiн ранiцы звярнулася 72-гадовая пенсiянерка, жыхарка в. Цёплае, i заявiла, што прыкладна ў 10 гадзiн вечара, узламаўшы дзверы, у яе дом пранiклi невядомыя, жорстка збiлi яе i, завалодаўшы прадуктамi харчавання, уцяклi. Падчас аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў былi затрыманы родныя браты — 20-гадовы непрацуючы i 18-гадовы навучэнец ПТВ, абодва раней судзiмыя за грабеж. I ўсё ж незалежна ад таго, якiм чынам злачынцам удалося пранiкнуць у святая святых, ваша жыллё, самая галоўная ваша задача — любой цаной захаваць сваё здароўе i жыццё. Лепш без пярэчання аддайце рабаўнiкам тое, за чым яны ганяюцца. I, канешне ж, паспяшайцеся паведамiць аб сваёй бядзе праваахоўным органам. Выключныя перавагi, безумоўна, у гэтым выпадку маюць тыя, у каго будзе пад рукой няхiтрая рэч — кнопка трывожнай сiгналiзацыi. За долi секунды без лiшнiх тлумачэнняў i хваляванняў сiгнал «Трывога» паступiць на пульт блiжэйшага аддзела аховы. Па каментарый мы звярнулiся да начальнiка Дэпартамента аховы МУС падпалкоўнiка мiлiцыi Сяргея Буйноўскага: «Перш за ўсё, хацелася б нагадаць суайчыннiкам, што ўсё ж самай вялiкай каштоўнасцю iх дома цi кватэры з’яўляюцца яны самi, iх блiзкiя, i асаблiва дзецi. Нiякiя тэлевiзары, камп’ютары, золата i еўра з доларамi не параўнаюцца з чалавечым жыццём i здароўем. А таму, клапоцячыся аб арганiзацыi бяспекi свайго жылля, спачатку падумайце пра сябе i сваiх дамачадцаў. Тым больш што ўстаноўка трывожнай кнопкi — гэта зусiм не паслуга для багатых: сёння яна даступна любому!..» Наяўнасць кнопкi трывожнай сiгналiзацыi мае мноства пераваг i плюсаў. Па-першае, сапраўды да мiнiмуму зведзены час выклiку мiлiцыi. Нацiснуў — i ўсё! Ахова сама ведае куды ехаць. I ўжо дакладна ведае, што ехаць трэба вельмi хутка. Па-другое, у ахвяры яшчэ ёсць шанц пазванiць па тэлефону ў мiлiцыю, калi сама «небяспека» яшчэ за дзвярыма. Па-трэцяе, у выпадку непазбежнай небяспекi кнопку лёгка могуць выкарыстаць дзецi. Па-чацвёртае, вы можаце хутка дапамагчы iншым, калi бачыце, што ўчыняецца злачынства, напрыклад, у двары дома або адбываецца штосьцi падазронае каля суседскiх дзвярэй. I, канешне ж, па-пятае — i не менш важнае — вы можаце ўстанавiць трывожную кнопку ў сябе ў доме або кватэры, нават калi ў вас няма хатняга тэлефона. У гэтым выпадку будуць выкарыстаны каналы GSM-сувязi. Дарэчы, трывожная кнопка, якая працуе ад сiстэмы радыё-аховы, мае час спрацоўвання сiгналу ад 1 да 5 секунд. Калi ж трывожная кнопка працуе ад сiстэмы «Алеся» (пры наяўнасцi тэлефоннай лiнii), то час перадачы яе сiгналу — да 18 секунд. А секунды ў справе аховы каштуюць ой як дорага, асаблiва калi на кон пастаўлены не тэлевiзары i нават не мiльёны ў панчосе, а самае бясцэннае — чалавечае жыццё.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па каментарый мы звярнулiся да начальнiка Дэпартамента аховы МУС падпалкоўнiка мiлiцыi Сяргея Буйноўскага
|
|